Паро́м ’плыт або пласкадоннае судна для перавозкі людзей або грузаў цераз рэчку, возера, праліў’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк.; Маш., 130; Інстр. I), поро́м ’тс’ (ТС), паромшчык. Агульнаслав.: рус. поро́м, паро́м, укр. поро́м, ст.-рус. поромъ, польск. prom, чэш., славац. prám, серб.-харв. пра̏м, балг. прам. Прасл. pormъ. Роднасныя ў і.-е. мовах: ст.-ісл. farmr ’цяжар, ноша, груз’, ст.-в.-ням. farm, сяр.-в.-ням. varm ’човен, паром’, ст.-в.-ням. faran ’ехаць’, грэч. περάω ’пранікаю, праходжу’ (гл. Траўтман, 216; Фасмер, 3, 331 з літ-рай). Слав. слова не запазычана з ням. Prahm ’паром’, таму што апошняе ўзыходзіць да чэш. prám (гл. Фасмер, там жа; Махэк₂, 479).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́лена ’падол (ніжні край спадніцы)’ (нараўл., ельск., Мат. Гом.), ’ніжні край кашулі’ (Арх. Федар.), ’прыпол’ (лун., Сл. Брэс.; ТС), пе́ліна ’прыпол’ (Мат. Гом.), пелена́ ’падол, прыпол’ (ПСл). Укр. пе́лена́ ’падол кашулі; ніжні край страхі’, рус. наўг., пск. пелена́ ’сшытая полка; палотнішча’, чэш., славац. plena, славен. peleníca, pelna, plẹ́na, pleníca, pelníca, серб.-харв. ре̏лена, pelèna, макед., балг. пелена, ст.-слав. пелена. Прасл. *pelenā і pelnā, роднасныя лац. pellis < pelnis, ст.-грэч. πέλας ’скура’, ст.-в.-ням. fel ’тс’, ст.-англ. filmen ’скурка (на крайняй плоці)’, літ. plėnė̃ ’скурка, плеўка’, ст.-прус. pleynis < і.-е. *pel‑ ’покрыва, адзежа, абалонка’ (Махэк₂, 458; Аткупшчыкоў, Из истории, 134–135). Гл. таксама пеляна́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плошчадзь, плошчадь ’плоскае, роўнае месца’ (стаўб., Прышч. дыс.; шальч., кобр., беласт., Сл. ПЗБ). З рус. площадь, якое з прасл. *plosk‑ědь (Фасмер, 3, 287); Пізані (Этимология–1956, 69) лічыць слова выключна ст.-слав., адкуль яно трапіла ў ст.-рус., утвораным ад плоскъ на аснове суадносін паміж ст.-грэч. πλατεῖα < πλατύς ’шырокі, плоскі’, г. зн. адносна позняй слав. калькай, што, на яго думку, пацвярджаецца і адносна рэдкім і ’непадыходзячым” суфіксам ‑ę-dь насуперак яму Аткупшчыкоў (Из истории, 161–163) падкрэслівае славянскасць словаўтваральнай мадэлі на *-ę-dь. Хутчэй за ўсё, праславянскі дыялектызм ад *ploskъ (гл. плоскі), утвораны пры дапамозе прадуктыўнага суфікса -ědь, траўм, роўнядзь і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плюва́ць ’пляваць’ (Нас.; Растарг.; шчуч., Сл. ПЗБ), плювака ’хто часта плюе’ (Нас.); укр. плювати, рус. плевать, дыял. плювать ’тс’, польск. pluć, plwać, н.-луж. pluwaś, дыял./;/ш’, в.-луж. pluwać, чэш. pliti, кніжн. phati < ст.-чэш. pl’vati. літарат. plivati, славац. pľuť, pľvať, славен. pljúvati, рэз’ян. pjuval, серб.-харв. пљу̀вати, макед. плюва дыял. плjува. балг. плю́я, плювам, ц.-слав. пльвати, плювати ’пляваць’. Прасл. *plʼuti, *plʼьvati (Бязлай, 3, 59) ці *pjuti, *pjъvati (Фасмер, 3, 291; Банькоўскі, 2, 613), роднаснымі з’яўляюцца: літ. spiáuti, лат. spļaut ’пляваць’, ст.-грэч. πτύω ’плюю’, гоц. speiwan ’пляваць’, ст.-інд. s̥t̥hī́vati ’плюе’ < і.