КАСА́І (Kasai),
рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова — мяжа паміж імі), буйнейшы левы прыток р. Конга. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна 880,2 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, спускаецца з яго паўн. схілаў ва ўпадзіну Конга, утварае парогі і вадаспады. У ніжнім цячэнні наз. Ква. Гал. прытокі: Лулуа, Санкуру (справа), Кванга (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводка з вер.—кастр. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў нізоўі каля 10 тыс. м³/с. Суднаходная на 790 км ад вусця. Рыбалоўства. У бас. К. — буйная здабыча алмазаў. 3 ГЭС. Буйная прыстань — Ілеба (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
т. 8, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЦЬ,
рака ў Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 1621 км, пл. бас. 94,2 тыс. км². Бярэ пачатак з балот Об-Енісейскага водападзелу. Цячэ па паўд.-ўсх. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, рэчышча звілістае, шматлікія пратокі; упадае ў р. Об 2 рукавамі — Тагурскім і Нарымскім на адлегласці 160 км адзін ад аднаго. Гал. прытокі: Сачур, Арлоўка, Лісіца (справа), М. Кець, Мендэль, Яловая, Чачамга (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 560 м³/с. Суднаходная на 737 км ад вусця. Сплаўная.
т. 8, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ША,
рака ў Ашмянскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Ашмянкі (бас. р. Вілія). Даўж. 55 км. Пл. вадазбору 455 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Ваўкоўшчына Ашмянскага р-на. У вярхоўі цячэ на паўн. схілах Ашмянскага ўзвышша. Асноўны прыток — р. Кавалёўка. Даліна да в. Лоша невыразная, ніжэй трапецападобная, яе шыр. 200—300 м. Пойма двухбаковая, пераважная шыр. 100—150 м. Рэчышча на працягу 12 км ад вытоку каналізаванае. Берагі стромкія, у вярхоўі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Ёсць сажалка, на У ад яе Янаўскае вадасховішча.
т. 9, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУА́РА (Loire),
самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс. км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн. ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.
т. 9, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),
рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).
т. 9, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙН (Main),
рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 524 км, пл. бас. 27,2 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Ротэр-М. і Вейсер-М., якія пачынаюцца адпаведна на схілах Франконскага Альба і ў гарах Фіхтэль. Цячэ па сярэднягор’ях і ўзгорыстых раўнінах паўд. ч. краіны. Найб. воднасць зімой і на пачатку вясны, летам — асобныя дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады ў вусці 170 м3/с. Суднаходная на 400 км ад вусця. Басейн М. злучаны Людвігс-каналам з сістэмай водных шляхоў Дуная. Даліна М. густа заселена. На М. — гарады Вюрцбург, Франкфуртна-Майне.
т. 9, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́М-ЧА́О-ПРА́Я, Менам, Чаўпхрая,
рака на паўвостраве Індакітай, самая вялікая ў Тайландзе. Даўж. каля 1200 км (ад вытоку гал. прытока М.-Ч.П. — р. Пінг — 1500 км), пл. басейна каля 150 тыс. км². Пачынаецца ў гарах на Пн краіны, цячэ па Менамскай нізіне, упадае ў Сіямскі зал. Паўд.-Кітайскага м., утварае дэльту. Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Паўнаводная летам, сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2700 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння рысавых палёў. Рыбалоўства. Суднаходная на 400 км (ад вусця р. Пінг), у паводкі на 750 км (ад г. Утарадыт). Сплаўная. У дэльце М.-Ч.-П. — г. Бангкок.
т. 10, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РЭЙ, Мары (Murray),
самая вялікая рака ў Аўстраліі. Даўж. 2570 км (ад вытоку р. Дарлінг — 3750 км), пл. басейна 1057 тыс. км². Вытокі ў Аўстрал. Альпах, цячэ пераважна па засушлівай раўніне, упадае ў мелкаводны заліў-лагуну Александрына (адгароджаны ад Індыйскага ак. штучным барам для папярэджання ад засалення). Гал. прытокі: Дарлінг і Марамбіджы (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Вясной і летам паўнаводная, у сухі перыяд (зімой) большасць прытокаў перасыхае, не дасягае гал. ракі, і М. моцна мялее. Сярэдні гадавы расход вады 330 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства. На М. і яе прытоках вадасховішча, ГЭС. Суднаходная ад г. Олберы.
т. 11, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЗЕ́НЬ,
рака ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 966 км, пл. бас. 78 тыс. км². Пачынаецца з балот на зах. схілах Ціманскага кража. Цячэ па хвалістай раўніне, упадае ў Мязенскую губу Белага м. Асн. прытокі: Вашка (злева), Мязенская Піжма, Сула, Пеза (справа). Разводдзе у маі—чэрв., летам і восенню дажджавыя паводкі. Ледастаў з канца кастр. — сярэдзіны ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 649 м³/с. У вусці высокія прылівы, якія распаўсюджваюцца на 64 км. Суднаходная на 371 км ад вусця, вясной на 650 км. Сплаўная. На рацэ г. Мязень.
т. 11, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ, Нарачанка,
рака ў Вілейскім і Мядзельскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 75 км². Пл. вадазбору 1650 км². Пачынаецца на Пд з воз. Нарач, цячэ ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім — трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова аблесеная, у верхнім і сярэднім цячэнні забалочаная (шыр. 300—600 м), ніжэй перарывістая, вузкая, адкрытая. Рэчышча звілістае, шыр. 8—16 м, ад в. Слабада на працягу 5 км каналізаванае. Замярзае ў пач. снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,9 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.
т. 11, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)