У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, замацаваны асн. прынцыпы, формы грамадскага і дзярж. ўладкавання, парадак фарміравання органаў дзярж. улады, мясц. кіравання і самакіравання, іх узаемаадносін з інстытутамі грамадз. супольнасці. Паліт. сістэма бел. грамадства ўяўляе сабой сукупнасць дзярж. органаў, паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, пры дапамозе якіх народ ажыццяўляе сваю ўладу і кіруе справамі грамадства і дзяржавы. Эканам. сістэма вызначаецца існуючымі формамі ўласнасці, правіламі размеркавання грамадскага прадукту, мэтамі грамадскай вытворчасці і кіравання эканомікай краіны. Сац. сістэму складаюць розныя групы і супольнасці, утвораныя па прафес., дэмаграфічных, этнічных, сацыякульт., канфесійных і інш. прыкметах, а таксама арганізацыі, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэмы пенсіённага забеспячэння, страхавання, аховы здароўя, адукацыі, культуры і г.д.). Характар і змест гэтых гал. элементаў структуры і жыццядзейнасці грамадства вызначаюць найб. важныя прынцыпы і нормы Канстытуцыі — асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.
Паводле Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Гэта адзінае, цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца з адм.-тэр. адзінак, падпарадкаваных цэнтр. органам улады; у краіне дзейнічае адна Канстытуцыя, адзіная сістэма заканадаўства і суд. арганізацыі, адзінае грамадзянства, адзін заканад. орган (парламент). Дэмакр. асновы бел. дзяржаўнасці прадугледжваюць народаўладдзе, разнастайнасць паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, мясц. самакіравання. Сац. накіраванасць дзяржавы выражаецца ў гарантаванасці кожнаму чалавеку годнага ўзроўню жыцця, стварэнні належных умоў для бесперашкоднай рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на працу, сац. забеспячэнне, адукацыю, ахову свайго жыцця і здароўя. Прававы характар дзяржавы грунтуецца на безумоўным выкананні Канстытуцыі, раздзяленні ўлад, роўнасці ўсіх перад законам і судом. Рэальнае валоданне дзяржавай вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойнасць у ажыццяўленні ўнутр. і знешняй палітыкі азначае наяўнасць дзярж. суверэнітэту як неад’емнай уласцівасці і ўмовы яго правасуб’ектнасці на міжнар. арэне. Адсюль неабходнасць абароны незалежнасці і тэр. цэласнасці Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу, забеспячэння законнасці і правапарадку.
Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Устанаўліваецца адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай — за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй. Адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя (парламент, Саветы дэпутатаў) і інш. сфарміраваныя ім органы, праз мясц. самакіраванне. Вышэйшым непасрэдным выражэннем улады народа з’яўляюцца рэферэндум (нар. галасаванне) і выбары. Выяўленню і выказванню паліт. волі грамадзян садзейнічаюць паліт. партыі і інш. грамадскія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, фарміраванні грамадскай думкі па актуальных праблемах жыццядзейнасці грамадства. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа быць узведзена ў ранг дзярж., г.зн. абавязковай для ўсіх грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый, а таксама інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзярж. ўлада ажыццяўляецца на аснове падзелу на заканад., выканаўчую і судовую. Органы ўсіх галін улады незалежныя і самастойныя ў сваёй дзейнасці, яны закліканы стрымліваць і ўраўнаважваць адзін аднаго. У Беларусі ўстанаўліваецца прынцып вяршэнства права: дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім свайго ўнутр. заканадаўства. Яна з’яўляецца ўдзельніцай такіх універсальных дакументаў, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948), Міжнар. пакт аб грамадз. і паліт. правах (1966), Міжнар. пакт аб эканам., сац. і культ. правах (1966) і шэрагу інш. У адпаведнасці з нормамі міжнар. права Беларусь можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх. Міжнар. дагавор Рэспублікі Беларусь, які набыў сілу, валодае юрыд. вяршэнствам у адносінах да іншых падканстытуцыйных актаў (законы, дэкрэты, указы, пастановы і г.д.).
З мэтай эфектыўнай арганізацыі дзярж. кіравання і мясц. самакіравання тэр. краіны падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі (вобласці, раёны, гарады, пасёлкі, сельсаветы і інш.). Асн. прынцып адм.-тэр. падзелу Беларусі — адзінства і неадчужальнасць яе тэрыторыі, якая з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа. Неад’емным атрыбутам дзярж. суверэнітэту, які вызначае прыналежнасць асобы да дзяржавы і абумоўлівае сукупнасць яе правоў і абавязкаў і абарону з боку дзяржавы, з’яўляецца грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць адначасова грамадзянінам інш. дзяржавы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Законам «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Грамадзяніну гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэр. Беларусі, так і за яе межамі. Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі.
Канстытуцыя замацоўвае прынцып існавання дзярж. і прыватнай уласнасці. Дзярж.ўласнасць выступае ў выглядзе рэсп. уласнасці (уласнасць Рэспублікі Беларусь) і камунальнай уласнасці (уласнасць адм.-тэр. адзінак). Ва ўласнасці грамадзян і юрыд. асоб можа знаходзіцца маёмасць любой вартасці, за выключэннем устаноўленых законам абмежаванняў у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Дзяржава садзейнічае развіццю вытворчых і спажывецкіх кааператываў, гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзярж. і прыватнай эканам. дзейнасці ў сац. мэтах.у інтарэсах чалавека і грамадства. У адпаведнасці з Канстытуцыяй нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Уласнасць на зямлю выступае ў дзярж. і прыватнай формах; землі с.-г. прызначэння знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. Працоўным гарантуецца права прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Адносіны ў сац.-прац. сферах паміж органамі дзярж. кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафес. саюзамі ажыццяўляюцца на прынцыпах сац. партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў. На аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі да правоў і інтарэсаў людзей будуюцца адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі. Не дапускаецца прамое або ўскоснае абмежаванне правоў і свабод грамадзян за іх прыналежнасць да нац. меншасцей, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі. Дзяржава лічыць сваім абавязкам захаванне і папулярызацыю гісторыка-культ. і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нац. супольнасцей, рэалізацыю іх права на вывучэнне і карыстанне роднай мовай, захаванне нац. традыцый, развіццё прафес. і аматарскага мастацтва. Дзяржава гарантуе роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў, садзейнічае ўстанаўленню цярпімасці і павагі паміж рэліг. арганізацыямі розных веравызнанняў, грамадзянамі-вернікамі і тымі, хто не вызнае ніякай рэлігіі. Забараняецца дзейнасць рэліг. арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзярж., грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці. Дзярж. мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца бел. і рус. мовы. Законам прадугледжаны абавязак дзярж. органаў забяспечваць усебаковае функцыянаванне бел. і рус. моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, свабоднае развіццё і выкарыстанне моў усіх нац. меншасцей. У сваёй знешняй палітыцы Беларусь зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы і інш. агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права. З яе тэрыторыі выведзена ядзерная зброя, ставіцца мэта зрабіць бел. дзяржаву нейтральнай.
Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзярж. сцяг, Дзярж. герб (ухвалены рэсп. рэферэндумам 14.5.1995 і зацверджаны Указамі Прэзідэнта ад 7.6.1995) і Дзярж. гімн (зацверджаны Указам Прэзідэнта ад 3.7.2002). Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск. Паводле Закона «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска» ад 12.7.2000 ён з’яўляецца самаст.адм.-тэр. адзінкай, адм.-паліт., эканам. і культ. цэнтрам дзяржавы, мае свае сімвалы (герб, сцяг, гімн) і свой Статут, у якім вызначаны парадак узаемадзеяння гарадскіх дзярж. органаў і органаў тэрытарыяльнага мясц. кіравання і самакіравання.
|| незак.аддава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́ (да 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
АБШЧЫ́НА,
устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект.ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв.звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў па сял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл.Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл.Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.
Літ.:
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);
Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне зямлёй ва ўстаноўленым звычаем або законам парадку. Паводле зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб’ектам гэтага права можа быць зямельны ўчастак, дадзены землекарыстальніку па рашэнню кампетэнтнага органа дзярж. кіравання. У гэтым сэнсе З. заўсёды мае вытворны і залежны характар ад права дзярж. уласнасці на зямлю, з’яўляецца мэтавым і платным. Суб’ектамі гэтага права для мэт, якія ўказаны ў заканадаўстве аб зямлі, могуць быць: грамадзяне Беларусі; прамысл., трансп. і інш. нясельскагасп., дзярж., каап., грамадскія прадпрыемствы, установы і арг-цыі; рэліг. арг-цыі; сумесныя прадпрыемствы, міжнар. аб’яднанні з удзелам бел. і замежных юрыд. асоб. Землекарыстальнікі маюць права: выкарыстоўваць зямлю ў адпаведнасці з умовамі яе прадастаўлення; выкарыстоўваць ва ўстаноўленым парадку існуючыя на зямельным участку карысныя выкапні, торф, а таксама інш. карысныя ўласцівасці зямлі; ставіць неабходныя будынкі і збудаванні (па ўзгадненню з Саветам дэпутатаў, які даў зямлю); уласнасці на пасевы с.-г. культур і атрыманую с.-г. прадукцыю; атрымліваць пры спыненні права З. пакрыццё кошту зямельных паляпшэнняў, праведзеных за ўласны кошт; перадаваць у часовае карыстанне зямельны ўчастак або яго частку ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках і парадку. Асн. абавязак землекарыстальнікаў — забяспечыць выкарыстанне зямлі ў адпаведнасці з яе мэтавым прызначэннем і ўмовамі яе прадастаўлення. Акрамя таго, яны абавязаны эфектыўна выкарыстоўваць дадзеную ім зямлю, павышаць яе ўрадлівасць, прымяняць прыродаахоўныя тэхналогіі вытворчасці, не дапускаць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі ў выніку сваёй гасп. дзейнасці, ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове зямель: своечасова ўносіць зямельны падатак або арэндную плату за зямлю; не парушаць правы ўласнікаў і землеўладальнікаў, а таксама інш. землекарыстальнікаў, у т. л. арандатараў. Зямельны ўчастак даецца землекарыстальнікам у пастаяннае або часовае карыстанне. Пастаянным прызнаецца карыстанне зямлёй без загадзе вызначанага тэрміну. Часовае карыстанне можа быць кароткатэрміновым (да 3 гадоў) і доўгатэрміновым (ад З да 10 гадоў). У выпадку вытв. неабходнасці гэтыя тэрміны могуць быць прадоўжаны на перыяд. які не перавышае адпаведных тэрмінаў. Падставы спынення і пераходу права карыстання зямлёй прадугледжаны Кодэксам аб зямлі. Карыстанне зямельным участкам на ўмовах арэнды рэгулюецца зямельным і арэндным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У дакласавым грамадстве ворныя землі былі абшчыннай уласнасцю і перыядычна размяркоўваліся паміж членамі абшчыны так, што кожны земляроб апрацоўваў сваімі сіламі палі, перададзеныя ў яго часовае карыстанне. Пры рабаўладальніцкім ладзе асн. землекарыстальнікамі былі рабаўладальнікі, якія выкарыстоўвалі ў сваіх латыфундыях прымусовую працу рабоў. Побач з гэтым існавала і дробнае З. вольных сялян. Пры феадалізме ў Беларусі З. мела некалькі форм: З. феад. дзяржавы і шляхты апіралася на феад. зямельную ўласнасць і асабіста залежных ад іх феадальна-абавязаных сялян. З развіццём панскай фальварковай гаспадаркі пашыралася З. феадалаў. Напярэдадні скасавання прыгону доля фальварковай ворнай зямлі ў маёнтках буйна- і сярэднепамесных уласнікаў у некат. губернях Беларусі дасягала больш за 60%. З. сялян, якія мелі надзелы панскай або дзярж. зямлі, у пэўных межах стварала ўмовы для развіцця дробнай сял. гаспадаркі. Існавала З. сялян на чыншавым праве пры захаванні асабістай свабоды, але з унясеннем феад. аброку. З. вольных людзей, старавераў, праваслаўных арандатараў, якія былі асабіста свабоднымі, мелі права пераходу з аднаго месца на другое, але павінны былі ўносіць грашовы аброк або адпрацоўваць за карыстанне панскай або дзярж. зямлёй. У познефеад. перыяд на правах прыватнай уласнасці зараджалася З. купцоў, мяшчан, сялян. Пасля сялянскай рэформы 1861 сістэма З. апіралася на права прыватнай зямельнай уласнасці, надзельнае землеўладанне сялян або на дагавор арэнды зямлі, якая пачала займаць усё большую долю ў сельскай гаспадарцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі былі вельмі пашыраны прадпрымальніцкая, капіталіст. і паўфеад. харчовая сял. формы арэнднага З. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сістэма З. грунтавалася на грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. на зямлю, і сацыяліст. сістэму гаспадарання. Пераход да буйной калектыўнай гаспадаркі, калектывізацыя прывялі да стварэння калгасаў і саўгасаў, якім б.ч. зямель с.-г. прызначэння была перададзена дзяржавай на вечнае і бясплатнае З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫЯ ПРАВЫ́, СВАБО́ДЫ І АБАВЯ́ЗКІ ГРАМАДЗЯ́Н РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асабістыя, паліт., сац.