адзін з водных відаў спорту; праходжанне на байдарках і каноэ спец. трасы з кантрольнымі варотамі на скорасць і дакладнасць. Спаборніцтвы праводзяцца для лодак-адзіночак і двоек, трасы рыхтуюць на раўнінных ці горных рэках, або на спец. каналах з быстрым цячэннем і з перападам вышынь, штучнымі ці натуральнымі перашкодамі. Спартсмены павінны бездакорна прайсці расстаўленыя па трасе кантрольныя вароты (падвешаныя над вадой стойкі) у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Для слаламістаў прадугледжана спец. амуніцыя: ахоўныя каскі, выратавальныя камізэлькі і інш. Вяслярны слалам цесна звязаны з водным турызмам, разглядаецца як элемент падрыхтоўкі да паходаў. У 1972 і 1996 вяслярны слалам быў у праграме Алімпійскіх гульняў. На Беларусі развіваецца з 1970-х г., праводзяцца чэмпіянаты і розыгрыш кубка краіны. Пад Мінскам каля Ждановіч створаны спец. канал для вяслярнага слаламу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,
тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.
На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),
навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.
Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст.Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.А.Крапоткін, У.І.Вярнадскі, А.І.Ваейкаў, С.В.Калеснік, М.У.Тронаў, П.А.Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́МБА (галанд. dam),
гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе насыпу, будовай аналагічнае земляной плаціне. Бываюць напорныя і безнапорныя. Выкарыстоўваюцца для аховы ад затаплення і падтаплення с.-г. угоддзяў, населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў (Д. абвалавання), для рэгулявання рэчышчаў, прадухілення іх размываў, адкладання наносаў (рэгулявальныя Д.).
Д. абвалавання будуюць з мясц. грунтоў, яны могуць умацоўвацца каменным накідам, бетоннымі або жалезабетоннымі плітамі, мець проціфільтрацыйныя ядро або экран з гліністых грунтоў ці поліэтыленавай плёнкі, дрэнаж. Рэгулявальныя Д. будуюць з каменнага накіду, каркасна-каменных канструкцый, фашын і інш. (гл.Рэгуляцыйныя збудаванні). На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Д. робяцца пры буд-ве вадасховішчаў і водных сістэм (напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме).
Г.Г.Круглоў.
Папярочныя профілі дамбаў абвалавання з экранам з грунтавога матэрыялу (1), з ядром (2) і з экранам з поліэтыленавай плёнкі (3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТАНО́ГІЯ (Pinnipedia),
атрад водных млекакормячых. 3 сям.: маржы (Odobenidae), цюлені вушастыя (Otariidae) і цюлені сапраўдныя (Phocidae). 21 сучасны род, 31 від. Вядомы з ніжняга і сярэдняга міяцэну. Пашыраны пераважна ў морах халоднага і ўмеранага паясоў, некат. ў азёрах (Байкал, Ладажскае і інш.). У Чырв. кнізе МСАП 6 відаў, 3 падвіды.
Даўж. ад 1,25 (кольчатая нерпа) да 6,5 м (марскі слон), маса ад 90 кг да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Цела верацёнападобнае. Канечнасці ў выглядзе ластаў (адсюль назва), валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. Пад скурай слой тлушчу да 10 см. Амаль увесь час праводзяць у вадзе. На сушы або лёдзе адпачываюць, ліняюць, нараджаюць і кормяць патомства. Кормяцца пераважна рыбай, ракападобнымі, малюскамі. У перыяд размнажэння збіраюцца ў вял. колькасці. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’ект абмежаванага промыслу. Гл. таксама Морж, Цюлені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
прыкладная геагр. дысцыпліна, якая вывучае прыродна-меліярац. сістэмы і комплексы, іх састаўныя ч. (прыродныя, тэхн., сац.-эканам.) для вызначэння аптымальных варыянтаў іх функцыянавання. Даследуе магчымасці захавання торфу пры меліярацыі зямель, пытанні выкарыстання азёр у меліярац. мэтах, будаўніцтва новых вадасховішчаў і сажалак, проціэразійнай аховы і ўрадлівасці глеб, фарміравання ландшафтна-меліярац. комплексаў і інш. На Беларусі праведзена прыродна-меліярац. раянаванне тэрыторыі, распрацаваны методыкі меліярац. ацэнкі прыродных рэсурсаў і ўмоў аптымізацыі меліяраваных глеб. Пытанні М.г. даследуюцца ў БДУ, БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі, Нац.АН Беларусі, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, Белгіправадгасе. Вынікі меліярацыйна-геагр. даследаванняў выкарыстоўваюцца для найлепшага размеркавання меліярац. комплексаў, а таксама для арганізацыі маніторынгавых назіранняў.
