злачынны ўчынак, звязаны з палавымі зносінамі, пры ўжыванні фіз. насілля, пагроз ці з выкарыстаннем бездапаможнага стану. Найчасцей З. ўчыняюць гетэрасексуалы, зрэдку бісексуалы. Доказам З. ў нявінніцы з’яўляецца анат. парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы, у дзяцей магчымы надрывы палавых губ, прамежнасці і разрывы похвы. Пры З. з фіз. насіллем жанчыне наносяць цялесныя пашкоджанні, пазбаўляюць яе магчымасці супраціўляцца (звязваюць, закрываюць рот і інш.); можа быць з пабоямі, спробамі душыць, параніць і інш. Псіхічнае насілле пры З. выражаецца ў пагрозе ці запалохванні пацярпелай або блізкіх ёй людзей. Можа мець вынікі: цяжарнасць пацярпелай, асабліва непаўналетняй, заражэнне венерычнай хваробай, СНІДам, нерв. і псіхічныя расстройствы.
З. ў крымінальным праве — злачынства супраць палавой свабоды жанчыны, якое выяўляецца ў палавой сувязі з выкарыстаннем насілля, пагрозы або бездапаможнага становішча пацярпелай; адно з цяжкіх злачынстваў супраць жыцця, здароўя, свабоды і годнасці асобы, адказнасць за якое прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Закон прадугледжвае асаблівы парадак узбуджэння крымін. спраў аб З. (справа аб З. без абцяжваючых акалічнасцей узбуджаецца толькі па заяве пацярпелай), разглядаецца яна судом, як правіла, на закрытым пасяджэнні. Бел.крымін. права прадугледжвае суровае пакаранне за З. ў выглядзе доўгатэрміновага пазбаўлення волі, а пры З. пры абцяжваючых акалічнасцях — аж да пакарання смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (24.6.1881, г. Ганчэшты, Малдова — 6.8.1925),
савецкі военачальнік. Скончыў с.-г. вучылішча (1900). У 1905 дэзерціраваў з рас. арміі і ўзначальваў узбр.сял. атрады ў Бесарабіі ў 1905—07 і 1915—16, прытрымліваўся тактыкі гайдукоў. Неаднаразова быў арыштаваны рас. ўладамі, у 1916 прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на пажыццёвую катаргу). У маі 1917 вызвалены і накіраваны на Рум. фронт. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Бесарабіі. У студз.—сак. 1918 на чале партыз. атрада ваяваў з рум., аўстр. і герм.акупац. войскамі ў Бесарабіі. У крас. 1918—сак. 1919 кіраваў ваен.-дыверсійнай дзейнасцю сав. падполля ў Адэсе, у крас. 1919 на чале сфарміраванага ім партыз. атрада ўдзельнічаў у заняцці горада Чырв. Арміяй. З ліп. 1919 камандзір стралк. і кав. брыгад, кав. дывізіі, удзельнік баёў за Петраград і на Пд Украіны, сав.-польск. вайны 1920, ліквідацыі Антонава паўстання і руху Н.І.Махно. З 1922 камандзір 2-га кав. корпуса ў Малдове. Чл.ЦВКСССР, Украіны і Малд. АССР. Узнаг. 3 ордэнамі Чырв. Сцяга. Забіты каля Адэсы. У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі імя К. насілі 161-я партыз. брыгада і больш за 20 партыз. атрадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,
выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),
украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл.Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс.чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧЫНЫ,
дзекабрысты, браты, н. ў Маскве. Іван Іванавіч П. (15.5.1798—15.4.1859). Вучыўся ў Царскасельскім ліцэі разам з А.С.Пушкіным. З 1817 афіцэр гвардз. коннай артылерыі. З 1823 у адстаўцы. Са снеж. 1823 суддзя Маскоўскага надворнага суда. Чл. «Свяшчэннай арцелі» (1816—17), «Саюза выратавання» (з 1817), «Саюза дабрабыту» (з 1818). У 1823 стварыў Пецярбургскую, у 1825 Маскоўскую ўправы Паўн.т-ва дзекабрыстаў. Прымаў удзел у падрыхтоўцы паўстання на Сенацкай плошчы. 16.12.1825 арыштаваны, асуджаны Вярх. судом да пакарання смерцю, замененай 20-гадовай катаргай. З 1839 на пасяленні. Пасля амністыі 1856 у Падмаскоўі. Аўтар «Запісак пра Пушкіна».
