суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.Бруна, Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.
З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭОРЫЯ ЗВЫЧАЙНЫХ ДЫФЕРЭНЦЫЯЛЬНЫХ УРАЎНЕННЯЎ
Асобныя даследаванні па гэтай галіне матэматыкі на Беларусі да 1956 вяліся ў БДУ і Мінскім пед. ін-це (М.І.Брыш, А.Дз.Мышкіс). Сістэматычныя даследаванні па тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў пачаліся ў 1950-я г. Ю.С.Багданавым і М.П.Яругіным, па тэорыі ўстойлівасці — крыху пазней Я.А.Барбашыным. Да 1970-х г. даследаванні былі сканцэнтраваны ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі і БДУ, у наш час вядуцца таксама ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі, Брэсцкім, Віцебскім, Гомельскім, Гродзенскім, Магілёўскім ун-тах. Стымулюючы ўплыў на развіццё даследаванняў зрабіў арганізаваны М.П.Яругіным у 1956 у Мінску ўсесаюзны (з 1992 Рас.АН) часопіс «Дифференциальные уравнения».
У апошнія тры дзесяцігоддзі актыўна развіваюцца аналітычная, асімптатычная і якасная тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыя ўстойлівасці і матэматычная тэорыя сістэм, тэорыя сістэм Пфафа. У аналітычнай тэорыі вырашана праблема Рымана ў фармулёўцы Лапо-Данілеўскага для двухмернай лінейнай сістэмы фуксава тыпу з 4 асаблівымі пунктамі яе матрыцы каэфіцыентаў; вылучаны класы нелінейных ураўненняў і сістэм з адназначнымі рухомымі асаблівасцямі; для нелінейных сістэм з мераморфнымі правымі часткамі знойдзены ўмовы існавання і метады пабудовы рашэнняў з вызначаным характарам паводзін у наваколлі асаблівых пунктаў; вывучаны аналітычныя ўласцівасці рашэнняў ураўненняў Пенлеве і ўраўненняў вышэйшых парадкаў з уласцівасцю Пенлеве (В.І.Громак, С.Р.Кандраценя, М.А.Лукашэвіч, І.П.Мартынаў, У.У.Цагельнік, А.І.Яблонскі, М.П.Яругін). У асімптатычнай тэорыі атрымалі развіццё ўсе асн. раздзелы тэорыі характарыстычных паказчыкаў Ляпунова, у прыватнасці, вырашана праблема ўстойлівасці характарыстычных паказчыкаў, апісаны мноствы ніжніх Перана і раўнамерных Боля паказчыкаў; у метадзе замарожвання даказана дасягальнасць яго ацэнак, атрыманы розныя крытэрыі кіравальнасці характарыстычных паказчыкаў, уведзены паняцці, даследаваны ўласцівасці і прапанаваны алгарытмы вылічэння розных граніц паказчыкаў Ляпунова ўзбураных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў тэорыі ўстойлівасці па лінейным прыбліжэнні; даследаваны асімптатычна эквівалентныя сістэмы, сістэмы Копеля-Конты і Лапо-Данілеўскага, ураўненні Эмдэна—Фаўлера (Ю.С.Багданаў, Я.А.Барабанаў, І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, А.А.Левакоў, С.А.Мазанік, Я.К.Макараў, Р.А.
Прохарава, В.А.Рабцэвіч). У якаснай тэорыі атрымалі далейшае развіццё метады біфуркацыйнага аналізу, дакладнай ацэнкі колькасці лімітавых цыклаў, вылічэння фокусных велічынь і знаходжання ўмоў цэнтра, а таксама ізахроннасці цэнтра аўтаномных сістэм (У.В.Амелькін, А.П.Вараб’ёў, М.А.Лукашэвіч, В.Г.Раманоўскі, А.П.Садоўскі, Л.А.Чэркас, А.І.Яблонскі). Распрацаваны канструктыўныя метады пабудовы і даследавання перыядычных і амаль перыядычных рашэнняў лінейных і нелінейных неаўтаномных сістэм (А.К.Дземянчук, В.М.Лапцінскі, У.І.Міроненка). У тэорыі ўстойлівасці распрацаваны метады пабудовы функцый і функцыяналаў Ляпунова для звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў і ўраўненняў з паслядзеяннем; вырашана частковая і ў некрытычным выпадку агульная задачы Ляпунова пра экспаненцыяльную ўстойлівасць па лінейным прыбліжэнні (Я.А.Барбашын, І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Л.Б.Княжышча). У тэорыі сістэм Пфафа вывучаны асімптатычныя ўласцівасці рашэнняў, будова характарыстычных і ніжніх характарыстычных мностваў лінейных сістэм Пфафа і іх рашэнняў; даказана поўная інтэгравальнасць сістэм Пфафа ў варыяцыях (У.В.Амелькін, І.В.Гайшун, Э.І.Груда, М.А.Ізобаў, М.В.Кажэра, Я.К.Макараў).
Літ.:
Гайшун И.В. Введение в теорию линейных нестационарных систем. Мн., 1999;
Яго ж. Линейные уравнения в полных производных. Мн., 1989;
Gromak V.I., Laine I., Simomura S. Painleve Differential Equations in the Complex Plane. Berlin; New York, 2002; Изобов Н.А. Исследования в Беларуси по теории характеристических показателей Ляпунова и ее приложениям // Дифференциальные уравнения. 1993. Т. 29, № 12; Черкас Л.А. Функция Дюлака полиномиальных автономных систем на плоскости // Там жа. 1997. Т 33, №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЖЭ́ННЕ,
анаэробны ферментатыўны акісляльна-аднаўляльны працэс расшчаплення (катабалізму) арган. рэчываў, што адбываецца ў жывых арганізмах і эксперым. умовах пераважна пад уздзеяннем мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Зыходным субстратам для браджэння з’яўляюцца гал.ч. вугляводы, арган. к-ты, пурыны і пірымідзіны. Пры браджэнні ў выніку шэрагу спалучаных акісляльна-аднаўляльных рэакцый вызваляецца энергія, неабходная для жыццядзейнасці арганізмаў, і ўтвараюцца хім. злучэнні, што выкарыстоўваюцца імі для біясінтэзу амінакіслот, бялкоў, тлушчаў і інш. «будаўнічых» кампанентаў цела (некаторыя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы і прасцейшыя жывуць толькі за кошт энергіі браджэння). Адначасова назапашваюцца канчатковыя прадукты браджэння: у залежнасці ад віду зброджвальнага субстрату і шляхоў яго метабалізму ўтвараюцца спірты (этанол і інш.), карбонавыя к-ты (малочная, алейная і інш.), ацэтон і інш.арган. злучэнні, вуглякіслы газ, у шэрагу выпадкаў — вадарод. Паводле ўтварэння асн. прадуктаў адрозніваюць браджэнне спіртавое, малочнакіслае, масленакіслае, прапіёнавакіслае, ацэтона-бутылавае, ацэтона-этылавае і інш. Характар і інтэнсіўнасць браджэння, колькасныя суадносіны канчатковых прадуктаў, а таксама кірунак залежаць ад асаблівасцяў яго ўзбуджальніка і ўмоў, пры якіх яно адбываецца (pH, ступень аэрацыі, від субстрату і інш.). Найб. вывучана спіртавое браджэнне.
