САЛІГО́РСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Салігорскага р-на Мінскай вобл., на беразе Салігорскага вадасховішча. За 132 км на Пд ад Мінска. Канцавая чыг. ст. веткі ад Слуцка, на аўтадарозе Слуцк—Мікашэвічы. 101,9 тыс. ж. (2001).

Засн. ў 1958 як пас. Новастаробінск на месцы в. Вішнёўка Старобінскага р-на Мінскай вобл. ў выніку прамысл. распрацоўкі пакладаў калійных солей і буд-ва калійнага камбіната. З жн. 1959 рабочы пас. С., са снежня 1962 у Любанскім р-не. У 1963—79 уведзены ў эксплуатацыю 4 калійныя камбінаты. З 1963 горад абл. падпарадкавання, з 1965 цэнтр Салігорскага р-на. У 1978—60 тыс. жыхароў.

У горадзе працуюць ВА «Беларуськалій», прадпрыемствы лёгкай прам-сці «Калінка» і Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Купалінка», ліцейна-мех. з-д «Універсал», буд. арг-цыя «Салігорскпрамбуд», домабуд. камбінат, прадпрыемства «Шахтаспецбуд». Салігорскі горна-хімічны тэхнікум, пед. каледж, 2 ПТВ, 4 б-кі, Салігорскі краязнаўчы музей, Палац культуры, Дом культуры. Помнікі Героям Сав. Саюза В.​З.​Каржу, В.​І.​Казлову, скульпт. кампазіцыі шахцёрам-першапраходцам і ў гонар заснавання горада.

Горад Салігорск. Праспект Міру.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас. р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.

На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЎПІ́ШЧЫ, Стаўпішча,

вёска ў Казуліцкім с/с Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл., каля аўтадарогі Бабруйск—Магілёў. Цэнтр калгаса. За 6 км на ПдЗ ад г.п. Кіраўск, 93 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 468 ж., 207 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

Вядома з 1560 як сяло, дзярж. ўласнасць Бабруйскага староства ВКЛ. З 1621 уладанне С.​Рагозы. У 1738 у С. 27 гаспадарак. З 2-й пал. 18 ст. С. — цэнтр староства, якое было выдадзена ў пажыццёвае ўладанне Ленцкаму. З-за непамерных павіннасцей, рэквізіцый і экзекуцый сяляне ў 1766 узнялі паўстанне, якое ахапіла і б.ч. вёсак суседняга Любоніцкага староства. У 1728 улады задушылі паўстанне, яго кіраўнікоў П.​Лагойку, Л.​Самадзелку, С.​Пячонку пакаралі смерцю. З 1793 вёска ў Рас. імперыі ў Бабруйскім пав. У 1897—724 ж., 100 двароў, школа, 2 ветракі, 2 крупадзёркі, бровар, цагельны з-д, хлебазапасны магазін. З 1916 працавала нар. вучылішча. З 20.8.1924 у Бабруйскім 2-м, з 12.2.1935 у Кіраўскім р-нах.

В.​В.​Віталёва.

т. 15, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОН Канстанцін Андрэевіч (6.11.1794, С.-Пецярбург — 6.2.1881),

рускі архітэктар. Акад. Пецярбургскай АМ (1830). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1803—15) у А.Вараніхіна, выкладаў у ёй (з 1833 праф., з 1854 рэктар па архітэктуры). У 1815—19 працаваў у К-це для пабудоў і гідраўл. работ у Пецярбургу. У 1819—28 камандзіраваны ў Італію. Пабудовы Т. ў т. зв. руска-візант. стылі (гл. Псеўдарускі стыль) адметныя канстр. вырашэннямі (выкарыстанне буйных метал. канструкцый і інш.), высокай якасцю буд. работ. Сярод твораў: у Маскве — храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., у 1990-я г. адноўлены), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, у сааўт.), Аружэйная палата, званіца Сіманава манастыра (закладзена ў 1835), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1845—52); у стылі класіцызму — будынак Малога т-ра (1838—40), Дом інвалідаў у Ізмайлаве (1839); у Пецярбургу — Мікалаеўскі вакзал (цяпер Маскоўскі; 1851). Аўтар т. зв. узорных праектаў цэркваў, альбома «Праекты цэркваў...» (1838).

Літ.:

Кириченко Е.И. К.​Тон // Зодчие Москвы, М., 1981. Кн. 1;

Славина Т.А. К.​Тон. Л., 1989.

К.Тон. Храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Фота пач. 20 ст.

