ЛУЖА́НІН (Максім) (сапр.Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі бел.пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Фадзеева, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—3. Мн., 1968—70;
Зб.тв.Т. 1-4. Мн., 1979—81;
Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.
Літ.:
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;
Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.
1. Змацаваць адно з другім пры дапамозе чаго‑н., якім‑н. чынам. Злучыць канцы правадоў.//перан. Звязаць якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Паўлінка:] Калі, калі ўжо надыдзе тая часінка, што нас злучаць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся?Купала.— Ты — мой любы і жаданы, і я мой лёс злучу з табой.Машара.
2. Устанавіць зносіны, сувязь з чым‑н., паміж чым‑н. Злучыць новыя гарады чыгункай. Злучыць сельсаветы тэлеграфнай сувяззю. □ Каналамі злучылі мора з морам, Стан Волга абняла Масквы-ракі...Купала.// Зрабіцца сродкам зносін, сувязі паміж чым‑н. І мост над глыбокай ракою Падняўся, што выгіб дугі, Навекі злучыў між сабою Крутыя яе берагі.Калачынскі.// Падключыць нумар абанента для тэлефонных перагавораў. [Кісель] прайшоў у кабінет Яўгена Данілавіча і папрасіў тэлефаністку пошты злучыць яго з кватэрай.Паслядовіч.[Камісараў:] Зараз жа злучыце мяне з тэлеграфам.Маўзон.
3. Сабраць разам, аб’яднаць; утварыць адно цэлае. — Паўстань, народ, глучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды.Колас.[Трактар] выйшаў на зарэчныя палі, каб заараць усе межы і ўсе палеткі злучыць у адно шырокае калгаснае поле.Бяганская.
4. Прывесці ў хімічнае ўзаемадзеянне. Злучыць вадарод з кіслародам.
5. Звязаць, спалучыць. Злучыць тэорыю з практыкай.
злучы́ць2, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго.
Звесці самку і самца для палавога акта з мэтай атрымання прыплоду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Няма́ш ’няма’ (Нас., Касп., Гарэц., Сцяш.), нема́ш ’тс’ (ТС), німаш ’тс’ (Грыг., Касп., Бяльк., Сцяшк., Нік. Очерки, Сл. ПЗБ), сюды ж няма́шака (немашака, нямашка, німашака, нема́шэка, немашыка, нямашыка) ’тс’ (Нас., Гарэц., Касп., Шат., Мал.; мазыр., Шн. 2, Яруш., Гарэц., Сцяшк., Янк. 1, Яўс., Жд. 1, Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг., Сл. Брэс., Мат. Гом.), нямашацька, нямашытка, нямашачка ’тс’ (Грыг., Бяльк., Нік. Очерки, Мат. Маг., Сл. ПЗБ), ст.-бел.