ДЫДА́КТЫКА (ад грэч. didaktikos павучальны, які датычыць вучобы),

галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання. Адным з першых тэрмін «Д.» ўжыў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657). Прадмет даследавання Д. — мэты, змест, заканамернасці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навуч. праграм, арганізац. формаў і сродкаў навучання. Д. арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі Д. (Д. матэматыкі, Д. фізікі, Д. бел. мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягненнях. Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне школьнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэт., эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы. Дасягненне мэт магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Асн. прынцыпы Д.: прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай; прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня; прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу; прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, што забяспечвае трываласць ведаў; прынцып свядомасці і актыўнасці засн. на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання; прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім; прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам індывід. асаблівасцей кожнага вучня. У Беларусі даследаванні ў галіне Д. праводзяцца ў Нац. ін-це адукацыі і ВНУ.

Літ.:

Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990.

В.​М.​Навумчык.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),

вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.​С.​Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). Рас. вучоны С.​Л.​Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.

Літ.:

Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;

Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч. М., 1983. Т. 3;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;

Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;

Леонтьев А.Н. Эволюция психики: Избр. психол. тр. М.;

Воронеж, 1999.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

з’е́сці, з’ем, з’ясі, з’есць; з’ядзім, з’ясце, з’ядуць; пр. з’еў, з’ела; заг. з’еш, з’ешце; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыняць якую‑н. ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. З’есці хлеба. З’есці яблык. З’есці па бліну. □ Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Чорны. Адзін з’еш хоць вала — адна хвала. З нар. // Загрызці, задушыць. Па пасёлку папаўзлі чуткі, што Гінку з’елі ваўкі. Корбан.

2. перан. Разм. Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. — Заўсёды ён імкнуўся з’есці мяне, зжыць са свету, ну — і згубіць цяпер. Шынклер. Цешча зноў загаласіла: — А не вінаваты ж ён, не вінаваты!.. А з’елі ж яго свае зайздроснікі!.. Асіпенка. // Поўнасцю паглынуць, забраць. [Максім Астаповіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Вось і ўсё, што асталося дзеля Марынінай будучыні, хіба можа далучыць яшчэ сюды яго былую няўдалую мару, якая з’ела лепшыя яго маладыя гады. Чорны. З’ела царскае каранне Тарасову сілу, — Менш глядзеў ужо на неба, А больш у магілу. Купала.

3. Сапсаваць, пашкодзіць, грызучы і пад. (пра насякомых, грызуноў). Моль з’ела футра. □ Калі ўжо завёўся шашаль, можа ўсю будыніну з’есці дашчэнту. Баранавых. // Разм. Заесці, пакусаць (пра насякомых).

4. перан. Поўнасцю знішчыць (пра сілы прыроды і пад.). Снег рыхлы з’елі туманы, — Бярозавік цячэ ў збаны; Прынёс нам бусел на хвасце Вясну — чарэмшына цвіце. Бялевіч. Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала.

5. Разм. Пашкодзіць, разбурыць (пра ядавітае рэчыва, іржу і пад.). Грыб з’еў падлогу. Іржа з’ела трубы.

6. Груб. пагард. Ужываецца як дакор пры звароце да каго‑н. у значэнні: вазьмі, забяры. Замест адказу Аўгіння схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду. — Вось па што хадзіла. З’еш яго! Колас.

7. Сцерці, затупіць (зубы).

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) — тое, што і з’есці (у 2 знач.).

З’есці пуд жалезнага бобу — набрацца вялікага цярпення для чаго‑н.

Зубы з’есці (праесці) на чым — доўгай працай, практыкай набыць вопыт, веды ў якой‑н. справе.

Кукіш (фігу, дулю, трасцу) з’есці — нічога не атрымаць.

Мала кашы з’еў — тое, што і мала кашы еў (гл. есці).

Пуд солі з’есці з кім — пражыць разам доўгі час.

Сабаку з’есці ў чым, на чым — мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыда́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. прыдаўся, ‑далася, ‑далося; зак.

1. Аказацца патрэбным, спатрэбіцца; падысці. [Арлоўскі] добра разумеў, што яго ваенныя веды і вопыт вельмі прыдаліся б там, у Іспаніі, у барацьбе супроць фашызму. Паслядовіч. [Мілючок:] — У добрай гаспадарцы ўсё прыдасца. Брыль. — Дзякую за [з]ычлівае слова, — пачціва адказаў Лабановіч, — не ведаю толькі, як прыдамся да працы. Колас.

