індывідуальная своеасаблівасць задаткаў чалавека, якая забяспечвае патэнцыяльныя магчымасці і дазваляе дасягнуць значных поспехаў у пэўнай галіне дзейнасці. Залежыць ад біялагічна вызначаных прычын (уласцівасцяў мозга, нервовай сістэмы і інш.). Высокая ступень спецыяльнай адоранасці — талент. Тэрмінам «агульная адоранасць» вызначаюць адоранасць інтэлектуальную — праяўленне здольнасцей у рознай сферы дзейнасці. Звычайна адоранасць праяўляецца на ранніх этапах узроставага развіцця, у т. л. і праз якасці характару, асаблівасці сну, актыўнасці. Рэалізацыя адоранасці залежыць: ад адпаведных абставін жыцця, спец. навучання і выхавання; запатрабавання з боку грамадства; самарэалізацыі (самавыхавання) асобы.
Літ.:
Лейтес Е.С. Способности и одарённость в детские годы. М., 1984;
Одарённые дети: Пер. с англ.М., 1991;
Леви В. Нестандартный ребёнок. 3 изд. Хабаровск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЧО́РНАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект, які поўнасцю паглынае эл.-магн. выпрамяненне, што падае на яго (паглынальная здольнасць роўная адзінцы). У прыродзе не існуе, хоць паглынальная здольнасць некаторых рэчываў (сажа, плацінавая чэрнь) блізкая да 0,95. Штучная мадэль абсалютна чорнага цела (гл.рыс.) — вял. пустая замкнёная поласць з непразрыстымі сценкамі і маленькай уваходнай адтулінай. Пры звычайных т-рах выпрамяненне A, якое ўваходзіць праз адтуліну, шмат разоў адбіваецца ад сценак поласці C і практычна назад не выходзіць. Выпрамяненне абсалютна чорнага цела вызначаецца толькі яго абс. т-рай, размеркаванне энергіі ў ім падпарадкоўваецца Планка закону выпрамянення. Адыгрывае важную ролю ў тэорыі эл.-магн. выпрамянення.
Мадэль абсалютна чорнага цела. A — выпрамяненне; C — поласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ ФО́НДЫ СПАЖЫВА́ННЯ,
форма размеркавання часткі нац. даходу (прыбытку), якая прызначаецца для ўздзеяння на структуру спажывання з мэтай усебаковага фіз. і духоўнага развіцця асобы. Як правіла, грамадскія фонды спажывання размяркоўваюцца паміж працоўнымі па-за прамой сувяззю з іх прац. укладам. Як спецыфічны від размеркавання грамадскія фонды спажывання выконваюць наступныя функцыі: задавальняюць найб. прыярытэтныя для грамадства і асоб патрэбы ў адукацыі, ахове здароўя, культуры, жыллі, адпачынку; выраўноўваюць рэальныя даходы сем’яў з рознай колькасцю непрацаздольных членаў, ствараюць прыблізна аднолькавыя ўмовы для развіцця здольнасці да працы; матэрыяльна забяспечваюць часова ці пастаянна непрацаздольных членаў грамадства. Ва ўмовах Рэспублікі Беларусь большая частка грамадскіх фондаў спажывання размяркоўваецца цэнтралізавана: праздзярж. бюджэт, сац. страхаванне, цэнтралізаваныя фонды сац. забеспячэння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТГЕР ((Grottger) Артур) (11.11.1837, в. Атыневічы Львоўскай вобл., Украіна — 13.12.1867),
польскі жывапісец і графік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Львове ў Я.Машкоўскага і Ю.Косака (1848—52), Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў (1852—54), Венскай АМ (1855—58). Напачатку пісаў акварэллю батальныя і жанравыя сцэны, пазней — гіст. кампазіцыі, партрэты, карыкатуры. У работах — элементы акадэмізму, містычная сімволіка, тэатр. пафас: цыклы кардонаў «Варшава I» (1861), «Варшава II» (1862), «Палонія» (1863), «Літуанія» (1864—66; абедзве прысвечаны паўстанню 1863—64), аўтапартрэт (1867), жывапісныя творы «Пераход праз мяжу» (1865), «Развітанне», «Паход у Сібір» (абедзве 1866) і інш. Аўтар цыкла «Вайна» (1866—67), у якім карціны нац. трагедыі і нар. гераізму.
Н.К.Мазоўка.
А.Гротгер. Пушча. З графічнага цыкла кардонаў «Літуанія». 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НА ФО́РМУЛЫ,
формулы інтэгральнага злічэння, якія звязваюць паміж сабой інтэгралы розных тыпаў. Самая простая з іх, вядомая яшчэ Л.Эйлеру (1771), звязвае падвойны інтэграл па плоскай паверхні S з крывалінейным інтэгралам па яе мяжы L:
; яе фіз. сэнс: паток вадкасці, якая цячэ па плоскасці са скорасцю V(Q, -P) праз мяжу L, роўны інтэгралу ад інтэнсіўнасці (дывергенцыі) крыніц і сцёкаў, размеркаваных па паверхні S. Дзве інш. формулы, што звязваюць інтэгралы па аб’ёме і па паверхні, якая яго абмяжоўвае, апублікаваны Дж.Грынам у 1828 у сувязі з даследаваннямі па тэорыі патэнцыялу. Гл. таксама Астраградскага формула, Стокса формула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНЫЯ ВАГА́ННІ,
ваганні, якія ўзнікаюць у сістэме пад дзеяннем пераменнай знешняй сілы. Напр., ваганні мех. канструкцый пад дзеяннем пераменнай нагрузкі, мембраны тэлефона пад дзеяннем магн. поля і інш. Уласцівасці вымушаных ваганняў залежаць ад характару знешняй сілы і ўласцівасцей самой сістэмы.
