ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (15.10.1897, в.Вял. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.3.1967),
бел. спявак (барытон), муз. дзеяч. Засл. дз. маст.Беларусі (1957). Скончыў БДУ (1925), Бел.муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1920—24 артыст БДТ. У 1928—41 і 1944—48 саліст, у 1948—53 адказны рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё. У 1933—35 і 1942—44 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Артыст лірыка-драм. плана, выконваў гал. партыі ў операх рус. і замежных класікаў: Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні) і інш. Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусіасн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСКАЦЕ́ЛКІ (Cucujidae),
сямейства разнаедных жукоў. Больш за 1100 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пад карой дрэў, на складах харч. прадуктаў. Некат. пашкоджваюць збожжа, муку, крупы, сухую садавіну і інш.; некат. знішчаюць караедаў і інш. шкоднікаў. На Беларусі 20 відаў. Найб. трапляюцца мукаеды рыжы (Laemophloeus ferrugineus) і сурынамскі (Oryzaephilus surinamensis), пласкацел чырвоны (Cucujus haematodes, або C. cinnaberinus).
Даўж. да 30 мм (на Беларусі да 6 мм). Цела пляскатае, афарбоўка чорная, бурая, чырв. або жоўтая. Вусікі 11-членікавыя, нітка- або булавападобныя. Ногі ўкарочаныя, пераважна 5-членікавыя. Надкрылы з кропкавымі баразёнкамі або падоўжнымі кілямі. Лічынкі плоскія, прадаўгаватыя, з 2 загнутымі адросткамі на канцы цела. Пераважна драпежнікі, некат. ўсёедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ДКІНА (Марыяна Барысаўна) (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац.акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.Пятрова), Марутка («Выбух» М.Крукава і Г.Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАПЧУ́К (Андрэй Якаўлевіч) (16.7.1896, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 13.4.1970),
бел. вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Акад.АНБеларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-рмед.н. (1936), праф. (1931). Засл. дз. нав.Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). З 1927 у клініцы скурных і венерычных хвароб БДУ, з 1931 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1932—38 і 1945—63 у Бел. скурна-венералагічным НДІ (дырэктар). Навук. працы па марфалогіі запаленчых працэсаў скуры, абмене рэчываў, прафілактыцы, дыягностыцы, ужыванні радыеактыўных ізатопаў і стэроідных гармонаў пры скурных і венерычных хваробах. Распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырв. ваўчанкі акрыхінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЕ́ПСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане ландшафтных комплексаў з высокаўзроставымі хваёвымі лясамі, рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 3242 га. Шыракахвалістыя водналедніковыя ўрочышчы з камавымі і марэннымі ўзгоркамі, лагчыны, даліны, вярховыя і пераходныя балоты. Лясы з карэнных дрэвастояў: хвойнікі (56%), ельнікі (35%), бярэзнікі з дамешкамі асіны (9%). У флоры 428 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 16 рэдкіх і знікаючых: гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, пылкагалоўнік чырвоны, лілея кучаравая, кураслеп лясны, шпажнік чарапіцавы і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Шмат гасп.-карысных відаў, у т. л. ажына, парэчкі, суніцы і інш. З прадстаўнікоў фауны дзяцел зялёны і саракуш шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБУ́ШКА (Людміла Іванаўна) (н. 15.6.1951, Мінск),
бел. артыстка балета. Засл. арт.Беларусі (1982). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1969), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, з 1970 у Бел.дзярж.муз. т-ры (з 1970 салістка балета, з 1990 заг.літ. часткі). У рэпертуары класічныя і характарныя партыі: Аўрора і танец Фіялкі ў класічных дывертысментах («Халопка» М.Стрэльнікава, «Фіялка Манмартра» І.Кальмана), вальс і полька («Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі), румба («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Паненка («Паненка і хуліган» Дз.Шастаковіча), Ева, вальс («Ноч у Венецыі», «Лятучая мыш» І.Штрауса), усх. танец («Фраскіта» Ф.Легара), Марго («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Балерына («Стойкі алавяны салдацік» С.Баневіча) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗМО́ВА ПАЛЯ́КА З ЛІТВІ́НАМ»,
адзін з першых друкаваных свецкіх твораў на Беларусі. Выдадзены ў Брэсце ў 1564 на польскай мове. Аўтар невядомы. Пабудаваны ў форме дыялогу. Падзяляецца на 2 часткі, паміж якімі змешчаны верш «Да палякаў і літвінаў», напісаны, як мяркуюць даследчыкі, А.Воланам. Твор вызначаецца патрыятычнасцю і выкрывае захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да ВКЛ. Крытыкуюцца погляды рэакц. польскіх шляхецкіх ідэолагаў на асобу, дзяржаву і грамадства. Аўтар выступае супраць «шляхецкай распусты», гвалту, самавольства феадалаў, абараняе гуманіст. ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваюцца гіст. здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даюцца цікавыя звесткі з гісторыі і культуры ВКЛ.
Літ.:
Сокал С.Ф. «Размова паляка з літвінам» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКІ (Васіль Піліпавіч) (15.2.1918. в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.1.1992),
бел. гісторык, д-ргіст.н. (1974). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). З 1946 на парт. і сав. рабоце, у Ін-це гісторыі АНБССР, з 1971 заг. сектара Аддзела навук. інфармацыі па грамадскіх навуках АНБССР. Даследаваў акупац. рэжым і партыз. рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Аўтар прац «Супраць фальсіфікацыі гісторыі савецкага партызанскага руху» (1962), «Саўдзельнікі ў злачынствах» (1964), «Праўда гісторыі супраць фальсіфікатараў» (1985) і інш. Адзін з аўтараў кн. «Пра партыйнае падполле ў Мінску ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (1961), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85) і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ВОЙСК (сіл),
састаўная частка віду ўзбр. сіл, якая ўключае часці і злучэнні, што маюць зброю, ваен. тэхніку і тактыку дзеянняў, уласцівую толькі ім. Падзел войск на роды існуе ў большасці краін свету. З часоў старажытнасці найб. вядомыя Р.в. — пяхота, кавалерыя, з 16 ст. — артылерыя. З развіццём зброі і ваен. тэхнікі з’явіліся новыя Р.в., у т. л. ў ВМФ (ВМС) роды сіл: падводныя і надводныя, марская авіяцыя, марская пяхота і інш. Ва Узбр. Сілах Беларусі да Р.в. адносяцца мотастралк., танк., ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. і інш. войскі, а таксама роды авіяцыі (аб. Р.в. узбр. сіл, у т. л.Беларусі, гл. адпаведныя арт.). У баі Р.в. цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і са спец. войскамі.