АХЛО́ПКАЎ Мікалай Пятровіч (15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.​Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.​Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.​Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).

М.П.Ахлопкаў.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ ФІЛІ́ПА (De Filippo; сапр. Пасарэлі; Passarelli) Эдуарда

(24.5.1900, г. Неапаль, Італія — 1.11.1984),

італьянскі драматург, акцёр, рэжысёр т-ра і кіно. З сям’і акцёраў, дэбютаваў на сцэне ў 11 гадоў. У 1931—73 кіраўнік і акцёр створанай ім у Неапалі трупы «Камічны т-р Дэ Філіпа». Аўтар п’ес «Філумена Мартурана» (1946; у 1964 паводле яе В.Дэ Сіка зняў фільм «Шлюб па-італьянску»), «Мана на доўгіх нагах» (1948), «Мая сям’я» (1955), «Субота, нядзеля, панядзелак» (1960), «Мэр раёна Саніта» (1961) і інш. У кіно з 1932 выступаў як акцёр (у камедыях, пастаўленых па сваіх сцэнарыях), з 1939 — як рэжысёр. Экранізаваў свае п’есы. Сярод акцёрскіх работ — ролі ў фільмах «Травіята 1953 года», «Дзяўчаты з плошчы Іспаніі», «Золата Неапаля». Лепшы яго фільм «Неапаль — мільянер» (у пракаце «Неапаль — горад мільянераў»). У творчасці спалучаў традыцыі неапалітанскага дыялектальнага т-ра, які ўзыходзіць да камедыі дэль артэ, з прынцыпамі неарэалізму.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ Расціслаў Уладзіміравіч (7.9.1907, г. Астрахань, Расія — 15.1.1984),

рускі балетмайстар, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1969).

Д-р мастацтвазнаўства (1970). Праф. (1951). Скончыў маст. вучылішча (1926), тэатр. ін-т (1948, экстэрнам) у Ленінградзе. У 1936—39 кіраўнік балетнай трупы, у 1936—56 балетмайстар і оперны рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. У творчасці імкнуўся да манументальнасці, вял. значэнне надаваў літ. сюжэту, драматызацыі балетнага дзеяння. Сярод пастановак: балеты «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1934) і «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1945; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1973 і 1965), «Медны коннік» Р.​Гліэра (1949); оперы — «Руслан і Людміла» М.​Глінкі (1937), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1943), «Вільгельм Тэль» Дж.​Расіні (1942). Аўтар кніг па мастацтве балета. Сярод вучняў: Г.Р.Валамат-задэ, В.​Грывіцкас, А.​Лапауры, Н.​Канюс, М.Лаўроўскі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.

Літ.:

Ивашнев В.И., Ильина К. В.​Ростислав Захаров: Жизнь в танце. М., 1982.

Р.У.Захараў.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЫШЛЯ́ЕЎ Валянцін Сяргеевіч (27.3.1891, г. Н. Ноўгарад, Расія — 3.10.1936),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Расіі (1935). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1912—17). З 1915 акцёр і рэжысёр у 1-й Студыі Маскоўскага Маст. т-ра, у 1924—31 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры другім. Паставіў спектаклі «Утаймаванне свавольніцы» (1923), «Гамлет» (1924) У.​Шэкспіра, «Арэстэя» Эсхіла (1926) і інш. У 1925—31 узначальваў тэатр. студыі, з 1933 Маскоўскі драм. т-р. У 1922—26 маст. кіраўнік Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, дзе паставіў спектаклі «Цар Максімілян» (нар. драма ў апрацоўцы А.​Рэмізава і М.​Міцкевіча, 1924), «Сон у летнюю ноч» Шэкспіра (1925), «Вакханкі» Эўрыпіда (1926, з К.​Саннікавым) і інш. Яго рэжысуры ўласцівы пошукі новых сродкаў сцэнічнай выразнасці, выкарыстанне прыёмаў гратэску і буфанады. Аўтар кн. «Тэхніка апрацоўкі сцэнічнага відовішча» (ч. 1—2, 2-е выд. 1922).

т. 15, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ Эдуард Львовіч (25.8.1899, г. Невель Пскоўскай вобл. — 6.7.1974),

бел. кінарэжысёр. Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1931). У 1931—41 рэжысёр кінастудыі «Савецкая Беларусь», дзе паставіў маст. фільмы «Баям насустрач» (1932), «Двойчы народжаны» (1934), «Новая Радзіма» (1935), «Салавей» (1937). З 1950 на Ленінградскай студыі кінахронікі.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАКО́ВА Лідзія Аляксееўна (н. 8.6.1942, пас. Макарава Саратаўскай вобл., Расія),

