ЕСЕНТУКІ́,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс. ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАФІ́ТЫ [ад макра... + ...фіт(ы)],

раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.

Т.​М.​Міхеева.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСА́ДЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБАНТАРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС, субантарктыка,

прыродны геагр. пояс у Паўд. паўшар’і паміж умераным поясам і антарктычным поясам. Ахоплівае акваторыю акіяна і астравы на Пн ад Антарктыды (паміж 58—60° і 65—67° паўд. ш.). Межы вызначаюцца сезоннымі перамяшчэннямі атм. фронту, які раздзяляе паветра антарктычнае і ўмераных шырот. Клімат акіянічны, вільготны, ападкаў каля 500 мм за год (пераважна ў выглядзе снегу), частыя мяцеліцы, штармавыя вятры, туманы. Зімой т-ры паветра ад -5 °C да -15 °C, вады ад -1,5 °C да -2 °C, акіян укрыты плаваючымі ільдамі, айсбергамі. Летам т-ра паветра і вады каля 0 °C. Салёнасць вод 33—34‰. Значнае ветравое хваляванне і зыб (выш. хваляў да 10 м). Воды багатыя гіланктонам, рыбай, трапляюцца кітападобныя. На астравах — лішайнікі, травы, кусты.

А.​Я.​Яротаў.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́ШНІКАЎ Аляксей Фёдаравіч (14.4.1914, с. Паўлаўка Барышскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 18.11.1991),

расійскі географ, акіянолаг, палярны даследчык. Акад. АН СССР (1981), чл.-кар. (1976). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1939 у Арктычным і Антарктычным НДІ (з 1960 дырэктар). З 1978 прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. З 1982 дырэктар НДІ азёразнаўства. Навук. працы па гідралогіі, метэаралогіі і гісторыі вывучэння палярных краін. Кіраваў шматлікімі палярнымі экспедыцыямі, у т. л. дрэйфуючай станцыяй «Паўн. полюс-3», 2-й і 13-й антарктычнымі экспедыцыямі. Удзельнічаў у стварэнні «Атласа Антарктыкі» (т. 1—2, 1966—69). Дзярж. прэмія СССР 1971.

Тв.:

История открытия и исследования Антарктиды. М., 1963;

Структура циркуляции вод Арктического бассейна. Л., 1972 (разам з Г.​І.​Баранавым).

т. 16, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УКРАЇНСЬКИЙ ІСТОРИ́ЧНИЙ ЖУРНА́Л»,

навуковы часопіс, орган Ін-та гісторыі Нац. АН Украіны. Выдаецца ў Кіеве з 1957 6 разоў на год. Змяшчае матэрыялы па гісторыі Украіны і сусв. гісторыі, па метадалогіі і методыцы гіст. даследаванняў, гіст. дакументы і каментарыі да іх, мемуары, агляды гіст. крыніц і інш. Друкуюцца матэрыялы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пытанням гісторыі Беларусі прысвечаны арт. Я.​М.​Карпачова «Гарады і мястэчкі Беларусі ў другой палове XVIII ст.» (1968, № 9), А.​П.​Грыцкевіча «Універсал Багдана Хмяльніцкага гораду Слуцку (1656 г.)» (1970, №12), Г.​Д.​Казьмірчука і А.​В.​Сілкіна «М.​В.​Доўнар-Запольскі як дзекабрыстазнавец» (1995, № 1), Ф.​М.​Шабульда «Бітва каля Сініх Вод 1362 г.: малавядомыя і невядомыя аспекты» (1996, №2) і інш.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 16, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад ультра... + фільтрацыя),

метад раздзялення раствораў і калоідных сістэм, у якіх малекулярная маса раствораных кампанентаў большая за малекулярную масу растваральніку; адзін з мембранных метадаў раздзялення. Пры У. звычайна выкарыстоўваюць палімерныя мембраны з памерамі пор 0,01—0,1 мкм. Рухальная сіла працэсу — градыент ціску; У. ажыццяўляюць пад ціскам 0,1—1 МПа. Выкарыстоўваюць для ачысткі сцёкавых вод, выдалення і ачысткі біял. актыўных рэчываў і інш. У мікрабіялогіі, вірусалогіі, біяхіміі, малекулярнай біялогіі, мед. і харч. прам-сці для У. выкарыстоўваюць ультрафільтры (дыяметр пор 0,001—0,05 мкм) і мікрапорыстыя фільтры (дыяметр пор 0,05 мкм і больш) для ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў, вызначэння іх памераў і канцэнтрацыі, стэрылізацыі вадкасцей, канцэнтравання і абяссольвання раствораў бялкоў і інш.

