ВІЛАНЕ́ЛА, віланель (італьян. villanella ад лац. villanus сялянскі, вясковы),
лірычны верш цвёрдай страфічнай будовы. Бярэ вытокі ў сярэдневяковай італьян. і франц. песеннай паэзіі. Складаецца з шасці 3-радковых строф, сярэднія радкі якіх рыфмуюцца паміж сабою. Пачатковы і заключны радкі 1-й страфы, звязаныя кальцавой рыфмай, папераменна паўтараюцца ва ўсіх астатніх тэрцэтах. Завяршае віланелу радок 1-й страфы. У бел. паэзіі гэту страфічную форму выкарыстаў С.Панізнік у вершы «Дзень развітання».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЦІ,
старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл.Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА ((Gomółka) Крысціна) (н. 8.4.1954, г. Гданьск, Польшча),
польскі гісторык. Скончыла Гданьскі ун-т (1977). Д-р габілітаваны (1993). У 1978—93 працавала ў Ін-це эканам. і гуманітарных навук, з 1993 — у політэхн. ін-це ў Гданьску. Даследуе гісторыю беларусаў паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, паліт.эканам. і культ. жыццё сучаснай Беларусі, бел. дыяспару. З 1993 рэдактар польска-бел. час. «Dyskusja» («Дыскусія»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСФЕ́РЫ (ад геа... + сфера),
абалонка Зямлі, канцэнтрычныя, суцэльныя або перарывістыя абалонкі, з якіх складаецца Зямля. Адрозніваюцца паміж сабой паводле хім. складу, агрэгатнага стану і фіз. уласцівасцей. Ад прасторы вакол Зямлі да цэнтра планеты вылучаюць магнітасферу, атмасферу, гідрасферу, літасферу, мантыю і ядро Зямлі. Некаторыя геасферы (напр., атмасфера) падзяляюцца на сферы 2-га парадку. Паводле сукупнасці прыродных умоў і працэсаў, якія працякаюць у абласцях сутыкнення і ўзаемадзеяння геасферы, вылучаюць спецыфічныя геасферы — геаграфічную абалонку, біясферу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л,
міжстадыял, час невял. пацяплення клімату і значнага скарачэння плошчы ледавікоў паміж дзвюма стадыямі на працягу сожскага зледзянення ў антрапагенным перыядзе. Падзяляе максімальную (слаўгарадскую) і постмаксімальную (магілёўскую) стадыі. Адбыўся 120—110 тыс.г. назад. Магутнасць адкладаў Горацкага інтэрстадыяла 5 м (у некат. месцах 20—25 м). Найчасцей трапляюцца азёрна-алювіяльныя ўтварэнні, складзеныя з супескаў і суглінкаў, радзей балотныя адклады (торф, гіціі). У час Горацкага інтэрстадыяла на тэр. Беларусі аднавілася лясная расліннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г.Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,
дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г.Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1338,
пагадненне паміж Лівонскім ордэнам і ВКЛ. Заключана ад імя лівонскага магістра і вял. князя ВКЛ («караля») Гедзіміна. Паводле дагавора на сумежжы абедзвюх краін устанаўлівалася паласа зямлі, на якой павінен быў заўсёды захоўвацца мір; войскі кожнага з бакоў павінны былі ўстрымлівацца ад забойстваў і рабаванняў. Купцам ВКЛ і Лівоніі дазвалялася свабодна ездзіць па тэр. абедзвюх дзяржаў, па ўсёй Дзвіне і яе берагах. Дагавор рэгуляваў суд. парадак разгляду цывільных і крымінальных спраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ГАСПАДА́РЧЫ,
пагадненне, якое заключаецца паміж прадпрыемствамі, аб’яднаннямі, фірмамі у мэтах абслугоўвання іх гасп. дзейнасці і выканання намечаных абавязацельстваў. Асн. віды дагавора гаспадарчага — дагавор пастаўкі, дагавор падраду на капітальнае будаўніцтва, дагавор перавозкі грузаў. Да іх адносяцца таксама дагаворы кантрактацыі с.-г. прадукцыі, арэнды, на выкананне навук., праектных канструктарскіх работ, па аказанні паслуг і інш. Дагавор гаспадарчы выкарыстоўваецца і як прававая форма арг-цыі ўнутрыгаспадарчай дзейнасці (пагадненні аб арэндзе, падрадзе, у т. л. брыгадным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАВАХЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е,
у Закаўказзі (Грузія), частка Паўд.-Груз. нагор’я, на Пд ад Трыялецкага хр., паміжр. Кура на З і Ніжнекартлійскай раўнінай на У. Уключае Самсарскі і Джавахецкі мерыдыянальныя хрыбты (выш. да 3300 м) і плато Цалкінскае, Гамарэцкае, Дманіскае і Ахалкалакскае (выш. да 1700 м). Складзена з андэзіта-базальтавых і трахітавых лаў. У катлавінах шмат азёр тэктанічнага ці вулканічнага паходжання (Паравані, Табацкуры і інш.). Горныя стэпы, субальпійскія лугі, якія выкарыстоўваюцца як пашы.