АЛЕ́ШКА (Антон Антонавіч) (1.2.1913, в. Балочычы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1971),
бел. пісьменнік. Пасля педкурсаў пры Слуцкім пед. тэхнікуме (1931) настаўнічаў. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1941). Служыў урачом у арміі. Друкаваўся з 1932. Выйшлі кн. аповесцяў і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969). Асн. тэма творчасці — жыццё і баявыя подзвігі лётчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́ЛЬСКАЯ (Адамовіч) Мар’яна
(1767?, Паставы — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне (у Г.Петынеці) і Паставах (у Ле Ду). У 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Петынеці, выступала ў балеце «Шлюб самнітаў» (1783) і інш. на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. Пасля смерці Тызенгаўза (1785) перададзена каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і ўвайшла як другая салістка ў трупу «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці». У 1789 пакінула сцэну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́Л ((Özal) Тургут) (13.10.1927, г. Малацья, Турцыя — 17.4.1993),
дзярж. і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн.ун-т (1950). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, працаваў у розных мін-вах і прыватных кампаніях, у 1967—71 узначальваў дзярж. планавую арг-цыю. У 1980—82 нам. прэм’ер-міністра па эканам. пытаннях. У 1983 пасля зняцця ў Турцыі забароны на паліт. дзейнасць — ген. старшыня Партыі айчыны. У 1983—89 прэм’ер-міністр, у 1989—93 прэзідэнт Турэцкай рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІН (Уладзімір Марцінавіч) (8.10.1895, в. Мар’янава Полацкага р-на — 18.2.1920),
ваенны дзеяч. Скончыў Полацкае рэальнае вучылішча. Працаваў у Рызе, Полацку. З 1916 у арміі. На чале батальёна, Арскай групы, зводнай і стралк. дывізій змагаўся супраць белагвардзейцаў і белачэхаў, войскаў Калчака на Урале, Дзянікіна пад Царыцынам, у Сальскіх стэпах, на Доне і інш. 17.2.1920 узяты ў палон і пасля катаванняў павешаны ў станіцы Ціхарэцкай. У Полацку помнік Азіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
аддзелка вонкавых і ўнутр. паверхняў збудаванняў ліставымі і плітачнымі матэрыяламі, разнавіднасць аддзелачных работ. Павышаюць даўгавечнасць і паляпшаюць архітэктурна-маст. выразнасць будынкаў. Асн. аперацыі: сартаванне і падрыхтоўка абліцовачных матэрыялаў, прыгатаванне буд. раствораў, клеяў і масцік, падрыхтоўка і разметка паверхні, уласна абліцоўка. Вонкавыя абліцовачныя работы выконваюць адначасова з муроўкай сцен ці пасля іх узвядзення, унутраныя праводзяць па заканчэнні агульных буд. работ. Адзін з відаў абліцовачных работ — мазаічнае пакрыццё (гл. ў арт.Мазаіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-КІТА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1946аб дружбе, гандлі і навігацыі.
Падпісаны 4.11.1946 у Нанкіне паміж ЗША і ўрадам Чан Кайшы. Фактычна нераўнапраўны дагавор меў на мэце замацаваць і пашырыць ролю амер. капіталу ў эканоміцы паўкалан. Кітая, забяспечыць манаполіям і грамадзянам ЗША усе правы, якімі карысталіся кіт. карпарацыі і грамадзяне; дэклараваў роўныя правы кітайцам у іх эканам. дзейнасці ў ЗША, што было не па сіле эканамічна слабаму Кітаю. Скасаваны ў 1949 пасля ўтварэння КНР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫ́ЦЫЙ (лац. Americium),
Am, штучны радыеактыўны хім. элемент, ат. н. 95, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае, штучна атрыманы 13, найб. устойлівы 243Am (перыяд распаду 7370 г.).
Адкрыта ў 1944 амер. вучонымі пры апрамяненні 239Pu нейтронамі. Серабрысты метал, шчыльн. 13,67∙103кг/м³, tпл = 1173 °C. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах, дэфектаскапіі, для атрымання больш цяжкіх элементаў (напр., плутонію, кюрыю). Высокатаксічны. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) ёсць на забруджаных тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКО́НА (Ancona),
горад і порт на УЦэнтр. Італіі, на Адрыятычным моры. Адм. ц. правінцыі Анкона і вобласці Марке. 104 тыс.ж. (1990). Машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне), нафтаперапр., лёгкая, харч.прам-сць; вытв-сцьмуз. інструментаў, маёлікі, вырабаў са шкла. Рыбалоўства. Ун-т. Нац. музей вобласці Марке, карцінная галерэя. Помнікі ант. і сярэдневяковай архітэктуры: трыумфальная арка Траяна (пасля 115), раманскія і гатычная пабудовы 12—15 ст. Бальнеалагічны курорт. Ваенна-марская база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСФЕ́Н (Antisthenēs; каля 444 — каля 365 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік школы кінікаў. Вучань сафіста Горгія, потым Сакрата, пасля смерці якога адкрыў уласную школу. Лічыў паняцці абстракцыямі рэчаў, якія адзіныя рэальна існуюць. Вышэйшым крытэрыем ісціннасці і мэтай жыцця лічыў дабрачыннасць. Аддаваў увагу праблемам этыкі, прапагандаваў вяртанне да «натуральнага стану», адмову ад багацця, раскошы, пачуццёвай асалоды, вёў аскетычны лад жыцця. У сферы палітыкі адмаўляў дзяржаву, паліт. дзейнасць, сац. роўнасць і інш.сац. «ўмоўнасці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕДЭРАЛІ́СТЫ (англ. Antifederalists),
палітычная партыя ў ЗША ў 1787—91. Створана пад кіраўніцтвам Т.Джэферсана ў перыяд распрацоўкі і прыняцця канстытуцыі 1787 у процівагу федэралістам. Сац. база — фермеры, сельскія прадпрымальнікі, гар. дробная буржуазія, плантатары. Антыфедэралісты кіравалі барацьбой за прыняцце «Біля аб правах», выступалі супраць моцнай улады федэральнага ўрада — за прыярытэт правоў асобных штатаў і грамадзян, дэмакратызацыю канстытуцыі; у знешняй палітыцы падтрымлівалі рэв. Францыю. Пасля 1791 на базе антыфедэралістаў створана Дэмакр.-рэсп. партыя.