ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯАН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя,
навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 мнад узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.
Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125″ ± 0,055″; Струвэ, 1837). Асн. абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАІ́ЗМ (ад грэч. hērōs герой),
найвышэйшае праяўленне самаадданасці і мужнасці пры выкананні грамадзянскага абавязку. Патрабуе ад чалавека асабістай стойкасці, гатоўнасці да самаахвяравання. Актам гераізму з’яўляецца подзвіг.
Пытанне аб гіст. прыродзе гераізму ўпершыню пастаўлена ў 18 ст.італьян. філосафам Дж.Віка, які лічыў, што гераізм звязаны выключна з т.зв. «векам герояў», што папярэднічаў «веку людзей». Канцэпцыя Віка ўсебакова развіта ў працах Г.Гегеля. У трактоўцы некаторых прадстаўнікоў рамантызму (Ф.Шлегель, Т.Карлейль і інш.) герой — выдатная асоба, якая ўзвышаецца над народам, «натоўпам». Ф.Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека», які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль — гэта мараль «натоўпу». Марксізм трактаваў гераізм як спалучэнне індывід. подзвігу з подзвігам нар. мас. У кожнага народа свае адносіны да гераізму і герояў. Найчасцей гераізм праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях (войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц ТЫЗЕНГА́ЎЗА.
Пабудаваны ў 1760—70-я г. ў Гродне (арх. І.Г.Мёзер, Дж.Сака, маст. П.Гежыдовіч, А.Грушэцкі) як палац А.Тызенгаўза (з пач. 19 ст. рэзідэнцыя губернатара). Кампазіцыйны цэнтр Гарадніцы, гал. фасадам выходзіў на плошчу і ўтвараў трапецападобны курданёр. Аднапавярховы П-падобны ў плане мураваны будынак быў накрыты высокім вальмавым дахам з невял. мансардамі ў цэнтры бакавых крылаў і завяршаўся авальным у плане бельведэрам з купалам і скульпт. выявай Цэрэры надгал. уваходам. Аздабленне фасадаў мела элементы стылю ракако, у каларыстычным вырашэнні — спалучэнне зялёнага колеру сцен, белых ляпных дэталей, чырвонай дахоўкі. Парадныя залы былі аздоблены плафонамі з размалёўкай і мармуровымі разнымі камінамі з карскага мармуру. У ансамбль уваходзіў будынак Гродзенскага тэатра Тызенгаўза. Разбураны ў 1915. На ПнУ ад палаца праф. Ж.Э.Жыліберам быў створаны Гродзенскі батанічны сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЛІЯ (Леанід Пятровіч) (н. 27.3.1946, г. Брэст),
бел. мастак. Сын П.А.Данелія. Вучыўся ў Мінскім маст.-пед. вучылішчы (1963—65), скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне маст. праектавання, у розных жанрах выяўл. мастацтва. Аўтар праектаў, кіраўнік і выканаўца маст. афармлення інтэр’ераў дома адпачынку «Белая Русь» на воз. Нарач (1987—90), дзіцячага сада ф-кі «Элема» ў Мінску (1993, дэкар. пано, вітраж), гасцінічнага комплексу саўгаса «Заказельскі» Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. (1995; дэкар.-манум. жывапіс, з Дз.Глівай; вітраж, люстры), кампазіцыі «Стары горад» (1996) і інш. Ускладненая кампазіцыя і насычанасць колеравай гамы надае яго пейзажам рамант.-філас. гучанне: «Бабіна лета на Прыпяці» (1980), «Ліпеньскія навальніцы» (1984), «Возера Нарач. Ружовы вечар», «Цішыня. Дзіва над Лотвай» (абедзве 1990-я г.). Сярод тэматычных карцін «Чаканне» (1983), «Пачатак. Дарогай волі» (1989), «Вераніка» (1990) і інш.
