РОБАТАТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, а таксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш. Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.

Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э.). Паўзаній (2 ст. н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст.), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.​Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.​Ж.​Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст.). Першы робат сканструяваў амер. інж. Дж.​Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп. вучоны Н.​Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн. тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл. Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р. ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш. тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш.). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.

На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў былі з-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл. Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).

Літ.: Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп. М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р., Ли К. Робототехника: Пер. с англ. М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.

Г.​І.​Хуцкі, У.​М.​Сацута.

Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.

т. 13, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў,

горад, цэнтр Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. За 121 км ад Гомеля, чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, вузел аўтадарог на Бабруйск, Магілёў, Слаўгарад, Жлобін, прыстань на р. Дняпро. 35,7 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142, уваходзіў, верагодна, у Тураўскае княства. Умацаваны цэнтр стараж. Р. — Замкавая гара — размешчаны на месцы гарадзішча мілаградскай і штрыхаванай керамікі культур. З канца 13 ст. ў ВКЛ, уладанне кн. Доўманта. У 14—18 ст. цэнтр Рагачоўскай воласці, кіраваўся старостам. З 1509 належаў вял. князю. У 16 ст. пабудаваны Рагачоўскі замак з Рагачоўскім палацам. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57 горад пераходзіў з рук у рукі, пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У канцы 16 ст. ў ваколіцах Р. дзейнічалі казацка-сял. атрады Налівайкі і Дубіны (гл. Налівайкі паўстанне 1594—96). З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр Рагачоўскага павета і Рагачоўскай правінцыі. У 1777—96 і з 1802 у Магілёўскай, у 1796—1802 у Беларускай губ. 16.8.1781 атрымаў герб (у залатым полі чорны барановы рог). У 1880 — каля 4,5 тыс. ж., 560 дамоў, 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і 2 гарбарныя з-ды. У 1897—9038 ж. У 1900 працавала 36, у 1913—50 прадпрыемстваў. У 1902 праз Р. пракладзена чыгунка Магілёў—Жлобін. У 1906 адкрыта Рагачоўскае рэальнае вучылішча, пазней Рагачоўская настаўніцкая семінарыя. З мая 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Рагачоўскага раёна Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 — Гомельскай вобл. У 1939 у Р. 15,2 тыс. ж. У 1936—41 і з 1944 дзейнічаў настаўніцкі ін-т. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, 13.7.1941 вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1941. З 14.8.1941 да 24.2.1944 зноў акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 6,3 тыс. чал. Дзейнічала Рагачоўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 войскамі 1-га Бел. фронту. 13 вайск. часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Рагачоўскіх». У 1959 у Р. 10,2 тыс. ж., у 1970—16 тыс. ж. У 1971 знойдзены Рагачоўскі манетны скарб. З 27.2.1978 горад абл. падпарадкавання.

Першы рэгулярны план (1778) вызначыў дакладную прамавугольную сетку вуліц, якую захавалі генпланы 1947, 1959 і 1971 (Гомельскі філіял ін-та «Белдзяржпраект», арх. Я.​Казлоў, А.​Лебедзеў, інж. М.​Найшулер; карэкціроўка 1984, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.​Кашырын, Т.​Спірына, інж. Л.​Пірожнік, В.​Пузік). Асн. гар. тэрыторыя размешчана ў міжрэччы Дняпра і Друці (Цэнтр. і Залінейны планіровачныя раёны), часткова на правым беразе Друці (Задруцкі планіровачны раён). Гал. кампазіц. восі — вуліцы Леніна і Кастрычніцкая. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — пл. імя 60-годдзя Кастрычніка. Пераважае 1-павярховая індывід. забудова сядзібнага тыпу, у цэнтр. ч. будуюць 5-павярховыя дамы. Горад развіваецца паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) пераважна на З (на правым беразе Друці), часткова на ПнУ і Пн. Паводле генплана шматкватэрная забудова размяшчаецца ў планіровачных раёнах №1, 2, 4 (жылы раён «Ляснянка»). Сістэма азелянення горада фарміруецца ўздоўж Дняпра і Друці, ствараецца паркавая зона ў планіровачным раёне №5. Сфарміраваліся паўн. і паўд.-зах. прамысл. зоны.

Працуюць прадпрыемствы харч. (найб. Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат), буд. матэрыялаў (з-д жалезабетонных вырабаў, камбінат буд. матэрыялаў), камбікормавай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» і інш. Дзейнічаюць Рагачоўскае педагагічнае вучылішча, Рагачоўскі музей народнай славы. Брацкія магілы чырвонагвардзейцаў, сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму, вайсковыя могілкі. Курган Славы. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры 19—20 ст.: капліца ў неарус. стылі, будынкі дваранскага вучылішча (1903—05), земскай управы (1909), касцёл (у 1912 асвячоны; неаготыка) і інш. Помнік археалогіі — гарадзішча і селішча стараж. Р.

Г.​С.​Ларкін, М.​А.​Найшулер (архітэктура).

Рагачоў. Будынак тэатра. Фота пач. 20 ст.
Рагачоў. Будынак земскай управы.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дарава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; зак. і незак.

1. што. Зняць (знімаць) віну за што‑н.; прабачыць (прабачаць). Усё магу дараваць, а хлусню — ніколі. Асіпенка. Крытык! Родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва.

2. што. Вызваліць (вызваляць) ад якога‑н. абавязацельства. Дараваць доўг.

3. што. Падарыць (дарыць). Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала.