-эканам., сац.-культ. правы і абавязкі грамадзян, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнар. абавязацельствамі дзяржавы; аснова прававога статусу грамадзяніна, узаемаадносін дзяржавы і асобы. Выкладзены ў раздз. Канстытуцыі «Асоба, грамадства, дзяржава». Да асабістых правоў і свабод адносяцца: права на жыццё (жыццё чалавека абараняецца дзяржавай ад любых проціпраўных замахаў; смяротная кара да яе поўнай адмены як выключная мера пакарання можа прымяняцца за асабліва цяжкія злачынствы і толькі па прыгаворы суда); права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам; асоба, узятая пад варту, мае права на суд. праверку законнасці яе затрымання або арышту; ніхто не павінен быць падвергнуты бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню); права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; права на недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян, на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах краіны, права пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад; права на свабоду вызнаваць любую рэлігію, або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць свае перакананні ў адносінах да рэлігіі, прымаць удзел у набажэнствах, рытуалах, абрадах, не забароненых законам; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і. У палітычныя правы і свабоды ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыццё. пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзярж. органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні, мець доступ да любых пасад у дзярж. органах; права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзярж. органы і атрымліваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. У галіне сацыяльна-эканамічных правоў Канстытуцыя гарантуе: права на працу і выбар прафесіі, род заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, праф. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і гарантаванае атрыманне платы за сваю працу; права на дапамогу па беспрацоўю; права на абарону сваіх эканам. і сац. інтарэсаў, на забастоўку; права на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне і жыллё; права на ўласнасць і абарону яе дзяржавай (прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама паводле пастановы суда); права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Сацыяльна-культурнымі правамі з’яўляюцца: права на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, што забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айч. і сусв. культуры, развіццём сеткі культ,асв. устаноў; права на свабоду маст., навук. і тэхн. творчасці.
Канстытуцыя абвяшчае і гарантуе роўнасць усіх перад законам без усякай дыскрымінацыі, роўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод інш. асоб. Ніхто не можа карыстацца прывілеямі і перавагамі, што супярэчаць закону. Кожны, хто знаходзіцца на тэр. краіны, абавязаны: выконваць яе Канстытуцыю, законы і з павагай ставіцца да яе традыцый, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы інш. асоб, берагчы гіст.-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе. Грамадзяне краіны абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзярж. выдаткаў шляхам выплаты дзярж. падаткаў, пошлін, інш. плацяжоў. Абарона Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага яе грамадзяніна. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСО́ (Rousseau) Жан Жак (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),
французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.
На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.К.Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.Ясінскага і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;
Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;
Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.
Літ.:
Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;
Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),
у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.
На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш.гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн.чал.Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял.Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс.чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс.чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДАЛЬ
Унутраны гандаль забяспечвае абарачэнне і рух тавараў са сферы вытворчасці ў сферу спажывання, вызначае эканам. ўзаемаадносіны паміж іх вытворцамі, прадаўцамі і спажыўцамі. Праз сферу гандлю ажыццяўляецца рыначнае ўзгадненне таварнай прапановы з пакупніцкім попытам, адбываецца паступленне бягучых грашовых сродкаў і розных відаў падаткаў у бюджэт, што садзейнічае стабілізацыі фін. становішча дзяржавы, дынамічнаму развіццю ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства. Гэта разгалінаваная сетка гандл. арганізацый і прадпрыемстваў грамадскага харчавання з высокакваліфікаванымі кадрамі, неабходным абсталяваннем і складской гаспадаркай дае 12% валавога ўнутр. прадукту Беларусі. У яе рознічным гандлі і грамадскім харчаванні працуе 420 тыс.чал., або 9,7% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы. Прававое становішча, прынцыпы і парадак дзейнасці гандл. прадпрыемстваў вызначаюцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб гандлі» (1997). Кіраўніцтва дзярж. гандлем ажыццяўляе Мін-ва гандлю, у спажывецкай кааперацыі — Бел.рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»). Яны праводзяць у жыццё дзярж. палітыку ў галіне ўнутр. гандлю і грамадскага харчавання, рэгулююць адносіны, звязаныя з абаронай правоў спажыўцоў, ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб гандлі і рэкламнай дзейнасці. Гандл. прадпрыемствы і арганізацыі розных тыпаў дзейнічаюць у сістэме многіх іншых мін-ваў, Бел. чыгункі, Бел.дзярж. канцэрна па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці («Беллегпрам»), мясц. выканаўчых і распарадчых органаў і інш.
