сцяць ​1, сатну, сатнеш, сатне; ‑нём, ‑няце; пр. сцяў, сцяла, ‑ло; зак., што.

Зняць, аддзяліць чым‑н. вострым, ссячы, зрэзаць. Сцяць галаву. Сцяць касой траву.

сцяць ​2, сатну, сатнеш, сатне; ‑нём, ‑няце; пр. сцяў, сцяла, ‑ло; зак., каго-што.

Разм.

1. Абхапіўшы, сціснуць. Сцяць рукі рамянямі. □ [Дзедзіха] нагнуўся да зямлі, зачэрпнуў жменяй снегу, сцяў у кулаку, скамячыў снежку. Пташнікаў. // Моцна трымаючы што‑н., заціснуць (у руках, зубах). Гаўрыла .. ляжаў акалелы і піпку зубамі сцяў. Гарэцкі.

2. Сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць. Я паставіў чамадан, пачаў мацаць кішэні, каб закурыць, бо нешта сцяло грудзі, пераняло дыханне. Радкевіч. / у безас. ужыв. Ад жаху вусны сцяло. // перан. Выклікаць адчуванне болю, цяжару (на душы, сэрцы). Нейкі сум, трывога зноўку сэрца маё сцялі. Вялюгін.

3. Шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.). [Дзед] пакрыўджана сцяў сухія губы, адвярнуўся ад мяне. Хомчанка. Піліпка да болю сцяў зубы, каб не расплакацца. П. Ткачоў.

4. безас. Сцягнуць, схапіць (пра мароз). Ваду сцяло як след.

•••

Сцяўшы (сціснуўшы) зубы — падаўляючы свае жаданні, стрымліваючы пачуцці (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улі́цца, увальецца і уліецца; пр. уліўся, улілася, ‑лося; заг. уліся; зак.

1. Наліцца ўнутр чаго‑н. Хоць у лодку і ўлілося трохі вады, аднак цяпер яна пайшла шпарчэй, бо мне памагаў вецер. Кірэенка. // Зліцца з чым‑н., льючыся, уцячы ў што‑н. Каціліся [патокі вады] аж да моста, каб уліцца ў рахманую Безымянку. Курто. / у перан. ужыв. У пакой улілося святло. // перан. Пранікнуць, напоўніць (пра пачуцці і пад.). Нейкая дзіўная хваля ўлілася ў грудзі і буйнай цёплай слязой скацілася на шчокі. Васілевіч. Бацькоўскі дом у цішыні лясоў, Даўно цябе надоўга я пакінуў, І свет шырокі ў вочы мае хлынуў, Уліўся ў грудзі клічам галасоў. Гаўрусёў.

2. перан. Далучыцца да чаго‑н., увайсці ў склад чаго‑н., папоўніць сабою што‑н. Усе [хлопцы] набіраліся новых свежых сіл, каб ноччу перайсці фронт і зноў уліцца ў чырвонаармейскую масу для заядлай барацьбы з панамі. Нікановіч. Мацнеў, рос, пашыраўся калгас, ужо суседнія дзве вёскі ўліліся ў яго. Мікуліч. [Усцін Тарасавіч] выйшаў за бальнічныя вароты, уліўся ў людскі паток і накіраваўся дадому. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аскаба́лак, ‑лка, м.

Разм. Кавалак дрэва, абломак чаго‑н., асколак металу. — А кыш-кыш-кыш!.. — шпурляю на курэй аскабалак. — Каршуна няма на вас. Баранавых. Грысь па сваёй гаспадарскай звычцы прынёс у хату некалькі сухіх аскабалкаў. Кулакоўскі. Танк зароў, паехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Гранітныя аскабалкі пырснулі ва ўсе бакі. Лужанін. Марыля схапіла, бутэльку і бразнула яе аб печ. Дробныя аскабалкі шкла зазвінелі па хаце. Корбан. Аскабалкам жалеза.. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.

1. Павесіць, прымацаваўшы да чаго‑н. або надзеўшы на што‑н. Навесіць шторы. Павесіць замок. □ У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў. Цесляры нібы знарок у першую чаргу падагналі падаконнікі, вушакі, уставілі новенькія рамы, павесілі дзверы. Шамякін.

2. У спартыўных гульнях — накіраваць мяч у бок варот або падняць над сеткай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тарца (у 1 знач.). Тарцовая паверхня. // Размешчаны ў тарцы. Тарцовае акно. Тарцовыя дзверы вагона. // Які выконвае якое‑н. дзеянне з боку тарца. Тарцовы ключ. Тарцовая разьба.

2. Які пакрыты тарцамі (у 2 знач.). Тарцовая маставая. □ Па баках вуліцы, не зважаючы на ранні час, стаялі на каленях багамольныя людзі, кабеты і мужчыны, заўзята білі сябе ў грудзі кулакамі і прыпадалі ілбамі да халоднага тарцовага бруку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяць, тну, тнеш, тне; тнём, тняце; пр. цяў, цяла, ‑ло; заг. тні; зак. каго-што і без дап.

