адне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. аднёс, ‑несла; заг. аднясі; зак., каго-што.

1. Аддаць, вярнуць пазычанае ці узятае на часовае карыстанне. Аднесці кнігу ў бібліятэку.

2. Тое, што і занесці (у 1 знач.). Жанчыны ўзялі на рукі і аднеслі ў хату Міронаву жонку. Галавач. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, рашылі аднесці іх.. да маці. Лынькоў. // Адвесці ад чаго‑н. руку ці тое, што знаходзіцца ў руцэ. — Гэта? — Юрка аднёс малюнак на выцягнутую руку. — Гэта нашы Руднічы, Коля. Курто. Зблізку зусім не відаць. Толькі калі выцягнуць па ўсю руку ды аднесці кнігу ад вачэй, тады можна што разабраць. Крапіва.

3. Падхапіўшы сваёй плынню, перамясціць што‑н. (пра вецер, ваду, натоўп і пад.). У ніве Тоня бачыла сігнальныя партызанскія агні і баялася, што вецер можа далёка аднесці яе ад пасадачнай пляцоўкі. Шчарбатаў. Празрыста-быстраю ракой плыву, І хвалям у затоку Не аднесці, Хоць час пасыпаў снегам галаву, І мне яго не змесці, не атрэсці. Пушча. / у безас. перан. ужыв. Прайшло нямала дзён За працай, Нямала сноў аднесла ў дым. Маракоў.

4. Аддаліць што‑н. ад чаго‑н.; перасунуць, перамясціць. Аднесці будынкі ад берага ракі. Аднесці плот ад дарогі.

5. перан. На аснове падабенства ўключыць прадмет ці з’яву ў склад якіх‑н. прадметаў ці з’яў; залічыць у пэўную групу; класіфікаваць. Лабановіч прыглядаецца да.. [Вольгі Віктараўны], мяркуе, да якой катэгорыі жанчын аднесці. Яна нагадвае яму тургенеўскую нігілістку. Колас. // Дастасаваць да пэўнага часу, звязаць з пэўным перыядам. // Перадаць у чыё‑н. распараджэнне, залічыць на чый‑н. рахунак. Аднесці да ведання саюзных рэспублік заканадаўства аб будове судоў саюзных рэспублік.

6. Перанесці на далей; адкласці. Аднесці экзамены на восень.

•••

Аднесці на чый рахунак — палічыць вінаватым каго‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бы ​1 (пасля галосных — б), часціца.

Ужываецца пры дзеясловах пр. часу, інфінітывах і прэдыкатыўных прыслоўях са значэннем магчымасці або неабходнасці дзеяння, утвараючы ўмоўны лад або апісальную форму ўмоўнага ладу; ставіцца пасля дзеяслова або слоў, на якія падае сэнсавы націск.

1. Са значэннем умоўнай магчымасці дзеяння. Які дзівосны сад квітнеў бы тут, каб рука чалавека адвяла воды горных рэк. Самуйлёнак. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас.

2. Са значэннем пажадання або пажаданай неабходнасці дзеяння. Цябе, зямля, ў адзенні новым, Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць. Колас. — Чаго вы так спяшаецеся? Набылі б трохі, пагулялі. Пагасцілі б у новых сваякоў. Чорны. Шэрае пер’е аблокаў Вецер світальны нясе. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэта страшнае месца. Лынькоў.

3. Са значэннем просьбы. — Ты схадзіў бы, Максімка, да іх, праведаў бы... Шамякін.

бы ​2, злучн.

Разм. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». [Сава] як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Якімовіч. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару; адпавядае па свайму значэнню злучнікам «быццам», «нібы». З-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Колас. Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне-мора. Танк. [Юстынь] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Як маці, яна [цётка Аксення] паглядзела мне ў вочы, Бы кажа: не будзь сёння, хлопчык, малым. Прыходзька.

•••

Быццам бы гл. быццам.

Калі б гл. калі.

Хоць бы гл. хоць.