Спіртавое браджэнне адкрыў франц. вучоны Каньяр дэ ла Тур (1836), які вызначыў, што яно звязана з ростам і размнажэннем дражджэй. Хім. ўраўненне спіртавога браджэння — C6H12O6∙2C2H5OH + 2CO2 выведзена франц. хімікамі А.Лавуазье (1789) і Ж.Гей-Люсакам (1815). Л.Пастэр (1857) вызначыў, што спіртавое браджэнне выклікаюць толькі жывыя дрожджы ў анаэробных умовах. Ням. хімік Э.Бухнер (1897) высветліў, што яго могуць ажыццяўляць таксама выцяжкі з дражджэй. Пры т-ры, роўнай або большай за 50 °C, працэс браджэння спыняецца. Вылучаны і ідэнтыфікаваны 11 метабалітаў гэтага працэсу — прамежкавых прадуктаў спіртавога браджэння глюкозы і 11 ферментаў, што паслядоўна каталізуюць усе рэакцыі і спіртавога браджэння (сумарнае ўраўненне якога C6H12O6 + 2H3PO4 + 2АДФ → 2CH3CH2OH + 2CO2 + 2АТФ). Існуе цесная сувязь паміж браджэннем і дыханнем мікраарганізмаў, раслін і жывёл. У прысутнасці кіслароду спіртавое браджэнне прыгнечваецца ці зусім спыняецца. Працэс ператварэння глюкозы ў жывых арганізмах (гліколіз) падобны да спіртавога браджэння і ідзе з удзелам тых жа ферментаў (адметныя рысы ён набывае на апошніх этапах). Зброджванне вугляводаў (глюкозы, ферментатыўных гідралізатаў крухмалу, кіслотных гідралізатаў драўніны) шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах прам-сці з мэтай атрымання этылавага спірту, гліцэрыну і інш.тэхн. і харч. прадуктаў. На спіртавым браджэнні заснаваны прыгатаванне цеста ў хлеба-пякарнай прам-сці, малочнакіслых прадуктаў, вінаробства і піваварэнне. Малочнакіслае браджэнне бывае гомаферментатыўнае (яго асн. прадукт — малочная к-та; выклікаецца бактэрыямі Streptococcus lactis, S. diacetilactis, Lactobacillus delbrückii) і гетэраферментатыўнае (акрамя малочнай утвараюцца бурштынавая і воцатная к-ты, этанол і інш.; выклікаецца бактэрыяй Escherichia coli — кішачнай палачкай). Малочнакіслае браджэнне выкарыстоўваюць пры вырабе кісламалочных прадуктаў, малочнай к-ты, у хлебапячэнні, квашанні агародніны, сіласаванні кармоў і інш. Масленакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем масленай к-ты ажыццяўляюць многія анаэробныя бактэрыі з роду Clostrobium; выкарыстоўваецца для атрымання масленай к-ты, пры вымочванні валакністых раслін (лёну, канапель, джуту і інш.). Ацэтона-бутылавае браджэнне вугляродаў з утварэннем бутылавага спірту і ацэтону (таксама невял. колькасці вадароду, вуглякіслага газу, воцатнай і масленай к-т і этылавага спірту) выклікае бактэрыя Clostridium acetobutilicum; выкарыстоўваюцца для прамысл. атрымання бутылавага спірту і ацэтону, неабходных для хім. і лакафарбавай прам-сці. Некаторыя бактэрыі з роду Clostridium (гніласныя анаэробы) здольныя зброджваць таксама амінакіслоты бялкоў. Гэты працэс мае вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Прапіёнавакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем вуглякіслага газу, прапіёнавай і воцатнай к-т выклікаюць некалькі відаў бактэрый з роду Propionibacterium. На гэтым працэсе заснавана сыраробства. Ёсць віды браджэння, якія суправаджаюцца і аднаўленчымі працэсамі, напр. зброджванне цукру плесневым грыбам Aspergillus niger, які да 90% засвоенага ім цукру ператварае ў лімонную к-ту, што выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці для мікрабіял. сінтэзу лімоннай к-ты. Традыцыйна браджэнне называюць таксама кіслародныя акісляльныя працэсы, напр. воцатнакіслае і глюконавакіслае браджэнне, што ажыццяўляюць аэробныя бактэрыі з роду Acetobacter і некаторыя плесневыя грыбы, якія акісляюць этылавы спірт з утварэннем воцатнай, а глюкозу — глюконавай к-т.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 2. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТАНІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.
Беларусь знаходзіцца (паводле класіфікацыі Г.Вальтэра, 1974) на стыку 2 асноўных раслінных зон Еўропы: барэальнай — з перавагай хвойных і немаральнай — з перавагай лісцевых летнезялёных лясоў. Пераходная паласа паміж зонамі характарызуецца наяўнасцю ў роўнай ступені як заходнееўрапейскіх (немаральных), так і паўночных (барэальных) элементаў флоры. Месцазнаходжанне краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы абумоўлівае найб. актыўнае ўзаемапранікненне шыракалістых лістападных і таежных лясоў, што выяўляецца ў канцэнтраванай і асаблівай разнастайнасці раслінных супольніцтваў. Каля 40 відаў дрэў і хмызнякоў (бружмель звычайны, брызгліна еўрапейская, ядловец і інш.), 230 відаў травяністых раслін (багнаўка чорная, балотны мірт звычайны, гудаера паўзучая, жаўтазелі, пралеска высакародная і інш.) маюць на Беларусі мяжу арэала (напр., паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі еўрапейскай і вольхі шэрай; паўн. мяжа грабу і берасту) або пашыраны лакальна. Кліматычныя і глебава-араграфічныя асаблівасці яе тэр. абумоўліваюць занальнасць расліннага покрыва, якое займае 19,34 млн.га (93,1% тэр. краіны). Прадстаўлена лясамі, у т. л. забалочанымі (7,84 млн.га, або 37,8%), хмызнякамі (0,73 млн.га, або 3,5%), лугамі (3,24 млн.га, або 15,6%), адкрытымі балотамі (0,93 млн.га, або 4,5%), воднымі (0,48 млн.га, або 2,3%), сегетальнымі, або паворыўнымі культурамі (5,76 млн.га, або 27,7%), і рудэральнымі, або сметнікавымі (0,36 млн.га, або 1,7%), супольніцтвамі.
