ВЕРАЦЕ́ННІЦА ЛО́МКАЯ (Anguis fragilis),

яшчарка сям. вераценніцавых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на Каўказе, у паўн. Іране, Зах. Сібіры. Жыве ў шыракалістых і мяшаных лясах, на ўзлесках, палянах, высечках, абочынах дарог. На Беларусі трапляецца ўсюды, найчасцей на З і ПдЗ; нар. назвы слімень, слівень, мядзянка, мядзяніца.

Даўж. цела да 26,5 см (з хвастом да 60 см). Бязногая. Маладыя веранніцы ломкія афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер, бакі і бруха чорна-бурыя або чорныя. Дарослыя вераценніцы ломкія маюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з медным або бронзавым адценнем. Луска цвёрдая, гладкая. Характэрна аўтатамія хваста. Корміцца дажджавымі чарвямі, наземнымі малюскамі, лічынкамі насякомых, мнаганожкамі і інш. Яйцажывародная.

Вераценніца ломкая.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАЯВІ́К, чарнільны грыб,

благушка (Coprinus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. гнаевіковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Сапратрофы. Растуць на ўгноенай глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках у лясах, садах, парках, агародах, на пашы. Пладаносяць у ліп.—кастрычніку. На Беларусі 15 відаў, найб. вядомыя гнаявік белы (C. comatus), гнаявік чарнільны, ці шэры (C. atramentarica), гнаявік шэры (C. cinereus), гнаявік дамавы (C. domesticus). Гнаявік белы і чарнільны ядомыя ў маладым узросце; чарнільны мае проціалкагольнае рэчыва.

Шапка дыяметрам 1—14 см, яйцападобная, званочкавая, у старых грыбоў шыроказваночкавая ці распасцёртая, з узнятым уверх краем, белая, шэрая, жаўтаватая, часам з камякамі, пры адміранні расплываецца ў чарнільна-чорную вадкасць. Пласцінкі свабодныя, белыя, потым чарнеюць. Споры эліпсоідныя, чорныя. Эфемеры — пладовыя целы існуюць некалькі гадзін ці дзён.

Гнаявік чарнільны.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ ШЫ́ЗЫ (Columba livia),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, на Пд Еўразіі. Насяляе скалы, горныя цясніны, яры, абрывістыя берагі рэк. Паўсвойскія галубы шызыя жывуць у паселішчах і пабудовах чалавека ўсюды. На Беларусі трапляецца шматлікі аселы паўсвойскі падвід — голуб шызы звычайны (C.l. livia).

Даўж. цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая. Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйцы. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культ. раслін, рэшткамі ежы чалавека. Ад голуба шызага паходзяць шматлікія пароды дэкар. і паштовых галубоў.

Голуб шызы.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́ЕЎ (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 6.1.1942, в. Сушчоўская Слабодка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962). Працуе ў галіне тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта. Сярод твораў: «Зімовы пейзаж» (1965), «Сям’я» (1970), «Кветкі маёй Радзімы» (1978), трыпціх «Доўгі дзень» (1981), «У Купалаўскім краі», «Прысвячэнне Я.​Коласу», «Чавускае лета» (усе 1982), «Свята ў Заслаўі» (1983), «Напрадвесні» (1986), «Чорныя дразды», серыя «Туманы» (абедзве 1987), «Ядвіга» (1988), «Спакуса» (1991), «Сон...» («Дурніцы»), «Песня», «Гронка вінаграду», «Госця» (усе 1998). Аўтар партрэтаў мастакоў Л.​Шчамялёва (1978), М.​Селешчука, паэта А.​Русака (абодва 1983) і інш. Творчасці К. ўласцівы каларыстычная экспрэсіўнасць, тонкае колеравае і рытмічнае ўспрыняцце рэчаіснасці, асацыятыўнасць.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Кірэеў. Трыпціх «Доўгі дзень». 1981.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ГЭ́МПШЫР,

парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.

Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.