Як бы гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Вынаходлівы, умелы, дасціпны. — Ну і хітры ж мужык ты, Васіль Захаравіч. На тры аршыны пад сабою бачыш, — сказаў Розаў. Грахоўскі. Бульбу, хоць і скараспелку, капаць яшчэ ранавата было. Таму яе хітрыя гаспадыні нейкі час не капаюць, а «падкопваюць», гэта значыць выбіраюць пад карчамі большую, а малую пакідаюць, прысыпаючы зямлёю. Якімовіч. // Які дзейнічае скрытна, не яўна. Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Падумайце, якая хітрая! Стаілася каля акна і за Сцёпкам цікуе, а сама не паказваецца. Колас. / Пра жывёл, птушак. Часам я можа б і сам адважыўся пакінуць Паўла і павесці сваю кабылу ў гурт, але гэтаму перашкаджала тое, што мая стракатая была жывёлінай натурыстай і вельмі хітрай. Кулакоўскі. // Які выражае хітрасць. [Маці:] Па вачах пазнаю, вачэй не пераменіш. Вунь якія яны.. Калючыя ды хітрыя. Крапіва. [Камендант:] — А гаспадарыць хто? — Мы, — адказала настаўніца з хітрай усмешкай. Маўр. Голас [Сарокі] быў ліслівы, прытоена хітры. Мележ.

2. Разм. Які для дасягнення чаго‑н. ідзе не прамым, падманным шляхам. Хітры бандзюга, ён [Смілга] не хацеў ні паміраць, ні здавацца.. Ён не быў нават паранены, але ляжаў як нежывы. Ён думаў, што цяпер на яго ніхто не будзе звяртаць увагі, і пакуль ішла перастрэлка, яму ўдалося дакаціцца да ўсходцаў. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зроблены з вялікім умельствам, выдумкай, сакрэтам. Выбірае замок для дзвярэй чалавек, Выбірае замок, ды такі, каб — навек! Самы моцны з усіх, самы хітры замок, Каб ключы падабраць аніхто ўжо не змог! Гілевіч. Пад хітрай цацкаю нахмурыў бровы, Каб здагадацца: што там за нутро? Гаўрусёў. А летам гасцінцы дзед носіць з лесу — то шапку суніц, то хітры кошык з бяросты. Лынькоў. // Які патрабуе асаблівай праніклівасці, кемлівасці. Не хітрая, урэшце, справа Адолець атам урана. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

група галін па вытворчасці матэрыялаў, вырабаў, дэталяў і канструкцый для ўсіх відаў будаўніцтва. Прадстаўлена цэментнай прамысловасцю, сценавых матэрыялаў прамысловасцю, нярудных будаўнічых матэрыялаў прамысловасцю, мяккіх дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў прамысловасцю, зборных жалезабетонных і бетонных канструкцый і вырабаў прамысловасцю, азбестацэментнай прам-сцю, керамічнай прамысловасцю, вытв-сцю мясц. вяжучых, цеплаізаляцыйных матэрыялаў, порыстых запаўняльнікаў, буд. матэрыялаў з палімернай сыравіны і інш. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць цесна звязана са здабыўной, энергет., металургічнай, металаапр., хім. і інш. галінамі.

Са старажытнасці вядомы абпаленая цэгла, дахавая чарапіца, керамічная плітка, ганчарныя водаправодныя трубы, бутавы камень, гіпсавыя і вапнавыя вяжучыя матэрыялы. З’яўленне ў пач. 19 ст. портландцэменту забяспечыла выкарыстанне бетону і жалезабетону. У сучаснай будаўнічых матэрыялаў прамасловасці павышаецца ўдз. вага рэсурсазберагальных матэрыялаў і тэхналогій, якія ўплываюць на змяншэнне масы і павелічэнне цеплазберагальных уласцівасцей пабудоў, пашыраецца выпуск эфектыўных вырабаў і вытв-сць новых матэрыялаў і канструкцый на аснове палімернай, мясц. і другаснай сыравіны.

Па вытв-сці цэменту, аконнага шкла, зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей, буд. цэглы адно з першых месцаў у свеце займае Расія. Высокаразвітую будаўнічых матэрыялаў прамысловасць маюць ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Японія, якія выкарыстоўваюць у вял. аб’ёмах металапракат, алюміній, сінт. смолы і пластмасы. У гэтых краінах значную ўдз. вагу мае вытв-сць маналітнага бетону і жалезабетону, выкарыстанне якіх у некалькі разоў большае, чым зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, што спрыяе зніжэнню кошту, паляпшэнню арх. выразнасці і надзейнасці збудаванняў. Па вытв-сці цэменту вылучаюцца (1993, млн. т): Кітай (359,8), Японія (88,1), ЗША (73,8), Індыя (56,2). Сусветная вытв-сць цэменту 1,18 млрд. т (1993). У будаўнічых матэрыялаў прамысловасці вядучую ролю адыгрываюць буйныя кампаніі: «Корнінг», «Амерыкан стандарт», «Оўэнс-Ілінойс» і інш. ў ЗША, «Тармак» у Вялікабрытаніі, «Сен-Габэн» у Францыі.