Першае на Беларусі геабатанічнае раянаванне распрацавала В.С.Палянская (1929), якая вылучыла на ўсх. краіны 5 прыродных раёнаў. Лесараслінную апрацоўку гэтай тэр. з фітацэнатычным, экалагічным і занальна-кліматычным аналізам раёнаў зрабіў Юркевіч (1940). Раянаваннем лясоў займаліся таксама В.І.Пераход (1954) і М.І.Касцюкевіч (1954), лугоў — Е.А.Круганава (1968), балот — Н.Я.Кац (1971). Сучасную сетку геабатанічнага і лесарасліннага раянавання распрацавалі В.С.Гельтман і Юркевіч (1960, 1965, 1969, 1982).
За найважнейшы крытэрый прынята лясная расліннасць як найб. пашыраная і часова ўстойлівая. На гэтай аснове вылучаны 3 геабатанічныя падзоны: дубова-цемнахвойных падтаежных (шыракаліста-яловых) лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў (ялова-грабавых дуброў) і шыракаліста-хваёвых лясоў (грабавых дуброў). У межах падзон вылучана 7 геабатанічных акруг; Заходне-Дзвінская, Ашмянска-Мінская, Аршанска-Магілёўская, Нёманска-Перадпалеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Бугска-Палеская, Палеска-Прыдняпроўская. Акругі падзелены на 25 геабатанічных раёнаў (Гельтман, 1982).
Для кожнай таксанамічнай адзінкі характэрна свая асаблівая расліннасць. Паўн. геабатанічную падзону характарызуюць пераважна цемнахвойныя яловыя лясы, вярховыя балоты, сухадольныя лугі. Цэнтр. падзона грабава-дубова-цемнахвойных лясоў мае пераходны характар, дзе спалучаюцца барэальныя і немаральныя лясы, вярховыя, пераходныя і нізінныя балоты, сухадольныя і заліўныя лугі. Для паўд. падзоны характэрны шыракаліста-хваёвыя лясы, нізінныя балоты, астэпаваныя лугі. На ўсходзе, у Палеска-Прыдняпроўскай акрузе, сканцэнтравана больш за 50% ад усёй колькасці заліўных лугоў краіны, а на захадзе, у Бугска-Палескай акрузе, — найбольшая колькасць нізінных лугоў. На тэр. гэтай акругі захаваліся найбуйнейшыя ў Еўропе нізінна-балотныя масівы — балоты Званец і Спораўскае.
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Вальтер Г. Растительность земного шара: Пер. с англ.Т. 2. М., 1974;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;
Гельтман В.С. Географический и типологический анализ лесной растительности Белоруссии. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне), чацвярцічная сістэма (перыяд),
апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.
Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн.км² сушы, што ў 3 разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.
Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.
Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).
Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.
Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;
Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЫчалавека
(франц. гасе ад італьян. razza парода),
біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.
Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.Лейбніц, К.Ліней, Ж.Бюфон, І.Кант, Ж.Кюўе і інш.). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц. вучонага Ж.Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, М.М.Чабаксараў, А.І.Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-й пал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.
Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл.Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл.Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл.Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл.Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл.Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.
Паводле даследаванняў Р.Я.Дзянісавай, В.В.Бунака і В.Дз.Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.
Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.
Літ.:
Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАЛОГІЯ
Асобныя экалагічныя даследаванні на Беларусі вяліся з 1920-х г. Вывучаліся лясная, лугавая і балотная расліннасць у сувязі з якасцямі глеб (У.У.Адамаў, І.Г.Васількоў, В.С.Палянская, Н.М.Савіч і інш.), дынаміка і геаграфічнае пашырэнне паляўнічай фауны (У.У.Стачынскі, І.М.Сяржанін, А.У.Фядзюшын). У 1930-я г. экалогія сфарміравалася ў самастойную навук. дысцыпліну.
У НДІ эксперыментальнай батанікі АН Беларусі даследавана і праведзена прыродна-гістарычнае раянаванне тэр. Беларусі (І.С.Лупіновіч); дадзена дэталёвая характарыстыка глеб краіны як асноўнага экалагічнага фактара (М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, У.М.Пілько, П.П.Рагавой), тыпалагічная характарыстыка лясоў (У.С.Адзярыха, В.С.Гельтман, Дз.С.Голад, М.Ф.Лоўчы, А.З.Цюцюноў, І.Д.Юркевіч). Распрацаваны экалагічныя падыходы да інтрадукцыі дрэвавых парод і вылучаны інтрадукцыйныя рэгіёны Беларусі (А.Ф.Іваноў, Л.У.Краўчанка, Г.І.Маргайлік, М.Дз.Несцяровіч, А.У.Панамарова, Л.І.Рахцеенка і інш.). Вывучана экалогія лугавой і балотнай расліннасці (Н.А.Буртыс, Е.А.Круганава, І.М.Сцепановіч). Даследаваны заканамернасці ўзаемаадносін раслін у згуртаваннях (Г.І.Калашнікава, І.А.Каураў, Л.А.Крот, Б.С.Мартыновіч, І.Ф.Мінько, І.Н.Рахцеенка, Б.І.Якушаў і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на дынаміку флоры і расліннасці (Н.Ф.Казлоўская, Г.А.Кім, А.М.Маслоўскі, В.І.Парфёнаў, Г.Ф.Рыкоўскі і інш.), асаблівасці росту і развіцця дрэвавых парод на балотах, шляхі павышэння прадукцыйнасці балотных лясоў (В.А.Іпацьеў, Л.П.Смаляк). Даследуюцца пытанні індустрыяльнай экалогіі (В.Р.Анціпаў, Н.У.Гетко, Я.А.Сідаровіч, М.У.Смольскі, С.А.Сяргейчык, К.Дз.Чубанаў і інш.).
У Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі даследаваны асобныя пытанні экалогіі жывёл: пашырэнне найб. важных груп жывёл у сувязі з умовамі асяроддзя, акліматызацыя каштоўных прамысловых жывёл, складаныя фауністычныя комплексы, пытанні аховы, аднаўлення і рэканструкцыі жывёльнага свету Беларусі (І.Ц.Арзамасаў, М.С.Долбік, П.Р.Козла, М.Я.Нікіфараў, М.М.Пікулік, А.Я.Пленін, Л.М.Сушчэня, І.М.Сяржанін і інш.).