4. заг. дару́й(це), часта ў знач. пабочн. Ужываецца пры звароце да каго‑н. для папярэджання аб чым‑н. ці для выражэння просьбы прабачыць у чым‑н. Даруйце, я затрымаўся. □ — Вы мне даруйце, шаноўны дзядзька Ян, — лагодна заўважыў Лабановіч. — Вы валіце ў адну кучу рускую школу і русіфікатарства. Колас.

•••

Дараваць жыццё — памілаваць засуджанага да пакарання смерцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

1. Біць у барабан (бубен), іграць на барабане (у 1 знач.). Вову крыкнула Рая: — Бубен на, барабань!.. Ды ўсё роўна іграе Штосьці сумна баян. Смагаровіч.

2. Разм. Часта і дробна стукаць па чым‑н. І вось, нібы сярэбраны гарох, Дождж барабаніць па вагонным даху. Бураўкін. Дзяжурны барабаніў у павешаную бляху. Чарот. Толькі паслухалі [падпольшчыкі] зводку, як нехта пачаў барабаніць у дзверы. Новікаў. // Бразгаць ад холаду, ветру. Ад ветру барабанілі шыбы. □ Ва ўсім целе .. [Панасюк] адчуваў холад. Сціснуў зубы, каб не барабанілі. Бядуля. // перан.; што і без дап. Гучна, без майстэрства, невыразна гаварыць, чытаць, іграць на якім‑н. інструменце. За кулісамі хтосьці барабаніў польку на раялі. □ Адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Гартны. — Ты, Іван, сёння барабаніш і барабаніш, дай жа чалавеку сказаць, — перапыніла яго Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.

3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Адразаючы па краях ці з канцоў, пакараціць, паменшыць што‑н.; падрэзаць. // Аддзяліць, адрэзаць што‑н.; зрэзаць. Абрэзаць на яблыні сухія галіны. □ Не марудзячы ні хвіліны, ён [Маеўскі] абрэзаў стропы і адскочыў убок. Шамякін. // Зняць, зразаючы збоку, па ўсёй паверхні. Абрэзаць гарэлую скарынку ў хлебе. // перан. Паменшыць, скараціць памеры ці колькасць чаго‑н. Абрэзаць паёк. □ У адных абрэзалі зямлю, другім далі. Каваль.

2. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавалі: ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва.

3. перан. Разм. Рэзка перапыніць, абарваць чым‑н. гаворку, прымусіць змоўкнуць. — Як з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара, — абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Грахоўскі.

•••

Абрэзаць (падрэзаць) крылле (крылы) каму — перашкодзіць каму‑н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, выкарыстаць свае здольнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.

1. з інф. Даваць абяцанне што‑н. зрабіць. Крысціна ідзе на спатканне з незнаёмым мужчынам, які абяцаў знайсці ёй працу. Васілевіч. Сам не мае, а другому абяцае. Прыказка. // каго-чаго, каго-што і каму-што. Даваць абяцанне каму‑н. аддаць, перадаць што‑н. у яго распараджэнне. За галаву Ціхана мінскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы. Бядуля. Нашы сцежкі сышліся зусім нечакана. Ды я ні разу яшчэ не падумаў, што лёс абяцаў мне не гэтую. Брыль.

2. што і без дап. Выклікаць якія‑н. спадзяванні, падаваць надзеі на што‑н. Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Я хапаўся за ўсякую думку, якая магла абяцаць які-небудзь ратунак. Якімовіч.

•••

Абяцаць залатыя горы — вельмі многа абяцаць, не клапоцячыся аб выкананні абяцанага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

корм, ‑у; мн. кармы, ‑оў; м.

Ежа жывёлы. Волька рабіла ўсё ціха, нячутна: перастаўляла чыгункі, вёдры, рыхтавала корм парасяці, карове. Васілевіч. // звычайна мн. Розныя віды прадуктаў, якія ідуць у ежу жывёле. Сіласаванне кармоў.

•••

Грубыя кармы — раслінныя кармы (сена, салома, мякіна і пад.) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў.

Дражджаваныя кармы — кармы, прыпраўленыя кармавымі дражджамі.

Зялёны корм — зялёная маса кармавых раслін, каштоўны корм для ўсіх сельскагаспадарчых жывёл.

Падножны корм — раслінны корм, які з’ядаецца жывёлай на корані. Каб знайсці падножны корм, козы і авечкі робяць вялікія пераходы і па нізіне, і па гарах. В. Вольскі.

Сухія кармы — кармы, прыгатаваныя ў выглядзе канцэнтратаў.

На падножны корм (ісці, адпраўляцца і пад.) — пачынаць жыць на сродкі, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала. — Схуднееш, калі паходзіш, як я, ды пахарчуешся на падножным корме. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Зрушвацца з месца, пачынаць рух. Паравоз рыўкамі пачаў кранацца з месца. Федасеенка. / Пра пачатак ледаходу на рацэ. Калі кранаецца лёд, пра раку гавораць як пра нешта жывое: «пайшоў», «пайшла», «ідзе». Грахоўскі. // Адпраўляцца ў дарогу, ісці або ехаць куды‑н. Нікому не хочацца па непагадзі зноў кранацца ў няблізкі свет. Лупсякоў.

2. каго-чаго. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н. Напільнік, здавалася, ледзь-ледзь кранаўся жалеза, але яно пачынала блішчаць, як люстэрка. Асіпенка.

3. чаго. Разм. Тое, што і кранаць (у 5 знач.).

4. перан. Разм. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Калі .. [Міканор] гаворыць, дык неяк яно само ў яго выходзіць, што ён гаворыць вершамі, асабліва калі кранаецца розных птушак, лугоў-мурагоў ды калінкі-малінкі... Бялевіч.

5. Зал. да кранаць (у 1–7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

былы́, ‑ая, ‑ое.

1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.

2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)