ЛЕАНТО́ВІЧ Фёдар Іванавіч (1833, с. Папоўка Сумскай вобл., Украіна — 3.1.1911),
гісторык права, прадстаўнік т.зв. «юрыдычнай школы» рус. гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст. Д-р права (1868). Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Працаваў у Кіеўскім, Новарасійскім (Адэса), Варшаўскім ун-тах. Даследаваў гісторыю дзярж. устаноў і права Стараж. Русі і ВКЛ. Развіваў тэорыю абшчыннага паходжання Рус. дзяржавы. Даследаваў праблемы прыняцця польскага права ў ВКЛ, гістарыяграфіі права паўд. славян і неславянскіх народаў Расіі. Падрыхтаваў да друку больш за 750 актаў 1413—1507 з Метрыкі ВКЛ. За манаграфію «Нарысы гісторыі літоўска-рускага права» (1894) Увараўская прэмія 1895.
т. 9, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШЭ́ВІЧ (Łukaszewicz) Юзаф Анджэй (30.11.1799, в. Крамплева каля Познані, Польшча — 13.2.1873),
польскі гісторык, публіцыст, бібліёграф. Чл. Кракаўскага (1857) і Пазнанскага (1873) навук. т-ваў. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1829 у Познані; супрацоўнік, потым дырэктар б-кі Э.Рачынскага, у 1832—42 настаўнік польскай мовы ў пратэстанцкай гімназіі імя Фрыдрыха Вільгельма, у гар. архіве. Рэдагаваў час. «Przyjaciel Ludu» («Сябра народу», 1839—45) і «Orędownik Nauk» («Прыхільнік навук», 1840—46). Аўтар прац па гісторыі арыянства, кальвінізму, лютэранства і інш. пратэстанцкіх кірункаў у Польшчы (па рэгіёнах) і ВКЛ. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай.
т. 9, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯН ЦІЧА́О (23.2.1873, прав. Гуандун, Кітай — 19.1.1929),
кітайскі паліт. дзеяч, гісторык. Выступаў за спалучэнне канфуцыянскіх традыцый з еўрап. новаўвядзеннямі. У час. «Сто дзён рэформ» (1898) дарадца імператара Гуансюя. Пасля паражэння рэфарматараў эмігрыраваў у Японію, сумесна з Кан Ювэем стварыў канстытуцыйна-манарх. Саюз абароны імператара. Вярнуўся ў Кітай у 1912 у час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13. Стварыў Прагрэсіўную партыю. Падтрымаў прэзідэнта Юань Шыкая супраць Сунь Ятсена, але асудзіў спробу першага абвясціць сябе імператарам. З 1923 узначальваў кіт. секцыю ПЭН-клуба, выкладаў у Пекінскім ун-це. Аўтар філас. і гіст. прац, п’ес, вершаў і інш.
т. 9, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНЬКЕ́ВІЧ Рыгор Часлававіч (н. 17.9.1952, в. Коласава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. філосаф і гісторык. Канд. філас. н. (1992). Скончыў Энгельскае вышэйшае зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1972) і БДУ (1982). З 1974 на камсам., парт. і выкладчыцкай рабоце ў войсках ППА. З 1990 у Львоўскім ваен. ін-це культуры. З 1992 у Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь (з 1995 праф.), з 1997 адначасова кіраўнік групы «Ваенная справа» ў выд-ве «Беларуская энцыклапедыя». Даследуе праблемы філасофіі гісторыі, ваен. гісторыі і гісторыі стараж. гарадоў Беларусі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў «Актуальныя праблемы філасофіі» (1991), «Ваенная эканоміка» (1996).
