СТАЎПІ́ШЧЫ, Стаўпішча,
вёска ў Казуліцкім с/с Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл., каля аўтадарогі Бабруйск—Магілёў. Цэнтр калгаса. За 6 км на ПдЗ ад г.п. Кіраўск, 93 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 468 ж., 207 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Вядома з 1560 як сяло, дзярж. ўласнасць Бабруйскага староства ВКЛ. З 1621 уладанне С.Рагозы. У 1738 у С. 27 гаспадарак. З 2-й пал. 18 ст. С. — цэнтр староства, якое было выдадзена ў пажыццёвае ўладанне Ленцкаму. З-за непамерных павіннасцей, рэквізіцый і экзекуцый сяляне ў 1766 узнялі паўстанне, якое ахапіла і б.ч. вёсак суседняга Любоніцкага староства. У 1728 улады задушылі паўстанне, яго кіраўнікоў П.Лагойку, Л.Самадзелку, С.Пячонку пакаралі смерцю. З 1793 вёска ў Рас. імперыі ў Бабруйскім пав. У 1897—724 ж., 100 двароў, школа, 2 ветракі, 2 крупадзёркі, бровар, цагельны з-д, хлебазапасны магазін. З 1916 працавала нар. вучылішча. З 20.8.1924 у Бабруйскім 2-м, з 12.2.1935 у Кіраўскім р-нах.
В.В.Віталёва.
т. 15, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)