т. 15, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУШКО́ Леанід Ігнатавіч (н. 4.3.1938, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1996). У 1967—99 акцёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа. Мастацтва Т. адметнае глыбінёй псіхал. распрацоўкі, быт. дакладнасцю, ідэйнай мэтанакіраванасцю вобразаў. Лепшыя ролі: Гапон («Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Дзерваед, Андрэй Буслай і Бацька («Радавыя», «Парог» А.​Дударава), Сырадоеў («Трыбунал» А.​Макаёнка), Салавейчык («Амністыя» М.​Матукоўскага), Мацей («Несцерка» В.​Вольскага), Мікіта («Улада цемры» Л.​Талстога), Шохін, Цецераў («Зыкавы», «Мяшчане» М.​Горкага), Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Эйліф («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Абель («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка), Похрань («Гісторыя граху» паводле С.​Жаромскага), Дзятлаў («Трэцяя патэтычная» М.​Пагодзіна), Лагуцін («Сталявары» Г.​Бокарава), Максім («Стары дом» А.​Казанцава), Пятрэнка («Зінуля» А.​Тельмана), герцаг Веронскі («Чума на вашы дзве сям’і» Р.​Горына). З інш. роляў: Дарафей («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), смалакур Алялюмас («Час быка» («Клеменс») К.​Саі], Міларад («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Кэбат («Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла).

В.​С.​Іваноўскі.

Л.І Трушко.
Л.Трушко ў ролі Дзерваеда.

т. 15, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ФАНАЎ Юрый Валянцінавіч (28.8.1925, Масква — 28.3.1981),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1949). Друкаваўся з 1947. Раманы «Студэнты» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Нецярплівасць» (1973) пра нарадавольцаў. У «маскоўскіх» псіхал. аповесцях «Абмен» (1969), «Іншае жыццё» (1975), «Дом на набярэжнай» (1976), «Стары» (1978), дакумент.-мемуарнай кнізе пра рэв. дзейнасць свайго бацькі «Водбліск вогнішча» (1965), публіцыстыцы (кн. «Як слова наша адгукнецца...», апубл. 1985) і інш. роздум пра лёс пакалення і сувязь часоў, рэвалюцыю і грамадз. вайну, паліт. рэпрэсіі. Сярод інш. твораў: раманы «Спатоленне смагі» (1963, аднайм. фільм 1965), аўтабіягр. аповесць «Час і месца» (1981, не завершана), зб-кі апавяданняў і нарысаў на спарт. тэмы «У канцы сезона» (1961), «Факелы на Фламініо» (1965), «Гульні прыцемкам» (1970), сцэнарый фільма «Хакеісты» (1965). На бел. мову аповесць Т. «Папярэднія вынікі» пераклаў А.​Жук, апавяданне «Смерць у Сіцыліі» У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1985—87;

Избранное. Мн., 1983.

Літ.:

Иванова Н.Б. Проза Юрия Трифонова. М., 1984;

Оклянский Ю.М. Юрий Трифонов: Портрет-воспоминание. М., 1987.

Ю.В.Трыфанаў.

т. 16, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІРАСІ́МА, Хіросіма,

горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Хірасіма. 1109 тыс. ж. (1995). Порт у дэльце р. Ота. Важны трансп., прамысл. і культ. цэнтр. Аэрапорт. Прам-сць: судна- і станкабудаванне, аўтамаб., ваен., гумава-тэхнічная, дрэваапр., папяровая, тэкст., харч., паліграфічная. Ун-т. Парк Міру (1951—52) — арх.-паркавы сімвалічны ансамбль са шматлікімі скульптурамі, кенатафам, Вечным агнём, Фантанам малітвы, мемарыяльным музеем Міру. Каркас Прамысл. выставачнай залы (адзіны будынак, ацалелы ў час бамбардзіроўкі; вядомы як Атамны Дом). Фестываль Міру (6 жніўня).

Засн. ў 1580—1610 як прызамкавы горад і порт. Зручнае размяшчэнне спрыяла развіццю гандлю, рамяства, прам-сці. У 2-ю сусв. вайну падвергнуты атамнай бамбардзіроўцы (6.8.1945) амер. авіяцыяй. Ад выбуху загінула больш за 200 тыс. чал., разбурана каля 75 тыс. будынкаў; многія жыхары памерлі пасля вайны ад хвароб, звязаных з радыяцыяй. Адбудавана, на месцы выбуху атамнай бомбы ў Х. ўзведзены мемарыяльны комплекс Міру. З 1959 у Х. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.