-е. *speu̯‑ (Міклашыч, 251; Траўтман, 276; Френкель, 866; Махэк₂, 461). Сюды ж ашм. пліва́ць ’тс’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́вадзь (поваць) ’разводдзе, паводка’ (астрав., воран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. поводь ’тс’ (Сл. Скар.). Укр. повідь, рус. поводь ’паводка’, польск. powódź ’тс’, чэш., славац. povoden ’тс’, славац. povodie ’басейн ракі’. Ад *po‑ і *vodъ ’водная прастора, шмат вады’ — бязафікснае ўтварэнне са значэннем зборнасці ад вада (гл.), параўн. бегаць ’мноства’ (ТС) ад багацце. Банькоўскі (2, 738) узводзіць да powodzić ’весці’, што сумнеўна з пункту погляду семантыкі. Сюды ж повадзь (поваць) ’многа’ (астрав., воран., Сл. ПЗБ), параўн. укр. повідь ’паводка’, перан. ’безліч’, польск. powódź ’тс’. Перанос паводле падабенства: ’вялікая колькасць вады’ > ’вялікая колькасць чаго-небудзь’. Параўн. яшчэ семантыку ст.-грэч. πέλαγοζ ’мора’, перан. ’акіян (вялікая колькасць), бязмежнасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяля́сы (пеля́сый) ’паласаты, з белымі па цёмнаму або чорнаму полю ці чорнымі па светламу полю палосамі’ (Нас.), піля́сый ’тс’ (Бяльк.), сюды ж пелесова́ць ’сцябаць пугай, паласаваць скуру біццём; вытоптваць (пра луг або пасевы)’, пелесо́ваный ’жорстка пакараны’ (Нас.), пялёсіны ’пісягі ад дубцоў’ (Наша Слова, 1992, 12 лют.), параўн. рус. пелёсый ’плямісты (пра жывёл)’, польск. pelasy ’тс’, славен. pelésast ’тс’. Роднаснае ст.-слав. пелѣсъ ’пярэсты, у кропачкі’, чэш. pelesa ’від кузуркі’, славен. pelès ’гатунак вінаграду’ і пад., якія параўноўваюць з літ. pelėsis, мн. л. pelė̃siai, pelėsiaĩ ’плесня’, грэч. πελιδνος, πελιτνός ’цёмны, шэры, бледна-сіні’, гл. Фасмер, 3, 229; Махэк₂, 445; Бязлай, 3, 23; ESJSt, 11, 635. Параўн. перапялёсы, пялёсы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сулі́ць ’прапаноўваць, даваць, абяцаць’ (Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп., Тур., ЛА, 3, Сл. ПЗБ, Шатал., ТС; бых., ЖНС; мсцісл., З нар. сл.; чавус., Нар. сл.), ’жадаць’ (Ян.), сюлі́ць ’прапаноўваць, даваць’ (астрав., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сули́ти, рус. сули́тъ, польск. дыял. sulić ’тс’. Відавочна, звязана са стараж.-рус. сулѣи ’лепшы’, ц.-слав. соулии, ст.-слав. соулѣи ’тс’, супастаўляльнымі з літ. šulnas ’выключны, цудоўны’, ст.-інд. śurah ’моцны, смелы’, грэч. χῦρος ’сіла, моц’ (Фасмер, 3, 801; ЕСУМ, 5, 472). Форма з пачатковым сю‑ (śu‑), відаць, пад уплывам літ. siū́liti ’прапаноўваць’, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем з беларускай, гл. Смачынскі, 552. Гл. таксама пасуліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тля ’дробнае насякомае, якое жывіцца сокам раслін’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Арх. Вяр.), ’моль, Acarus’: тля мучная, сырная (Ласт.), ’плесня, мох на чым-небудзь гнілым; прах; моль, дробныя чарвякі’ (Нас.), ’плесня’ (Байк. і Некр.), тля́га ’тля’ (Барад.), ст.-бел. тля ’тля’ (1489 г., КГС). Укр. тля, дыял. тлі́я, рус. тля ’тс’. Звязваюць з прасл. *tьliti ’хутка і прагна есці, паглынаць; выгадоўваць, адкормліваць; губіць, знішчаць, псаваць, пажыраць’, параўн. стараж.