Міхаіл Іванавіч П. (1800—25.5.1869). У 1816 скончыў 1-ы кадэцкі корпус. У 1819—24 капітан, камандзір коннага эскадрона Сямёнаўскага корпуса. 15.12.1825 арыштаваны, прыгавораны Вярх. судом да пазбаўлення чына і дваранства, разжалаваны ў радавыя. З 1835 у адстаўцы, жыў у маёнтку Парычы Бабруйскага пав. (цяпер г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.). У 1857 паводле рашэння рас. Сената П. вернуты ранейшы чын. У 1865 пажалаваны ў ген.-маёры і прызначаны камендантам Бабруйскай крэпасці. Аўтар успамінаў «Сустрэча з Пушкіным за Каўказам».
Літ.:
Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (12.11.1794, в. Гожна ?, Беласточчына — 11.9.1841),
удзельнік дваранскага рэв. руху. З бел. шляхты. Скончыў Віленскі ун-т (1820). У 1812—14 ваяваў на баку Напалеона ў Літоўскіх войсках 1812. У 1814 трапіў у палон на тэр. Францыі, з 1815 на радзіме. З 1819 член, з сак. 1820 в.а. прэзідэнта тайнага Саюза сяброў. З 1819 чл.-кар., з 1820 правадз.чл.т-вафіламатаў. Адзін з ініцыятараў стварэння т-вапрамяністых (1820), для якога напісаў «Малітву прамяністых», і т-вафіларэтаў. У 1820 разам з З.Навіцкім стварыў у Беластоцкай гімназіі т-ва «Згодных братоў» (з 1823 «Заране»), У 1823—24 быў арыштаваны па справе філаматаў і філарэтаў, вызвалены за недастатковасцю доказаў. У 1825 ініцыятар стварэння арг-цыі «Ваенныя сябры» і гал. натхняльнік Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825. У 1826 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але па царскай канфірмацыі 1827 пазбаўлены шляхецтва і высланы на 10 гадоў катаржных работ у Сібір. Катаргу адбываў разам з дзекабрыстамі ў Чыце (з 1828) і Пятроўскім з-дзе ў Забайкаллі (з 1830). У 1833 пераведзены на пасяленне ў в. Коркіна Іркуцкай губ., дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,
выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл.Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л.чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводле віцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.
В.І.Мялешка.
Да арт.Віцебскае паўстанне 1623. Забойства І.Кунцэвіча. Малюнак Зімлера. 1865.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),
асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш.Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
во́лас, ‑а і ‑у; мн. валасы, ‑оў; м.
1.‑а. Рагавое ніткападобнае валакно на скуры чалавека і жывёл. Сівы волас.//толькімн. Расліннасць на галаве чалавека; шавялюра. Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані.Колас.
2.‑у, зб. Такое валакно з конскага хваста або грывы, якое ўжываецца для розных тэхнічных патрэб. Конскі волас.
•••
Валасы (сталі) дыбарам — пра пачуццё жаху, вялікага страху, зведанага кім‑н.
Волас з галавы не ўпаў — застацца некранутым, не панесці страты; не панесці ніякага пакарання.
Волас у волас — такія падобныя адзін на аднаго, што цяжка адрозніць.
Дажыць да сівых валасоўгл. дажыць.
І на волас не заснуў — зусім, ніколькі не заснуў.
Ірваць на сабе валасыгл. ірваць 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)