2. Выдацца, здарыцца. Сена, як на тое, прыдалося мурожнае, з дзяцелінай і хвошчыкам. Сачанка. Я дабра не спадзяваўся, Я там праўды не чакаў... Нешчаслівы дзень прыдаўся: У той дзень волю пахаваў. Колас.

прыда́цца 2, ‑дасца; пр. прыдаўся, ‑далася, ‑далося; зак.

1. Дадацца, далучыцца да каго‑, чаго‑н.; перадацца. Змалку Макар быў упарты, а душой як чыстае дзіця — кожны пакрыўдзіць. Цяпер ўпартасці прыдалося. Асіпенка. — Ад тужлівага вока гора малому прыдасца. Савіцкі.

2. Здацца, уявіцца. Як Ганне Сымонаўне прыдалося, яны — старэйшы з маладзейшым — і размаўлялі, а ўсе іншыя проста слухалі. Дубоўка. Я знячэўку падхапіўся нават: Можа, гэта проста прыдалося? Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́мяць, -і, ж.

1. Здольнасць захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні, вопыт, а таксама сам запас уражанняў, якія захоўваюцца ў свядомасці.

Добрая п.

Урэзацца ў п.

Вылецець з памяці (забыцца). Гаварыць на п. або па памяці (не гледзячы ў тэкст). Выкінуць з памяці (забыць). Дацца ў п. (запомніцца). Падарыць што-н. каму-н. на п. (каб помніў). Не ў п. (пра тое, што не помніцца). На памяці чыёй або пры памяці чыёй ці за чыю п. (у перыяд жыцця каго-н., калі ён сам быў сведкам чаго-н.). Дайсці да памяці (апрытомнець). Прыйсці на п. (успомніцца). Кароткая п. у каго-н. (хутка забывае; звычайна пра таго, хто не хоча помніць, успамінаць што-н.). Курыная п. (вельмі дрэнная; разм., жарт.). П. машыны (перан.: пра запамінальнае ўстройства вылічальнай машыны).

2. Успамін пра каго-, што-н.

Ён пакінуў у нас добрую п. пра сябе.

Захоўваць п. пра якую-н. падзею.

3. Тое, што звязана з памерлым (успаміны пра яго, пачуцці да яго і пад.).

Прысвяціць манаграфію памяці свайго настаўніка.

Ушанаваць п. нябожчыка ўставаннем.

Вечная п. каму-н. (пажаданне, каб доўга, вечна помнілі каго-н. памерлага).

Без памяці

1) без прытомнасці.

Хворы быў без памяці;

2) вельмі моцна (разм.).

Бегчы без памяці;

3) ад каго-чаго. У захапленні (разм.).

Ён без памяці ад дзяўчыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВЕ́ЧНЫЯ ВО́БРАЗЫ, сусветныя вобразы,

умоўная назва вобразаў літаратурных герояў, якія ўзніклі ў канкрэтную гіст. эпоху, але ў свядомасці людзей наступных эпох ператварыліся ў мнагазначныя і шырокавядомыя сімвалы, здольныя ўвасабляць з’явы агульначалавечага зместу. Кожны з гэтых вобразаў (Праметэй, Дон Жуан, Фауст, Гамлет, Дон Кіхот) па-свойму адлюстроўвае спрадвечныя сутнасныя канфлікты самавыяўлення чалавека, гранічнасць яго жыццёвых ідэалаў і памкненняў, супярэчлівую рэальнасць яго магчымасцей. Маст. ёмістасць і шматмернасць такіх вобразаў, багаты вопыт іх інтэрпрэтацый у сусв. л-ры і мастацтве вядуць да новых абагульненняў, пераацэнак рэчаіснасці ў адпаведнасці з умовамі і патрэбамі часу.