Развіццю знешняга і ўнутр. гандлю на тэр. Беларусі здаўна спрыяла выгаднае геагр. становішча. З часоў Кіеўскай Русі тут праходзіла значная частка шляху з «варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, укр. землямі, Зах. Еўропай. Вылучэнне ў 5—8 ст. з сельскіх промыслаў асобных відаў рамёстваў (металургічнага, ювелірнага, ганчарнага, ткацкага, гарбарнага і інш.) спрыяла ўзнікненню пастаяннага і ўстойлівага гандлю таварамі рамеснікаў у абмен на прадукцыю земляробства, жывёлагадоўлі, збіральніцтва, рыбалоўства і палявання. У 12—1-й пал. 13 ст. буйныя гарады сталі цэнтрамі ўнутр. і знешняга гандлю. Яны мелі рынкі, на якіх абменьвалі і прадавалі прадукты харчавання, рамесныя вырабы, замежныя тавары. У 9—13 ст. Беларусь мела гандл. зносіны з Візантыяй, Арабскім Усходам, Зах. Еўропай, усходнеслав. княствамі. У гэты перыяд з тэр. Беларусі экспартавалі пераважна мёд, воск, лён, зброю і інш. тавары, якія прадаваліся на рынках Еўропы, Візантыі, Усходу. У 13—1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ, як і ў цэлым у Еўропе, адбывалася бурнае развіццё рамеснай вытворчасці, што суправаджалася расшырэннем гандл. адносін паміж горадам і вёскай, паміж рознымі рэгіёнамі, з інш. краінамі. Гар. купцы скуплялі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гар. рынках у час кірмашоў, наладжвалі пастаянны гандаль на латках і ў крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1—2 разы на тыдзень наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і 1—3 кірмашы на год, на якія, апрача мясцовых, прыязджалі і замежныя купцы. У 15—16 ст. купцы, як і рамеснікі, стваралі свае прафес. аб’яднанні — купецкія гільдыі, або брацтвы, па тыпу цэхаў. Купецкія аб’яднанні імкнуліся да манапольнага права гандлю ў сваім горадзе і на яго перыферыі, бралі на сябе абавязацельствы верна служыць свайму гораду і прыносілі яму прысягу, будавалі грамадскія будынкі і ўтрымлівалі храмы. Усталёўваліся рэгулярныя гандл. сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Купцы бел. гарадоў гандлявалі з польскімі, чэшскімі, германскімі і інш. землямі, з балт. краінамі, Залатой Ардой і Расіяй, дасягалі Візантыі, Турцыі і краін Усходу. Актывізацыі гандлю ў 18 — пач. 19 ст. спрыялі адраджэнне сельскай гаспадаркі і рамесніцкай вытворчасці, развіццё мануфактур, расшырэнне таварна-грашовых адносін, паляпшэнне сродкаў зносін. У гарадах (Мінск, Шклоў, Зэльва, Гродна, Кобрын) праводзіліся буйныя міжрэгіянальныя кірмашы, адкрываліся магазіны па продажы мануфактурных вырабаў. У 19 ст. на Беларусі сфарміраваліся мясц. (губернскія) рынкі, цесна звязаныя паміж сабой і агульнарас. рынкам. Напр., на мінскім рынку, апрача продажу збожжа, малочных прадуктаў, мяса, рыбы, гандлявалі вырабамі шкляной прамысловасці, паперай, кардонам, с.-г. тэхнікай і інш. Буйнымі гандл. цэнтрамі былі Магілёў, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст, Пінск. У структуры рознічнага гандлю пераважалі дробныя крамы і ларкі, на долю якіх у 1900 прыпадала 88,5% усёй рознічнай сеткі. У 1913 у Мінскай, Магілёўскай і ў бел. паветах Віцебскай вобл. налічвалася 218 гандл. дамоў з капіталам 2,2 млн.руб. Развіваўся і біржавы гандаль. У 1909 у Мінску ўзнікла лясная біржа, а напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Віцебску — таварная. У 1913 на Беларусі зарэгістраваны 1094 кірмашы па продажы лесу, свойскіх жывёл і лёну. За 1900—13 рознічны тавараабарот на Беларусі павялічыўся на 70,5%. і дасягнуў 163 млн.руб. Каля 80% рознічнага тавараабароту даваў прыватны гандаль.
У перыяд 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі настаў востры таварны голад на харч. прадукты і інш. тавары першай неабходнасці, рэзка скарацілася вытворчасць прадметаў спажывання, а гандл.-эканам. сувязі з унутр. губернямі Расіі мелі эпізадычны характар. Цяжкасці з харч. прадуктамі актывізавалі каап. рух. Толькі ў Магілёўскай губ. ў 1917 узнікла 446 спажывецкіх т-ваў. Ствараліся губернскія, павятовыя і валасныя харч. камітэты. З утварэннем БССР у студзені 1919 створаны Наркамхарч БССР, у распараджэнне якога перайшлі нацыяналізаваныя гандл. прадпрыемствы, склады, абсталяванне, тавары. Буйны аптовы гандаль быў сканцэнтраваны ў руках дзяржавы. У 1921—22 пачалі дзейнічаць дзярж.гандл. фірмы «Захадлес», Камерцыйны аддзел Савета нар. гаспадаркі БССР і гандл. органы яго ўпраўленняў, «Дзяржгандальбел», «Віцебскгандаль», «Белмедгандаль», «Цэнтрземсклад». У вёсцы арганізацыя рознічнага гандлю была ўскладзена на спажывецкую кааперацыю. Існаваў і прыватны гандаль, на долю якога ў 1923—24 прыпадала 11% аптовага і 71% рознічнага тавараабароту. У 1925/26 рознічны тавараабарот рэспублікі на 9% перасягнуў узровень 1913. Да 1930-х г. прыватны гандаль быў амаль выцеснены сацыяліст. сектарам. Калі ў 1923/24 удзельная вага дзярж. і каап. гандлю ў рознічным тавараабароце БССР складала 28,7%, то ў 1932—99,9%; удзельная вага прыватнага гандлю скарацілася адпаведна з 71,3 да 0,1%. У 1928 агульны тавараабарот гандлю ў параўнанні з 1913 павялічыўся ў 1,8 раза, а ў 1940 — у 3,2 раза. Для забеспячэння прамысловасці сыравінай, а насельніцтва харч. прадуктамі ўведзены абавязковыя пастаўкі с.-г. прадукцыі; таварная прадукцыя, якая заставалася ў калгасах пасля абавязковых паставак, прадавалася дзяржаве ці кааперацыі па цэнах, вышэйшых за нарыхтоўчыя, частка яе рэалізавалася на калгасных рынках. Узнікла новая форма сав. гандлю — калгасны гандаль. Вядучым стаў дзярж. гандаль, доля якога ў рознічным тавараабароце ў 1940 дасягнула 63%, каап. і калг. сектары давалі 37%. У гады Вял.Айч. вайны матэрыяльна-тэхн. база сав. гандлю на Беларусі была амаль знішчана. Агульныя страты, прычыненыя дзярж. гандлю, склалі 0,7 млрд.руб., кааперацыі — 1,9 млрд.руб. (у дзярж. цэнах 1941). Да канца 1940-х г. тавараабарот на душу насельніцтва на 8% перасягнуў узровень 1940. Гэтаму садзейнічалі адмена ў 1947 картачнай сістэмы на харч. і прамысл. тавары, зніжэнне цэн у 1949 і 1950 на многія тавары нар. спажывання, рост аплаты працы насельніцтва.
