ВО́ЎЧЫН, Воўчына,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р.

Мядзелка, за 12 км на Пн ад г.п. Мядзел. Пл. 0,53 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 32,9 м, даўж. берагавой лініі 4,29 км. Пл. вадазбору 3,68 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на Пн 4—5 м), пад лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагі высокія, у паўн. заліве нізкія, забалочаныя. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная. Надводная расліннасць амаль адсутнічае, падводная высцілае дно да глыб. 4 м. Выцякае ручай у р. Мядзелка.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЧА,

вадасховішча у Мінскім р-не, на р. Вяча (бас. Свіслачы), за 19 км на Пн ад Мінска. Створана ў 1970. Пл. 1,68 км², даўж. 5,3 км², найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 8 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Катлавіна выцягнутая. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, складзены з пяскоў, супескаў і суглінкаў. Парослыя хваёвым лесам і хмызнякамі. Берагавая лінія (даўж. 15,2 км) слаба парэзаная, ёсць заліў даўж. 300 м. Моцнапраточнае, упадае р. Чарняўка. Вярхоўі вадасховішча зарастаюць чаротам і асокамі. Зона адпачынку.

Вадасховішча Вяча.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬДЖЫ КО́МПЛЕКС, Гольджы апарат, Гольджы зона,

унутрыклетачны сеткаваты апарат, пастаянная клетачная арганела ўсіх эўкарыятычных клетак. Апісаны італьян. гістолагам К.Гольджы ў 1898. Мае форму сеткі, утворанай дыктыясомамі. У кожнай з іх плоскія цыстэрны, да якіх далучаюцца буйныя вакуолі; па краях цыстэрны расшыраюцца, ад іх ідуць групы дробных пузыркоў. Функцыі Гольджы комплексу: удзел у сакраторнай функцыі клетак у сінтэзе глікапратэідаў і поліцукрыдаў клеткі, у працэсах унутрыклетачнай засваяльнасці. Гольджы комплекс разбураецца пры дзеянні кіслот і растваральнікаў, ліпідаў, некат. ядаў, іанізуючай радыяцыі, мяняецца пры галаданні, траўмах, старэнні.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎЖА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 1,04 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 13,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 12 км. Пл. вадазбору 10,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—6 м (на ПдУ да 20 м), разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, у асобных месцах абразійныя. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная выслана глеямі. Зарастае. Паласа расліннасці ўздоўж берагоў да 20 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Глодава.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДЫ́,

вадасховішча на паўн.-зах. ускраіне Мінска, у складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Створана ў 1976. Пл. 2,4 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 5,5 м, аб’ём вады 6,17 млн. м³. Катлавіна вадасховішча — забалочаная пойма р. Свіслач. Берагі нізкія, плаўна зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае. 2 астравы (пл. 0,05 км²). Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання горада. На берагах Д. санаторыі, лагеры адпачынку, лодачная станцыя, пляжная зона. Паміж вадасх. Заслаўскае і Дразды пабудаваны канал воднага слалама. Арніталагічны заказнік Лебядзіны.

Г.​С.​Жукоўская.

Вадасховішча Дразды.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЮ́ТА,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мнюта (цячэ праз возера), за 20 км ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,96 км², даўж. больш за 1,3 км, найб. шыр. каля 1,2 км, найб. глыб. 14,1 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 601 км². Схілы катлавіны выш. 7—20 м, парослыя лесам і хмызняком, на У і ПдУ — 3—5 м, пад лугам ці разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя. Зона мелкаводдзя шыр. 20—40 м, на Пн да 90—120 м. Дно ілістае. Востраў пл. 0,3 га.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДНА, Нядзведна,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,44 км², даўж. каля 1,6 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4,1 км. Пл. вадазбору 3,18 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, тарфяністыя. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 1,5—2 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Цуброк.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШЫНСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ СТАРАЖЫ́ТНЫХ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчана за 150 м на ПнУ ад в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Уключае адклады позналедавікоўя паазерскага зледзянення (пяскі, жвір, галька); з’яўляецца апорным разрэзам. Ва ўступе І надпоймавай тэрасы ўскрываюцца адклады, багатыя выкапнёвымі рэшткамі жывёл — косці і зубы млекакормячых (15 відаў), ракавіны малюскаў (больш за 30 відаў), якія існавалі каля 15—10 тыс. гадоў назад, калі кліматычныя ўмовы дасягнулі найб. суровасці і пашырылася тундравая зона.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́ШНА,

возера ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 20 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,23 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 17,9 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км. Пл. вадазбору 1,45 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на З і ПнУ да 8 м, стромкія), параслі лесам, на З часткова разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 5—7 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Лешна.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.12.1930, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 22.10.1990),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1953). У кіно з 1954. Стварыў лірычныя вобразы маладых рабочых, простых і шчырых у фільмах «Вясна на Зарэчнай вуліцы», «Чужая радня» (абодва 1956), «Вышыня» (1957), «Дзяўчына без адраса» (1958), «Дзяўчаты» (1962). Сярод інш. фільмаў: «Дзядзечкаў сон» (1967), «Сёмае неба» (1972), «Сям’я Івановых» (1975), «Адыходзячы — ідзі» (1980), «Выйсці замуж за капітана» (1985), «Начны экіпаж» (1987), «Забароненая зона» (1988), «Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя «Кааперацыя» (1989).

М.М.Рыбнікаў.
М.Рыбнікаў у фільме «Вышыня». 1957.

т. 13, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)