мець, ма́ю, ма́еш, ма́е; меў, ме́ла; май; незак.

1. каго-што. Валодаць кім-, чым-н. як уласнасцю.

М. сваю хату.

2. што. Валодаць чым-н.

М. прафесію.

3. У спалучэнні з В скл. назоўнікаў якія абазначаюць уласцівасць або стан, азначае:

а) дзеянне па знач. гэтага назоўніка.

М. намер (намервацца). М. ахвоту (хацець);

б) быць, знаходзіцца ў якім-н. стане.

М. непрыемнасці.

4. У спалучэнні асабовых форм з інф. набывае знач.: павінен або намерваецца што-н. зрабіць.

Вока не мець (разм.) — быць непрыхільным да каго-н., быць незадаволеным кім-, чым-н.

Вось табе і маеш! (разм.) — вокліч з выпадку чаго-н. нечаканага, дзіўнага, выказванне расчаравання, здзіўлення.

Мець вушы (разм.) — прыслухоўвацца, слухаць.

Мець зуб на каго (разм.) — імкнуцца прычыніць шкоду, непрыемнасць каму-н.

Мець ласку (разм.) —

1) любіць каго-, што-н.;

2) мець гонар, мець магчымасць (зрабіць, сказаць і г.д.).

Мець на прыкмеце — улічваць, браць пад увагу каго-, што-н. для якой-н. мэты.

Мець руку (разм.) — мець падтрымку якой-н. важнай, уплывовай асобы.

Мець слова — атрымліваць дазвол выступіць дзе-н.

Мець справу з кім-чым — уступаць у нейкія адносіны, сутыкацца з кім-, чым-н.

(Не) мець за душой чаго (разм.) — пра наяўнасць (адсутнасць) чаго-н. у каго-н.

|| зак. займе́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 1 і 2 знач.; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гушчыня́, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан густога. Гушчыня травы. Гушчыня раствору. Гушчыня чыгуначнай сеткі. □ Усюды прабіваюцца кусты арэшніку і каліны, павялічваючы яшчэ больш гушчыню і непраходнасць лесу. В. Вольскі.

2. Тое, што і гушчар. І рады я вясне тваёй, Айчына, Як сонцу кветка ў гушчыні лясной. Прыходзька.

3. Тое, што і гушча (у 3 знач.). У гушчыні натоўпу. З гушчыні народных мас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каэфіцые́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Лікавы (або літарны) множнік у алгебраічным выразе. // Лік, на які трэба памножыць якую‑н. велічыню, каб атрымаць велічыню, патрэбную пры даных умовах.

2. Велічыня, якая колькасна вызначае якую-небудзь уласцівасць фізічнага цела. Каэфіцыент трэння. Каэфіцыент расшырэння. Каэфіцыент цеплаправоднасці.

•••

Каэфіцыент карыснага дзеяння (ккдз) — адносіны колькасці карыснай работы, выкананай якім‑н. механізмам, да колькасці скарыстанай ім энергіі.

[Ад лац. coefficiens, coefficientis — які ўтварае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непісьме́ннасць, ‑і, ж.

1. Няўменне чытаць і пісаць. Чатырохгадовы план ліквідацыі непісьменнасці ў Перу паспяхова выкананы. «ЛіМ». // перан. Адсутнасць адпаведных ведаў у якой‑н. галіне; недасведчанасць у чым‑н. Палітычная непісьменнасць. Тэхнічная непісьменнасць. □ А справы ў Валянціна ішлі ўсё горш і горш. На кожнай планёрцы, кожным сходзе цэх называлі адстаючым, папракалі кіраўніка ў непісьменнасці, нядбайнасці. Астрэйка.

2. Уласцівасць, якасць непісьменнага. Непісьменнасць праекта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падазро́насць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан падазронага. Падазронасць учынку. Падазронасць паводзін. □ Пакуль.. [сястра] калола ў руку хворага, ён .. поўнымі падазронасці вочкамі сачыў за яе рухамі. Быкаў.

2. Падазроныя адносіны да каго‑, чаго‑н., недаверлівасць. [Гарасім] пачаў з недаверам і падазронасцю ставіцца да сваіх братоў-арандатараў. Чарнышэвіч.

3. Тое, што і падазрэнне (у 1 знач.). Дзедаў адказ адвёў падазронасць ад яго асобы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прывабнага; здольнасць прывабліваць, прыцягваць да сябе. Сіняя сівізна не пасавала да маладжавасці твару і тым не менш надавала яму мяккую прывабнасць. Хадкевіч. Прыпяць надае ўсёй гэтай мясцовасці чароўную прывабнасць. В. Вольскі. // Прыгажосць, мілавіднасць. Колькі разоў прыязджалі да .. [Эльзы] багатыя жаніхі, захапляліся яе прывабнасцю. Шчарбатаў. // Цікавасць, займальнасць. Янук з усіх сіл імкнуўся даказаць мне прывабнасць клоунскай прафесіі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склада́насць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць складанага (у 2–5 знач.). Я свет угледзеў там [над Нёманам], Пазнаў складанасць гам яго і тонаў. Колас. Праз два дні Міхась зразумеў, што ўся складанасць яго становішча прыдумана ім самім. Шахавец.

2. толькі мн. (склада́насці, ‑ей). Тое, што патрабуе вялікіх намаганняў; цяжкасці. У барацьбе са стыхіяй прыроды, з рознымі іншымі цяжкасцямі і складанасцямі рос і загартоўваўся калектыў шахцёраў. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старада́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць старадаўняга (у 1 знач.); даўнасць узнікнення, існавання чаго‑н. Старадаўнасць звычаяў. // Вельмі далёкія часы, далёкае мінулае. Жыццё не знае старасці — Яно не мае меж: З глыбокай старадаўнасці Да нас прыходзіць верш. Непачаловіч.

2. звычайна мн. (старада́ўнасці, ‑ей). Помнім далёкага мінулага. Паспрабуйце не мінаць хуткім крокам і безуважнымі вачыма помнікі старадаўнасці — песні, карціны, скульптуры, будынкі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суча́снасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць сучаснага (у 3 знач.); актуальнасць, злабадзённасць. Сучаснасць тэматыкі. □ Важна тое, як крытык разумее сучаснасць у літаратуры. «Полымя».

2. Сучасная рэчаіснасць, сучасная эпоха. Перад .. вачыма [Міхалкі] мільгала кінастужка, якая разгортвала на лесвіцы эпох развіццё чалавечай творчасці ад першабытнай пячоры да сучаснасць. Бядуля. Закончыўшы працу над кнігай, я адчуваю сябе так, як быццам пераступіў парог з мінуўшчыны ў сучаснасць. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хму́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць хмурнага; згушчэнне хмар; воблачнасць. Новая шасэйная дарога адлівала белаватым колерам у цёплай хмурнасць ціхага дня. Чорны.

2. перан. Хмурны выгляд, панурасць. Толькі Корч часам прыб’ецца, прыстане, пагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Мележ. Твар майстра быў прасветлены, хмурнасць яшчэ крыху жыла ў вачах, але глядзелі яны ўжо зусім добра і спагадліва. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)