немашъ (нимашъ) ’тс’ (XVI ст.). Паводле Карскага (2–3, 77; 369), форма 2 ас. адз. л. ад мець (< не маеш з кантракцыяй), аднак з большай верагоднасцю трактуецца як паланізм (< nie masz ’тс’, параўн. Карскі 2–3, 254; Кюнэ, Poln., 81; Булыка, Лекс. запазыч., 200), чаму ўсё ж пярэчыць надзвычай шырокае распаўсюджанне па ўсёй Беларусі. Грунтуючыся на прыслоўях тамашака, дармашака, суадносных з няма́шака (‑ка т. зв. пусты суфікс), Шуба (Прысл., 63) выводзіць ‑ш‑ з часціцы ж (гл.), што ў словах нямаш, тамаш, дармаш перастала ўспрымацца як часціца, параўн. немаж часу (мазыр., Мат.). Паводле Карскага (2–3, 69), формы алешака, дармашака ўтвораны пад уплывам нямаш, нямашака. Паходжанне канцавога зычнага (‑sz ці ż) дыскутавалася і ў польскай мове, параўн. Хмелёвец, PJ, 1921, 123–126. Цікавая абагульненая форма nimaš (jo sym nimaš, tyź nimaš, un nimaš) сустракаецца на польска-чэшскім паграніччы (JP, 44, 41), якая разглядаецца як кантактны («этычны») варыянт да nima (ESSJ SG, 2, 109). Няясна. На распаўсюджанне беларускага слова магло паўплываць літ.nėmàž ’німала, ніколькі, нічуць’ (ад mãžas ’малы, маленькі’, mažaĩ ’мала’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́ці выклічнік, абазначае ўдзячнасць (Нас., КСТ), ’добры дзень, дзякую’ (Гарэц.), ацькі, ацінькі, ацічку памянш. ад аці, дзіцячае слова ’дзякую’ (Касп., Гарэц., Бяльк., КСП), ацкі, аценькі дзіцячае слова, дзіцячы паклон; удзячнасць’ (Нас.), аця ’ўдзячнасць’ (Нас.), аціць, 1 ас. адз. л. а́чу ’дзякаваць, вітаць’ (Гарэц.), дзіцячае ’кланяцца; дзякаваць’ (Нас.), ацю ’дзякую’, пааціць (Карскі, Белорусы, 144), рус.аття ’дзякую’, атить ’маліцца’ (рус. гаворкі на тэрыторыі Літвы), польск.aciu ’дзякую’ (у дзіцячай мове) з т. зв. «пальшчызны крэсовай» і ўсходніх раёнаў Польшчы, aczować ’віншаваць, калядаваць’ з XVII ст. (Брукнер, 2), літ.ãčiū, ačiúoti ’дзякую, дзякаваць’. Этымалогія няясная. Няма падстаў адносіць ’беларускае слова да паланізмаў, гэтаму пярэчыць геаграфія слова на польскай тэрыторыі; Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 335) лічыць літуанізмам у польскіх гаворках на беларускай аснове; Буга (Rinkt., 3, 306), выказвае сумненні адносна паходжання слова. З беларускай мовы выводзяць слова Фрэнкель, 1, і складальнікі акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы (LKŹ 1, 1). Урбуціс (Baltistica, V (1), 1969, 48 і наст.), адзначаючы больш шырокае ў параўнанні з іншымі мовамі ўжыванне слова ў літоўскай мове, у прыватнасці — у мове дарослых (на думку Брукнера, 2, пазнейшае), для беларускага слова дапускае магчымасць запазычання з літоўскай мовы, чаму, аднак, пярэчыць геаграфія слова на рускай тэрыторыі (перм., Даль). Апошняе Фасмер (1, 96) звязвае з коміatʼtʼі ’дзякуй’ (загадная форма ад atʼni дзякаваць’), дапускаючы магчымасць запазычання рускага слова, аднак гэтаму пярэчыць шырокая ўжывальнасць слова на беларускай тэрыторыі. Усё сведчыць пра тое, што гэта спецыфічнае ўтварэнне дзіцячай мовы, паходжанне якога, як і іншых т. зв. дзіцячых слоў, застаецца няясным.