Літ.:

Искендеров А.А. Феодальный город Японии XVI столетия. М., 1961;

Брукнер К. Садако хочет жить!: Пер. с нем. М., 1964.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУКО́ Уладзімір Аляксеевіч (17.7.1878, г. Тамбоў, Расія — 18.1.1939),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у Л.М.Бенуа (1896—1904). Яго работы адметныя пошукамі простых лаканічных форм, звязаных з новымі тыпамі грамадскіх будынкаў мадэрну: у С.-Пецярбургу — дамы на Кіраўскім (б. Каменнавостраўскім) праспекце (1908—11), прапілеі-ўезд у Смольны (1923—25, з У.​Гельфрэйхам); драм. т-р імя М.​Горкага ў г. Растоў-на-Доне (1930—35); рас. павільён на Міжнар. выстаўцы ў Рыме (1910—11, з Э.​Шталбергам); у Маскве — новы будынак б-кі імя У.​І.​Леніна (цяпер Рас. дзярж. б-ка, 1928—41), Вял. Каменны мост (1936—38, з М.​Мінкусам), гал. павільён Усерас. с.-г. выстаўкі (1939, у сааўт.); Дом урада Абхазіі ў г. Сухумі (1932—39). Аўтар эскізаў дэкарацый і касцюмаў для «Старадаўняга тэатра» (1910-я г.), т-ра драмы імя А.​Пушкіна і Вял. драм. т-ра (1920—30-я г.) у С.-Пецярбургу, спектакля «Барыс Гадуноў» Пушкіна ў Малым т-ры ў Маскве (1937), малюнкаў і акварэлей.

Літ.:

Толстая И.А. В.​Щуко // Зодчие Москвы. М., 1988. Кл. 2.

У.Шчуко. Расійская дзяржаўная бібліятэка. 1928—41.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЛТА,

горад і прыморскі кліматычны курорт у Аўт. Рэспубліцы Крым, ва Украіне. Адм. цэнтр Ялцінскага курортнага раёна Паўднёвага берага Крыма. На тэр. сучаснай Я. з першых вякоў н.э. існавала грэч. паселішча Яліта (больш познія назвы Галіта, Джаліта, Каўліта, Геаліта, Эталіта; сучасная назва, прыкладна, з 16 ст.). Горад з 1837. 84 тыс. ж. (2001). Порт на Чорным моры. Вузел аўтадарог. Злучаны тралейбуснай лініяй з чыг. ст. Сімферопаль. Харчасмакавая (рыбная, вінаробная, малочная, тытунёвая) прам-сць; вытв-сць сувеніраў. 2 тэатры. Дом-музей А.П.Чэхава. Музеі: краязнаўчы, літ.-мемарыяльны К.А.Транёва і П.А.Паўленкі, М.​З.​Бірукова; «Паляна казак». Магіла М.Багдановіча. Каля Я. — Нікіцкі батанічны сад. Я. — буйны цэнтр турызму, адзін з асн. пунктаў і круізах па Чорным моры. У Я. праходзіла Крымская канферэнцыя 1945.

Кліматычны курорт, цэнтр курортнага раёна, які займае значную ч. Паўднёвага берага Крыма, куды ўваходзяць Алупка, Алушта, Гурзуф, Місхор і інш. курортныя пасёлкі. Лечаць хваробы органаў дыхання нетуберкулёзнага паходжання, ц. н. с., сардэчна-сасудзістай сістэмы, нырак. У Я. знаходзіцца НДІ фіз. метадаў лячэння і мед. кліматалогіі (засн. ў 1914).

Панарама Ялты з мора.

т. 18, кн. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НАВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Вымнянка, каля воз. Янавіцкае. За 38 км на ПнУ ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Лёзна. Аўтадарогай злучаны з г.п. Лёзна і з аўтадарогай Віцебск—Сураж. 1087 ж. (2002). Масласырзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

У ВКЛ мястэчка Віцебскага пав., належала Пацеям. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, узяты ў казну. Уваходзілі ў Суражскі, з 1866 у Віцебскі пав. У пач. 20 ст. больш за 2 тыс. ж., пач. школа, бальніца, млын, гарбарня, гандаль збожжам і лёнам. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Суражскага р-на Віцебскай акр., з 1938 — вобласці. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў кастр. 1943 ням. фашысты спалілі Я., за час акупацыі ў Я. і раёне загубілі 1800 мірных жыхароў. З 10.9.1957 да 20.1.1960 цэнтр Суражскага раёна. У 1960—62 і з 1966 у Віцебскім, у 1962—66 у Лёзненскім р-нах.

В.​В.​Грынявецкі (гісторыя).

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)