-рус. тьлити ’псаваць, пажыраць’, роднаснае *tьlěti ’тлець’ (гл. тлець). Акрамя таго, супастаўляецца з грэч. τῖλάω ’вадкія экскрэменты’, ’хварэю на панос’, лат. tĩrelis ’балота’, літ. týras ’балота; чысты’, tỹrė ’каша’, што няпэўна (ЕСУМ, 5, 583; Фасмер, 4, 65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́лька ‘скарада, Allium schoenoprasum L.’ (гродз., Кіс.), ‘дробная цыбуля’ (Гарэц.). Параўн. укр. трибу́лька ‘цыбуля-скарада, Allium L.’, трембу́лька ‘тс’, ‘дробная цыбуля для пасадкі’, рус. трибу́лка ‘цыбуля-шалот’. Паводле ЕСУМ (5, 634), назва перанесена з требу́ля ‘маркоўнік цямянечналісты, Anthriscus сеrefolium Hoffm.’, які таксама, як і цыбуля, ужываецца ў кулінарыі ў якасці вострай прыправы. Назва апошняга запазычана праз польскую мову (trzebuła, trzebula, trzebulka, trybulka і з несапраўдным насавым — trębulka), дзе з чэш. třebule (< *čřebule, паводле Бочка (Studia Etym. Brun., 49) < *čerbūlʼa) < італ. cerfoglio, якое ўзыходзіць да лац. cerefolium < ст.-грэч. χαιρέφυλλον (Брукнер, 580; Махэк, Jména, 168–169; Махэк₂, 656). Паводле SWO (1980, 779), узыходзіць да лац. tribulus ‘асот, Sonchus L.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПАТРАПЕ́Й (ад грэч. apotropaios які адводзіць бяду),

амулет, абярэг, прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць ад няшчасця і злога духу.

Апатрапеямі былі выявы жахлівых божастваў, звяроў і прадметаў (егіпецкага Беза, Гарпагоны, льва, грыфона, фаласа, складзеных пальцаў і г.д.), якія насілі як нацельныя амулеты; архітэктурныя рэльефы ў выглядзе звярыных мордаў і падобныя выявы на пасудзінах, зброі; нацельныя крыжыкі і ладанкі, што быццам аберагаюць вернікаў ад «нячыстай сілы».

Бел. нар. назва абярэ́г. З эпохі палеаліту як апатрапей выкарыстоўвалі амулеты з зубоў, кіпцюроў і касцей жывёл. Розныя амулеты-апатрапеі былі ў эпоху язычніцтва і ранняга хрысціянства: у курганных могільніках 9—13 ст. на Беларусі знойдзены амулеты-падвескі (лунніцы, крыжыкі), амулеты-змеевікі, змеегаловыя бранзалеты і інш. Апатрапейная сімволіка прысутнічала ў традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці. На Палессі апатрапеем было «завівала», якім накрывалі маладую ў найб. адказныя моманты вяселля; да вянца незалежна ад пары года надзявалі верхняе суконнае або футравае адзенне. Апатрапейная заклінальная магія — неад’емная частка вясенне-летніх абрадаў: сцябанне людзей і жывёлы асвячонай вярбой з традыц. прыгаворамі, асвячэнне вуглоў новай хаты свянцонай вадою; магічны круг вакол двара ў час падрыхтоўкі да веснавой сяўбы; трохразовы абход жывёлы з магічнымі прадметамі і заклінаннямі перад першым выганам у поле; юраўская раса, абрадавае печыва ў выглядзе крыжа і інш. Апатрапейны кірунак мелі такія формы калектыўнай абраднасці, як абворванне вёскі, хрэсны ход, тканне ручніка за дзень ці ноч, здабыванне «жывога» агню трэннем і інш. Адным з дзейсных апатрапеяў здаўна лічыўся чырвоны колер і арнамент. Апатрапеем лічыліся хлеб, вада, агонь, раса, зямля, вострыя металічныя прадметы, чалавечыя валасы, бурштын, зерне, ільняное валакно і семя, мак, пахучыя расліны (цыбуля, часнок, мята, палын) і інш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)