Тытан Праметэй — герой стараж.-грэч. міфалогіі ў трагедыі Эсхіла пададзены як смелы багаборац, а ў больш позніх творах як сімвал сапраўднай чалавечнасці, падзвіжніцкага служэння вял. мэце (у Дж.​Байрана, П.​Б.​Шэлі, М.​Агарова, Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Ліста, А.​Скрабіна, Тыцыяна). Сярэдневяковая легенда пра рыцара, які аддаў жыццё пошукам любоўных уцех, выклікала шмат літ. наследаванняў, у якіх Дон Жуан выступаў прадстаўніком арыстакратычнага грамадства (Мальер), заўзятым шукальнікам неўвядальнай жаноцкасці (опера В.​А.​Моцарта, апавяданне Э.Т.​А.​Гофмана), бунтаром у імя свабоды асобы (паэма Байрана), звычайным спажыўцом бурж. тыпу (раман А.​Бальзака), эгаістычным жыццялюбцам, для якога настаў час расплаты за мінулае («маленькая трагедыя» А.​Пушкіна). Этапныя маст. вытлумачэнні легенды пра Фауста, які нібыта прадаў душу д’яблу дзеля ведаў і багацця: п’еса К.​Марла «Трагічная гісторыя доктара Фауста»; трагедыя І.​В.​Гётэ «Фауст», прасякнутая верай у сілу чалавечага розуму; раман Т.​Мана «Доктар Фаустус», у якім трагічны лёс Фауста супастаўляецца з лёсам усёй Германіі 1-й пал. 20 ст. Характар Гамлета са скандынаўскай сагі, у якой гал. герой настойліва дасягае сваёй мэты і карае злачынцу, пераасэнсаваны ў аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра, дзе Гамлет паўстае найперш мысліцелем, які выпрабоўвае сумненнямі традыц. погляды.

Першыя спробы асваення вечных вобразаў у бел. л-ры — пераклады Бібліі: да біблейскіх вобразаў звярталіся ў сваёй творчасці Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі. Многа міфал. вобразаў парадзіравана ў ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». У 1920—30-я г. найб. часта згадваўся вобраз Праметэя, багаборніцкія імкненні якога адпавядалі рэв. ўздыму і грамадскім настроям часу. Надзвычай важным для бел. л-ры стаў вобраз музыкі — нар. песняра, мастацтва якога раскрывала душу бел. народа, векавую крыўду і боль прыніжанага чалавека, незгасальную веру ў моц нар. духу і неўміручасць нар. генію («Курган» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа).

Літ.:

Берков П.Н. Вклад восточных славян в разработку так называемых «мировых образов» // Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭІ́ЗМ (франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),

сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.​Расел, Л.​Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.​Дзідро, К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Ж.​Ламетры, а таксама Л.​Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.​Маркса, У.​І.​Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.​Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.

На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.​Бекеш, С.​Лован, К.​Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.​Будны, В.​Цяпінскі, Я.​Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Я.​Лучыны і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;

Основы религиоведения. М., 1994;

Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́НА (Янка) (сапр. Неслухоўскі Іван Люцыянавіч; 6.7.1851, Мінск — 16.7.1897),

бел. паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це на матэм. ф-це (1870—71), скончыў Пецярбургскі тэхналаг. ін-т (1877). У 1877—79 працаваў у чыг. майстэрнях Тыфліса, потым — у тэхн. бюро Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Упершыню выступіў у друку ў 1886. Пісаў на бел., польск., рус. мовах. Друкаваўся ў газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходнім календары на 1893 год» пад рэд. А.​Слупскага, польскіх часопісах і штотыднёвіках «Głos Polski» («Польскі голас»), «Kłosy» («Калоссе»), «Kraj» («Край»), «Prawda» («Праўда»), «Życie» («Жыццё») і інш. Творчасць Л. выяўляла розныя ўзроўні маст. асэнсавання бел. рэчаіснасці 1880—90-х г., але была мэтанакіраванай у дэмакр. сцвярджэнні ідэалу свайго часу. Прадаўжаючы эстэт. традыцыі л-ры Беларусі сярэдзіны 19 ст., ён заставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэаліст. і рамант. пачаткі. Тэматычна яго паэзія звязана пераважна з жыццём бел. вёскі; гал. яе герой — селянін як найб. варты прадстаўнік радзімы і носьбіт сапраўднай маральнасці. Не прымаў бурж. стасункаў у грамадстве, разам з тым верыў у асветніцкі, тэхн. прагрэс, народжаны часам. Супярэчнасць у поглядах абумовіла яго ўвагу да ўнутр. перажыванняў асобы. Паэзіі Л. ўласцівы мяккі лірызм, роздумнае паглыбленне ў псіхал. стан чалавека. Яна спрыяла развіццю бел. філас. лірыкі. Польскамоўная паэма «Паляўнічыя акварэлькі» і бел. аўтапераклад яе раздзела «Стары паляўнічы» адкрылі перад бел. паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нац. эпічных твораў («Новая зямля» Я.​Коласа і інш.). У нарысе «З крывавых дзён» (1889) Л. ўзнаўляе карціны паўстання 1863—64 на Міншчыне. Пяру Л. належыць драматургічны абразок без назвы. Збіраў бел. фальклор і дасылаў яго П.​Шэйну. Перакладаў з польск. мовы на бел. (У.​Сыракомлю) і рускую (У.​Сыракомлю, А.​Асныка), з рус. на польскую (І.​Крылова, М.​Някрасава, В.​Чуміну-Міхайлаву і інш.), з ням. (Г.​Гейнэ), стараж.-грэч. (Гамера). Польскія творы Л. на бел. мову пераклалі М.​Арочка, Р.​Барадулін, М.​Клімковіч, У.​Мархель, М.​Машара, П.​Пестрак, Г.​Тумаш, К.​Цітоў, І.​Чыгрын і інш.