Развіццё эканомікі БССР у пасляваен. гады забяспечыла хуткі рост прамысл. і с.-г. вытворчасці, прырост нац. даходу, што стварыла матэрыяльныя перадумовы для развіцця гандлю. Больш хуткімі тэмпамі развіваўся дзярж. гандаль, на долю якога ў 1973 прыпадала амаль 2/3 рознічнага тавараабароту. За 1950—75 удзельная вага магазінаў у тавараабароце дзярж. і каап. гандлю вырасла з 64,7 да 80,5%, пабудаваны сучасныя гандл. прадпрыемствы. Колькасць магазінаў і палатак павялічылася з 15 да 25 тыс. У спажывецкай кааперацыі на сельскую гандл. сетку прыпадала амаль 2/3 усіх магазінаў (1975). З’явіліся новыя метады абслугоўвання, у т. л. самаабслугоўванне. У 1974 на самаабслугоўванні працавала 51,5% магазінаў Мін-ва гандлю БССР, на долю якіх прыпадала 64,7% рознічнага тавараабароту, у спажывецкай кааперацыі — адпаведна 77,4 і 83,9%. Прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання забяспечваліся сучасным гандл., халадзільным і тэхнал. абсталяваннем, паляпшалася іх складская гаспадарка з 99 тыс. у 1965 да 150 тыс. у 1975 павялічылася колькасць работнікаў дзярж. гандлю, спажывецкай кааперацыі — адпаведна з 44 да 60 тыс.чал. У сістэме Мін-ва гандлю БССР утвораны канторы па аптовым гандлі прадметамі спажывання: «Белабутакгандаль», «Белтэкстыльгандаль», «Белгандальадзенне», «Белмясарыбагандаль», «Белбакалея», «Белгаспгандаль», «Белкультгандаль», «Белгалантарэя». Рознічная сетка дзярж. гандлю была прадстаўлена сістэмай мясц. органаў гандлю ў гарадах. Аб’яднанне «Белювеліргандаль» ажыццяўляла рознічны гандаль праз сетку універсальных і спецыялізаваных магазінаў, аддзелы і органы рабочага забеспячэння абслугоўвалі рабочых некаторых мін-ваў і інш. Адкрываліся аптовыя магазіны па продажы сродкаў вытворчасці, дзейнасць якіх каардынавалі Гал. ўпраўленне матэрыяльна-тэхн. забеспячэння БССР і «Белсельгастэхніка». У гандл. сетцы спажывецкай кааперацыі БССР працавала 16 тыс. магазінаў і палатак, якія давалі каля 40% ад тавараабароту дзярж. і каап. гандлю. Дзяржава ажыццяўляла функцыі эканам. рэгулявання калгаснага гандлю, доля якога складала каля 2% ад рэсп. тавараабароту.
У 1970—80-я г., калі ў СССР у цэлым знізіліся паказчыкі развіцця эканомікі ў параўнанні з папярэднім дзесяцігоддзем, на Беларусі тэмпы зніжэння былі некалькі меншыя, чым у інш. саюзных рэспубліках. Колькасць насельніцтва ў гэты перыяд дасягнула даваеннага ўзроўню, гар. насельніцтва зраўнялася з сельскім, а потым і перавысіла яго, выраслі нац. даход рэспублікі, вытворчасць тавараў нар. спажывання, рэальныя даходы насельніцтва, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі. Гэта абумовіла рост тавараабароту рознічнага гандлю, які павялічыўся з 5,2 млрд.руб. у 1970 да 9,9 млрд.руб. у 1980, тавараабарот на душу насельніцтва вырас у 1,8 раза. Калі ў 1970 у разліку на душу насельніцтва прададзена харч. тавараў на суму 314 руб., а нехарч. — на 265 руб., то ў 1980 рэалізавана прадуктаў харчавання на 524 руб., а нехарч. тавараў — на 553 руб. Аднак захоўваўся значны разрыў паміж аб’ёмам пакупак гар. і сельскага насельніцтва. Аб’ём тавараабароту каап. гандлю за гэты перыяд павялічыўся ў 1,6 раза, а яго доля ў агульным тавараабароце краіны знізілася з 33,8% да 33,7%. Рэалізацыя тавараў сельскім спажыўцам у разліку на душу насельніцтва ў 1980 склала 674 руб. пры сярэднім па краіне аб’ёме сярэднедушавога спажывання 1680 руб. Гэты разрыў быў абумоўлены больш нізкімі даходамі сельскага насельніцтва, дыспрапорцыямі ў размеркаванні таварных рэсурсаў паміж гандлюючымі сістэмамі, вузкасцю асартыменту тавараў, высокімі трансп. расходамі і інш. Колькасць магазінаў за дзесяцігоддзе павялічылася на 3752 адзінкі пры росце гандл. плошчы з 1221 м² у 1970 да 1863 тыс.м² у 1980. У 1,4 раза вырасла колькасць работнікаў рознічнага гандлю і склала ў 1980 (з улікам грамадскага харчавання) 264,2 тыс.чал. Узмацнялася спецыялізацыя гандл. сеткі, зніжаліся выдаткі абарачэння, павышалася рэнтабельнасць, аднак пры гэтым стала павялічвацца неадпаведнасць паміж пакупніцкім попытам і прапановай тавараў нар. спажывання, павялічыўся аб’ём незадаволенага попыту.
У 1980-я г., нягледзячы на значныя тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці прамысл. і с.-г. прадукцыі, шырокае развіццё кааператываў і індывід.-прац. дзейнасці тавараабарот у супастаўных цэнах вырас толькі на 50% і ў 1990 дасягнуў 18,7 млрд.руб. (гл.табл. 1). З 46,9% да 44,92% у тавараабароце знізілася доля харч. тавараў (цукру, кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў, круп, кансерваў, рыбапрадуктаў і інш.); адпаведна павялічылася доля продажу нехарч. тавараў, найперш дарагіх, складанай быт. тэхнікі і буд. матэрыялаў. Значна павялічыліся памеры незадаволенага попыту. Колькасць прадпрыемстваў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання ў 1990 дасягнула 42,9 тысячы. Гандл. плошча ў разліку на 1000 жыхароў склала 231 м². У сістэме рознічнага гандлю арганізацыі дзярж. сектара складалі 32,8%, прыватнага — 67,2, з іх спажывецкай кааперацыі — 67,2%. Высокімі тэмпамі развіваўся аптовы гандаль. У 1990 аптовыя прадпрыемствы дзярж. гандлю забяспечвалі каля 60% рознічнага тавараабароту. Адставанне тэмпаў аб’ёму тавараабароту ад прапановы тавараў было абумоўлена наяўнасцю і перавышэннем афіц. і «скрытага» вывазу тавараў над увозам (адмоўнае сальда склала 3,9 млрд.руб.), заключэннем бартэрных здзелак і вывазам тавараў за межы рэспублікі па абменных аперацыях, ростам цэн і зберажэнняў ва ўстановах ашчаднага банка, дэфіцытам тавараў, пераарыентацыяй буйнога опту з гандл. функцый на размеркавальныя. Для абароны ўнутранага рынку ў 1990 уведзены талоны на тавары першай неабходнасці. У гэты перыяд адбывалася зніжэнне долі спажывецкай кааперацыі ў агульным аб’ёме тавараабароту (да 33,1% у 1990).