Асаблівая ўвага звяртаецца на вывучэнне праблем, звязаных з радыеактыўным забруджваннем раслін і глеб прыродных фітацэнозаў у сувязі з Чарнобыльскай катастрофай. Вывучаны маштабы радыеактыўнага забруджвання, заканамернасці акумуляцыі і міграцыі радыенуклідаў; распрацаваны прагноз уздзеяння радыеактыўных выкідаў на расліннасць. Рэкамендацыі па выкарыстанні расл. рэсурсаў зон радыеактыўнага забруджвання даны ў працах А.І.Забалотнага, С.А.Дзмітрыевай, Б.С.Мартыновіча, В.І.Парфёнава, Б.І.Якушава і інш. (Ін-т эксперыментальнай батанікі Нац.АН Беларусі), У.Ф.Багінскага, І.М.Булавіна, В.А.Іпацьева (Ін-т лесу Нац.АН Беларусі) і інш. Праводзяцца даследаванні па экалогіі прыродных радыеактыўных ізатопаў калію-40 і урану-238 (Ж.М.Анісава, М.М.Карсека, Б.І.Якушаў).
Створаны ў 1990 Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вырашае комплекс задач па выпрацоўцы біясферна сумяшчальнай тактыкі прыродакарыстання ў сучасных умовах. Вывучана класіфікацыя біясферных функцый балотных экасістэм (М.М.Бамбалаў, В.А.Раковіч). Праведзена ацэнка эмісіі і сцёку вуглякіслага газу ў атмасферу рознымі экасістэмамі (В.В.Каляда, У.Ф.Логінаў, Р.І.Сачок), уздзеяння ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў (С.В.Какарэка, Т.І.Кухарчык). Вывучаны ўдзельныя выкіды розных вытворчасцей і трансгранічны перанос забруджвальнікаў (С.В.Какарэка, Т.І.Кухарчык, В.С.Хоміч), заканамернасці змянення кліматычных умоў краіны пад уплывам прыродных і антрапагенных фактараў (Г.П.Кузняцоў, І.Р.Логінаў, У.С.Мікуцкі). Праведзена ацэнка адаптацыі шэрагу галін эканомікі да змен параметраў клімату. Вывучаны заканамернасці размеркавання цяжкіх металаў у розных відах элементарных ландшафтных адзінак (Л.І.Васільева, В.Б.Кадацкі, І.П.Самсоненка). Распрацоўваюцца пытанні экалогіі гарадоў і экалагічнай сістэмы «горад—прыгарад» (М.І.Струк, В.С.Хоміч), ствараецца праектная база для развіцця новых гарадскіх комплексаў. Сумесна з ін-тамі Нац.АН Беларусі, мін-вамі прыродных рэсурсаў і эканомікі распрацаваны прагноз змен навакольнага асяроддзя ў Беларусі на 2010—2020 (У.Ф.Логінаў, М.І.Струк).
Праблемы экалогіі даследуюцца таксама ў БДУ, Бел. тэхналагічным універсітэце, запаведніках і інш.
Літ.:
Сущеня Л.М., Пикулик М.М. Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990;
Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси в связи с аварией на Чернобыльской АЭС. Мн., 1995;
Ипатьев В.А., Багинский В.Ф. и др. Лес. Человек. Чернобыль. Гомель, 1999;
Логинов В.Ф., Калинин М.Ю., Иконников В.Ф. Современное антропогенное воздействие на водные ресурсы. Мн., 2000;
Природная среда Беларуси. Мн., 2002;
Какарека С.В., Кухарчик Т.И., Хомич В.С. Стойкие органические загрязнители: источники и оценка выбросов. Мн., 2003;
Изменения климата Беларуси и их последствия. Мн., 2003.
Тэрыторыя Беларусі размешчана ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы з раўнінным рэльефам, яе ландшафты належаць да класа раўнінных. Тыпы ландшафтаў (барэальныя і суббарэальныя лясныя) вылучаны па глабальных адрозненнях у суадносінах цяпла і вільгаці, уласцівых гэтаму сектару сушы. У межах тыпу з улікам генетычных асаблівасцей тэрыторыі вылучаны роды, паводле мезарэльефу і структуры глебаварасліннага покрыва — віды ландшафтаў. У залежнасці ад займаемай займанай* плошчы прыродныя тэрытарыяльныя комплексы (ПТК) падзяляюць на дамінантныя, субдамінантныя і рэдкія. Да дамінантных належаць 2 роды ландшафтаў — водна-ледавіковыя і другаснамарэнныя, якія займаюць 35% плошчы краіны і з’яўляюцца для яе найб. тыповымі. Субдамінантныя ПТК (39,5% плошчы) прадстаўлены групай з 5 родаў ландшафтаў, удзельная вага якіх змяняецца ад 5 да 10%. Астатнія ландшафты (25,5%), кожны з якіх займае менш за 5% плошчы, утвараюць групу рэдкіх.
Ландшафты-дамінанты сустракаюцца паўсюдна, асабліва характэрны для цэнтральнай паласы Беларусі. Яны прымеркаваны да буйных раўнін — Цэнтральнабярэзінскай, Слуцкай, Аршанска-Магілёўскай, Чачорскай, Баранавіцкай, Нарачанскай і Вілейскай. У гэтай групе найб. пашыраныя водна-ледавіковыя ландшафты з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, часткова разараныя. Займаюць 20,75% тэр. Фарміраванне іх літагеннай асновы звязана з дзейнасцю ледавіковых вод у час раставання ледавікоў, у выніку чаго ўтварыліся магутныя пясчаныя адклады рознага ўзросту. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—190 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Характэрныя формы рэльефу — дзюны, катлавіны, лагчыны сцёку. Бедныя пясчаныя, месцамі забалочаныя глебы, садзейнічаюць пашырэнню лясоў (45%), пераважна хваёвых і бярозавых, і балот. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 15 відаў. Другаснамарэнныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, значна разараныя, займаюць 14,6% тэр. Складзены яны з асноўнай марэны сожскага і дняпроўскага ўзросту, перакрыты водна-ледавіковымі, радзей лёсападобнымі супескамі і суглінкамі магутнасцю 0,5—3 м. Абсалютныя адзнакі паверхні 150—180 м, адносныя перавышэнні 3—5 м. Рэльеф хвалісты, радзей узгорыста-хвалісты. Характэрныя формы рэльефу — лагчыны сцёку з плоскім днішчам, асобныя камавыя і марэнныя ўзгоркі. Пашыраныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы і выраўнаваны рэльеф абумовілі высокую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці пры параўнальна нізкай (каля 23%) лясістасці. Сярод лясных фармацый пераважаюць шыракаліста-яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. У межах гэтага роду ландшафту вылучана 13 відаў.