амерыканскі пісьменнік. Брат філосафа і псіхолага У.Джэмса. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це. З 1875 жыў у Англіі. Сябраваў з І.Тургеневым, творчасць якога (а таксама Н.Хотарна) паўплывала на фарміраванне эстэт. поглядаў Дж. Аўтар больш як 20 раманаў, у т. л. «Амерыканец» (1877), «Вашынгтонская плошча» (1880), «Жаночы партрэт» (1881), «Бостанцы» (1886), «Нязручны ўзрост» (1899), «Залатая чаша» (1904), аповесцей, у т. л. «Дэйзі Мілер» (1879), «Урок майстра» (1892), літ.-крытычнага даследавання «Майстэрства рамана» (1834), больш за 100 апавяданняў, а таксама п’ес, навел і эсэ. Дж. разважаў над узаемаадносінамі Новага і Старога свету (амер. і еўрап.культ. традыцыямі), вытокамі нац.амер. менталітэту. Яго прозе ўласцівы прытчавасць, сімвалічная абагульненасць вобразаў, рэфлексіўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п.Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ВО́ІНСКІЯ,
злачынствы супраць устаноўленага парадку нясення воінскай службы, якія ўчыняюцца ваеннаслужачымі Узбр. Сіл, а таксама ваеннаабавязанымі ў час праходжання імі збораў. Крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за непадпарадкаванне, невыкананне загаду, супраціўленне начальніку або прымушэнне яго да парушэння службовых абавязкаў, пагрозу начальніку і гвалтоўныя дзеянні супраць яго, абразу падначаленым начальніка або начальнікам падначаленага, парушэнне статутных правіл паміж ваеннаслужачымі, самавольныя адлучка і пакіданне часці або месца службы, дэзерцірства, ухіленне ад воінскай службы праз членашкодніцтва ці інш. спосабам, прамотванне, страта, знішчэнне ці пашкоджанне ваен. маёмасці, парушэнне правіл абыходжання са зброяй, рэчывамі і прадметамі, што маюць павышаную небяспеку для навакольных, выдаванне ваен. тайны, злоўжыванне ўладай, перавышэнне або бяздзейнасць улады, самавольнае пакіданне поля бою, добраахвотная здача ў палон, марадзёрства, насілле над насельніцтвам у раёне ваен. дзеянняў, дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЖАКЕ́ВІЧ (Іван Сідаравіч) (18.1.1864, с. Вішнапаль Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1962),
украінскі мастак. Нар. мастак Украіны (1951). Вучыўся ў іканапіснай школе Кіева-Пячэрскай лаўры (1876—82, выкладаў там у 1905—07), у Кіеўскай школе малявання М.Мурашкі (1882—84), у Пецярбургскай АМ (1884—88). У 1883 прымаў удзел у аднаўленні фрэсак 12 ст. Кірылаўскай царквы ў Кіеве, у 1904—08 працаваў над размалёўкамі трапезнай і царквы Усіх святых Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар карцін на быт. і гіст. тэмы («Кіева-Пячэрская лаўра. Від на корпус архітэктара Сцяпана Коўніра», 1905—06; «Кій, Шчэк і Хорыў і сястра іх Лыбідзь», «Маці ідзе!..», абедзве 1907; цыкла «Краявіды старога Кіева», 1913; «Бунт сялян», «На паншчыне», «Уманская разня», усе 1926—28; «Партызаны ў засадзе», 1944, і інш.), ілюстрацый да твораў Т.Шаўчэнкі, М.Гогаля, Лесі Украінкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Анатоль Веньямінавіч) (н. 22.8.1916, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. У 1941 апублікаваў аповесць «Курганы», на аснове якой і аповесцей «На поўдні» (1944) і «Таварышы» (1945) створаны раман «Чырвоны сцяг» (1951). У раманах «Суровае поле» (1958), «Забароненая зона» (1962), «Грукаціце, званы!» (1966—67), «Цыган» (кн. 1—2, 1960—83; паводле аднайм. аповесці маст. фільм 1967), аповесцях «Рэха вайны» (1963), «Вяртання няма» (1971) тэмы барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі, пасляваен. жыцця вёскі, важныя пытанні сучаснасці. Аўтар паэт.зб. «Па крузе сумлення і абавязку» (1983), кніг пра М.Шолахава, зб-каў нарысаў, літ.крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1982—83.
Літ.:
Карпова В. Анатолий Калинин. 2 изд. М., 1976;
Шишкина Н.А. От имени сердца: Размышления над страницами книг АВ.Калинина. Ростов н/Д, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РСКАЯ У́НІЯ,
міждзяржаўнае аб’яднанне Даніі, Нарвегіі (з Ісландыяй) і Швецыі (з Фінляндыяй) пад уладай дацкіх каралёў у 1397—1523. Падрыхтавана дацка-нарвежскай (1380) і дацка-шведскай (1389) асабістымі уніямі. Ініцыіравана каралевай Маргарытай Дацкай, якая дамаглася абвяшчэння ў 1397 у г. Кальмар (Швецыя) каралём трох дзяржаў яе траюраднага пляменніка герцага Эрыка Памеранскага. Праект акта уніі (ніколі не быў зацверджаны, па-рознаму інтэрпрэтуецца ў гістарыяграфіі) прадугледжваў выбары адзінага манарха, правядзенне агульнай знешняй палітыкі, абаронны саюз пры захаванні ўнутр. самастойнасці кожнай з трох дзяржаў. Спроба дацкіх каралёў выкарыстаць унію для ўстанаўлення свайго панавання над Швецыяй прывяла да нар. паўстання і фактычнай ліквідацыі уніі ў 1448. К.у. тройчы аднаўлялася (1457—67, 1497—1501, 1520—21) у ходзе дацка-шведскіх войнаў 15 — пач. 16 ст. Канчаткова ліквідавана ў 1523, калі каралём Швецыі стаў Густаў I Ваза. Нарвегія заставалася пад уладай Даніі да 1814.