Літ.:

Дытнерский Ю.И. Обратный осмос и ультрафильтрация. М., 1978.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫЛІНАВА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

праразанне ў глебе ўпоперак схілу шчылін глыбінёй 40—60 см на адлегласці 100—150 см адна ад адной для рэгулявання паверхневага сцёку і больш поўнага паглынання талых і ліўневых вод.

Выкарыстоўваецца як аграпрыём для паляпшэння водна-фіз. уласцівасцей слабафільтруючых (гліністых і сугліністых) глеб, аховы іх ад воднай эрозіі і павышэння ўрадлівасці схілавых зямель. Робіцца шчылінарэзнымі машынамі на пашах, зябліве, пасевах шматгадовых траў і азімых культур; часовае Ш.г. з кратаваннем сенажацяў, пашаў і лугоў — шчылінарэзамі-кратавальнікамі і шчылінадрэнажнымі машынамі (гл. Дрэнажныя машыны).

В.​М.​Кандрацьеў.

Шчылінаванне глебы: а — схема рыхліцеля-шчылінавальніка канструкцыі БелНДІ меліярацыі і лугаводства (1 — рама, 2 — сферычныя дыскі, 3 — лыжа, 4 — стойкі рыхліцеля з наканечнікам, 5 — дыскавыя рыхліцелі); б — схема паглынання вады на схіле пры шчылінаванні пад сельскагаспадарчыя культуры.

т. 17, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПдЗ Беларусі. Прымеркаваны да Падляска-Брэсцкай упадзіны. Усх. ч. Мазавецка-Люблінскага супербасейна падземных вод. Уключае меза-кайназойскі ваданосны комплекс, кембрыйска-ардовікскі ваданосны гарызонт і верхнерыфейска-вендскі ваданосны комплекс, якія падзелены тоўшчамі слабапранікальных і водатрывалых парод сілуру і венду — ніжняга кембрыю. Воды напорныя, зрэдку самавыліваюцца, п’езаметрычныя ўзроўні на глыб. 0,5—45 м. Рэсурсы 6,8 млн. м³/сут. Дэбіт свідравін 0,06—25 л/с. Вылучаюцца 2 гідрадынамічныя зоны. У зоне свабоднага водаабмену воды прэсныя, пераважна гідракарбанатна-кальцыевага саставу, мінералізацыя 0,1—0,6 г/л, нярэдка з павышанай колькасцю жалеза. Зона запаволенага водаабмену мае саланаватыя (мінералізаваныя) воды, мінералізацыя 2,9—18,5 г/л, хларыдна-натрыевая і кальцыева-натрыевыя. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэння і аздараўлення.

М.​С.​Капора, М.​Г.​Ясавееў.

т. 3, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КАЎ Яўген Уладзіміравіч (1.2.1869, в. Шамраеўка Сквірскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.9.1938),

украінскі гідролаг, гідрагеолаг; адзін з заснавальнікаў гідралогіі. Акад. АН Украіны (1929). Правадз. чл. УАСГНІЛ (1935). Праф. (1917). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1892). У канцы 19 — пач. 20 ст. працаваў на Беларусі ў складзе Заходняй экспедыцыі па асушэнні балотаў Палесся. З 1913 узначаліў работы па вывучэнні балотаў Палесся, інжынер-гідратэхнік Мінскай губ. Займаўся гідрагеал. вышуканнямі для водазабеспячэння Мінска. Выказаў меркаванне пра сувязь геал. структур Пд Беларусі з Дняпроўскай упадзінай на Украіне і інш. З 1926 дырэктар НДІ воднай гаспадаркі Украіны.

Тв.:

Режим речного стока в бассейне Верхнего Дпепра [до г. Киева]... Ч. 1—2. Спб., 1904—13;

Режим грунтовых вод в районе Полесья. Спб., 1914;

Праблема Вялікага Дняпра і асушэнне Палесся. Мн., 1935.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)