1. Ударыць, даць чым‑н. Каманду пастроілі і загадалі: «Марш!» Калі ж яна не скранулася з месца, былы гандляр яйкамі з бабскім віскам кінуўся на першага ў крайняй двойцы і з маху цяў яму прыкладам у грудзі. Брыль.

2. Балюча ўкусіць. Сабака моцна цяў за нагу. □ Блыха тне чалавека, ды і схаваецца ў кажушнай воўне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сарда́к ’безрукаўка’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл., Скарбы), ’суконная жакетка без падкладкі’ (Сл. Брэс.), сардачо́к ’безрукаўка’ (Шатал.), ’камізэлька’ (Сцяшк. Сл.), сарда́чык ’кофта, блузка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. серда́к, сарда́к ’кафтан з грубага сукна’, ’верхняя цёплая суконная вопратка галіцкіх сялян, расшытая шнурамі’, польск. serdak, дыял. sardak ’скураная безрукаўка ў сялян-горцаў; кафтан, світка’. Апошняе, магчыма, з усх.-слав. (Брукнер, 485). Слова няяснага паходжання. Набліжаюць да сэрца, г. зн. адзенне, якое пакрывае грудзі і спіну, верхнюю частку тулава. Праабражэнскі (1, 434) лічыць першакрыніцай франц. surtout, параўн. рус. сюрту́к, бел. сурду́т (гл.). Не з лапсардак (гл.), рус. лапсердак ’доўгаполы яўрэйскі сурдут’, якое з ідыш. Labserdak, ад lāb ’ліф’ і укр. сердак. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 459 з літ-рай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗУБР (Bison bonasus),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 падвіды: раўнінны еўрап. белавежскі (B.b. bonasus) і каўказскі (B.b. caucasicus). У мінулым быў пашыраны на тэр. Літвы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вял. Каўказа. На пач. 20 ст. захаваўся ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але быў знішчаны — у пушчы ў 1919, на Каўказе ў 1927.

У заапарках шэрагу краін захавалася 56 жывёл. Узнаўленне З. праводзілася ў спец. гадавальніках у Белавежскай пушчы ў Польшчы, заапарках Еўропы, на Каўказе, у Асканіі-Нова, Беларусі, Прыокскатэрасным і Окскім запаведніках, Літве. Еўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўказскі — гібрыдызацыяй B. bonasus × B. bonasus caucasicus. Акрамя чыстакроўных З. разводзяць гібрыдаў (зубрабізон і складаныя гібрыды са свойскай жывёлай). Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. У вясенне-летні перыяд З. трымаецца ў мясцінах з разнатраўем; увосень канцэнтруецца ў дубравах або лясах; зімой корміцца парасткамі, карой дрэў і інш., трымаецца паблізу падкормачных пунктаў. На Беларусі жыве падвід З. еўрап. белавежскі. Рэдкі, знаходзіцца ў стадыі аднаўлення папуляцый. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП і Беларусі. На 1.1.1997 у Белавежскай пушчы 280 З., у Бярэзінскім біясферным запаведніку 34, у Прыпяцкім запаведніку 29, у інш. раёнах Беларусі 43 асобіны. Трымаецца статкамі да 20 асобін на чале з самкай.

Даўж. цела да 3,5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 1,2 т; самкі драбнейшыя. Пярэдняя ч. тулава масіўная за кошт гарба. Галава адносна невял. з парай серпападобных рагоў. Шыя кароткая і тоўстая. Грудзі шырокія, магутныя. Поўсць адносна кароткая, зімой вельмі густая, бурая; на карку, шыі, падбародку доўгая, утварае грыву, бараду, махры падгузка. Палаваспелыя ў 3—4 гады. Нараджае пераважна 1 цяля; многія зубрыцы целяцца раз у 2 гады. Жыве 25—30 гадоў.

Зубр.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),

від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.

Узнікла у СССР у 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар. відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.

На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.​Багіраў, Я.​Далінін (1992, 1995), В.​Данілаў (1992, 1993, 1994), І.​Казанцава (1992, 1993), В.​Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.​Масквіна (1994, 1995, 2000), С.​Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.​Сямёнаў (2000), М.​Цыпандзін (1992, 1994), В.​Юркевіч (1996).

Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

breast​1 [brest] n.

1. гру́дзі; грудна́я кле́тка

2. anat. мало́чная зало́за;

breast milk грудно́е малако́

3. грудзі́на (адзежы), пе́рад

4. гру́дка (частка цела ў птушкі);

The robin has a red breast. У малінаўкі чырвоная грудка.

5. гру́дка (мяса пярэдняй часткі птушкі або жывёліны);

chicken/turkey breasts куры́ныя/інды́чыя гру́дкі

6. lit. сэ́рца; душа́

♦

make a clean breast of smth. шчы́ра прызна́цца ў чым-н.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)