Субдамінантныя ландшафты пашыраны паўсюдна, але асабліва тыповыя для цэнтр. і паўд. частак краіны. Найб. складанай будовай адрозніваюцца ўзгорыста-марэнна-эразійныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракалістымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей дзярнова-палева-падзолістых глебах, значна разараныя. Яны займаюць 7,9% плошчы краіны і прымеркаваны да ўзвышшаў Беларускай грады ў зоне сожскага зледзянення. Тэрыторыя складзена з валунных марэн. Пераважаюць абсалютныя адзнакі 200—250 м, радзей да 320 м, а на Мінскім узвышшы — да 345 м. Рэльеф дробна- і сярэднеўзгорысты, радзей буйнаўзгорысты і платопадобны, значна перапрацаваны эразійнымі працэсамі. Урадлівыя дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы паспрыялі высокай ступені сельскагаспадарчай асвоенасці і параўнальна нізкай (каля 25%) лясістасці. Сярод лясоў пераважаюць шыракаліста-яловыя і яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. Структура ландшафтаў складаная — у іх межах вылучана 13 відаў.
Марэнна-зандравыя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракаліста-хваёвымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глебах, абмежавана разараныя, займаюць 8,4% тэр. краіны і прымеркаваны да яе паўд. часткі. Фарміраванне літагеннай асновы ландшафтаў звязана з акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага і дняпроўскага ледавікоў і іх вод, якія перакрывалі найб. паніжаныя ўчасткі асноўнай марэны пясчанымі адкладамі. У выніку ландшафты маюць неаднародную геалагічную будову і складзены з розназярністых водна-ледавіковых пяскоў, радзей — з марэнных суглінкаў. Абсалютныя вышыні 150—170 м, месцамі 170—210 м, адносныя перавышэнні 5—7 м, рэльеф хвалісты. Геолага-геамарфалагічная неаднароднасць абумовіла стракатасць глебава-расліннага покрыва. У межах марэнных раўнін і ўзгоркаў пашыраны дзярнова-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы, пераважна разараныя. Невялікімі ўчасткамі тут сустракаюцца шыракаліста-яловыя, шыракаліста-хваёвыя і дубовыя лясы. Водна-ледавіковыя і зандравыя раўніны з пясчана-супясчанымі, часта забалочанымі глебамі, заняты хваёвымі лясамі. Сярэдняя лясістасць ландшафтаў — 30%. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 9 відаў.
Алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты з хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, часткова разараныя, займаюць 6,3% плошчы Беларусі. Прымеркаваны яны да далін буйных рэк (Дняпро, Прыпяць, Сож) на поўдні краіны. Складзены з алювіяльных пяскоў. На асобных участках па правабярэжжы Прыпяці пяскі перакрыты мергелістымі лёсападобнымі суглінкамі. на ПдЗ — водна-ледавіковымі супескамі і суглінкамі. Абсалютныя іх вышыні 115—140 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Паверхня пласкахвалістая, месцамі хвалістая ці плоская, слаба расчлянёная лагчынамі сцёку, забалочаная. Сустракаюцца эолавыя формы ў выглядзе ўзгоркаў, град і адзінкавых дзюн. Эолавыя формы складзены з адсартаваных пяскоў, іх адносныя вышыні дасягаюць 3—7 м. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-супясчаныя глебы, ёсць і тарфяна-балотныя. Лясістасць дасягае 50%. Сярод лясоў пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя. Часта сустракаюцца лясныя і травяныя балоты нізіннага, радзей вярховага тыпаў. Сельскагаспадарчая асвоенасць нізкая, каля 20%, прымеркавана пераважна да асушаных балот.
Азёрна-алювіяльныя ландшафты з шыракаліста-хваёвымі, хваёвымі і дубовымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, драбналістымі лясамі і балотамі на тарфяна-балотных глебах, часткова разараныя, займаюць 8,1% тэр. Беларусі. Пашыраны пераважна на Палессі і прымеркаваны да ўчасткаў, складзеных з азёрных і алювіяльных пяскоў, часта перакрытых торфам магутнасцю 0,5—0,7 м. Рэльеф плоскі, ускладнены дзюнамі, месцамі слабаўвагнуты, з абсалютнымі вышынямі 137—145 м і адноснымі перавышэннямі 1,5—2 м. Бедныя дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя пясчаныя глебы абумовілі нізкую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці (30%) і значную (да 50%) лясістасць. У складзе лясоў — хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, бярозавыя, зрэдку дубровы. Чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы прымеркаваны да тарфяна-балотных глеб. Значная колькасць адкрытых балот асушана і занята сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.
Азёрна-балотныя ландшафты з балотамі і карэннымі драбналістымі лясамі на тарфяна-балотных глебах, хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых глебах, значна разараныя, пашыраны на 8,8% тэр. Сустракаюцца паўсюдна з пераважаннем у паўн. і паўд. раёнах. Складзены з азёрных, алювіяльных або азёрна-алювіяльных утварэнняў, перакрытых тарфамі магутнасцю 0,5—8 м. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—160 м, адносныя перавышэнні — 1,5—2,5 м. Рэльеф плоскі, зрэдку слабавыпуклы або слабаўвагнуты. Часта сустракаюцца шматлікія астанцы рачных ці азёрных тэрас з дзюнамі, водна-ледавіковых раўнін, азёрна-ледавіковых нізін. На такіх участках рэльеф набывае бугрысты характар з перападамі вышынь 5—6 м. Зрэдку сярод балот захаваліся рэшткавыя азёры, найчасцей невялікія, іншы раз буйныя (Чырвонае, Выганашчанскае, Бабровіцкае). У глебавым покрыве пашыраны маламагутныя, радзей сярэднемагутныя і магутныя тарфяна-балотныя глебы, на астанцах — забалочаныя дзярновыя, дзярнова-карбанатныя і дзярнова-падзолістыя, пясчана-супясчаныя глебы. Натуральная расліннасць прадстаўлена асаковымі, асакова-трыснояговымі, сфагнавымі (20%) і ляснымі (чорнаальховымі, пушыстабярозавымі) балотамі; ёсць участкі бярозавых, шыракаліста-хваёвых і хваёвых лясоў (40%). На асушаных тэр. пераважаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Структура ландшафтаў параўнальна простая — у іх межах вылучана 5 відаў. Балотныя ландшафты ў сваім натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць важныя экалагічныя функцыі, у сістэме ахоўных прыродных аб’ектаў Беларусі на іх долю прыпадае 25% ахоўнай тэрыторыі.
У групе рэдкіх ландшафтаў пераважаюць маладыя комплексы, сфарміраваныя ў паазерскі, ці галацэнавы, час. Таму большая іх частка знаходзіцца ў межах Паазерскай правінцыі і адрозніваецца ад інш. ландшафтаў вялікай колькасцю азёр. Гэта ўзгорыста-марэнна-азёрныя, марэнна-азёрныя, азёрна-ледавіковыя ландшафты. Да групы рэдкіх належаць таксама нетыповыя для Беларусі лёсавыя ландшафты.
