ДАТАЛІ́Т (ад грэч. dateomai дзялю, падзяляю + ...літ),
мінерал падкласа борасілікатаў, гідраксілборасілікат кальцыю, CaB[SiO4]OH. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі, зярністыя і шчыльныя агрэгаты, нацёчныя і радыяльна-прамянёвыя выдзяленні. Колер белы да бясколернага, часта з зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 5—5,6. Шчыльн. 2,8—3 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Выкарыстоўваецца як другарадны вырабны матэрыял і борная руда.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭХІ́НЫ,
арганічныя злучэнні расліннага паходжання з групы флаваноідаў; вытворныя флавану. Пашыраны ў прыродзе катэхін, калакатэхін, катэхінгалат, галакатэхінгалат, ёсць у многіх раслінах, асабліва ў лісці чаю, вінаграднай лазе, зернях какавы. Раствараюцца ў вадзе і спірце. Пры полімерызацыі ўтвараюць дубільныя рэчывы. Маюць высокую біял. актыўнасць (умацоўваюць сценкі капіляраў, спрыяюць засваенню аскарбінавай кіслаты), антыакісляльныя, антымікробныя антысклератычныя ўласцівасці. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і харч. прам-сці.
т. 8, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МА (Como),
возера на Пн Італіі, каля падножжа Альпаў, на выш. 198 м. Пл. 146 км², даўж. 50 км (у сярэдняй ч. падзяляецца на 2 басейны), шыр. 4,5 км, глыб. да 410 м. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання. Берагі высокія, скалістыя. Праз К. працякае р. Ада, прыток р. По; на Пн ўпадае р. Мера. Рыбалоўства, суднаходства. Кліматычныя курорты: Кома, Лека, Беладжа і інш.
т. 8, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДАРЫ́Т,
поўнакрышталічная магматычная горная парода, анартазіт-лейкакратавая разнавіднасць габра. Складзена ў асноўным з лабрадору, а таксама піраксену, аўгіту, тытанамагнетыту, ільменіту і інш. Структура буйназярністая, тэкстура масіўная. Колер шэры да чорнага. Ірызацыя ў блакітна-сініх, радзей залацістых тонах. Шчыльн. 2,7—2,9 г/см³. Магматычнага паходжання. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-абліцовачны камень. Радовішчы ў Канадзе (п-аў Лабрадор), на Украіне, у Фінляндыі, ЗША.
У.Я.Бардон.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОХ-НЕС (Loch Ness),
возера на Пн Вялікабрытаніі, у Шатландыі, у даліне Глен-Мор. Ледавікова-тэктанічнага паходжання. Пл. 56 км², даўж. 39 км, глыб. да 230 м. Берагі высокія, скалістыя. Сцёк праз р. Нес у заліў Моры-Ферт Атлантычнага ак. Не замярзае. Л.Н. — частка суднаходнага Каледонскага канала. Набыло шырокую вядомасць у сувязі з «Нэсі» — буйной жывёлінай, якая нібыта жыве ў ім.
т. 9, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛАРЭН (Mälaren),
возера ў сярэдняй ч. Швецыі. Пл. 1163 км², глыб. больш за 60 м, даўж. каля 120 км. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання (0,3—0,6 м над узр. м). Берагі моцна парэзаныя, шматлікія залівы, бухты, мысы, каля 1200 астравоў. Злучана пратокамі і каналамі з Балтыйскім м. і воз. Ельмарэн. Суднаходства, водны турызм. На берагах рэзерваты Энгсё і Ельставікен. Каля ўсх. берага — г. Стакгольм.
т. 10, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРЫ́Т у медыцыне,
запаленне нырак алергічна-інфекц. паходжання з пераважным пашкоджаннем нырачных клубочкаў. Адрозніваюць востры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Узнікае часцей пасля ангіны ці абвастрэнняў хранічнага танзіліту, захворванняў верхніх дыхальных шляхоў, выкліканых стрэптакокам, таксама пасля пнеўманіі, дыфтэрыі, пераахаладжэння арганізма і інш. Прыкметы: ацёкі, дамешкі крыві ў мачы, гіпертанія. Востры Н. можа ўскладняцца хранічным. Вынік хранічнага Н. — нырачная недастатковасць, урэмія. Лячэнне: дыета, тэрапеўтычнае.
т. 11, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮТА́НТЫ,
рэчывы або злучэнні, якія выклікаюць забруджванне навакольнага асяроддзя пры дасягненні пэўнай колькасці і канцэнтрацыі. Паводле характару паходжання бываюць фіз. (энергія, радыяцыя, шум і інш.), хім. (злучэнні азоту, серы, ртуці, металаў і рэчывы — гербіцыды, пестыцыды і інш.), біял. (патагенныя мікраарганізмы); паводле аб’ектаў забруджвання — атмасферныя, водныя, глебавыя, ландшафтныя. Адрозніваюць П. першасныя (прыродныя) і другасныя (антрапагенныя), якія ўтвараюцца ў выніку быт., с.-г., прамысл. дзейнасці.
т. 12, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКЦІ́НЫ, пекцінавыя рэчывы,
кіслыя поліцукрыды расліннага паходжання. Ёсць у сценках клетак, міжклетачным рэчыве, клетачным соку раслін; назапашваюцца ў сакавітых пладах і караняплодах. Аснова малекулы П. — полігалактуронавая к-та. Найб. значэнне мае пекцін, які дае студні ў насычаным (65—70%) растворы цукру пры наяўнасці арган. к-т. Атрымліваюць П. з яблыкаў, скуркі цытрусавых пладоў і інш. Выкарыстоўваюць у кандытарскай і харч. прам-сці, медыцыне.
т. 12, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАЛТЭ́РЫУМ (ад грэч. psalterium перабіраю струны),
агульная назва старажытных і сярэдневяковых шматструнных шчыпковых інструментаў (пераважна тыпу цытры). Мелі плоскі трох- ці чатырохвугольны, часцей трапецападобны корпус. Гукі здабывалі пальцамі ці плектрам. П. — інструменты ўсх. паходжання: канун у арабаў, сантур у персаў і інш. У Еўропе П. выйшаў з ужытку ў канцы 16 ст. Сучасныя інструменты, роднасныя П., — гуслі, цымбалы, кантэле і інш.
т. 13, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)