РЫ́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, спецыялізаваная на здабычы і перапрацоўцы рыбы. Уключае рыбаводства, рыбалоўства і перапрацоўку рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя кансервы).
На Беларусі фарміраванне Р.п. як самастойнай галіны пачалося ў 1920—30-я г. Разбураныя ў Вял. Айч. вайну прадпрыемствы Р.п. пасля вайны хутка аднаўляліся. У 1971 працавала 9 рыбзаводаў, 2 рыбакамбінаты, выраблена 9,46 тыс. т рыбнай прадукцыі і 3,8 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1993 Р.п. выраблена 20,4 тыс. т таварнай рыбнай харч. прадукцыі, у т. л. 4 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1999 галіна налічвала 27 спецыялізаваных прадпрыемстваў, на якіх працавала каля 2,4 тыс. чал. Выпушчана 18,5 тыс. т харч. рыбнай прадукцыі і 9,1 млн. умоўных бляшанак рыбных кансерваў. Марская рыба і рыбапрадукты завозяцца з-за мяжы.
Р.п. найб. развіта ў Кітаі, Японіі, Індыі, ЗША, Расіі, Інданезіі, Перу, Чылі, Тайландзе, Нарвегіі і інш.
Т.М.Шаўцова.
т. 13, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,
1) войскі, якія ў мірны час утрымліваюцца ў скарочаным складзе і прызначаны для хуткага мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл у час вайны (частковага разгортвання пры выкананні баявых і інш. задач у лакальных войнах).
Ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. у склад Р.в. уваходзяць: нац. гвардыя, рэзервы відаў узбр. сіл. войскі берагавой і пагран. аховы, а ў шэрагу армій — і сілы бяспекі, жандармерыя і некат. паўваен. фарміраванні. Камплектуюцца з асабовага складу, які прайшоў тэрміновую ваен. службу або атрымаў адпаведнае ваен. навучанне.
2) Катэгорыя вайск. фарміраванняў у Расіі, Аўстра-Венгрыі (ландвер і гонвед), Францыі і інш. у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (былі ў колькасна меншым складзе ў параўнанні з т.зв. палявымі войскамі). Прызначаліся для папаўнення дзеючай арміі, аховы камунікацый, нясення гарнізоннай службы ў крэпасцях. Шэраг палкоў і батальёнаў Р.в. рас. арміі мелі (да 1917) бел. найменні, напр., Мінскі, Брэсцкі, Віцебскі пях. рэзервовыя палкі.
С.М.Абрамаў.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДА́Т, ас-Садат Мухамед Анвар (25.12.1918, в. Міт-Абу-эль-Ком, Егіпет — 6.10.1981), дзяржаўны дзеяч Егіпта. Скончыў ваен. каледж у Каіры (1938). Сумесна з Г.А.Насэрам стварыў тайную арг-цыю «Свабодныя афіцэры». За антыбрыт. дзейнасць у 1942 звольнены з арміі, у 1942—44 і 1946—49 у турме. У 1950 адноўлены на ваен. службе. Удзельнік дзярж. перавароту 1952. У 1953—56 чл. Рэв. савета Егіпта, у 1957—58 нам., у 1960—61 і 1964—68 старшыня Нац. сходу (парламента) Аб’яднанай Араб. Рэспублікі (ААР). У 1964—66 і 1969—70 віцэ-прэзідэнт ААР. З вер. 1970 прэзідэнт ААР (з 1973 Араб. Рэспубліка Егіпет). Пераарыентаваў краіну на супрацоўніцтва з ЗША, пачаў ажыццяўленне ліберальных рэформ у палітыцы і эканоміцы. У ліст. 1977 першы з араб. лідэраў наведаў Ізраіль. У 1978—79 падпісаў пагадненні з Ізраілем (гл. Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). Забіты фанатыкамі-ісламістамі. Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з М.Бегінам).
т. 14, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНДРО́М НАБЫ́ТАГА ІМУНАДЭФІЦЫ́ТУ,
СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб. пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.
Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш.), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.
Літ.:
Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;
ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.
М.З.Ягоўдзік.
