МАГНІТААПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,

разнавіднасць аптычных дыскаў, дзе запіс інфармацыі ажыццяўляецца тэрмамагн. спосабам.

Пры запісе інфармацыі рухомы носьбіт лакальна награваецца лазерным выпрамяненнем, у зоне разагрэву каэрцытыўная сіла рабочага слоя рэзка змяншаецца (гл. Тэрмамагнітныя з’явы) і нагрэты ўчастак перамагнічваецца пад уздзеяннем слабога знешняга магн. поля. Пры ўзнаўленні адбіты ад М.д. палярызаваны лазерны прамень перыядычна паварочвае плоскасць палярызацыі на вугал, значэнне якога залежыць ад намагнічанасці рабочага слоя (гл. Кера эфект).

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГРЫПО́ЗНАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, парагрып,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое характарызуецца запаленнем дыхальных шляхоў, пераважна гартані. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Прыкметы: катаральныя з’явы (кашаль, асіпласць голасу, слізістыя выдзяленні з носа), павышэнне т-ры цела; ларынгіт з магчымым развіццём несапраўднага крупу ці ларынгатрахеіту; гаўклівы кашаль, задышка. Ускладненні: пнеўманія, запаленне сярэдняга вуха і прыдаткавых пазух носа. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.​Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.​А.​Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.​А.​Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАКРЫЯЛО́ГІЯ (ад геа... + крыялогія),

мерзлатазнаўства, крыяліталогія, крыяпедалогія, галіна крыялогіі, якая вывучае мёрзлыя глебы і горныя пароды. Даследуе іх утварэнне, развіццё і ўмовы існавання, а таксама з’явы, звязаныя з працэсамі прамярзання, адтавання і дыягенезу мёрзлых тоўшчаў, падземнае зледзяненне крыясферы — шматгадовамёрзлыя і сезоннамёрзлыя грунты і горныя пароды, асаблівасці іх будовы і складу, фіз.-мех. ўласцівасці, узаемадзеянне з падземным лёдам. Вывучае таксама геал., геамарфалагічныя, гідралагічныя з’явы, выкліканыя прамярзаннем і адтаваннем верхняй часткі зямной кары. Распрацоўвае тэарэт. асновы і метады кіравання мярзлотнымі працэсамі пры буд-ве і эксплуатацыі збудаванняў, правядзенні горных работ, с.-г. і транспартным асваенні тэрыторыі.

Геакрыялогія ўзнікла ў выніку развіцця мерзлатазнаўства, якое аформілася як навука ў 1920-я г. на стыку геал., геагр., геафіз. і інж.-тэхн. дысцыплін. Яе задачы вызначыў рус. вучоны М.​І.​Сумгін. Значнае развіццё геакрыялогія атрымала ў ЗША, Канадзе, Нарвегіі і Швецыі (у некат. працах вызначаецца як крыяліталогія або крыяпедалогія).

На Беларусі пытанні геакрыялогіі вывучаюць у БДУ і Ін-це геал. навук АН.

Літ.:

Попов А.И., Розенбаум Г.Э., Тумель Н.В. Криолитология. М., 1985.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ДКА,

іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.​Барадулін, В.​Вітка, Н.​Гілевіч, А.​Клышка і інш. бел. пісьменнікі.

Публ.:

Загадкі. /Скл. М.​Я.​Грынблат, А.​І.​Гурскі. Мн., 1972.;

Беларускія загадкі/Укл. Я.​Саламевіч. Мн., 1989.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3,ч. 1. С. 406—417;

Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускіх загадак. Мн., 1976.

А.​І.​Гурскі.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

картагра́ма

(ад карта + -грама)

схематычная карта, на якой графічна паказаны статыстычныя дадзеныя адносна якой-н. з’явы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

метэарагра́фія

(ад гр. meteora = атмасферныя з’явы + -графія)

апісанне змен, якія адбываюцца ў атмасферы, пры дапамозе метэарографа.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

геліягеафі́зіка

(ад гелія- + геафізіка)

навука, якая вывучае ўплыў працэсаў, што адбываюцца на Сонцы, на геафізічныя з’явы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псіхалінгві́стыка

(ад псіха- + лінгвістыка)

раздзел мовазнаўства, які вывучае моўныя з’явы з пазіцый псіхалогіі і матэматычнай сувязі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псіхафізіяло́гія

(ад псіха- + фізіялогія)

раздзел псіхалогіі, які вывучае ўплыў фізіялагічных працэсаў на псіхічныя з’явы і наадварот.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)