На Беларусі з даўніх часоў выраблялі цэглу (з 12 ст. захавалася цагляная Гродзенская Барысаглебская царква), шкло, кафлю. З узнікненнем сілікатна-буд. вытв-сці ў пач. 19 ст. пераважалі дробныя прадпрыемствы (у 1900 дзейнічала 679). У 1913 найб. быў Ваўкавыскі цэментны з-д. У савецкі перыяд рост капітальнага буд-ва ва ўсіх галінах гаспадаркі выклікаў развіццё будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, асабліва ў 1920—40. Былі пабудаваны цэментны з-д у Крычаве, шклозавод у Гомелі, расшырана вытв-сць цэглы ў Клімавічах, Оршы, Віцебску, Гомелі, Магілёве і інш. У час Вял. Айч. вайны прадпрыемствы галіны былі разбураны, у 1945 выпушчана толькі 15% ад аб’ёму прадукцыі 1940.

У пасляваен. перыяд у Беларусі створаны высокамеханізаваныя з-ды і камбінаты па вырабе зборнага жалезабетону (у абл. цэнтрах, Бабруйску, Оршы, Светлагорску, Баранавічах), арміраваных камянёў і дробных сценавых блокаў з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону (Магілёў, Гродна, Смаргонь), мяккіх дахавых матэрыялаў (Асіповічы), нярудных буд. матэрыялаў (Мікашэвічы), даламітавай мукі (Віцебск), керамічных плітак і сан.-тэхн. вырабаў з буд. фаянсу (Мінск), асвоена вытв-сць мінер. ваты і вырабаў з яе, канструкцый і вырабаў на аснове вапны і гіпсу, порыстых запаўняльнікаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў і інш. Найб. прадпрыемствы: «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Крычаўцэментнашыфер», «Гомельбудматэрыялы», «Смаргоньсілікатабетон», «Кераміка», «Керамін», «Забудова», Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Дах», «Даламіт», «Граніт», «Гомельшкло», Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Радашковіцкі завод мастацкай керамікі і інш. У 1994 выраблена 1487,9 тыс. т цэменту, сценавых матэрыялаў (млн. шт. умоўнай цэглы) 2406,3, у т. л. 1460,4 буд. цэглы, 2680,4 тыс. м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 56,1 тыс. м² мяккага дахавага крыцця, 164,9 млн. шт. умоўных плітак шыферу азбестацэментнага, 6,9 млн. м² аконнага шкла, 5552,4 тыс. м² пліткі керамічнай. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць Беларусі дае 4,6% агульнага аб’ёму прадукцыі (1994), у ёй дзейнічае больш за 1300 прадпрыемстваў, занята 79,4 тыс. чал. Беларусь экспартуе дахавыя матэрыялы, абліцовачную керамічную плітку і інш.

Л.​І.​Тулупава.

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́З (Belize),

дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы, на ўсх. узбярэжжы п-ва Юкатан. На Пн мяжуе з Мексікай, на З і Пд — з Гватэмалай. Абмываецца Карыбскім морам. Пл. 23 тыс. км². Нас. 200 тыс. чал. (1994). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Бельмапан. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. Беліз — канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны Нац. сход, што складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам (прызначаецца ген.-губернатарам).

Прырода. Рэльеф пераважна нізінны, шмат балотаў. На Пд горы Мая (выш. да 1122 м, пік Вікторыя). Клімат трапічны пасатны, вільготны. Т-ра паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Рэкі паўнаводныя, найбольшая Беліз. На б.ч. тэрыторыі вільготныя трапічныя лясы. Растуць чырвонае, ружовае, кампешавае, каўчукавае дрэвы, чыкле, кедр. На Пн лістападныя трапічныя лясы і ўчасткі саваннаў. Лясныя заказнікі, найбольшы Чыкібуль.

Насельніцтва. Жывуць негры і мулаты (44%), метысы (33%), індзейцы — мая і карыбы (у т. л. блізкія да іх негра-карыбскія метысы — «чорныя карыбы»), выхадцы з Індыі і інш. Найб. горад — Беліз. Паводле веравызнання 62% — католікі, 30% — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,7 чал. на 1 км², б.ч. яго жыве паблізу ўзбярэжжа. Натуральны прырост каля 2% за год.

