род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі зрэдку трапляюцца гарычкавачка гаркаватая (G. amarella), гарычкавачка язычковая (G. lingulata) і гарычкавачка багнавая (G. uliginosa). Растуць на сухіх і вільготных лугах, лясных палянах, у поймах і па берагах рэк.
Адна- і двухгадовыя травяністыя расліны з голым пустым прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, шырокаэліптычнае або лінейнае, ніжняе часта ў разетцы Кветкі сіняватыя або блакітныя, радзей жаўтавата-белыя і светла-жоўтыя, 4—5-членныя, сабраныя ў гронка- ці мяцёлкападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі), фарбавальныя, кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан. карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.Ф.Рэйнпольскі, М.Д.Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед.навук. т-вы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́НПІС»
(англ. Greenpeace «Зялёны мір»),
незалежная міжнар. грамадская экалагічная арг-цыя. Засн. ў вер. 1971 у г. Ванкувер (Канада) актывістамі на чале з Д.Мактагартам. Да 1979 стала міжнар. арг-цыяй. Мае аддзяленні ў 32 краінах, каля 2 млн. правадзейных членаў (1995), а таксама транспарт, у т. л. марскі. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам (Нідэрланды). Выступае за спыненне ядз. выпрабаванняў у свеце, забруджвання атмасферы, глебы, вады, затаплення хім. і радыеактыўных адходаў у морах, у абарону жывёльнага свету (асабліва кітоў і цюленяў), лясоў, Антарктыкі і інш. Дамагаецца ад урадаў і прамысл. кампаній прыняцця рашэнняў па канкрэтных экалагічных праблемах. Старшыні: Мактагарт (з 1978), У.Беліян (Германія, з 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,
кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных заасн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЫПІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ, генетычны фон,
комплекс генаў, якія ўплываюць на праяўленне ў фенатыпе (структурах і функцыях арганізма) канкрэтнага гена або генаў. Тэрмін «генатыпічнае асяроддзе» ўведзены С.С.Чацверыковым (1926). Разам з уяўленнем аб плеятрапіі адлюстроўвае сістэмнасць і адзінства генатыпа, існаванне розных, часта складаных узаемадзеянняў паміж генамі, якія ўваходзяць у яго склад. Рэальна генатыпічнае асяроддзе ўяўляе сабой увесь генатып (за выключэннем генаў, што аналізуюцца), кожны ген можа праяўляцца па-рознаму ў залежнасці ад таго, у якім, генатыпічнае асяроддзе ён знаходзіцца. Паняцце генатыпічнае асяроддзе ўжываецца пры аналізе эвалюцыйнага працэсу, тлумачэнні існавання т.зв. генаў-мадыфікатараў і палігенаў, у селекцыі, асабліва пры вывучэнні колькасных прыкмет, для эфектыўнага адбору на працягу многіх пакаленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (15.9.1907, г. С.-Пецярбург — 21.7.1970),
савецкі антраполаг, археолаг і скульптар. Д-ргіст.н. (1956). У 1950—70 у Ін-це этнаграфіі АНСССР. Адкрыў і даследаваў верхнепалеалітычную стаянку Мальта (за 85 км ад Іркуцка, Расія). Распрацаваў метад узнаўлення твару чалавека па чэрапе і зрабіў рэканструкцыі прадстаўнікоў пітэкантрапаў, сінантрапаў, неандэртальцаў і інш.стараж. людзей, партрэты гіст. дзеячаў Яраслава Мудрага, Андрэя Багалюбскага, Івана Грознага, Цімура, Улугбека, Рудакі і інш. Метад Герасімава шырока выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Тв.:
Раскопки палеолитической стоянки в с. Мальте // Палеолит СССР. М.; Л., 1935;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
заканамерныя перыядычныя змены стану воднага аб’екта, абумоўленыя кліматычнымі і інш. прыроднымі ўмовамі басейна. Праяўляецца як шматгадовыя, сезонныя і сутачныя ваганні элементаў гідралагічнага рэжыму — узроўню, расходу (сцёку) і т-ры вады, лядовых з’яў (гл.Лядовы рэжым), колькасці і складу наносаў, хім. саставу і канцэнтрацыі раствораных рэчываў і гідрабіял. элементаў, змяненняў рэчышча і інш. Рэжым узроўняў і аб’ёмаў вады звычайна наз.водным рэжымам. Назіранні за гідралагічным рэжымам вядуць на гідралагічных пастах і станцыях. Натуральны рэжым значна парушаецца пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. На тэр. Беларусі характарыстыкі гідралагічнага рэжыму вагаюцца па сезонах года, найб. ад веснавога разводдзя да летне-асенняй і зімовай межані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЖЭ́СКІ (Мікалай Карнілавіч) (1860, Мінск — 9.8.1910),
эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл.к-таМін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг пафін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ДНЯ,
рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).
Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.