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Све́тач ‘каганец, лучнік, прыстасаванне трымаць лучыну’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Жд. 2, Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл., Мат. Маг., ЛА, 4), перан. ‘пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды і культуры’ (ТСБМ); іншыя варыянты: сьве́тыч (Бяльк.), све́таш, свя́таш, све́туш, світа́ч (Сл. ПЗБ). Укр.сві́та́ч ‘маленькі жалезны падсвечнік пры іконе, жалезная рашотка для лучыны ў палескай курной хаце’, све́тич, сві́тич ‘каганец, ліхтар’, рус. кніж. све́точ ‘вялікая свечка, ліхтар’ да паловы XIX ст., потым толькі ў пераносным значэнні ‘свяцільнік, зніч’ у высокім рытарычным стылі, гл. Вінаградаў, Этимология–1963, 87 і наст.; дыял. (зах.) светыч ‘прыстасаванне для асвятлення’, ст.-рус.свѣтычь ‘каганец, свяцільня’. Да асновы свет‑ (гл. свет, святло). Суфіксацыя выклікае цяжкасці. Для рускага слова Вінаградаў (там жа) першаснай лічыць форму светыч, а форма светоч магла ўзнікнуць па фанетычных прычынах у акаючых гаворках, а таксама пад уплывам марфалагічных змяненняў з-за ізаляванасці суф. ‑ыч‑, яго архаічнага і дыялектнага характару. Аднак Слаўскі (SP, 1, 103) выводзіць з пашыранага фармантам ‑jь суф. ‑okъ праславянскі суф. ‑očь, прадстаўлены ў польск.дыял.żarłocz ‘абжора’, widocz ‘прывід; уяўленне’ і інш., што не выключае яго рэалізацыі ў светач. Вярхоў (Бел. мова, 80 і наст.) дапускае магчымасць запазычання слова з рускай мовы, але падкрэслівае, што поўнасцю гэта можна сцвярджаць толькі для пераносных значэнняў беларускага слова, якія з’явіліся пад уплывам рускай мовы. Не выключана і адваротнае запазычанне ў рускую мову зыходнага светач, улічыўшы шырокае распаўсюджанне слова ў народнай мове, формы з канцавым націскам на суф. ‑а́ч і дзеяслоў све́таць ‘свяціць’ (іўеў., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
ажыццяўленне вытв. працэсу з дапамогай аўтам. сродкаў без непасрэднага ўдзелу ў ім чалавека, а толькі пад яго кантролем. Засн. на выкарыстанні камп’ютэрных сістэм, прылад і аўтаматаў, якія дапоўнілі 3-звенную сістэму машын (рухавік, перадатачны механізм, рабочая машына) 4-м звяном — блокам аўтам. кіравання і кантролю. З’яўляецца асновай развіцця сучаснай эканомікі і гал. кірункам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ажыццяўляецца з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, якасці прадукцыі і аптымальнага выкарыстання рэсурсаў. Бывае частковая (аўтаматызаваны ўчастак, цэх, прадпрыемства) і поўная (аўтаматызаваны ўсе працэсы, у т. л. падрыхтоўка і рэгуляванне вытв-сці). Комплексныя і поўная аўтаматызацыя вытворчасці — гэта пераход да т.зв. бязлюдных тэхналогій. Неабходнасць аўтаматызацыі вытворчасці абумоўлена тэхнічна (калі пры выкананні аперацый выкарыстанне чалавечай працы на пэўным участку немагчыма), эканамічна (апраўдана толькі пры зніжэнні выдаткаў вытв-сці), сацыяльна (дыктуецца ростам прафес. гуманітарнага і культ. ўзроўню работніка, гарманічнага развіцця яго як асобы).
