бра́згат, ‑у, М ‑гаце, м.
Гук, які ўтвараецца металічнымі прадметамі пры ўдары адзін аб другі або аб што‑н. цвёрдае. Гаспадыня тым часам клала ў ляжанку сухія, тонкія паленцы, а бразгат скаварады сведчыў аб тым, што будзе пачастунак. Колас. [Антон] быў такі насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад ціхага бразгату сенечнай клямкі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяззбро́йны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае зброі, няўзброены. [Рыль:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. // перан. Пазбаўлены якіх‑н. сродкаў абароны або нападу. Рудзін уяўляў, што вось перад ім бяззбройны стаіць Андрэй, а ён кідае яму ў вочы свае словы, і Андрэй маўчыць. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вар, ‑у, м.
1. Вада ў стане кіпення, ускіпеўшая гарачая вада. [Аннушка:] — Выпі вару з маліннікам. Я табе драбок цукру знайду. Няхай.
2. перан. Разм. Спёка, гарачыня. Сіняе неба ўсё сонцам заліта. Полудзень. Вар. Цішыня. Дожджыку просіць зялёнае жыта. Прагне вады ярына. Колас.
3. Спец. Вараная смала.
•••
Варам варыць гл. варыць.
Як варам абдало гл. абдаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́шальнік, ‑а, м.
1. Той, хто вешае людзей. А чаму ж той ваш вешальнік не пускаў слязы, калі вешаў Івася Казімерчыка? Чорны.
2. У спалучэнні з назоўнікам — правіцель, які вызначаецца сваёй жорсткасцю і дэспатызмам. У камеру ўваходзіў дзяжурны памочнік начальніка астрога, старшы наглядчык Дожджык, які здаўся Лабановічу з першага погляду падобным да Мураўёва-вешальніка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
відо́вішча, ‑а, н.
1. Тое, што паўстае, адкрываецца перад вачамі, з’яўляецца прадметам агляду. Было ў дарозе шмат відовішч, Малюнкаў розных, гора, слёз, Што тлум людскі з сабою нёс. Колас. Каровы, устрывожаныя відовішчам агню, збіліся ў гурт і наперабой рыкалі. Навуменка.
2. Паказ, прадстаўленне (тэатральнае, цыркавое і пад.). Рыхтавалася цудоўнае відовішча. Выступалі лёгкаатлеты Беларускай чыгункі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Усклікваць «вох», глыбока ўздыхаць, выказваючы пачуццё прыкрасці, непрыемнасці, жалю, болю і пад. Халуста пачаў бегаць па млыне, хапацца рукамі за галаву, вохкаць, айкаць, стагнаць, стукаць кулакамі ў грудзі. Чарнышэвіч. // Адзывацца гукамі, падобнымі на вохканне. Дзесь далёка-далёка вохкала зямля. Колас. Усю зіму вохкаў лес. Кіпела ў ім жыццё. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарава́цца, ‑руецца; зак. і незак.
1. Не залічыцца, не залічвацца ў віну. — Не, калега: трэба пазнаёміцца з пісаранкамі, бо калі не зойдзеце да іх, то гэта будзе такая крыўда, якая вам ніколі не даруецца ні ў гэтым жыцці, ні на тым свеце. Колас.
2. толькі незак. Зал. да дараваць (у 1, 2 і 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што і чаго.
Прынесці, прывезці, даслаць куды‑н. Даставіць тавары ў магазін. Даставіць пасажыраў на вакзал. □ І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З воўка можна злупіць [ш]куру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас. Стала боязна не цемнаты — Весткі трэба даставіць у часць, І прайсці праз варожы тыл. Прануза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дубі́на, ‑ы, ж.
1. Тоўстая, звычайна дубовая палка. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. Віктар мігам падскочыў і забіў [змяю] дубінаю. Маўр.
2. Пагард. Пра тупога, някемлівага чалавека. — О, ты разумны! ты ўсё ўмееш. А пяць ды два не зразумееш. Дурны ў задачах, як дубіна! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жані́цца, жанюся, жэнішся, жаніцца; незак.
Браць жонку, станавіцца жанатым, сямейным. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны. // з кім. Разм. Вянчацца, уступаць у шлюб. Мартын і не думаў жаніцца з .. [Аўгінняй] і наогул аб жаніцьбе ён не думае. Колас. // Спраўляць вяселле. Жэняцца — скачуць, разводзяцца — плачуць. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)