Пад дзеяннем знешняй сілы ў сістэме адначасова ўзнікаюць уласныя ваганні і вымушаныя ваганні. Праз пэўны час уласныя ваганні затухаюць і ў сістэме ўсталёўваюцца вымушаныя ваганні. Амплітуда іх большае з павелічэннем амплітуды знешняй сілы і з памяншэннем трэння (супраціўлення) у сістэме пры мех. (электрычных) ваганнях і рознасці паміж частатой змены знешняй сілы і частатой уласных ваганняў. Пры супадзенні частаты знешняй сілы і частаты ўласных ваганняў настае рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААЧЫ́СТКА,
ачыстка прамысл. і прыродных газаў ад цвёрдых, вадкіх і газападобных прымесей. Робіцца мех., эл. і фіз.-хім. спосабамі.
Цвёрдыя і вадкія прымесі выдаляюць асаджэннем (у пылавых камерах, цыклонах), прамываннем вадой (у скруберах), фільтраваннем (праз порыстыя матэрыялы — фільтры з тканін, паперы і інш.), іанізацыяй (асаджэннем цвёрдых часцінак у эл. полі высокага напружання); газападобныя — абсорбцыяй (прамыўкай растваральнікамі ў апаратах тыпу скрубера), адсорбцыяй (з дапамогай порыстых матэрыялаў, напр., актываванага вугалю), хемасорбцыяй (паглынаннем вадкасцю або цвёрдым целам з утварэннем хім. злучэнняў), ахаладжэннем і сцісканнем (прымесі ператвараюцца ў вадкасць), акустычным спосабам, заснаваным на здольнасці цвёрдых часцінак каагуляваць пад дзеяннем гукавых ваганняў. На промыслах выкарыстоўваюць устаноўкі комплекснай падрыхтоўкі газу да транспартавання. Гл. таксама Ачыстка паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙСМАЙР ((Gaismair; Gaysmayr) Міхаэль) (каля 1490, Штэрцынг, зямля Ціроль, Аўстрыя — 15.4.1532),
кіраўнік паўстанцаў у Ціролі і Зальцбургу ў Сялянскую вайну 1524—26. Быў пісарам архіепіскапа акр. Брыксен. Вясной 1525 паўстанцы на чале з ім занялі Ціроль, архіепіскапства Зальцбург і інш., нанеслі шэраг паражэнняў войскам аўстр. эрцгерцага. У 1526 Гайсмайр склаў для Ціроля праграмнае «Земскае ўпарадкаванне», якое прадугледжвала ўстанаўленне нар. рэспублікі, знішчэнне дваран і царкоўнікаў, увядзенне дзярж. манаполіі на гандаль, нацыяналізацыю гарнаруднай прам-сці, апекаванне беднякоў і інш. Летам 1526, акружаны войскамі эрцгерцага, баварцаў і Швабскага саюза, Гайсмайр з часткай сваіх сіл прарваўся праз Альпы ў Венецыянскую вобласць. Забіты ў час перагавораў са швейцарцамі і венецыянцамі пра сумесную барацьбу супраць Габсбургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТЫЯКА́ЎЛЫ,
род чарвей кл. нематод. 6 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. распаўсюджаны і небяспечныя Д. ніткападобная (D. filaria) і Д. жывародная (D. viviparus), якія паразітуюць у бронхах і трахеях траваедных жывёл; выклікаюць дыктыякаўлёзы.
Цела (даўж. 12—150 мм) ніткападобнае, белаватае або жаўтавата-белае. Ротавая адтуліна абкружана 2 радамі сасочкаў і кутыкулярным кальцом, на дне ротавай поласці невял. зуб. Хвост у самкі завостраны, у самца з палавой рабрыстай бурсай і 2 спікуламі. Жывёлы заражаюцца інвазійнымі лічынкамі на пашы. Лічынкі трапляюць у кроў, потым у лёгачныя капіляры і ў дыхальныя шляхі. Палавой спеласці дасягаюць праз 21—60 дзён. Жывуць у арганізме жывёл 1,5 месяцы — 2 гады.
Дыктыякаўла жывародная: 1 — галаўны, 2 — хваставы канцы цела самкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРАКЦЫ́ЙНЫЯ СПЕ́КТРЫ,
спектры эл.-магн. выпрамянення, атрыманыя пры дапамозе дыфракцыйнай рашоткі.
Пры праходжанні монахраматычнага пучка святла даўжыні хвалі λ праз дыфракцыйную рашотку з перыядам d утвараюцца максімумы, становішча якіх вызначаецца ўмовай d(sinα + sinβ) − mλ, дзе α — вугал падзення, β — вугал дыфракцыі, m = 0, ±1, ±2, ±3, ... — парадак спектра. Пры дыфракцыі монахраматычнага святла кожнаму значэнню m адпавядае спектральная лінія M1 у выпадку падзення на рашотку белага святла для кожнай даўжыні хвалі λ атрымліваецца свой набор спектральных ліній M2, г. зн. выпрамяненне раскладаецца ў спектр па магчымых значэннях m. Пры гэтым інтэнсіўнасць спектральных ліній рэзка памяншаецца пры павелічэнні парадку спектра.
Да арт.Дыфракцыйныя спектры. Схема ўтварэння спектраў пры дапамозе празрыстай дыфракцыйнай рашоткі.