Аўтаматызацыя вытворчасці ажыццяўляецца ў 3 кірунках, якія адлюстроўваюць асн. этапы развіцця навукі і тэхнікі ў галіне механікі, электратэхнікі і электронікі. 1-ы кірунак ажыццяўляецца з перыяду прамысловага перавароту — вынаходства рабочых машын, здольных выконваць вытв. аперацыі без удзелу рабочага (ткацкія станкі, станкі апрацоўкі дэталяў па капіры і інш.). Дзеянне такіх машын-аўтаматаў грунтуецца на выкарыстанні дасягненняў класічнай механікі з дапамогай адпаведных канструкцыйных рашэнняў. Роля чалавека тут зводзіцца да назірання за работай машын ці да падачы матэрыялаў для іх перапрацоўкі і ўборкі гатовай прадукцыі. 2-і кірунак ажыццяўляецца з пач 20 ст. на базе выкарыстання электраэнергіі ў якасці рухальнай сілы. Вынаходства прылад, заснаваных на выкарыстанні электрычнасці і электрамагнетызму (рэле, кантактараў, прылад кантролю, рэгулявання і інш.) зрабіла магчымым звязаць у адзіную сістэму сукупнасць машын і механізмаў, якія вырашаюць пэўную тэхнал. задачу. На гэтым этапе пачаліся распрацоўка і шырокае выкарыстанне аўтам. ліній і вытв-сцяў, здольных без удзелу чалавека выконваць тэхнал. аперацыі па апрацоўцы дэталяў і нават зборку нескладаных вырабаў. Роля чалавека на такіх лініях — у падачы матэрыялаў, падборы і наладцы патрэбнага інструменту, кіраванні, кантролі, загрузцы і выгрузцы дэталяў. 3-і кірунак пачаўся з 2-й пал. 20 ст. на базе развіцця электронікі і выкарыстання ЭВМ (камп’ютэраў). Рэвалюцыйны скачок у вытв. працэсе адбыўся з выкарыстаннем аўтам. маніпулятараў (робатаў) і станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, якія з дапамогай уманціраваных у іх камп’ютэраў здольныя самастойна запамінаць і абагульняць вопыт сваёй работы, выконваць і каардынаваць складаныя фіз. дзеянні ў прасторы. Гэта істотна мяняе характар і змест працы: аўтам. сістэма машын сама ўздзейнічае на прадмет працы, выконвае не толькі фіз., а і шэраг інтэлектуальных функцый рабочага.
Найб. пашырана аўтаматызацыя вытворчасці ў касманаўтыцы, металургіі, ядз. энергетыцы, радыёэлектроннай прам-сці, сувязі і інш. галінах эканомікі, у т. л. і нематэрыяльнай сферы. Дзейнічаюць аўтаматызаваныя прадпрыемствы, аўтаматычныя лініі, аўтаматычныя маніпулятары, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, класы аўтаматызаванага навучання, сістэмы па аўтаматызацыі вымярэнняў, аўтаматызацыі праграмавання, аўтаматызацыі праектавання і інш. На Беларусі наладжаны выпуск ЭВМ, аўтам. ліній і маніпулятараў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем і інш. сучасных сродкаў аўтаматызацыі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў вытв-сці і пастаўляюцца на экспарт.
Літ.:
Автоматизация производственных процессов на основе промышленных роботов нового поколения: Сб. науч. тр.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў графіцы пач. 16—17 ст. Склалася ў Вільні ў 1520-я г., развівалася ў ВКЛ ва ўзаемасувязі з рускім, украінскім, зах.-еўрап. мастацтвам і пад уплывам традыцый аздаблення славянскіх рукапісаў. Тэрмін «Віленская школа гравюры» ў мастацтвазнаўства ўвёў У.В.Стасаў. Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсх.-слав. землях, у т. л.Куцеінскай школы гравюры, Магілёўскай школы гравюры. Гал. ролю ў развіцці Віленскай школы гравюры адыгралі выданні Ф.Скарыны, друкарняў Мамонічаў, Віленскай акадэміі (1576—1773), Еўінскай друкарні і інш.Асн. віды гравюры Віленскай школы дрэварыт (у кірылаўскіх) і медзярыт (у лацінска-польскіх выданнях); развівалася пераважна кніжная гравюра (партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы). На гравюры кірылаўскіх выданняў моцна паўплывалі традыцыі бел. жывапісу і драўлянай пластыкі. Вобразна-стылістычныя асновы школы закладзены выданнямі Скарыны (застаўкі і канцоўкі «Малой падарожнай кніжыцы», 1522, і «Апостала», 1525) і асабліва П.