т. 14, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́ЎТЫЗМ (ад англ. scout разведчык),
сістэма арганізаванага пазашкольнага выхавання моладзі 7—21-гадовага ўзросту, якая ўключае развіццё іх грамадскай дзейнасці і фіз. падрыхтоўку. Першыя скаўцкія арг-цыі ўзніклі ў 1907 у Вялікабрытаніі (засн. Р.Бадэн-Поўэл), пазней пашырыліся ў Францыі, Германіі. Італіі, ЗША і інш. краінах. Яны падзяляюцца на байскаўцкія (хлопчыкі) і гёрлскаўцкія (дзяўчынкі). У 1920 засн. Сусветная арг-цыя скаўцкага руху (World Organization of the Scont Movement, Жэнева), у пач. 1990-x г. у яе ўваходзіла больш за 16 млн. чл. з больш як 160 краін. У Рас. імперыі скаўцкія атрады ствараліся з 1909. У 1914 засн. т-ва «Рускі скаўт». Пасля 1917 скаўцкія арг-цыі забаронены, з пач. 1990-х г. пачалі аднаўляцца. На Беларусі дзейнічаюць дзіцячая грамадская арг-цыя «Бел. рэсп. скаўцкая асацыяцыя» (з 1991), рэсп. грамадская арг-цыя «Аб’яднанне бел. скаўтаў» (з 1992), грамадскае аб’яднанне «Беларускі скаўцкі рух» (з 1997). У 2001 у іх уваходзіла больш за 360 членаў.
т. 14, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЮ́ДЫ,
група пародаўтваральных мінералаў падкласа слаістых сілікатаў. Хім. састаў зменлівы, агульная формула XY2−3 Z(AL)0−2 Z(Si)2−4 O10(OH, F)2, дзе X — калій, натрый, кальцый; Y — алюміній, магній, жалеза (Fe2+), марганец, хром, літый, тытан, Z — крэмній, алюміній, жалеза (Fe3+), тытан (гл. Сілікаты прыродныя). Паводле саставу адрозніваюць С. магнезіяльна-жалезістыя (біятыт, лепідамілан, флагапіт), алюмініевыя (мускавіт, параганіт) і літыевыя (лепідаліт, цынвальдыт). Крышталізуюцца ў манакліннай сінганіі.
Утвараюць крышталі таблітчастыя, ліставатыя і лускаватыя масы. Афарбоўка светлая, бясколерная, з фіялетавымі, зялёнымі, бурымі адценнямі да чорнай. У тонкіх пласцінках празрыстыя. Цв. 2—4,5. Шчыльн. 2,3—3,3 г/см³. С. характэрны вельмі дасканалая спайнасць, высокія электра-, цепла- і гукаізаляцыйныя ўласцівасці. Паходжанне магматычнае, пегматытавае, метамарфічнае, метасаматычнае і інш. Пры выветрыванні ператвараюцца ў гідраслюды, потым у каалін і хларыты. Выкарыстоўваюцца ў электра-, радыё- і авіяпрамысловасці; літыевыя С. — руда на літый, часам рубідый і цэзій. Радовішчы ў Расіі, Індыі, ЗША, Канадзе, Бразіліі і інш.
т. 15, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЙН (Stein) Гертруда (3.2.1874, г. Пітсбург, штат Пенсільванія, ЗША — 27.7.1946),
амерыканская пісьменніца; тэарэтык л-ры. Вывучала псіхалогію ў Рэдкліфскім каледжы Гарвардскага ун-та, медыцыну — ва ун-це Дж.Хопкінса ў Балтымары. З 1902 жыла ў Парыжы. Маст. метад С. фарміраваўся пад уплывам эстэтыкі імпрэсіянізму, філасофіі А.Бергсона і экзістэнцыялістаў. Найб. значныя яе творы — раман «Станаўленне амерыканцаў» (1906—08, апубл. 1925) і аповесць «Тры жыцці» (1908), у якіх звярнулася да праблем адзіноты чалавека, яго адчужанасці ад грамадства, абсурднасці існавання. Аўтар кн. «Аўтабіяграфія Алісы Б.Токлас» (1933), мемуараў «Войны, якія я пабачыла» (1945), п’ес, зб-каў вершаў, эсэ, літ.-эстэт. прац, у т. л. «Як пісаць» (1931), «Лекцыі ў Амерыцы» (1935) і інш. Яе паэтыцы ўласцівы герметызм, эксперыменты з лексікай і сінтаксісам, кампазіцыяй і рытмам, асацыятыўнасць, вобразная абстрактнасць; выкарыстоўвала прынцыпы кінатэхнікі, авангардысцкага жывапісу, мастацтва фатаграфіі.
