тыпа́ж, ‑у, м.

1. Сукупнасць тыпаў, узораў, мадэлей якіх‑н. дэталей. Тыпаж самалётаў. Пашырэнне тыпажу металаапрацоўчых станкоў.

2. Сукупнасць прыкмет, характэрных для якога‑н. грамадскага разраду, тыпу людзей. Сацыяльны тыпаж. □ Тыпаж бярэцца сакавіты, персанажы выкрываюць сябе праз учынкі, без надакучлівага маралізавання. Лужанін.

3. Акцёр з яркай характэрнай знешнасцю, які падыходзіць па сваіх даных для пэўнай ролі.

[Фр. typage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узнёслы, ‑ая, ‑ае.

1. Прыўзняты, урачысты. Узнёслы настрой. Узнёслая прамова. □ [Кудрынскі] меў талент прамоўцы, і нашы адказы больш падабаліся яму, калі былі трохі ўзнёслыя. Лужанін. — Таварышы! Дарагія землякі! — Голас Марыі пявучы, узнёслы. Гроднеў.

2. Поўны вялікага значэння, глыбокага зместу, высакародных пачуццяў. Узнёслыя ідэалы. Узнёслыя мары. □ Кранулі не раз мяне тэмы ўзнёслыя Пра нашыя справы, пра нашых людзей. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цкава́ць, цкую, цкуеш, цкуе; цкуём, цкуяце; незак., каго-што і без дап.

1. Напускаць сабак на каго‑н.; нацкоўваць. Папацёмку нельга было разглядзець, хто ў акне, толькі чуваць было, як нехта цкаваў: — Кусі, Мурза, кусі, кусі! Крапіва. Нас коньмі тапталі, цкавалі сабакамі, Жалезам выпальвалі сонца з павек. Лужанін.

2. перан. Не даваць спакою, мучыць нападкамі, праследаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчабяту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

1. Птушка, якая безупынна шчабеча. Пяюць яе [песню] шчабятухі расчулена, Дадому вярнуўшыся з выраю. Барадулін. Ластаўка, шчабятуха, Не адлятай, гасці! Лужанін.

2. перан. Разм. Пра жанчыну, дзяўчынку, якая хутка, бесперастанку гаворыць. Гэта яна — мая вясёлая, галасістая шчабятуха Паўлінка сышла са сцэны.. і стала зноў той самай мілай і сур’ёзнай Леначкай. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРЫБАЕ́ДАЎ (Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795) (паводле інш. крыніц 1790),

Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.​Пушкіным, В.​Кюхельбекерам, П.​Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус. дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.​Шахаўскім і М.​Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.​Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.​В.​Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс. экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст, рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.​Ф.​Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.​Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.

Тв.:

Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;

Соч. М., 1988;

Бел. пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.

Літ.:

А.​С.​Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;

Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.

І.​І.​Разанаў.

А.С.Грыбаедаў. Мастак І.​Крамской. 1873.

т. 5, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дакрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Крануць каго‑, што‑н., даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Мікуць дакрануўся рукою да халоднага металу, пагладзіў лапчастае шырокае кола. Чорны. Сяргей заснуў адразу, як толькі дакрануўся галавой да падушкі. Шахавец. // (звычайна з адмоўем). Паспытаць, паспрабаваць чаго‑н. [Людзі] папрасілі пераапрануцца, надта спяшаліся, нават не дакрануліся да матчынага пачастунку. Мікуліч. Канстанцін Міхайлавіч амаль не дакрануўся да вячэры. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

векава́ць, вякую, вякуеш, вякуе; незак.

Увесь час жыць дзе‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане, існаваць. [Серадзіха:] — Я меркавала, што мне давядзецца векаваць у зямлянцы, і раптам такая навіна. Гурскі. Нас вывелі ў свет з завуголляў глухіх, А то векавалі б у пана падпаскамі. Лужанін. [Даніла:] Замак, хлопчыку, стары: Многа ўжо вякоў вякуюць Тыя цёмныя муры. Колас.

•••

Век векаваць (звекаваць) — тое, што і векаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

купю́ра 1, ‑ы, ж.

Скарачэнне, пропуск у тэксце літаратурнага або музычнага твора. Паасобныя купюры, зробленыя тэатрам, толькі дапамагаюць раскрыццю сутнасці п’есы. Лужанін. Выдавецтва, каб не даць поваду для прыдзірак цэнзуры, зрабіла шмат купюр у найбольш ідэйна насычаных месцах тэксту. У. Калеснік.

[Фр. coupure.]

купю́ра 2, ‑ы, ж.

Назва папяровых грошай, аблігацый і іншых каштоўных папер па іх намінальнай вартасці. Сторублёвая купюра. Дробная купюра.

[Фр. coupure.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жадзён, ‑дна, ‑дно; мн. ‑дны; чаму.

Разм. Які церпіць нястачу ў самым неабходным, ахвочы да чаго‑н. У тыя дні былі жадны Скарынцы чэрствай хлеба. Глебка. Вадзе жадна, узлёгшы на сухое зала, Сяліба наша сумавала. Лужанін.

•••

Жадзён на вока — пра зайздроснага, сквапнага чалавека. Працаваў не вельмі ён, І на вока быў жадзён: Сена ўбачыць на гумне, — Хоць вазок падкіньце мне! Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наво́чнік, ‑а, м.

1. Шчыток або павязка для аховы вачэй ад чаго‑н. [Аржанец:] — Глядзі на жыццё зблізку, без акуляраў ды навочнікаў, вывучай яго не зверху, а з сярэдзіны, слухай, што добрыя людзі гавораць. Брыль.

2. Шчыток на вуздэчцы, які не дае пужліваму каню глядзець па баках. Едуць сяляне на пары коней у рагатых хамутах і аброцях з вялікімі навочнікамі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)