У 1990-я г., ва ўмовах развіцця рыначных пачаткаў у эканоміцы, росту кошту жыцця і цэн на спажывецкія тавары, адбываліся істотныя змены ў галіне гандлю, пашыралася прыватызацыя і арэнда гандл. прадпрыемстваў, дэцэнтралізаваўся аптовы гандаль, ажыццяўлялася палітыка стварэння роўных умоў для існавання дзярж. і прыватных структур. У выніку рэфармавання кіравання гандлем гандл. арганізацыям прадастаўлена дадзена* самастойнасць у выбары форм уласнасці, павялічыўся аб’ём таварнай прапановы, абнавіўся асартымент айч. тавараў, палепшылася якасць абслугоўвання. У 2000 у гандл. сетцы прадпрыемстваў рознічнага гандлю працавала 25,9 тыс. магазінаў з агульнай гандл. плошчай 2,7 млн.м², у т. л. 5,3 тыс. магазінаў дзярж. і 20,5 тыс. — прыватнай формы ўласнасці, з іх 13,5 тыс. — спажывецкай кааперацыі (гл.табл. 2). Аб’ём продажу гандл. прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці вырас з 6,4 млрд.руб. у 1990 да 3119 млрд.руб. (з улікам дэнамінацыі) у 2000, або 74% ад агульнага тавараабароту (гл.табл. 1). Пераўтварэнне форм уласнасці ў гандлі ажыццяўлялася шляхам стварэння акц. т-ваў, продажу магазінаў на аукцыёнах і па конкурсе, выкупу арандаванай маёмасці прац. калектывамі. Створана канкурэнтнае асяроддзе ў выглядзе традыц. арганізаванай сеткі, неарганізаванай сеткі (рэчавыя і харч. рынкі), фірменных магазінаў і электроннага гандлю. Разам з тым з-за недасканаласці заканад. базы і адсутнасці належнага кантролю за якасцю абслугоўвання насельніцтва былі ліквідаваны некаторыя прагрэс. формы гандлю, адвольна мянялася спецыялізацыя гандл. прадпрыемстваў і іх інфраструктура. У агульным аб’ёме продажу значна павялічылася доля харч. тавараў (62% у 2000 супраць 45% у 1990) пры зніжэнні спажывання больш якасных і разнастайных прадуктаў. Урадавая падтрымка гандлю ажыццяўлялася шляхам выдзялення мэтавых крэдытаў прадпрыемствам дзярж. гандлю спажывецкай кааперацыі для закладкі на міжсезонны перыяд прадуктаў харчавання, стварэння адпаведных запасаў да школьнага сезона, павышэння стаўкі за карыстанне крэдытамі.
Перыяд з 2000 адзначаецца стабілізацыяй сітуацыі на спажывецкім рынку і тэндэнцыяй да ўстойлівага развіцця гандл. сферы. У 2003 у краіне працавала 26,7 тыс. магазінаў рознічнага гандлю з агульнай плошчай 2560 тыс.м². Дзярж. магазіны складалі 16,3% ад агульнай колькасці магазінаў. Дзейнічала 22,2 тыс. прыватных магазінаў з гандл. плошчай 2073 м², у т. л. 11,2 тыс. магазінаў спажывецкай кааперацыі плошчай 1040 м² (гл.табл. 2). Рознічны тавараабарот (у фактычна дзеючых цэнах) у 2003 складаў 15 170 млрд.руб., у т. л. прадпрыемстваў дзярж. формы ўласнасці 2791 і прыватнай — 12 103 млрд.руб., з іх 1541 млрд.руб. у спажывецкай кааперацыі (гл.табл. 3). Доля дзярж. формы ўласнасці ў тавараабароце склала 18,4%, прыватнай — 79,8% і замежнай — 1,8%. У 2003 гандл. сетка галіны ўключала 26,7 тыс. магазінаў (з іх 10,3 тыс. ў сельскай мясцовасці), 9 тыс. арганізацый грамадскага харчавання, 1949 агульнагандл. складоў, 296 рынкаў на 70 тыс. месц. Пры гэтым 84% магазінаў і 67% аб’ектаў грамадскага харчавання працавала на недзярж. форме ўласнасці. Прырост аб’ёму рознічнага тавараабароту ў параўнанні з 2000 склаў 9,9%. Па большасці таварных пазіцый быў збалансаваны аб’ём попыту насельніцтва з аб’ёмам таварнай прапановы; пры гэтым захоўвалася асартыментна якасная незбалансаванасць таварных рэсурсаў з характарам попыту насельніцтва. Аб’ём куплі тавараў у індывід. прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рэчавых, змешаных, харч. рынках і ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях, павялічыўся за 2000—03 у 4,4 раза і склаў 35,5% ад агульнага аб’ёму тавараабароту. Удзельная вага прадуктаў харчавання ў агульным аб’ёме тавараабароту ў 2003 склала 62%, або 5,5 трлн. руб., што ў супастаўных цэнах на 8,1% больш, чым у 2002. Павялічыўся продаж спажывецкіх тавараў доўгатэрміновага карыстання, у т. л. тэлевізараў на 48,6%, пральных машын — на 22, электрапыласосаў — на 62, легкавых аўтамабіляў — на 31, матацыклаў — на 133, фотаапаратаў — на 68%. Удзельная вага тавараў айч. вытворчасці ў агульным аб’ёме продажу склала 75,5%, а па адзенні і абутку 84—90%. У 2002 у краіне дзейнічала 10 229 арганізацый аптовага гандлю, у якіх працавала 128,9 тыс.чал. Абарот аптовага гандлю склаў 10 051 млрд.руб., таварныя запасы на канец года склалі 787,4 млрд.руб., што адпавядала 29 дням гандлю гэтымі таварамі. Павялічыўся продаж асобных відаў прадукцыі (тавараў) арганізацыямі аптовага гандлю, у т. л. піламатэрыялаў на 44%, каўбасных вырабаў — на 59, алею — на 48,5, цукру — на 50, макаронных вырабаў — на 61, круп — на 52, рыбы і рыбапрадуктаў — на 25%. З мэтай актывізацыі дзейнасці гандл. арганізацый праводзяцца выстаўкі продажу тавараў, укараняюцца аўтаматызаваныя комплексы для ўліку руху тавараў і грашовых сродкаў, ажыццяўляюцца меры па ўмацаванні аптовага звяна, павышэнні забяспечанасці насельніцтва гандл. плошчамі, ліцэнзаванні рознічнага гандлю на рынках, укараненні сучасных гандл. тэхналогій, стварэнні гандлёва-культ. цэнтраў і комплексаў, сістэмы гандл. абслугоўвання сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, абароны правоў спажыўцоў і інш.