Нью-гэмпшыры.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́СЕЎ (Генадзь Адамавіч) (н. 20.7.1948, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Арганізатар і нач. участка маст. керамікі на Мінскім з-дзе буд. матэрыялаў. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва і станковым жывапісе. Сярод твораў дэкар. скульптура «Птушка» (1975), «Вясна» (1977), «Алеся», «Яблынька» (абедзве 1980), «Дзяўчына ў капелюшы» (1997), трыпціхі «Песні роднага краю» (1980), «Партызанам Беларусі» (1982), дэкар. кампазіцыі «Поры года» (1983), «Перамога» (1985), серыя дэкар. ваз «Палессе» (1986), дэкар. камплектаў «Белая варона» (1995), «Чорныя лебедзі» (1997), жывапісных твораў «Варажба» (1966—85), «Мацярынства» (1988), «Развітанне з дзяцінствам» (1991), «Паўстанне Налівайкі» (1995), «Выкраданне Еўропы» (1999), «Скачкі з амурам» (2000) і інш. Выканаў шэраг афармленчых работ. Творы вызначаюцца дэкар. выразнасцю, своеасаблівасцю тэхнікі выканання.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Пусеў. Дзяўчына ў капелюшы. 1997.

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

касні́к, ‑а, м.

1. Вузкая палоска тканіны, істужка, якая ўплятаецца ў касу ​1. Маня мела чорныя вачаняты, доўгі носік, дзве каштанавыя коскі. У коскі былі ўплецены каснікі. Карпюк.

2. перан. Тое, што мае форму вузкай палоскі, істужкі, нагадвае істужку. Хвалі ўздымаюцца за кармой і расходзяцца доўгімі каснікамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАРО́НЫ,

некалькі блізкіх відаў птушак сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. вядомая варона шэрая (Corvus cornix) — шматлікая аселая (у некат. мясцінах часткова пералётная); зрэдку з Зах. Еўропы залятае варона чорная (Corvus corone). Некаторыя вучоныя лічаць іх падвідамі аднаго віду (Corvus corone). Летам варона шэрая трымаецца ўзлескаў, палёў, поймаў рэк, зімой — бліжэй да жылля.

Даўж. цела ў сярэднім 47 см. У вароны шэрай апярэнне на спіне і брушку шэрае, крылы, хвост, галава і грудзі чорныя, у вароны чорнай — усё чорнае. На межах арэалаў гэтых відаў трапляюцца гібрыды пераходнай афарбоўкі. У гнездавы перыяд трымаюцца парамі, у астатні час — чародамі. Гняздуюць у лясах, парках, на дрэвах, зрэдку ў зарасніках чароту. Усёедныя. Часам разбураюць гнёзды інш. птушак, у т. л. паляўніча-прамысловых.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́РКІ (Branta),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Амерыкі, К. гавайская (B. sandvicensis) — на Гавайскіх а-вах. На Беларусі 2 віды: К. чорная (B. bemicla) трапляецца на веснавых і асенніх пралётах; К. чырвонаваллёвая (B. ruficollis) — рэдкі залётны від.

Даўж. да 90 см, маса да 2,3 кг, К. канадскай (B. canadensis) да 8 кг. Колер апярэння розны. Галава маленькая, дзюба кароткая, чорная, ногі чорныя. Добра ходзяць, плаваюць. Гняздуюцца разрэджанымі калоніямі. Гнёзды на зямлі, нясуць 3—5 яец. Кормяцца раслінамі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 1 від і 1 падвід. К. чырвонаваллёвая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. К. называюць таксама 2 віды гусей з роду Anser гусь белалобую (A albifrons) і піскульку (A. erythropus).

Казаркі: 1 — чорная; 2 — чырвонаваллёвая.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РГ (Camargue),

рэзерват у Францыі, У дэльце р. Рона. Засн. ў 1928 як бат. і заал. рэзерват з ахоўнымі і навук. мэтамі (без ператварэння ў нац. парк з наведваннем турыстамі). Пл. 13,5 тыс. га. Астравы, пратокі, мелкаводдзі, саланчаковыя лугі, балоты. Унікальны лес з рэліктавымі ўчасткамі з ядлоўцу са старымі дрэвамі выш. да 6 м і дыям. ствала да 20 см, з асаблівай флорай лішайнікаў і імхоў. У фауне больш за 300 відаў птушак, месцы масавых зімовак еўрап. качак, гняздоўі ружовых фламінга, белых чапляў і інш.; сярод 30 відаў млекакормячых табуны паўдзікіх белых коней і чорныя быкі; пашыраны амфібіі і паўзуны, у т. л. шматлікія міжземнаморскія віды: перапончатапальцы трытон, ісп. часночніца, сценная яшчарка і інш. У К. знаходзяцца буйны цэнтр па вывучэнні міграцыі птушак, біястанцыя.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)