Гісторыя. Беліз вядомы як адно з месцаў ранніх паселішчаў плямёнаў мая. У пач. 16 ст. заваяваны іспанцамі. Паўн. ч. Беліза ўвайшла ў склад «Новай Іспаніі» (Мексіка), паўд. ч. — у ген.-капітанства Гватэмалы. У 17 ст. тут з’явіліся англ. пасяленцы, якія заснавалі першыя гарады, у т. л. Беліз (1638). Барацьба ісп. і англ. каланізатараў за тэр. Беліза скончылася ў 1798 на карысць англічан. З 1862 брыт. калонія, вядомая як Брыт. Гандурас (наз. 1840). У 1964 атрымаў поўную ўнутр. аўтаномію. У 1966 Гватэмала, якая лічыла Беліз сваёй тэр., аб’явіла яго сваім усх. дэпартаментам. З 1973 сучасная назва. З 1981 Беліз — незалежная дзяржава. Беліз — член ААН (з 1981), Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, Карыбскай супольнасці і інш. У 1991 Гватэмала прызнала незалежнасць Беліза і ўстанавіла з ім дыпламат. адносіны.

Паліт. партыі: Народная аб’яднаная і Аб’яднаная дэмакратычная. Прафсаюзы: Аб’яднаны ўсеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. Беліз — эканамічна адсталая агр. краіна. У сельскай і лясной гаспадарцы занята каля 40% эканамічна актыўнага насельніцтва. Гал. экспартныя культуры: цукр. трыснёг, цытрусавыя (пераважна апельсіны і грэйпфруты), бананы, какава, ананасы. На ўнутр. патрэбы сеюць рыс, кукурузу, маніёк, фасолю. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (пераважна на Пд), свіней, птушку. Нарыхтоўка кампешавага і чырвонага дрэва, карыбскай хвоі. У прыбярэжных водах рыбалоўства, промысел амараў, крэветак, чарапах. Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, патакі, рому, кансерваў, сокаў, мыла, дубільных экстрактаў). Вытв-сць мэблі, буд. матэрыялаў, невял. рыбалоўных і спарт. суднаў; каля Беліза невял. сталепракатны з-д. Развіты саматужныя промыслы (выраб адзення, абутку, сувеніраў). Значныя сродкі дае турызм і зімовы адпачынак пераважна жыхароў ЗША у шматлікіх атэлях і пансіянатах на ўзбярэжжы і прыбярэжных астравах. Унутр. транспарт аўтамабільны, знешнія сувязі пераважна марскія. Гал. порт — Беліз. Паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт: цукар-сырэц, цытрусавыя, амары і крэветкі, драўніна. Імпарт: паліва, трансп. сродкі, харч. прадукты, машыны, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія і інш. краіны Зах. Еўропы, ЗША, Японія, Мексіка. Грашовая адзінка — долар Беліза.

Герб і сцяг Беліза.
Да арт. Беліз. Адміністрацыйны будынак у г. Беліз.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫ САВЕ́Т НАРО́ДНАЙ ГАСПАДА́РКІ (ВСНГ),

у 1917—32 і 1957—65 цэнтр. орган Сав. дзяржавы па рэгуляванні і кіраванні асн. галінамі нар. гаспадаркі, гал. ч. прамысловасцю. Створаны дэкрэтам ВЦВК і СНК ад 2(15)12.1917 для арганізацыі планавай гаспадаркі і дзярж. фінансаў. Кіраванне асобнымі галінамі прам-сці ў сістэме ВСНГ ажыццяўлялі аддзелы, галіновыя гал. ўпраўленні і цэнтр. к-ты.

На месцах створаны абл., губ. і павятовыя саветы нар. гаспадаркі (СНГ). У першы год сав. улады ВСНГ праводзіў работу па ажыццяўленні дэкрэта аб усеаг. нацыяналізацыі буйной прам-сці і арганізацыі вытв-сці на сацыяліст. асновах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 ён выконваў ваен. заказы, забяспечваў Чырв. Армію зброяй, боепрыпасамі, абмундзіраваннем; пасля яе заканчэння кіраваў перабудовай прам-сці на мірную вытворчасць. У 1922 у сувязі з утварэннем СССР арганізаваны СНГ саюзных рэспублік, у т. л. БССР. ВСНГ нададзены правы аб’яднанага наркамата па кіраванні прам-сцю. У непасрэдным падпарадкаванні ВСНГ СССР заставаліся прадпрыемствы саюзнага значэння. СНГ саюзных, аўтаномных рэспублік і мясцовым СНГ перададзена прам-сць рэсп. і мясц. значэння. У задачы ВСНГ СССР уваходзіла распрацоўка агульных нормаў і планаў эканам. развіцця краіны, аб’яднанне дзейнасці цэнтр. і мясц. гасп. органаў.