Лёсавыя ландшафты з шыракаліста-яловымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-палева-падзолістых глебах, пераважна разараныя, пашыраны ва ўсх. частцы Беларусі і займаюць 2,3% яе плошчы. Яны складзены з лёсаў і лёсападобных парод магутнасцю 4—17 м, якія залягаюць на марэнных і водна-ледавіковых адкладах. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 190—230 м, адносныя перавышэнні 1—2, радзей да 5 м. Рэльеф хваліста-ўвалісты, месцамі дробнаўзгорысты і платопадобны са шматлікімі суфазійнымі западзінамі і эразійнымі формамі — ярамі, лагчынамі, далінамі дробных рэк. Пераважаюць дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя глебы, вельмі ўрадлівыя. Таму лёсавыя ландшафты характарызуюцца найб. сельскагаспадарчай асвоенасцю — каля 84%. У натуральнай расліннасці пераважаюць яловыя, шыракаліста-яловыя і асінавыя лясы (10%). ёсць і сухадольныя лугі. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 5 відаў.
Поймавыя ландшафты з лугамі, балотамі, дубровамі на дзярновых забалочаных глебах пашыраны ў поймах буйных рэк. Яны займаюць 4,2% тэр. Беларусі і часцей трапляюцца ў паўд. яе частцы. Складзены з маладых алювіяльных адкладаў (пяскі, супескі, зрэдку перакрытыя торфам). Рэльеф звычайна плоскі, пласкахвалісты з абсалютнымі адзнакамі 100—150 м і нязначнымі (0,1—0,3 м) адноснымі перавышэннямі, радзей драбнагрывісты (1—1,5 м) і буйнагрывісты (1,5—3 м). Сустракаюцца астанцы надпоймавых тэрас, часта з дзюнамі; ёсць старычныя азёры. Глебы пераважна дзярновыя забалочаныя, пясчана-супясчаныя з драбназлакавымі, радзей буйназлакавымі лугамі (каля 45%) і поймавымі дубровамі. На тарфяна-балотных глебах сустракаюцца чорнаальховыя лясы, але лясістасць не перавышае 14%. На поймах Прыпяці, Дняпра і некаторых іх прытокаў тарфяна-балотныя глебы асушаны і выкарыстоўваюцца пад ворыва, пашы і культурныя сенажаці (каля 20%). Поймавыя ландшафты ў натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць экалагічныя і рэкрэацыйныя функцыі.
Прыродныя ландшафты знаходзяцца пад значным уплывам гаспадарчай дзейнасці, якая спрыяе трансфармацыі прыродных комплексаў у антрапагенныя. У залежнасці ад ступені гаспадарчага ўздзеяння антрапагенныя ландшафты падзяляюць на прыродна-антрапагенныя і тэхнагенныя (створаныя рукамі чалавека, патрабуюць з яго боку пастаяннага догляду і не маюць аналагаў у прыродзе; напр., гарадскія, горнапрамысловыя, дарожныя ландшафты). Прыродна-антрапагенныя ландшафты фарміруюцца ў працэсе выкарыстання рэсурсаў прыроднага комплексу, што прыводзіць да трансфармацыі ў першую чаргу кампанентаў біёты. На тэр. Беларусі сярод прыродна-антрапагенных ландшафтаў пераважаюць сельскагаспадарчыя і сельскагаспадарча-лясныя (60% плошчы). Пашыраны таксама лясныя, рэкрэацыйныя, ахоўныя прыродна-антрапагенныя комплексы.
Г.І.Марцінкевіч.
Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафт Браслаўскай грады.Камава-марэнна-азёрны ландшафт Возера Глубелька (Мядзельскі раён).Марэнна-зандравы ландшафт.Азёрна-алювіяльны ландшафт Выганашчанскага заказніка ў Івацэвіцкім раёне.Ландшафт рачных далін у Расонскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт. Нізіннае хвашчовае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае асакова-сфагнавае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае сфагнава-падвейнае балота ў Шчучынскім раёне.Поймавы ландшафт; веснавая паводка ў сярэднім цячэнні р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНАЯ ГАСПАДАРКА
Землі ляснога фонду Беларусі займаюць 9,2 млн.га або 44,5% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,8 млн.га (85% агульнай плошчы зямель ляснога фонду і 95% лясной плошчы). Яны прадстаўлены дрэвавымі пародамі: хвоя (па плошчы) займае 51,4%, елка 10,3%, дуб 3,4%, бяроза 20,8%, асіна 2,2%, вольха шэрая 2,5%, вольха чорная 8%. Агульны запас драўніны на корані складае 1339,8 млн.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 137 млн.м³, з іх лесаўтваральных хвойных (хвоя, елка) — 46%, мяккалістых (бяроза, вольха, асіна, таполя, ліпа, вербы) — 46%, цвердалістых (дуб, ясень, граб, клён, вяз) — 7%. Спелыя і перастойныя дрэвастоі складаюць па плошчы (ад укрытых лесам зямель) — 7,9%, ад агульнага запасу — 10%. Сярэдні запас драўніны на 1 га — 171 м³, сярэдні банітэт 1,9, сярэдняя паўната дрэвастояў — 0,71, сярэдні ўзрост лясоў — 49 гадоў. Да зямель ляснога фонду адносяцца таксама землі, не ўкрытыя лесам, але прызначаныя для лесаразвядзення, і нелясныя землі.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь лясы з’яўляюцца выключна дзяржаўнай уласнасцю. Кіраванне лясамі ажыццяўляе Урад праз Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (Мінлясгас). Разам з Мінлясгасам дзярж. кантроль за выкарыстаннем і аховай лясоў вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды). У распараджэнні Мінлясгаса 86% зямель ляснога фонду і 95 лясгасаў. Астатнія землі замацаваны за Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (7,2%, 13 лясгасаў), Міністэрствам абароны (3,1%, 11 лясгасаў), Камітэтам па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (2,3%, 1 лясгас), Інстытутам лесу (0,4%, 3 лясгасы), Мінскім гарвыканкомам (0,4%, 1 лясгас), Міністэрствам адукацыі (0,3%, 2 лясгасы). Мінлясгас ажыццяўляе свае паўнамоцтвы праз абл.вытв. лесагаспадарчыя аб’яднанні (6) і лясгасы (95). Тэр.-арганізац. структура лясгасаў уключае лясніцтвы (803), майстроўскія ўчасткі (2246), абходы (12 069). Сярэдняя плошча лясгаса — 85 тыс.га, лясніцтва — 9,9 тыс.га. Акрамя вытв. інфраструктуры Мінлясгасу падпарадкаваны таксама Лесаўпарадкавальнае рэсп. унітарнае прадпрыемства (УП) «Белдзяржлес», Дзярж. ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бяспекі «Беллесрад», Дзярж. ўстанова «Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр», Праектна-вышукальнае РУП «Белгіпралес», Паляўніча-гаспадарчае РУП «Белдзяржпаляванне», Дзярж. ўстанова па ахове і маніторынгу лесу «Беллесахова», Гандлёва-вытв. РУП «Беллясгастэхніка», Інвестыцыйнае РУП «Беллесінвест», Вучэбна-адукацыйная ўстанова «Рэсп. вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў лясной гаспадаркі».