Мсціслаўца («Евангелле напрастольнае», 1575, «Псалтыр», 1576), пад уплывам якога асноўным у афармленні віленска-еўінскіх выданняў сталі фігурны франтыспіс, тытульны ліст («Новы запавет», Еўе, 1611; «Новы запавет з псалтыром», Вільня, 1623). У дрэварытах «Малой падарожнай кніжыцы» спалучаюцца рысы позняй готыкі і рэнесансу; у больш позніх творах («Грамматіка словенска» Л.Зізанія, 1596, дзе змешчана алегарычная выява граматыкі) пераважаюць рысы рэнесансу. Амаль усе дрэварыты 16 ст. ананімныя, медзярыты 17 ст. падпісаныя. Творы Віленскай школы гравюры вызначаюцца жыццёвасцю вобразаў, якая выразна прабіваецца праз канфесійную тэматыку, простанароднасцю і каларытнасцю тыпажу, дэкаратыўнасцю, дасканаласцю разнастайных прыёмаў тэхнікі гравіравання. Найб. яскрава асаблівасці Віленскай школы гравюры выявіліся ў дрэварытах «Акафістаў» і «Канонаў» (Вільня, 1628), тытульным лісце «Ветраграда душэўнага» (Вільня, 1620) і інш. Аздобы віленскіх выданняў Скарыны выкарыстоўвалі друкары Віленскага Святадухаўскага брацтва да сярэдзіны 17 ст. Разам з арыгіналамі дошак Скарыны яны выкарыстоўвалі і копіі з іх («Новы запавет з псалтыром», Еўе, 1611, «Евангелле вучыцельнае», Еўе, 1616, і інш.). Значнымі маст. якасцямі вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Трыбунал» (1586), «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), «Евангелле вучыцельнае» (1616), «Устаў» (1617), «Граматыка» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з’явіліся ў «Часаслоўцы» (1617), выдадзеным Мамонічамі. Гравюра на медзі атрымала шырокае развіццё ў друкарні Віленскай акадэміі, дзе працавала шмат выхадцаў з Беларусі. Творы акадэмічнай друкарні вылучаліся свецкім характарам і дасканалай тэхнікай выканання, якая давала магчымасць перадаць аб’ёмнасць у выяве рэчаў і перспектыву. Сярод ранніх медзярытаў творы нясвіжскага гравёра Т.Макоўскага (тытул «Панегірыка Казіміру», 1610). Значным майстрам медзярыта быў А.Тарасевіч, творы якога (ілюстрацыі да «Разарыума...», 1672) паўплывалі на творчасць інш. майстроў. Сярод гравёраў школы Л.Тарасевіч, І.Шчырскі, Л.Кршчановіч, замежныя майстры К.Гётке, Д.Пельцэльда, Т.Шнопс, Л.Вілатц і інш. У Віленскай акадэміі вучыўся вядучы майстар Магілёўскай школы гравюры М.Вашчанка.
Літ.:
Стасов В.В. Разбор рукописного сочинения Д.А. Ровинского «Обозрение русского гравирования на металле и на дереве до 1725 года» // Собр. соч. СПб., 1894. Т. 2, отд. 3;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТ ((Descartes) Рэнэ) (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар.маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), для быт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар.маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.
М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст, з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.
На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст.вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст.Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл.Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар.маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел.дзярж. канцэрн нар.маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-камаст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-камаст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр. лабараторыя нар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-дмаст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-камаст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.
Л.А.Паўловіч.