СНГ БССР ажыццяўляў кіраўніцтва нацыяналізацыяй прам-сці, кантроль за дзейнасцю прамысл. прадпрыемстваў, запасамі сыравіны, паліва, выпускам гатовай прадукцыі і інш. З пераходам да новай эканамічнай палітыкі праводзіў перабудову кіравання прам-сцю на прынцыпах гасп. разліку. Паводле пастановы ЦК КП(б)Б ад 13.7.1921 утворана 16 гасп.-разліковых групавых упраўленняў і 15 заводаўпраўленняў. У 1923 СНГ БССР перайменаваны ў ВСНГ БССР. З 26.3.1924 вядучай гасп. адзінкай у сістэме ўпраўлення прам-сцю стаў гасп.-разліковы прамысл. трэст. Дзейнічалі 9 трэстаў: металічнай, лясной, харчовай, папяровай, шкляной, гарбарнай, спіртавой, буд. прам-сці, шчотачны. ВСНГ БССР даводзіў трэстам план, правяраў яго выкананне, рэгуляваў рост і рух асн. фондаў. Ён не меў права ўмешвацца ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў і трэстаў і ператварыўся ў каардынацыйны цэнтр. У 1932 на аснове ВСНГ СССР утвораны нар. камісарыяты цяжкой, лёгкай і лясной прам-сці, а ВСНГ саюзных рэспублік — наркаматы лёгкай прам-сці (ВСНГ БССР 3.4.1932 пераўтвораны ў Наркамат лёгкай прам-сці БССР). Пазней на Беларусі арганізаваны наркаматы (з 1946 мін-вы) па інш. галінах прам-сці. У 1957 праведзена рэарганізацыя кіравання прам-сцю і буд-вам, зноў створаны СНГ СССР, СНГ саюзных рэспублік і СНГ эканам. раёнаў. СНГ БССР быў падпарадкаваны адначасова СМ БССР і СНГ СССР. У сак. 1963 сістэму дзярж. органаў па кіраванні прам-сцю краіны ўзначаліў ВСНГ СМ СССР. Акрамя кіравання ўсімі галінамі прам-сці і будаўніцтва на яго былі ўскладзены каардынацыя дзейнасці планавых і гасп. органаў (Дзяржплана, СНГ СССР, дзярж. галіновых к-таў), забеспячэнне выканання планаў, распрацоўка і ажыццяўленне мерапрыемстваў па развіцці прамысл. вытворчасці. Паводле рашэння вераснёўскага (1965) пленума ЦК КПСС скасаваны СНГ і ўтвораны агульнасаюзныя, саюзна-рэсп., рэсп. мін-вы і дзярж. к-ты. У БССР было арганізавана 5 саюзна-рэсп. мін-ваў (лёгкай, харчовай, цэлюлознапапяровай і дрэваапрацоўчай, мясной і малочнай, буд. матэрыялаў прам-сці) і 2 упраўленні (нафтаперапрацоўчай і нафтахім., хім. прам-сці). Для кіравання прадпрыемствамі, якія абслугоўвалі гал. ч. патрэбы рэспублікі і працавалі на мясц. сыравіне, былі створаны рэсп. мін-вы мясц. і тарфяной прам-сці. Прадпрыемствы БССР перадаваліся зноў створаным галіновым мін-вам. З 719 прадпрыемстваў, якія знаходзіліся ў распараджэнні СНГ БССР і яго галіновых упраўленняў, у непасрэднае падпарадкаванне агульнасаюзных мін-ваў СССР былі перададзены 94 буйнейшыя з-ды і ф-кі, 550 прадпрыемстваў перайшлі ў падпарадкаванне саюзна-рэсп., 75 — рэспубліканскіх мін-ваў і ведамстваў БССР. 1.1.1966 СНГ БССР спыніў сваю дзейнасць.