Літ.:
Дьяконов К.Н., Аношко В.С. Мелиоративная география. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́МЕНШЧЫКІ, бычкі-падкаменшчыкі (Cottus),
род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.
Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПРА́ВА,
1) месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг (на паромах, лодках і інш.), а таксама ўчастак ракі, возера, які выкарыстоўваецца войскамі пры фарсіраванніводных перашкод.
2) Перавозка войск і баявой тэхнікі цераз водныя перашкоды пры дапамозе пераправачных сродкаў або пераход войск цераз перашкоды па мастах, брадах, ільдах, а таксама пераадольванне іх уплаў П. бываюць: дэсантныя — для пераадольвання воднай перашкоды гал. чынам падраздзяленнямі першага эшалона на штатных плавальных сродках; паромныя — для падраздзяленняў з іх баявой тэхнікай; маставыя — для калон войск з іх узбр. і баявой тэхнікай (гл.Мост ваенны); чыгуначныя — для чыг. саставаў або асобных вагонаў на спец. суднах-паромах. Могуць ажыццяўляцца П. танкаў пад вадой. Будуюць несапраўдныя П. (для падману праціўніка), а таксама пераправы ўброд, па лёдзе і інш. П. абсталёўваюцца і маскіруюцца, на іх арганізавана каменданцкая служба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁРЫШКІН (Рыгор Андрэевіч) (6.2.1898, г. Новачаркаск, Расія — 30.10.1990),
бел. вучоны ў галіне гідратэхн. будаўніцтва. Чл.-кар.АН Беларусі (1959), праф. (1954). Скончыў Данскі (у г. Новачаркаск) політэхн.ін-т (1922). З 1922 займаўся праектаваннем і буд-вам гідратэхн. збудаванняў (Волга-Данскі канал, Цымлянскі гідравузел і інш.). У 1953—65 заг. кафедры гідратэхн. будаўніцтва Бел.політэхн. ін-та. Адначасова ў 1960—63 дырэктар Ін-та водных праблем АН Беларусі. Працы па даследаванні збудаванняў гідравузлоў, па разліку і канструяванні буйных гідратэхн. збудаванняў.
Тв.:
Гидротехническое строительство в БССР (разам з Ф.П.Вінакуравым, С.П.Міхайлавым) // Сб. науч. работ Ин-та стр-ва и архитектуры АНБССР. Мн., 1958. Вып. 2;
Определение высоты прыжка воды в русле с переменным уклоном дна (разам з В.А.Хавічам) // Докл.АНБССР. 1968. Т. 12, № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВА́Н,
возера ў Арменіі, адно з найбуйнейшых на Каўказе. Размешчана на Армянскім нагор’і на выш. 1900 м. Пл. 1240 км², сярэдняя глыб. 28,5 м, найб. 83 м. Займае цэнтр.ч. міжгорнай упадзіны, абкружанай горнымі хрыбтамі. Двума мысамі возера падзяляецца на Малы С. і Вялікі С., злучаных пралівам (шыр. да 8 км). У возера ўпадае 28 невял. рэк, выцякае р. Раздан. Былы в-аў Севан з-за спуску часткі вады ў сувязі с з буд-вам на р. Раздан ГЭС злучыўся з сушай. З мэтай павелічэння водных рэсурсаў С. і Севана-Разданскага каскада ГЭС пабудаваны падземны тунэль Арпа—Севан (даўж. 49 км) для перакідвання вод р. Арпа. Замярзае С. толькі ў самыя халодныя зімы. Рыбалоўства. Возера ў складзе аднайм.нац. парку. На беразе С. — г. Севан.