У адпаведнасці з эканам., экалагічным і сац. значэннем лясы падзелены на 2 групы. Да 1-й групы аднесена 49,8% лясоў з экалагічнымі і рэкрэацыйнымі функцыямі (запаведнікі, нац. паркі, заказнікі, помнікі прыроды рэсп. значэння, асабліва каштоўныя ўчасткі ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навук. і гісторыка-культ. значэнне, водаахоўныя, прыдарожныя, сан.-гігіенічныя, аздараўленчыя вакол населеных пунктаў, курортныя лясы і інш.). Тут нарыхтоўка драўніны і інш. лесагаспадарчыя мерапрыемствы абмежаваны або забаронены. Да 2-й групы аднесены т.зв. эксплуатацыйныя лясы, што з’яўляюцца асноўнай крыніцай драўніны і інш. прадуктаў. У лясах абедзвюх груп вылучаны 19 катэгорый асабліва ахоўных участкаў з абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Гэта тэрыторыя (каля 880 тыс.га) выключана з разлікаў лесакарыстання. Доля лясоў, магчымых для эксплуатацыі, у агульнай плошчы абедзвюх груп складае 87%. Доля ляснога сектара, ацэненага па рэалізацыі прадукцыі прамысл. вытворчасці, складае ў ВУП 6%. Прынятая стратэгія лесакарыстання ажыццяўляецца паводле прынцыпу бесперапыннасці і невычарпальнасці. Разлік лесакарыстання вядзецца на 1 год, 10 гадоў і перспектыву (100 гадоў).
Драўніна нарыхтоўваецца пры высечках галоўнага (спелых дрэвастояў), прамежкавага (высечкі догляду, выбарачныя, санітарныя) карыстання і інш. высечках (пры расчыстках трас і пляцовак пад лініі электраперадач, аўтадарогі, прамысл. і нелесагаспадарчыя аб’екты, пры суцэльных санітарных высечках). Памер нарыхтоўкі і водпуску драўніны ў спелых дрэвастоях вызначаецца разліковай лесасекай па высечках галоўнага карыстання. Агульны штогадовы аб’ём нарыхтоўкі драўніны ўключае (2002): па высечках гал. карыстання 4317 тыс.м³, прамежкавага карыстання 3997 тыс.м³ і інш. высечках 4463 тыс.м³. За перыяд 1993—2002 сярэднегадавая доля драўніны ад кожнага віду карыстання ў агульным аб’ёме нарыхтоўкі склала адпаведна 42%, 40% і 18%. У агульным аб’ёме карыстання доля дзелавой драўніны складае 54%, дроў — 46%.
Драўнінныя рэсурсы краіны забяспечваюць сыравінай прамысловасць, буд. комплекс, аграрны сектар, камунальную гаспадарку, інш. галіны эканомікі, патрэбы насельніцтва, пастаўляюцца на экспарт. У 2003 пастаўлена на экспарт драўніннай прадукцыі (з улікам паслуг) на суму 43,3 млн. долараў ЗША. У структуры экспарту пераважаюць піламатэрыялы (46%) і балансы для цэлюлозна-папяровай вытворчасці (45%). Лесанарыхтоўкі (з лістапада 1998 ліцэнзуемы від дзейнасці) праводзяць дзярж. прадпрыемствы, недзярж., сумесныя і замежныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі. Драўнінныя рэсурсы пераважна выкарыстоўваюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (50% нарыхтоўкі і вывазу драўніны з высечак гал. карыстання). Вытворчасцю прадукцыі з драўніны займаюцца каля 5 тыс. суб’ектаў гаспадарання (уключна з с.-г. прадпрыемствамі, дапаможнай прамысловасцю, малымі прадпрыемствамі і кааператывамі). Больш за палавіну дзелавой драўніны ідзе на вытв-сць піламатэрыялаў, выпуск якіх ажыццяўляюць 2,7 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей, найбуйнейшыя з іх уваходзяць у сістэму канцэрна «Беллеспаперапрам». Лесапільная вытв-сць арганізавана і ў сістэме лясной гаспадаркі. У 84 лясгасах функцыянуе 111 лесапільна-дрэваапрацоўчых цэхаў, 18 сталярных, 5 — па ацыліндроўцы бярвення, 3 паркетныя ўчасткі. Яны вырабляюць піламатэрыялы, дошкі для падлогі і абшыўныя, аконныя і дзвярныя блокі, тарныя камплекты, паркет, садовыя домікі, паганажныя вырабы і інш.Асн. сыравінай з’яўляюцца круглыя лесаматэрыялы ад высечак прамежкавага і частковага гал. карыстання. Сумарная вытворчая магутнасць цэхаў лясгасаў па аб’ёме перапрацоўкі сыравіны — да 1 млн.м³. У агульным аб’ёме сыравіны для цэхаў да 76% займае буйная і сярэдняя дзелавая драўніна, 16,5% — дробнатаварная і 7,5% — дрывяная драўніна і адходы лясной гаспадаркі.
