дыяграма залежнасці паміж спектральным класам (т-рай паверхні) і абс. зорнай велічынёй (лагарыфмам свяцільнасці зоркі). Адкрыў Э.Герцшпрунг, даследаваў Г.Н.Рэсел. На дыяграме Герцшпрунга—Рэсела блізкія па фіз. уласцівасцях зоркі займаюць адасобленыя вобласці: галоўную паслядоўнасць зорак (вакол яе размяшчэння большасць вядомых зорак), паслядоўнасці звышгігантаў, яркіх і слабых гігантаў, субкарлікаў і белых карлікаў. Па месцы зоркі на дыяграме Герцшпрунга—Рэсела можна вызначыць яе ўзрост, стадыю эвалюцыі.
Герцшпрунга—Рэсела дыяграма для зорак плоскай складальнай Галактыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЮЗІЯНІ́ЗМ (франц. illusionnisme ад лац. illusio падман),
імітацыя бачнага свету ў творах выяўл. мастацтва, стварэнне ўражання рэальнага існавання прадметаў і прасторы. І. зрокава сцірае грані паміж умоўным светам выявы і рэчаіснасцю, стварае падабенства іх узаемадзеяння, знікнення рэчавага матэрыялу, з якога складаецца твор, плоскасці сцяны ці карціны. Узнік у ант. жывапісе, адыграў важную ролю ў мастацтве Адраджэння, быў адным з гал. прынцыпаў манум.-дэкар. мастацтва барока. Сустракаецца і ў станковым мастацтве (нацюрморты-«падманкі» 18 ст. і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
працэс развіцця эканам. сувязей паміжнац. гаспадаркамі, калі эканоміка адной краіны выступае часткаю сусветнага вытв. працэсу. Развіваецца на аснове міжнар. падзелу працы, вытв. і навук.-тэхн. спецыялізацыі і кааперацыі. І.в. ўзнікла з пераходам да машыннай вытв-сці. На першых этапах развівалася пераважна як міжгаліновая міжнар. спецыялізацыя, потым пачалі з’яўляцца розныя формы ўнутрыгаліновай спецыялізацыі. Сучаснае развіццё выяўляецца ва ўтварэнні міжнар.эканам. арг-цый у сферы вытв-сці, транспарту, сувязі, міжнар. гандлю і фінансаў (гл. таксама Вываз капіталу, Інтэрнацыяналізацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЫ́ЛЬНІЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж партызанамі атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Кабыльнік (цяпер в. Нарач) Мядзельскага р-на ў Вял.Айч. вайну 8.10.1942. Гарнізон налічваў больш за 100 гітлераўцаў, добра ўзброены. План аперацыі распрацаваў і кіраваў боем камандзір атрада Ф.Р.Маркаў. У выніку 2-гадзіннага бою партызаны падавілі агнявыя пункты ворага, спалілі будынкі вакзала, валасной і паліцэйскай упраў, жандармерыі, склад ваен. маёмасці, знішчылі 8 грузавых і 1 легкавую аўтамашыну, шмат жывой сілы ворага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫН,
2 гарадзішчы і селішча жал. веку каля в. Калочын Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча-1 і селішча — калочынскай культуры. Гарадзішча-сховішча было ўмацавана па перыметры драўлянай агароджай і 2 падковападобнымі валамі. Датуецца канцом 4 — пач. 9 ст., трапляюцца і больш раннія матэрыялы мілаградскай і зарубінецкай культуры. На селішчы выяўлены 2 паўзямлянкі. Гарадзішча-2 адносіцца да мілаградскай культуры. 3 боку поля ўмацавана 2 валамі і ровам паміж імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕНЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. conventio пагадненне, дагавор),
кірунак у філас. тлумачэнні навукі, паводле якога ў аснове матэм. і прыродазнаўча-навук. тэорый ляжаць адвольныя пагадненні (умоўнасці. вызначэнні, канвенцыі паміж вучонымі). Іх выбар рэгулюецца меркаваннямі зручнасці, мэтазгоднасці, «прынцыпам эканоміі мыслення» і інш. Заснавальнік К. — Ж.А.Пуанкарэ. У 1930-я г. з развіццём матэм. логікі прынцыпы К. асабліва выразныя ў ранніх творах Р.Карнапа ( Аўстрыя) і К.Айдукевіча (Польшча). У чыстым выглядзе К. не існуе; асобныя яго элементы характэрны для неапазітывізму, прагматызму. аперацыяналізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФО́РМНАЕ АДЛЮСТРАВА́ННЕў матэматыцы,
адлюстраванне адной вобласці на другую, пры якім захоўваюцца вуглы паміж прамымі, што перасякаюцца ўнутры абласцей; раздзел тэорыі функцый камплекснай пераменнай. Пры К.а. бясконца малыя фігуры пераўтвараюцца ў падобныя ім бясконца малыя фігуры. Уласцівасці К.а. маюць адналіставыя аналітычныя функцыі. К.а. дазваляе пры рашэнні задач пераходзіць ад зададзенай вобласці складанай формы да вобласці больш простай формы, для якой задача рашаецца непасрэдна. Выкарыстоўваецца ў гідра- і аэрамеханіцы, тэорыі фільтрацыі, электра- і радыётэхніцы, тэорыі пругкасці, картаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́ РАЦЫЁН,
набор і колькасць кармоў на пэўны прамежак часу (суткі, сезон, год) з улікам патрэб жывёл у пажыўных рэчывах. Распрацоўваюць на аснове дэталізаваных кармавых норм і звестак пра пажыўнасць корму. К.р. наз. збалансаваным, калі цалкам забяспечвае патрэбы жывёлы ў нарміраваных элементах харчавання і адпавядае навукова абгрунтаваным суадносінам паміж імі. На практыцы К.р. часцей складаюць па сярэдніх (па групе ці секцыі) паказчыках жывой масы, прадукцыйнасці і ўзросту жывёл. Пры змене нормы кармлення, пажыўнасці і асартыменту кармоў рацыёны карэкціруюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМА́Л ХУДЖАНДЗІ́ (сапр.Камаладдзін ібн Масуд; ?, г. Худжанд, Таджыкістан — паміж 1391 і 1400),
таджыкскі паэт. Вучыўся ў Самаркандзе і Ташкенце. Аўтар дывана (зб-ка вершаў, складзеных па пэўнай кананічнай схеме), які ўключаў 14 тыс. бейтаў (двухрадкоўяў), захаваліся каля 8 тыс. бейтаў. У вершах матывы асуджэння беднасці, скаргі на адзіноту ў чужыне, крытыка духавенства з пазіцый суфізму. Важнае месца займала тэма кахання. Вершы стылістычна простыя з уласцівай ім каламбурнай рыфмоўкай, багатай аманіміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЭ́ ((Quesnay) Франсуа) (4.6.1694, г. Мер, Францыя — 16.12.1774),
французскі вучоны-эканаміст, заснавальнік школы фізіякратаў. Д-р медыцыны (1744). Прыдворны ўрач Людовіка XV. К. і яго школа абверглі асн. тэзіс меркантылізму аб узнікненні прыбытку з абарачэння і выводзілі прырост багацця з працэсу вытв-сці. У працы К. «Эканамічная табліца» (1758) упершыню зроблена спроба правесці аналіз грамадскага ўзнаўлення з пазіцыі вызначаных балансавых прапорцый паміж натуральнымі (рэчавамі) і вартаснымі зменамі грамадскага прадукту.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. экономические произведения. М., 1960.