Тв.:
Рус. пер. — Автобиография Алисы Б.Токлас. СПб., 2000.
Літ.:
Бернацкая В. Гертруда Стайн: тупик или перспектива? // Совр. худ. лит. за рубежом. 1975. № 6.
Е.А.Лявонава.
т. 15, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЙРАН (Styron) Уільям (н. 11.6.1925, г. Ньюпарт-Ньюс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік; прадстаўнік т.зв. паўд. школы амер. рамана. Вучыўся ў Дэвідсан-каледжы (Паўд. Караліна) і ва ун-це Дзьюка. Бакалаўр мастацтваў і д-р л-ры. Дэбютаваў як пісьменнік у 1945. На яго творчасць паўплывалі У.Фолкнер і экзістэнцыялісты (раман «І падпаліў гэты дом», 1960). У гіст. рамане «Прызнанні Ната Тэрнера» (1967) мастацка-філас. асэнсаванне расавай праблемы. Маральна-філас. раман «Выбар Сафі» (1979, экранізаваны ў 1982) спалучае лірыка-біягр. аповед і сац.-псіхал. анатомію злачынства, ахвярнасці і пакут у Асвенціме. Аўтар аповесцей «Знікаю ў цемры» (1951), «Доўгі марш» (1952), зб-каў эсэ і публіцыстыкі.
Тв.:
Рус. пер. — И поджег этот дом;
Долгий марш. М., 1991;
Выбор Софи М., 1991.
Літ.:
Мулярчик А. США: Век двадцатый. М.; Мн.;
Барановичи, 1994;
Комаровская Т.Е. «Признания Ната Тернера» У.Стайрона как философский исторический роман // Человек в контексте культуры и литературы США. Мн., 1996 Вып. 1.
Е.А.Лявонава.
т. 15, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАКА́ЛАЎ Генадзь Міхайлавіч (н. 28.10.1940, г. Мыцішчы Маскоўскай вобл., Расія),
расійскі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984). Лётчык-касманаўт СССР (1980). Канд. тэхн. н. (1985). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1965). З 1973 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. 27.11—10.12.1980 з Л.Дз.Кізімам і А.Р.Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-3» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6»; 20—22.4.1983 з У.Г.Цітовым і А.А.Серабровым — на КК «Саюз Т-8»; 3—11.4.1984 з Ю.В.Малышавым і Р.Шарма — на КК «Саюз Т-11» і АС «Салют-7»; 1.8—10.12.1990 з Г.М.Манаковым — на КК «Саюз ТМ-10» і АС «Мір»; 14.3—7.7.1995 з У.М.Дзяжуравым і Н.Тагардам — на КК «Саюз ТМ-21» і АС «Мір» (пасадка на КК «Атлантыс», ЗША). Правёў у космасе 268,9 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 21,5 гадз (6 выхадаў). З 1995 камандзір атрада касманаўтаў Ракетна-касм. карпарацыі «Энергія».
У.С.Ларыёнаў.
т. 15, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛЬБА́ СТЭ́НДАВАЯ,
стральба з гладкаствольнай зброі шротам па лятаючых мішэнях (талерачках) на спец. пляцоўках — траншэйным і круглым стэндах; від стралковага спорту. Да 1940 наз. «стралкова-паляўнічы спорт».
Паходзіць ад трэніровачнай стральбы ў сярэдневяковай Англіі. Як від спорту існуе з канца 19 ст. У праграме Алімп. гульняў: на траншэйным стэндзе з 1900; паводле сучасных правіл (200 мішэней) — з 1952; на круглым стэндзе — з 1968. Асабіста-камандныя чэмпіянаты свету праводзяцца з 1935 на траншэйным і з 1947 на круглым стэндах; для жанчын на абодвух стэндах з 1962. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца для мужчын з 1955, для жанчын з 1964. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі, Францыі і інш.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. Першы чэмпіянат рэспублікі праведзены ў 1927. Зборная каманда Беларусі на VI летняй Спартакіядзе народаў СССР (1975) заняла 4-е месца. Сярод бел. стралкоў найб. вызначыліся Г.Галкін, чэмпіёны СССР: В.Вятохін (1967), Ш.Ляцьен (1971).
т. 15, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)