Гал. задача лясной гаспадаркі — лесааднаўленне і лесаразвядзенне. Лесааднаўленне на высечках, месцах пажараў (гарах) і інш. раней укрытых лесам землях праводзіцца на працягу 3 гадоў з моманту іх утварэння. Лесаразвядзенне праводзіцца і на нелясных землях з мэтай скарачэння плошчаў непрадукцыйных зямель, павышэння лясістасці тэр. рэспублікі. За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўленчых работ павялічана з 21 да 37,8%. На 1 жыхара краіны прыпадае 0,8 га і 135 м³ лесу, што амаль у 5 разоў вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень (без Расіі). Са 118 адм. раёнаў 17 маюць лясістасць да 50% і больш. Штогод сяўбой і пасадкай у лясгасах ствараюцца лясныя культуры на пл. каля 30 тыс.га. У 2002 лесааднаўленнем ахоплена 43,3 тыс.га, у т. л. пасадка і сяўба лесу праведзены на пл. 36,2 тыс.га, садзейнічанне натуральнаму аднаўленню лесу — на пл. 7,1 тыс.га. Фарміруюцца пераважна мяшаныя паводле саставу лясы для захавання біяразнастайнасці, павелічэння ўстойлівасці да неспрыяльных кліматычных умоў і тэхнагенных уздзеянняў. З мэтай захавання генетычных рэсурсаў лесаўтваральных відаў вылучаны і ахоўваюцца 5 тыс.га генетычных рэзерватаў, 2686 плюсавых дрэў; для захавання генафонду створана 1860 га лесанасенных плантацый і 283 га пастаянных лесанасенных участкаў, закладзена сетка доследных і геаграфічных культур, архіваў клонаў, сямейных і гібрыдных плантацый. Штогод 11—16% (3—4 тыс.га у агульным аб’ёме лесакультурных плошчаў) лясных культур ствараецца пасадачным і пасяўным матэрыялам з найлепшага насення, што забяспечвае да дасягнення ўзросту высечкі павелічэнне запасу насаджэнняў на 10%. Для атрымання высакаякаснага насення пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр і яго філіялы ў Глыбокім і Івацэвічах. Пасадачны матэрыял вырошчваюць у 160 лясных гадавальніках, у т. л. 61 пастаянным, 27 базісных, якія займаюць плошчу каля 1200 га.
У лясным фондзе ажыццяўляецца таксама нарыхтоўка дзікарослых пладоў і ягад (чарніц, журавін, маліны, брусніц, буякоў, чарнаплоднай рабіны і інш.), грыбоў, лекавай сыравіны, бярозавага соку, жывіцы, насення, бярозавых венікаў, хвойнай лапкі, мяса дзікіх жывёл. Штогод у лясным фондзе нарыхтоўваюць да 5 тыс.т грыбоў і 12 тыс.т ягад. Агульны аб’ём экспарту гэтай прадукцыі не перавышае 5% ад біялагічных і 20% ад эксплуатацыйных запасаў гэтых рэсурсаў. Агульная пл. паляўнічых угоддзяў складае 17,7 млн.га. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца 22 віды млекакормячых і 31 від птушак: капытныя жывёлы — лось, алень, дзік, касуля; пушныя звяры — вавёрка, заяц-бяляк, заяц-русак, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, выдра, янотападобны сабака; птушкі — глушэц, цецярук, курапатка, качкі і інш. У сістэме Мінлясгаса дзейнічаюць 72 лесапаляўнічыя гаспадаркі. З 1991 атрымалі магчымасць займацца паляваннем у лясных угоддзях Беларусі замежныя паляўнічыя. Для іх арганізуюцца паляўнічыя туры.
У сістэме лясной гаспадаркі функцыянуюць кірункі дапаможнай сельскай гаспадаркі: лясная жывёлагадоўля (авечкі, свінні, бычкі, коні, алені), пушная зверагадоўля (нутрыі), рыбаводства. Вырошчваюць культ. плады і ягады, бульбу, збожжавыя; атрымліваюць прадукты пчалярства (мёд, воск, праполіс, мярва); рэалізуюць саджанцы дэкаратыўных дрэвава-кустовых парод, навагоднія елкі.
Ахова лясоў — адзін з найважнейшых кірункаў у дзейнасці Мінлясгаса і яго тэр. органаў. У гады з надзвычайнай пажарнай небяспекай за дзень узнікае да 200 выпадкаў загарання лясоў. Колькасць лясных пажараў у 2002 дасягнула 5274, пажарамі было ахоплена 10 108 га лясной плошчы, у выніку згарэла і пашкоджана на корані 199,8 тыс.м³ лесу. Выяўленне пажараў арганізавана на 4 узроўнях: наземнае патруляванне (ажыццяўляюць работнікі дзярж. лясной аховы); візуальнае назіранне з пажарна-назіральных вышак і мачтаў з выкарыстаннем тэхн. сродкаў выяўлення пажараў па цеплавым выпрамяненні і тэлевізійным кантролі; авіяцыйнае патруляванне лясоў; касмічны пажарны маніторынг з выкарыстаннем даных станцыі касмічнага прыёму прыродна-рэсурсных здымкаў. Матэрыяльна-тэхн. база пажаратушэння Мінлясгаса ўключае 210 пажарна-хім. станцый, 440 пажарных аўтамабіляў, 1800 трактароў з глебаапрацоўчым абсталяваннем і інш. Штогод з мэтай павышэння пажараўстойлівасці ляснога фонду ствараюць да 80 тыс.км мінералізаваных палос, праводзяць ачыстку лесу ад сухастою, высечку ў хвойных маладняках, фарміруюць лясы мяшанага саставу (хвойна-лісцевыя) і супрацьпажарныя разрывы з лісцевых парод, арганізоўваюць месцы адпачынку (у 2003 арганізавана 4980), абмяжоўваюць уезд аўтатранспарту шлагбаумамі (у 2003 на лясных дарогах абсталявана 7235 шлагбаумаў) і інш. Праводзіцца таксама ахова лясоў ад шкоднікаў і хвароб біялагічным метадам з завабліваннем птушак, перасяленнем і агароджваннем мурашнікаў (штогод на пл. больш за 19 тыс.га), прафілактычная апрацоўка фунгіцыдамі сеянцаў хвойных парод на пл. больш за 220 га, знішчэнне шкодных насякомых у ачагах іх масавага размнажэння праводзіцца з дапамогай авіяцыі (у 2002 такім спосабам апрацавана 10,3 тыс.га, у 2003—3,3 тыс.га лясоў). Выкарыстоўваюцца пераважна экалагічна няшкодныя прэпараты.
Літ.:
Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;
История лесного дела Беларуси. Ч. 2. Динамика лесистости, породного состава и лесовосстановления Беларуси. Гомель, 2002;
История лесного дела Беларуси. Ч. 1 Мн., 1996.
Н.Ю.Пабірушка.
Прарэджванне ў хваёвых пасадках Смаргонскага доследнага лясгаса.Экспартная драўніна прадукцыі лясгасаў.Аднаўленне лесу хваёвым маладняком па высечках.Вырошчванне пасадачнага матэрыялу дуба звычайнага ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насеннегадоўчым цэнтры.Вырошчванне з насення саджанцаў лясных культур у цяпліцах Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннегадоўчага цэнтра.Станцыя УНІСКАН на базе прадпрыемства «Белдзяржлес» для прыёму інфармацыі праз штучныя спадарожнікі аб пажарах, стыхійных бедствах, санітарным і лесапаталагічным стане лясоў.«Дом паляўнічага» каля в. Заходняя Морач у Старобінскім лясгасе.Выкарыстанне тэхнікі пры тушэнні лясных пажараў.Месцы для адпачынку турыстаў.