Літ.:
Михневич Л.М. Торговля Белоруссии (1900—1970 гг.). Мн., 1973;
Проблемы развития товарных рынков в Республике Беларусь: Сб. науч. трудов. Мн., 1997;
Петрович М.В. Государственное регулирование потребительского рынка. Мн., 2001;
Шелег Н.С. Потребительский рынок Беларуси: этапы, проблемы, перспективы. Мн., 2001;
Качуровский Е.П., Астапченко Ю.Л. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2002;
Проходченко О.И. Белорусский потребительский рынок: спрос, предложение и цели. Мн., 2002;
Торговля в экономической системе: теория и практика. Мн., 2002.
Р.П.Валевіч.
Табліца 1 Асноўныя паказчыкі рознічнага гандлю
1990
1995
20001
2002
2003
Рознічны тавараабарот (у фактычна дзеючых цэнах), млрд.руб. у т. л. па формах уласнасці2
18,7
46 853
4197
11 910
15 170
дзяржаўная
12,3
17 634
1044
2 433
2791
прыватная
6,4
29 107
3119
9292
12 103
з яе
спажывецкая кааперацыя
6,2
7531
584
1314
1541
купля ў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рэчавых, змешаных, харчовых рынках і ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях
0,2
8692
1178
4313
5764
замежная
—
112
34
185
276
Колькасць прадпрыемстваў рознічнага гандлю (на канец года)
29,1
30,0
30,8
29,6
31,1
Колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання (на канец года)
13,8
9,3
8,7
8,8
8,7
Колькасць занятых у рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, тыс.чал.
305,3
378,1
409,1
438,5
452,0
1 Вартасныя паказчыкі за 2000 прыведзены з улікам дэнамінацыі (памяншэння ў 1000 разоў).
2 Даныя па формах уласнасці прыведзены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Табліца 2 Гандлёвая сетка прадпрыемстваў рознічнага гандлю (на канец года)
1990
1995
2000
2002
2003
Усяго магазінаў, тыс.
22,3
23,2
25,9
24,9
26,7
Іх гандлёвая плошча, тыс.м²
2367
2522
2695
2544
2560
у т. л. па формах уласнасці дзяржаўная ўласнасць, колькасць магазінаў, тыс.
6,7
5,6
5,3
4,8
4,4,
удзельная вага дзяржаўных магазінаў у агульнай іх колькасці, у %
30,0
24,2
20,5
19,3
16,3
прыватная ўласнасць, колькасць магазінаў, тыс.
15,6
17,6
20,5
20,0
22,2
у т. л. спажывецкая кааперацыя, колькасць магазінаў, тыс.
15,6
14,1
13,5
11,6
11,2
замежная, колькасць магазінаў, тыс.
—
0,0
0,1
0,1
0,1
Усяго палатак, тыс.
6,8
6,8
4,9
4,7
4,4
з іх з дзяржаўным гандлем
2,7
2,2
2,4
2,5
2,5
Табліца 3 Размеркаванне рознічнага тавараабароту па формах уласнасці ў 2003
млрд.руб.
У працэнтах да выніку
Рознічны тавараабарот, усяго
15 170
100
у т. л. па формах уласнасці
дзяржаўная
2791
18,4
рэспубліканская
1612
10,6
камунальная
1179
7,8
прыватная
12 103
79,8
змешаная ўласнасць без замежнага ўдзелу
1164
7,7
змешаная ўласнасць з замежным удзелам
433
2,8
замежная
276
1,8
Мінск. Універмаг «Беларусь».Гандлёвы цэнтр у Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІ́СТЫ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РЫ, эсэры,
палітычная партыя ў Расіі ў 1901—23. Узнікла ў канцы 1901—пач. 1902 у выніку аб’яднання шэрагу народніцкіх груп і гурткоў. Кіраўнікі ў розны час: Р.А.Гершуні, В.М.Чарноў, Е.Ф.Азеф, Б.В.Савінкаў, А.Р.Гоц, М.В.Аўксенцьеў, У.М.Зензінаў. Друкаваныя органы: газ. «Революционная Россия», «Знамя труда», час. «Вестник русской революции» і інш.Асн. мэта — экспрапрыяцыя капіталіст. уласнасці, рэарганізацыя вытв-сці і ўсяго грамадскага ладу на сацыяліст. прынцыпах. Партыя прапаведавала тэорыю «адзінага працоўнага народа» (сяляне, рабочыя, рэв. інтэлігенцыя), якому павінна належаць улада і ўласнасць. Праграма (прынята на 1-м з’ездзе ў 1906) змяшчала патрабаванні дэмакр. рэспублікі, усеагульнага выбарчага права, свабоды слова, друку, сходаў, адукацыі за кошт дзяржавы, скасавання пастаяннай арміі. С.-р. лічылі сялянства гал. сілай рэвалюцыі, выступалі за сацыялізацыю зямлі (выключэнне яе з тавараабароту і ператварэнне з прыватнай уласнасці ва ўсенар. набытак), яе ўраўняльнае размеркаванне без выкупу, шырокае развіццё с.-г. кааперацыі. У нац. пытанні адстойвалі ідэю федэратыўных адносін паміж нацыянальнасцямі, прызнання за імі безумоўнага права на самавызначэнне. У рэвалюцыю 1905—07 С.-р. ўдзельнічалі ва ўзбр. выступленнях у Маскве (снеж. 1905), Кранштаце і Свеаборгу (лета 1906), кіравалі шматлікімі сял. паўстаннямі, мелі прадстаўнікоў у Дзярж. думе, Саветах рабочых дэпутатаў, ва Усерас.сял. саюзе. Але асн. сродкам барацьбы супраць самадзяржаўя яны лічылі індывід. тэрор. У 1901—12 эсэры ажыццявілі 200 тэрарыст. актаў, забілі 12 міністраў і 450 дзярж. служачых. У 1906 з партыі С.-р. вылучыліся групы, з якіх утварыліся партыі максімалістаў і народных сацыялістаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 эсэры легалізаваліся. Разам з меншавікамі яны падтрымлівалі палітыку Часовага ўрада (ад эсэраў у яго увайшлі А.Ф.Керанскі, Аўксенцьеў, Чарноў, С.Л.Маслаў). Іх прадстаўнікі фактычна панавалі ў Саветах сялянскіх дэпутатаў, разам з меншавікамі мелі большасць у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах. Летам 1917 з партыі С.-р. вылучылася фракцыя (са снеж. 1917 — самаст. партыя) левых эсэраў. С.-р. варожа сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 (высунулі лозунг «Ўся ўлада Устаноўчаму сходу!»). У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—22 яны ўваходзілі ў склад Камітэта членаў Устаноўчага сходу і інш. антыбальшавіцкіх урадаў, арганізавалі шматлікія антыбальшавіцкія паўстанні, у т. л.Антонава паўстанне 1920—21. Да 1922 большасць арг-цый эсэраў разгромлены ВЧК (на эміграцыі яны праіснавалі да канца 1930-х г.), у чэрв. 1922 у Маскве адбыўся суд. працэс над 47 кіраўнікамі партыі. Ў сак. 1923 «Усерас. з’езд былых радавых членаў партыі эсэраў» прыняў рашэнне аб яе самароспуску.