Э.​А.​Забродскі.

т. 4, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫНАБУДАВА́ННЕ І МЕТАЛААПРАЦО́ЎКА,

комплекс галін цяжкай прам-сці па вытв-сці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання. У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, дарожна-буд. і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харч. прам-сці і быт. прылад, эл.-тэхн., сродкаў выліч. тэхнікі, падшыпнікавая, авіяц., суднабуд., метал. канструкцый, метал. вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).

Машынабудаванне як галіна прам-сці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытв-сці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапр. станкоў. Як галіна вытв-сці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету М. і м. найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысл. робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39,5 млн. шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4%, ЗША — 16,8, Германія — 12,4, Францыя — 8,2, Вялікабрытанія — 4,4%) і 16,5 млн. шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7%, Японія — 16,9, Бразілія — 9,6, КНР — 5,0, Рэспубліка Карэя — 3,7%).

На Беларусі М. і м. як галіны вытв-сці пачалі развівацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — машынабуд. і чыгунаметалургічны з-д, як Кашырскі з 1881, металаапр. з-д «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабуд. з-д з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны з-д з 1915. У пач. 20 ст. было 26 невял. металаапр. прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, метал. посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмала-патачнай, дрэваапр. і спіртавой прам-сці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш. У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прам-сці, электрарухавікоў. У пач. 1940-х г. асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вял. Айч. вайну ч. машынабуд. з-даў была эвакуіравана ва ўсх. раёны СССР, астатнія разбураны. У пасляваенныя гады структура М. і м. значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны з-ды, радыёзавод у Мінску; асвоена вытв-сць падшыпнікаў, розных с.-г. машын, гадзіннікаў, электронна-выліч. машын, тэлевізараў і інш. Сучасныя М. і м. развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найб. сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45%); буйныя цэнтры М. і м. Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Дынаміку вытв-сці важнейшых відаў прадукцыі машынабудавання гл. ў табліцы. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асн. вытв. фондаў і колькасці рабочай сілы М. і м. займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7%; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7% — дзярж. уласнасці, якія далі 63% усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2% усіх рабочых і служачых, 29,6% прамысл.-вытв. фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, каап. сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысл. комплексу рэспублікі.

Літ.:

Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;

Рогач П.І., Сасноўскі В.М. Камерцыйная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Машынабудаванне і металаапрацоўка. Робат-зваршчык у цэху Мінскага аўтамабільнага завода.

т. 10, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.

У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.

У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр. з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.

Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.

Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.

Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.

Літ.:

Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;

Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;

Янушкевіч А.А. Тэхналогія лесапільна-дрэваапрацоўчых вытворчасцей. Мн., 1997.

А.​А.​Барташэвіч.

Да арт. Дрэваапрацоўчая прамысловасць. Вытворчасць драўляных шчытоў.

т. 6, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ПЕРАВАРО́Т,

пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці ў 2-й пал. 18 ст. — 19 ст. Вынаходства і ўкараненне ў вытв-сць машын, арганізацыя ф-к прывялі да ўзнікнення буйной машыннай індустрыі, усталявання і развіцця капіталіст. спосабу вытв-сці. Гэта спрыяла ўзнікненню новых галін прам-сці, буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў, пашырэнню ўнутр. і знешняга рынку, завяршэнню працэсу фарміравання асн. класаў грамадства — буржуазіі і рабочага класа.