бел. рэжысёр, тэатр. педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). У 1968—73 рэжысёр, у 1987—90 гал. рэжысёр Гомельскага абл. драм. т-ра. У 1973—87 і з 1990 выкладае ў Бел. АМ (з 1990 заг. кафедры). У рэжысуры спалучае псіхалагізм з яркай відовішчнасцю і маляўнічасцю, яе пастаноўкі адметныя паэтычнасцю светаўспрымання, цэласнасцю акцёрскага ансамбля. Паставіла спектаклі: у Гомельскім т-ры — «Вернасць» («Надзея Мілаванава») В.​Пановай (1968), «Хрусталёвы чаравічак» Т.​Габэ (1969), «Саступі месца заўтрашняму дню» («Далей цішыня») В.​Дэльмар (1970), «Пунсовая кветачка» І.​Карнавухавай і Л.​Браўсевіча (1971), «Не трывожся, мама!» Н.​Думбадзе (1972), «Сабачае сэрца» паводле М.​Булгакава (1988), «Сямейны уікэнд» Ж.​Пуарэ, «Медэя» Л.​Разумоўскай, «Самазабойца» М.​Эрдмана (усе 1989), «Здурнелы Журдэн» («Мальерыяна») Булгакава (1990), «Усё ў садзе» Э.​Олбі (1992), «Жульен і Каламба» («Каламба») Ж.​Ануя (1999), «Нёманская пастараль» паводле аповесці Э.​Ажэшкі «Хам» (2001), «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка (2002), «Кавардак» А.​Партэса (2003) і інш.; у Т-ры-студыі кінаакцёра — «Загадкавая натура» паводле твораў А.​Чэхава (1982); у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы — «Азірніся ў гневе» Дж.​Осбарна (1996); у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча — «Блэз» К.​Манье (2003). Ставіла спектаклі ў т-рах Балгарыі і Чэхіі. Сярод вучняў рэжысёры В.Маслюк, М.Пінігін, П.​Адамчыкаў, Н.​Башава, А.​Жугжда, акцёры С.​Анікей, З.Белахвосцік, Т.​Пузіноўская, А.​Суцкавер, А.​Шароў і інш.

В.​С.​Іваноўскі.

т. 18, кн. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАЎ Павел Аўрамавіч (13.11.1897, в. Красноўка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 11.2.1975),

бел. рэжысёр, драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтваў (1926). У 1930—36 працаваў у БДТ-1 (Бел. т-р імя Я.​Купалы), адначасова заг. (1932—33), маст. кіраўнік (1935—36), выкладчык (1936—38) студый т-ра. Сярод пастановак: «Герой» Я.​Рамановіча, «Мядзведзь» А.​Чэхава, «Агаціна цялушка» (па сваёй п’есе; усе 1933), «Сімфонія гневу» В.​Шашалевіча (1935, разам з Л.​Літвінавым). Адыграў значную ролю ў дзейнасці калг.-саўгасных т-раў Беларусі. Маст. кіраўнік т-раў: Барысаўскага (1936—38) і Заслаўскага (1938—39) калг.-саўгасных, Пінскага абл. драм. (1939—41). Найб. значныя пастаноўкі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Сваты» І.​Гурскага, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага, «Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні. У 1947—63 гал. рэжысёр Бел. радыё. Аўтар п’ес «Лявоніха» (1960), «Дзівосы на калёсах» (1961) і інш., інсцэніровак для радыё.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА Уладзімір Паўлавіч (н. 17.3.1939, Вільня),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990), праф. (1995). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1970). З 1973 на Бел. тэлебачанні, з 1984 гал. рэжысёр Брэсцкага абл. драм. т-ра, з 1987 у Бел. АМ (з 1994 заг. кафедры кінатэлемастацтва). Пастаноўшчык тэатр. спектакляў: «Амністыя» М.​Матукоўскага (1971), «Свой востраў» Р.​Каугвера (1972) у Бел. т-ры імя Я.​Коласа; «Бярозавая галіна» Ю.​Візбара (1985), «Хітрыкі Скапэна» Мальера (1990) і інш. у Брэсцкім драм. т-ры, а таксама тэлевізійных: «Крыло цішыні» паводле Я.​Сіпакова (1978), «Завеі, снежань» паводле І.​Мележа (1979, абодва Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Лісце каштанаў» паводле У.​Караткевіча (1980), «Я, Іван Дамінікавіч» паводле В.​Вярбоўскай (1988) і інш. Аўтар творчых тэлепартрэтаў вядомых дзеячаў бел. л-ры і мастацтва, дакумент. тэлефільмаў і тэлепраграм па гісторыі і духоўнай спадчыне бел. народа. Пастаноўкі вызначаюцца лаканізмам сцэнаграфіі і сканцэнтраванасцю ўвагі на акцёрскім выкананні.

Н.​В.​Грэская.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́Р Дзмітрый Андрэевіч (8.11.1898, Мінск—8.6.1951),

бел. дырыжор, інструменталіст, рэжысёр, кампазітар. У 1920—24 рэжысёр і акцёр трупы пры Палітаддзеле Зах. фронту, сіламі якой (уключала хор, аркестр, танц. групу) паставіў шэраг муз. і муз.-драм. твораў, у т. л. оперу «Тапельніца» М Лысенкі, «Сватанне на Ганчароўцы» з муз. К.​Стацэнкі. У 1928 стварыў першы ансамбль бел. нар. інструментаў (цяпер Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.​І.​Жыновіча), да 1935 яго маст. кіраўнік і дырыжор. Адначасова (1928—32) выкладаў у Бел. муз. тэхнікуме. Удзельнічаў у рэканструкцыі нац. муз. інструментаў (зрабіў гукарад ліры храматычным, па яго чарцяжах удасканалены цымбалы, створаны іх арк. разнавіднасці), фарміраванні рэпертуару для бел. нар. аркестра (аўтар апрацовак бел. нар. песень і танцаў, арыг. п’ес, аранжыровак твораў В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана). У 1920—40-я г. выступаў у канцэртах як віртуоз-балалаечнік, іграў таксама на цымбалах, домры, гітары, дудцы, кларнеце.

Н.​П.​Яканюк.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА Маргарыта Мікалаеўна (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),

бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.​Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.​Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта (1987), «Тоска» Дж.​Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.​Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.​Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.​Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.​Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)