Да арт.Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ШЧАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1749, Масква — 24.9.1802),
рускі пісьменнік, мысліцель. Вучыўся ў Пецярбургскім пажскім корпусе (1762—66), Лейпцыгскім ун-це (1766—71). У 1771—75 працаваў ў Сенаце, у штабе фінл. дывізіі, з 1777 у Камерц-калегіі (з 1790 кіраўнік Пецярбургскай мытні). У 1790 за выпуск у свет свайго філас.-публіцыст. трактата «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай на 10 гадоў ва ўсх.-сібірскі Ілімскі астрог. У 1797 пераведзены пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі Нямцова Калужскай губ. У 1801 вярнуўся ў Пецярбург, удзельнічаў у рабоце Імператарскай камісіі па складанні законаў, але яго праекты былі адхілены як небяспечныя для дзяржавы. Як пратэст на пагрозу новай ссылкі скончыў самагубствам. На светапогляд Р. паўплывалі паўстанне Е.Пугачова, погляды Г.Лейбніца, І.Гердэра, К.Гельвецыя, Д.Дзідро, І.Канта, Ж.Ж.Русо і інш. У ім арганічна спалучаліся ідэі зах.-еўрап. асветніцтва з айч. духоўнай традыцыяй. Р. сцвярджаў новую свецкую ідэалогію, гуманізм, вальнадумства, каштоўнасць розуму, свабоды асобы, прагрэсу, нар. дабрабыту. Гэта выявілася ў яго творах: «Слова пра Ламаносава» (1780), «Ліст да сябра...» (1782), ода «Вольнасць» (1783, распаўсюджвалася ў спісах, выд. 1906), аповесць «Жыціе Фёдара Васілевіча Ушакова» (1789). Гал. праца — кн. «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» (забаронена, б.ч. тыражу знішчана, распаўсюджвалася ў спісах; выд. 1858 у Лондане, у Расіі з цэнзурнымі папраўкамі ў 1868, поўн. выд. 1905). У ёй узнята шырокае кола ідэй рас. асветніцтва, паказана жыццё народа, рэзкае выкрыццё прыгонніцтва і самадзяржаўя, тэмы нар. бунту і неабходнасці грамадскіх пераўтварэнняў. Аўтар паэм «Бава» (нясконч., канец 1790-х г.), «Песні, што праспяваны на спаборніцтвах у гонар старажытным славянскім бажаствам» (не завершана), «Песня гістарычная» (усе выд. 1807), твораў філас.-публіцыст. «Гутарка пра тое, што ёсць сын айчыны» (1789), «Пра чалавека, пра яго смяротнасць і бессмяротнасць» (1792, выд. 1809), літ.-крыт. «Помнік дактылахарэічнаму віцязю...» (1801, выд. 1811), дзённікаў («Запіскі падарожжа ў Сібір», выд. 1906; «Запіскі падарожжа з Сібіры», выд. 1907) і інш. Як філосаф Р. прызнаваў рэальнасць матэрыяльнага, рэчыўнага. У яго разуменні, калі Бог — духоўны абсалют, усёмагутны ўладкавальнік свету, тады Бог — гэта Прырода, якая ўсёмагутная, абсалютная. Людзі — блізкія ўсяму прыроднаму. Адначасова падкрэсліваў асаблівасці чалавека — розум, распазнавальнасць дабра і зла, бязмежная здольнасць да ўдасканалення, мова, здольнасць да прац. дзейнасці; чалавек фарміруецца ў грамадстве пад уплывам выхавання, прыроды, рэчаў. Грамадскі дабрабыт, паводле Р., звязаны з рэалізацыяй натуральных правоў, у якіх адлюстраваны натуральныя імкненні чалавека, а шлях прагрэсу ён бачыў праз радыкальнае пераўтварэнне грамадства. Ідэі Р. значна паўплывалі на А.Пушкіна, дзекабрыстаў, рус. паэзію і развіццё рэалізму ў рус. л-ры.
Тв.:
Полное собр. соч. Т. 1—3. М.; Л., 1938—52;
Стихотворения. Л., 1975;
Избр. Куйбышев, 1982.
Літ.:
Шторм Г. Потаенный Радищев. М., 1974;
Кулакова Л.И., Западов В.А. А.Н.Радищев «Путешествие из Петербурга в Москву»;
Коммент. Л., 1974;
А.Н.Радищев и литература его времени: Сб. ст.Л., 1977;
Шкуринов П.С. А.Н.Радищев: Философия человека. М., 1988;
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 1, ч. 1. С. 96—104.