П.п. пачаўся ў 1760-я г. ў Вялікабрытаніі, дзе ў выніку гар. пераўтварэнняў з’явілася вял. колькасць свабоднай рабочай сілы, склаўся рынак збыту тавараў, а ў купцоў і прадпрымальнікаў назапашаны свабодныя грашовыя сродкі для буд-ва ф-к. Стымулявала П.п. і замежная канкурэнцыя. У 1769 Дж.​Уат вынайшаў паравую машыну, а ў 1784 — паравую машыну «двайнога дзеяння». У 1779 вынайдзена мюльмашына, якая дазволіла выпрацоўваць баваўняную пражу фабр. спосабам. У 1785 Э.​Картрайт вынайшаў мех. ткацкі станок. У хуткім часе ўзнікла першая прадзільная ф-ка, якая працавала на вадзяным рухавіку (у 1790 было 150 прадзільных ф-к). Рост фабр. вытв-сці патрабаваў удасканалення трансп. сістэмы. У канцы 18 ст. пракапаны першы канал даўж. больш за 17 км. У 1-й чвэрці 19 ст. пачалі дзейнічаць параходныя зносіны і паравая чыгунка. У 2-й пал. 19 ст. вынайдзены такарны станок з супартам, стругальны станок. Бурнае развіццё машынабудавання ў 1830—40-я г. стала сведчаннем ператварэння Вялікабрытаніі ў індустрыяльную «майстэрню свету», яна стала сусв. манапалістам у прамысл. вытв-сці і гандлі. У ЗША у 1860—70-я г. паравыя машыны выкарыстоўваліся на многіх ф-ках і з-дах. Развіццё фермерскай сельскай гаспадаркі стымулявала тэмпы і маштабы буд-ва чыгунак. У 1869 транскантынент. чыгунка перасекла кантынент з З на У. Чыг. буд-ва стымулявала рост металург. вытв-сці, вугальнай, нафтавай і інш. галін. У Францыі П.п. пачаўся ў канцы 18 ст., але развіваўся больш павольна. Асн. яго тормазам быў манархічны лад, захаванне дробнай вытв-сці, а ўведзеная Напалеонам I кантынент. блакада Вялікабрытаніі перапыніла пастаўкі машын для франц. вытворцаў. У Германіі П.п. адбыўся ў 3 этапы: пачатковы этап (да 1850) закрануў у асн. тэкст. прам-сць; у наст. 2 дзесяцігоддзі бурна развівалася цяжкая прам-сць; завяршэнне П.п. адбылося пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871, калі ў ням. прам-сці склаліся манаполіі. У Расіі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст. У баваўнянай прам-сці больш хутка ажыццяўляўся пасля адмены прыгоннага права (1861), калі ахапіў большасць галін нар. гаспадаркі. У 1879 у тэкст. прам-сці з дапамогай машын выраблялася ад 54,8% да 96,3% прадукцыі. На металаапр. прадпрыемствах машынамі выпрацоўвалася 86,3% прадукцыі.

На Беларусі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст., у металаапр. і вінакурнай галінах, а не ў тэкстыльнай. Пра гэта сведчыць выкарыстанне паравых машын у металаапрацоўцы і змена яе тэхналогіі. П.п. адбываўся і ў інш. галінах (харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай) і завяршыўся ў канцы 1890-х г. У 2-й пал. 19 ст. аб’ём фабр. прадукцыі вырас у 37 разоў. Да 1890 ф-кі і з-ды давалі 47,8% усёй прамысл. прадукцыі. У канцы 19 ст. пачалі з’яўляцца акц. т-вы: «Гродзенскае т-ва водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Т-ва віцебскіх водаправодаў», белы. акц. т-ва «Віцебскі трамвай» і інш. Дзейнічалі філіялы найбуйнейшых рас. банкаў, ням. капітал актыўна ўкладваўся ў лясную і льняную галіны вытв-сці. За апошнія 10 гадоў 19 ст. тэмпы развіцця прам-сці былі значна вышэйшыя, чым за папярэднія 30 гадоў, у выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула 5% прамысл. прадукцыі Расіі, колькасць рабочых складала 10%. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Прамысловасць.

Л.​Ф.​Пашкевіч.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФАЭ́ЛЬ [Raffael, Raphael; сапр. Рафаэла Санці (Санцыо), Raffaello Santi (Sanzio); 26 ui 28.3 або 6.4.1483, г. Урбіна, Італія — 6.4.1520],

італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Дж.​Санці (да 1494), у Перуджы ў П.​Перуджына (каля 1495—1505, або 1499—1500). Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Перуджына, вызначаюцца тонкай паэзіяй і мяккім лірызмам пейзажных фонаў, ураўнаважанасцю кампазіцый: «Каранаванне св. Мікалая Таленцінскага» (каля 1500), «Тры грацыі», «Сон рыцара» (абедзве каля 1500—02), «Укрыжаванне са св. Іеранімам» (1.503), «Мадонна Канестабіле» (каля 1504), «Заручыны Марыі» (1504). З 1504 працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Перуджы і Умбрыі. Пад уплывам Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Ф.​Барталамео перайшоў да больш класічнай манеры, сцвердзіўся як майстар рэнесансавага жывапісу: «Мадонна дэль Грандука» (1504), «Малая Мадонна Каўпер» (1504—05), «Мадонна на лузе» (1506), «Мадонна са шчыглянём» (1507), «Святая сям’я Каніджані» (1507—08), «Вялікая Мадонна Каўпера», «Мадонна Тэмпі», «Прыгожая садоўніца» (усе 1508), партрэты Аньёла і Мадалены Доні і інш. З 1508 у Рыме. Паводле заказу пап Юлія II і Льва X пісаў фрэскі ў залах (станцах) Ватыканскага палаца, у якіх увасобіў гуманіст. ідэалы свабоды і зямнога шчасця, жыццесцвярджальныя ўяўленні пра прыгажосць і дасканаласць чалавека, яго гармонію са светам. Фрэскам уласцівы спакойная веліч і гарманічная стройнасць шматфігурных кампазіцый, павышаная роля арх. фонаў, якія дасканала звязаны з рэальным арх. асяроддзем, майстэрства перадачы святлаценю, мяккі светлы каларыт: «Дыспут», «Афінская школа», «Парнас», «Мудрасць, Мера і Сіла» ў Станца дэла Сеньятура (1508—11), «Выгнанне Эліядора з храма», «Сустрэча Льва I з Атылам», «Меса ў Бальсене», «Вызваленне апостала Пятра з цямніцы» ў Станца д’Эліядора (1511—14), «Пажар у Борга», «Каранаванне Карла Вялікага папам Львом III» у Станца дэль Інчэндыо (1514—17) і адпаведныя гал. кампазіцыям алегарычныя, біблейскія і міфалагічныя сцэны на плафонах. Стылістычна блізкія да ватыканскіх фрэсак кардоны серыі шпалер для Сіксцінскай капэлы (1515—16). Духам ант. класікі з яе культам пачуццёвай прыгажосці прасякнута фрэска «Трыумф Галатэі» на віле Фарнезіна (1511). Пісаў алтарныя абразы, рэліг. карціны і партрэты, якія вызначаюцца майстэрствам перадачы характару персанажаў, экспрэсіўнасцю, складаным гучным каларытам: «Мадонна Альба» (каля 1510—11), «Мадонна ды Фаліньё» (1511—12), «Партрэт кардынала» (каля 1512), «Сіксцінская мадонна» (1513—14), «Святая Цэцылія» (1514), «Мадонна з рыбай» (каля 1514), «Партрэт Бальдасарэ Кастыльёне» (каля 1515), «Жанчына ў пакрывале» («Донна Велата», каля 1516), «Нясенне Крыжа» (1517), «Партрэт Льва X з двума кардыналамі» (1518—19), «Святая сям’я Францыска I» (1518), «Праабражэнне» (1517—20) і інш. У некат. позніх работах адчуваюцца рысы маньерызму. Арх. дзейнасць Р. стала сувязным звяном паміж творчасцю Д.​Брамантэ і А.​Паладыо. З 1514 гал. архітэктар Рымскага сабора Святога Пятра, стварыў яго новы план, у аснову якога паклаў арх. тып базілікі. Дабудоўваў пачаты Брамантэ ватыканскі двор з лоджыямі. Пабудовам Р. ўласціва спалучэнне дэкору фасадаў з асаблівасцямі мясцовасці і суседняй забудовы, памерамі і прызначэннем будынка: царква Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (з 1509), капэла Кіджы царквы Санта-Марыя дэль Попала (1512—20), палацца Відоні-Кафарэлі (з 1515), Бранконіо дэль Аквіла (1520) у Рыме, палацца Пандальфіні ў Фларэнцыі (з 1520, дабудаваны па праекце Р. арх. Дж. да Сангала). Часткова ажыццёўлена аўтарская задума Р. ў пабудове вілы Мадама ў Рыме (з 1517, дабудавана арх. А. да Сангала Малодшым), арганічна звязанай з навакольнымі садамі і тэрасным паркам. Творчасць Р. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. жывапіс 16—19 ст.

Літ.:

Гращенков В.Н. Рафаэль. 2 изд. М., 1975;

Пашут Л. Рафаэль: Пер. с венг. М., 1981;

Дажина В.Д. Рафаэль и его время. М., 1983;

Прусс И.Е. Рафаэль: [Альбом]. М., 1983;

Лебедянский М.С. Портреты Рафаэля. М., 1983.

С.​У.​Пешын.

Рафаэль.
Рафаэль. Афінская школа. Станца дэла Сеньятура. 1508—11.
Рафаэль. Прыгожая садоўніца 1508.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)