На Беларусі гурткі С.-р. дзейнічалі з 1901. Вясной 1904 для каардынацыі іх працы на тэр.бел. губерняў, а таксама Смаленшчыны і Браншчыны ўтвораны Паўн.-Зах.абл.к-т (гл.Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў). Паводле звестак 2-га з’езда эсэраў Паўн.-Зах. вобласці (кастр. 1906), у бел. губернях налічвалася 8863 чл. партыі. У 1905—07 С.-р. арганізавалі шэраг тэрарыст. актаў супраць мясц. царскіх чыноўнікаў. Найб. актыўнымі іх дзеячамі ў бел. губернях былі В.С.Балай, А.В.Бонч-Асмалоўскі, Е.М.Закрэўскі, А.А.Ізмайловіч, С.П.Кавалік, С.М.Малашчыцкі і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 С.-р. сумесна з меншавікамі, бундаўцамі і польскімі сацыялістамі мелі большасць у мясц. Саветах і інш. установах. Паводле няпоўных звестак, на Беларусі летам 1917 дзейнічалі 22 эсэраўскія арг-цыі. У жн. 1917 на Зах. фронце налічвалася 32—33 тыс. членаў партыі. Восенню 1917 у сувязі з пераходам большасці членаў нізавых арг-цый С.-р. на бок бальшавікоў колькасць эсэраў на Зах. фронце скарацілася да 12 тыс. На выбарах ва Устаноўчы сход у бел. губернях і на Зах. фронце за партыю С.-р. прагаласавала 32,2% ад тых, хто галасаваў. Эсэры ўдзельнічалі ў рабоце Усебеларускага з’езда 1917, уваходзілі ў склад Нар. сакратарыята Беларусі і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак пры галасаванні 25.3.1918 3-й Устаўнай граматы, якая абвяшчала незалежнасць БНР, яны ўстрымаліся, а пасля падтрымкі часткай членаў Рады БНР вітальнай тэлеграмы герм. кайзеру Вільгельму II (25.4.1918) выйшлі з яе складу. Як і ў Расіі, эсэры ў Беларусі выступілі супраць Брэсцкага міру 1918 і камбедаўскай палітыкі бальшавікоў, вялі ўзбр. барацьбу супраць сав. улады. У 1918 частка С.-р. перайшла тут у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (вылучылася з Беларускай сацыялістычнай грамады, самараспусцілася ў 1924).
Літ.:
Гусев К.В. Партия эсеров: от мелкобуржуазного революционаризма к контрреволюции: Ист. очерк. М., 1975;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в.—февр. 1917 г.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. sécularisation ад позналац. saecularis свецкі),
1) адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканам. магутнасці і паліт. ролі царквы ў дзяржаве.
На Беларусі ажыццяўлялася ў 18 — пач. 20 ст. У Рас. імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у правасл. царквы населеныя маёнткі ў 1760-я г. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і ўплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць рас. улады. Канфіскацыі ў 1770—90-я г. закранулі частку царк. маёнткаў (больш за 40 тыс. рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 у паезуіцкіх маёнтках на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў. Ва ўсх. Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Рас. імперыі паводле ўказа 1820. Палажэннем К-та міністраў і ўказам Сената ад 13.4.1822 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной. Карэнны пералом у адносінах царызму да.царк. маёмасці ў зах. губернях настаў пасля паўстання 1830—31 з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19.7.1832 ад ліквідацыі некамплектных (што не мелі поўнага складу манахаў) рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губ. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе (1833 і 1834) у рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі (1834) у пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы. 25.12.1841 падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзярж. маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага правасл. і іншавернага духавенства зах. губерняў; 10.5.1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28.2.1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 у 5 бел. губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губ.Асн. маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо правасл. царква мела параўнальна невял. колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найб. колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў. Рэшткі царк. уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917.
2) Працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця (палітыкі, права, культуры, асветы, нац. і сямейна-быт. адносін); адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытв-сці, урбанізацыяй. Адбываецца на ўзроўні індывідуальнай свядомасці, сац. ін-таў і прыводзіць да аслаблення б. грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву. Рысы С. выявіліся ў сярэдневякоўі, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, бурж. рэвалюцый. У СССР працэс С. найб. інтэнсіўна працякаў у 1920—30-я г. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНКБССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэліг. т-ваў абвешчана агульнанароднай, рэліг. арг-цыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадук. школы, выкладаць у школах рэліг. вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэліг. жыцця назіралася ў перыяд Вял.Айч. вайны ў сувязі з падтрымкай з боку правасл. і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. акупантаў. У 1990-я г. ў постсав. краінах тэмпы С. істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэліг. арг-цыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы 20 — пач. 21 ст. працэс С. развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыц. грамадскіх структур.
Літ.:
Яблоков И.Н. Социология религии. М., 1979;
Зинченко А.Л. Реформа государственной деревни и секуляризация церковного землевладения в западных губерниях Российской империи // Исторические записки. М., 1985. Т. 112;
Кублицкая Е.А. Методологические аспекты изучения особенностей секуляризации в условиях перестройки // Проблемы перестройки: социал. аспект. М., 1989;
Сосно В.А. Конфискации церковных имений на Беларуси при включении ее в состав Российской империи // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;
Яго ж. Секуляризация церковных крестьян на Беларуси в 30—40-е гг. XIX в. // Церковь в истории славянских народов. М., 1997.