ГЕАТЭРМІ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ,

велічыня, на якую павышаецца тэмпература ў зямной кары з павелічэннем глыбіні нетраў на кожныя 100 або 1 м. У сярэднім для глыбінь, на якіх магчымы непасрэдныя назіранні, геатэрмічны градыент роўны 3 °C на 100 м. Залежыць ад геал. будовы, цеплаправоднасці горных парод, цыркуляцыі падземных вод, блізкасці ачагоў вулканізму і інш. Пры праходцы Кольскай звышглыбокай свідравіны высветлена, што геатэрмічны градыент павялічваецца ад 1 °C каля паверхні да 2,5 °C на глыб. 5 км, а затым змяншаецца да 1,6 °C на глыб. 11 км.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. inductio навядзенне), фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці эл. ланцуга. Адрозніваюць І. статычную Lст = Φ/I, дзе Φ — магнітны паток, счэплены з контурам, па якім працякае ток I, і дынамічную Lg = lim ΔI0 ΔΦ / ΔI = dΦ / dI .

І. залежыць ад памераў і канфігурацыі праваднікоў эл. ланцуга, ад магн. пранікальнасці праваднікоў і навакольнага асяроддзя. Пры адсутнасці ферамагнетыкаў і дэфармацый элементаў ланцуга І. не залежыць ад сілы току. Адзінка І. ў СІ — генры (Гн). Гл. таксама Індуктыўнасці шпуля, Самаіндукцыя.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА,

намагнічвальная сіла, фізічная велічыня, што характарызуе здольнасць крыніц магн. поля (эл. токаў) ствараць магнітныя патокі. Уводзіцца для разлікаў магнітных ланцугоў па аналогіі з электрарухальнай сілай эл. ланцугоў.

М.с. роўная цыркуляцыі напружанасці магнітнага поля H па замкнёным контуры L, які ахоплівае эл. токі, што ствараюць гэтае поле: F = H dl = i=1 n Ii , дзе dl — элемент контуру L, накіраваны ў напрамку абходу, n — колькасць праваднікоў (віткоў) з токамі Ii, ахопленых контурам L. Адзінка М.с. ў СІампер (або ампер-віток).

М.​А.​Караткевіч.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

вектарная велічыня, роўная напружанасці магнітнага поля, створанага макраскапічнымі (знешнімі ў адносінах да асяроддзя) і мікраскапічнымі (абумоўленымі часцінкамі асяроддзя) эл. токамі. Абазначаецца B. З’яўляецца асн. сілавой характарыстыкай магн. поля і вызначае сілу, што дзейнічае ў дадзеным пункце поля на эл. ток (гл. Ампера сіла) і рухомы эл. зарад (гл. Лорэнца сіла). Звязана з намагнічанасцю J і напружанасцю знешняга магн. поля H формуламі: B = μ0H + μ0J і B = μ0μH , дзе μ0 — магнітная пастаянная, μ — магнітная пранікальнасць рэчыва. Адзінка М.і. у СІтэсла.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЖА́ [ад франц. marge поле (старонкі), край],

1) велічыня, якая паказвае розніцу паміж двума пэўнымі паказчыкамі (напр., цаной прадаўца і цаной пакупніка).

2) У банку — розніца паміж працэнтнымі стаўкамі па крэдытах і па дэпазітах.

3) Розніца паміж рыначным коштам каштоўных папер і атрыманай пад іх пазыкай (можа вылічацца банкам пры выдачы пазыкі пад закладную каштоўнымі паперамі).

4) У маркетынгу — гандлёвая нацэнка, якая вызначаецца прамысл. прадпрыемствамі.

5) На біржы — сума грошай, якая выплачваецца разліковай палаце брокерам або брокеру кліентамі для пакрыцця неспрыяльных ваганняў у кошце ф’ючарснага кантракту пасля яго рэгістрацыі.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАЗЁЙЛЯ ЗАКО́Н,

закон выцякання вадкасці праз тонкую цыліндрычную трубку. Паводле П.з. аб’ём вадкасці Q, што працякае за адзінку часу праз папярочнае сячэнне трубкі дыяметрам d, вызначаецца формулай: Q = k p p0 l d4 , дзе p і p0 — ціск на ўваходзе ў трубку і выхадзе з яе адпаведна, l — даўжыня трубкі, k = π 128η велічыня, звязаная з каэфіцыентам дынамічнай вязкасці η. Устаноўлены эксперыментальна Ж.Л.М.Пуазёйлем у 1840, сувязь велічынь k і η вызначана Дж.Г.Стоксам у 1851. П.з. выконваецца для ламінарнага цячэння вадкасці, выкарыстоўваецца ў вісказіметрыі.

т. 13, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зна́чнасць, ‑і, ж.

1. Значная велічыня, вялікі намер і пад. Значнасць адлегласці. Улічыць значнасць сіл ворага.

2. Важнае значэнне; важнасць. Вялікія поспехі беларускай прозы ў 20‑я гады тлумачацца яе глыбокай жыццёвасцю і грамадскай значнасцю. Пшыркоў. [У дэкадэнтаў] цяга да вобразаў магіл, імглы, туману была ўвогуле адмаўленнем значнасці жыцця, сімвалам яго бязмэтнай марнасці. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ркасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан яркага. Яркасць святла. □ Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч. У Міхалкі падзеі дзеляцца не храналагічна, а паводле яркасці і рамантыкі змагання. Бядуля.

2. У фізіцы — светлавая велічыня, якая характарызуе свячэнне ў дадзеным кірунку крыніцы святла або асветленай паверхні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастая́нны, -ая, -ае.

1. Нязменны і аднолькавы заўсёды, бесперапынны.

Прырода на Зямлі знаходзіцца ў пастаянным развіцці.

Пастаянная велічыня (у матэматыцы). П. ток (у адрозненне ад пераменнага). Пастаянная армія (армія мірнага часу). П. капітал (частка капіталу, што затрачваецца на сродкі вытворчасці і застаецца нязменнай у працэсе вытворчасці). П. заказчык у атэлье.

2. Разлічаны на доўгі тэрмін, не часовы.

Пастаянная работа.

П. жыхар.

3. Не зменлівы, цвёрды.

П. погляд на рэчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ро́зніца1, розьніца ’непадабенства, адрозненне ў чым-небудзь’, ’велічыня, сума, якая з’яўляецца рознасцю паміж дзвюма велічынямі, сумамі’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., ТС). Укр. різни́ця, рус. ра́зница (ц.-славянізм), польск. różnica ’адрозненне’, чэш. různice ’разлад, спрэчка’, ст.-польск. różnica ’тс’, ст.-рус. розница ’спрэчка, нязгода’ (XVII ст.). Да розны (гл.).

Ро́зніца2 ’продаж паштучна або невялікімі колькаснаму (ТСБМ). З рус. розница ’тс’ < ст.-рус. розница ’тс’ (1407 г.). Сюды ж рознічны ’звязаны з гандлем у розніцу’ (ТСБМ). Параўн. ураздроб (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)