т. 9, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫШЭ́ЎСКІ Іван Ігнатавіч (25.7. 1828, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.1.1897),
пісьменнік, гісторык царквы, славяназнавец. Д-р багаслоўя (1873). Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю (1849) і Кіеўскую духоўную акадэмію (1853). У 1862—97 праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў гісторыю Расіі і рус. царквы. Даследаваў пытанні гісторыі царквы ў першыя стагоддзі хрысціянства, гісторыю візант. царквы, царквы зах. і паўд. славян. Быў прыхільнікам агульнаслав. культ. адзінства. Аўтар прац «Творы св. Кірылы Тураўскага з апісаннем яго жыцця» (1878), «Кірыла і Мяфодзій» (1885), «Заходняя Русь у барацьбе за веру і народнасць» (1895) і інш.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСПЕРО́ (Maspéro) Анры (15.12.1883, Парыж — 17.3.1945),
французскі гісторык і філолаг, кітаязнавец, спецыяліст па мовах і гісторыі краін Індакітая. Сын Г.К.Ш.Масперо. З 1908 выкладчык, з 1911 праф. Франц. школы Д. Усходу ў г. Ханой (В’етнам), з 1920 праф. кіт. мовы і л-ры Калеж дэ Франс у Парыжы. З 1935 чл., з 1944 прэзідэнт франц. Акадэміі надпісаў. Аўтар больш як 150 прац, прысвечаных Кітаю і Індакітаю, у т. л. кн. «Старажытны Кітай» (1927, ахоплівае гісторыю і культуру Кітая з 12 да 3 ст. да н.э.), «Кітайская мова» (1931). Загінуў у лагеры смерці Бухенвальд.
т. 10, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬ (Mill) Джэймс (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),
англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д.Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».
т. 10, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ Міхаіл Васілевіч (1848—15.7.1917),
расійскі гісторык-усходазнавец (семітолаг, шумеролаг і урартазнавец), заснавальнік асірыялогіі ў Расіі. Бацька М.М.Нікольскага. Д-р усеаг. гісторыі (1908). Арганізатар (1887) Усх. камісіі пры Імператарскім маскоўскім археал. т-ве. У 1893 з А.А.Іваноўскім узначальваў археал. экспедыцыю ў Закаўказзе, дзе зрабіў копіі многіх урарцкіх надпісаў 8—7 ст. да н.э. Даў пачатак вывучэнню паходжання клінапіснага пісьма, упершыню выдаў клінапісныя надпісы, знойдзеныя ў Расіі. Выдадзеныя ім гасп. дакументы Шумера 3-га тыс. да н.э. (каля 900 гліняных таблічак) — каштоўная крыніца для вывучэння эканам. і сац. ладу стараж. Двухрэчча.
т. 11, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й Фёдар Макаравіч (9.3.1905, в. Дзяражычы Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.12.1990),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў пед. ін-т у Растове-на-Доне (1937). Дэкан гіст. ф-та (1941—43), нам. дырэктара (1943—45) Чувашскага пед. ін-та (г. Чэбаксары). З 1945 у БДУ: дэкан гіст. ф-та (1946—53), заг. кафедры гісторыі стараж. свету (1953—55), кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў (1961—77), праф. гэтай кафедры (1977—83). Даследаванні па гісторыі Стараж. Рыма.
Тв.:
Рим и италики. Мн., 1963;
Образование римского государства. Мн., 1972.
П.М.Бараноўскі.
т. 11, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЧКІ (Rački) Франьё (25.11.1828, Фужыне, Харватыя — 13.2.1894),
харвацкі гісторык і паліт. дзеяч. Скончыў Венскі ун-т. З 1852 святар. З 1861 адзін з лідэраў Нар. ліберальнай партыі, з 1880 — Незалежнай нар. партыі. Выступаў за аб’яднанне харвацкіх зямель і самастойнасць паўд.-слав. зямель у складзе Аўстра-Венгрыі. Арганізатар і прэзідэнт (1867—86) Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў у Заграбе. Заклаў асновы харвацкай археаграфіі, выдаў вял. колькасць дакументаў па гісторыі паўд. славян. Працы Р. прысвечаны харвацкай дзяржаве 9—11 ст., барацьбе паўд. славян за незалежнасць у 11—15 ст., гісторыі багамільства (гл. Багамілы), харвацкага дзярж. права, рус. л-ры і гістарыяграфіі.
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)