Тв.:

Poezye. Warszawa, 1898;

Выбр. творы. Мн., 1953;

Вязанка. Пб., 1903 (факс. выд. Мн., 1992);

Творы. Мн., 1988.

Літ.:

Майхровіч С. Янка Лучына. Мн., 1952;

Лазарук М. Паэтычны вопыт Янкі Лучыны // Полымя. 1968. № 2;

Лойка А. Жальбы народнай і веры пясняр // Там жа. 1976. № 8;

Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990. С. 143—176;

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993.

У.​І.​Мархель.

Я.Лучына.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

прафесійная падрыхтоўка жывапісцаў, скульптараў, графікаў, спецыялістаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, маст. канструявання, мастацтвазнаўцаў.

У краінах Стараж. Усходу, Грэцыі, Рыме мастацтву вучыліся ў майстроў, якія перадавалі свае веды і вопыт вучням. У сярэднявеччы было пашырана цэхавае навучанне. З 16 ст. ў Еўропе пачалі адкрывацца маст. школы-акадэміі. У Расіі ў 17 ст. М.а. атрымлівалі ў Аружэйнай палаце ў Маскве, з 1711 у Рысавальнай школе пры Пецярбургскай друкарні; з 1757 цэнтрам маст. адукацыі стала Пецярбургская акадэмія мастацтваў.

На Беларусі ў 19 ст. вял. ролю ў падрыхтоўцы мастакоў адыгралі Віленская мастацкая школа, Віленская школа малявання, Полацкая езуіцкая акадэмія і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі Віцебская школа-майстэрня Ю.​Пэна, рысавальны клас (1899), школы-студыі Я.​Кругера (1906) у Мінску, Ф.​Пархоменкі ў Магілёве. У 1920-я г. створаны маст. школы і студыі ў Мінску, Гаралку, Оршы, Полацку, Гомельская мастацкая студыя, Віцебскае маст. вучылішча, у 1947 — Мінскае мастацкае вучылішча. Спецыялістаў з вышэйшай М.а. рыхтуюць Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі.

Па асобных маст. спецыяльнасцях вядзецца падрыхтоўка ў Беларускай політэхнічнай акадэміі, Беларускім педагагічным універсітэце, Беларускім універсітэце культуры, Брэсцкім універсітэце, Віцебскім універсітэце, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, Гомельскім універсітэце, Гродзенскім універсітэце, Магілёўскім універсітэце. Спецыялістаў з сярэдняй М.а. рыхтуюць Мінскае, Гомельскае маст. вучылішчы, Бел. рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў (гл. Беларускі ліцэй мастацтва), Віцебскае і Гродзенскае вучылішчы мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Маладзечанскае музычнае вучылішча, Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, Віцебскае вышэйшае прафес. вучылішча нар. маст. промыслаў, Бабруйскае вышэйшае прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва, Кобрынскае вышэйшае прафес. вучылішча выяўл. мастацтва і маст. промыслаў, Мінскі гар. вучэбна-прафес. цэнтр дэкар.-прыкладнога мастацтва, Мірскае маст. прафес.-тэхн. вучылішча рэстаўрацыйна-буд. работ. На Беларусі працуюць (1999): 24 дзіцячыя маст. школы, Мінскі маст. ліцэй пры Бел. АМ, 76 сярэднеадукацыйных школ з маст. ухілам, 6 з муз.-маст., 2 з муз.-выяўл. і харэаграфічным, 16 з архітэктурна-выяўл., 116 з агульнаэстэт. ухілам, маст. аддзяленні пры дзіцячых школах мастацтваў, студыі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва пры Нац. цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Мінскім Палацы дзяцей і моладзі, гар. і раённых дамах культуры, дамах нар. рамёстваў. Для ўдасканалення майстэрства мастакоў існуюць Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі, мастацтвазнаўцаў — аспірантуры пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Бел. АМ, Бел. акадэміі музыкі, Віцебскім ун-це, Бел. ун-це культуры.

Р.​І.​Кароткін.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,

жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.

Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн. ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.

Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;

Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.

М.​Я.​Грынблат, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)