саме́ц, ‑мца, м.
1. Асобіна мужчынскага полу. Ёсць у нас самцы [алені], у якіх рогі важаць па восем кілаграмаў і нават болей. В. Вольскі.
2. Мужчына як носьбіт біялагічных уласцівасцей свайго полу; празмерна падкі да жанчын. Не падабаўся.. [Лабановічу] гэты твар самаздаволенага самца [Сухаварава] і гэтыя адвіслыя мокрыя губы з паднятымі ўгару чорнымі вусікамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сердава́ць, сярдую, сярдуеш, сярдуе; незак.
Адчуваць раздражненне, гнеў на каго‑, што‑н.; быць у стане раздражнення, гневу. [Турсевіч:] — Ты, Андрэйка, не гневайся і не сярдуй на мяне. Колас. І сердаваў Мікола, знесці не мог гэткае несправядлівасці. Нікановіч. Маці тады хмурылася, і Малы Васілька ніяк не мог зразумець, чаму яна сярдуе на бацьку. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смо́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і смалісты. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас. Ад смольнага паху, разамлелай гарачыні злёгку кружыцца галава, стукае ў скронях. Навуменка. Ведай — лесаруба цяжкая работа, Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. Святло падала на шчаку з ямачкай, на смольныя валасы і зграбную белую шыю. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смугля́вы, ‑ая, ‑ае.
Злёгку смуглы; смуглаваты. Смуглявы тварык. □ На смуглявую, чыстую, дзявочай свежасці скуру брытву браць трэба было самую вострую. Карпюк. // Які мае такую скуру. І вось выходзіць хлопец статны, Крыху смуглявы, малады, Танкіст і песе[ннік] выдатны, І сам прыгожы, хоць куды. Колас. Мікола сапраўды нагадваў цыгана — такі ён быў чорны, смуглявы. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старэ́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да старца (у 1 знач.), належыць яму. На кій старэцкі я ўспёрся свой і праз акно гляджу перад сабой. Дубоўка.
2. Уласцівы старому чалавеку. Ды чорт яе, з той сівізною: Хай лысіна свеціць, як блін. Ты ж клыгай старэцкай ступою, А думай — мне дваццаць адзін! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супаста́т, ‑а, М ‑таце, м.
1. Уст. і высок. Вораг, непрыяцель. Нам не забыць ні хат, ні нават траў, Што супастатам спалены, стаптаны. Астрэйка. Няхай помняць супастаты, Што значаць бравыя салдаты. Колас.
2. Разм. лаянк. Разбойнік, злачынец, ліхадзей. [Маці:] — А, супастат... Драчонікі даўно пастылі, авечак трэба ісці займаць, а ён храпе сабе! Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тапча́н, ‑а, м.
1. Нізкі ложак з дошак на козлах. На цэментовай падлозе стаяў дзеравяны тапчан-койка. Колас.
2. Пакаёвая шырокая лаўка, звычайна са спінкай. На куце пад абразамі Стол стаіць, як пан; Дзве пры ім таўстыя лаўкі І адзін тапчан. Купала. Каля стала па тапчане, на голым сенніку, моцна спіць Ірынка. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узаемадачыне́нне, ‑я, н.
Сувязі, адносіны, якія складваюцца ў выніку ўзаемадзеяння тых ці іншых сіл, з’яў. Колас ставіць тыпова сялянскую псіхалогію ва ўзаемадачыненні з найвялікшымі сацыяльнымі зрухамі часу — Кастрычніцкай рэвалюцыяй, грамадзянскай вайной, сацыялістычным пераўтварэннем вёскі. Навуменка. // Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Эпізод жа, пра які гаварылася вышэй, выцірае з рамак узаемадачыненняў герояў. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбудзі́цца, ‑буджуся, ‑будзішся, ‑будзіцца; зак.
1. Прачнуцца, абудзіцца. [Рудзін] узбудзіўся, калі раптам да варот кінуліся сабакі, пачалі .. брахаць. Галавач.
2. перан. Ажыць, абудзіцца; пачаць актыўна, напружана дзейнічаць. А люблю я, сын, зіму, Калі сонца ўзбудзіцца, Снег пагнаўшы да рэк. Кірэенка. Бух! — грукнуў стрэл, лес узбудзіўся! Колас.
3. Прыйсці ў стан нервовага пад’ёму. Нервы ўзбудзіліся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усявы́шні, ‑яя, ‑яе.
Кніжн. уст. Па рэлігійных уяўленнях — які стаіць над усім існуючым (эпітэт бога). // Які ідзе ад бога. // у знач. наз. усявы́шні, ‑яга, м. Адна з назваў бога. І ўсё ж такі дадалі [Андрэй і Янка] евангельскія словы, упэўненыя ў тым, што іх пісьмо чыноўніцкіх рук не міне: «Бойся ўсявышняга і не гавары лішняга». Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)