ГАНА́ДЫ (ад грэч. gonaō нараджаю), палавыя залозы,

органы палавой сістэмы жывёл і чалавека, якія ўтвараюць палавыя клеткі і палавыя гармоны. У гермафрадытных арганізмаў мужчынскія (семяннікі) і жаночыя (яечнікі) ганады знаходзяцца ў адной асобіне, а ў гермафрадытных бруханогіх малюскаў ганады функцыянуюць спачатку як мужчынскія, а потым як жаночыя. У эмбрыягенезе пазваночных ганады закладваюцца ў выглядзе эпітэліяльнага ганаднага валіка з удзелам мезенхімы і канальцаў першаснай ныркі (мезанефрасу). У валік са сценкі жаўточнага мяшка мігрыруюць першасныя палавыя клеткі. Пасля агульнай стадыі першаснага іх размнажэння адбываецца палавая дыферэнцыяцыя (у жаночую або мужчынскую). Працэсы фарміравання і функцыі ганадаў рэгулююцца нерв. сістэмай, гармонамі ганадаў, а таксама ганадатропнымі гармонамі гіпофіза і эпіфіза.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́ХСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакская група). Дзярж. мова Казахстана. Пашырана таксама на сумежных тэрыторыях Кітая, Манголіі, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана. Дыялектнае чляненне невыразнае. У фанетыцы — сінгарманізм слова; 9 галосных. У граматыцы побач з агульнацюркскай асновай прадстаўлены спецыфічны дзеяслоўны афікс -атын(-етін-), шырока выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікавыя канструкцыі. У лексіцы нешматлікія араба-іранскія і манг. запазычанні, рус. запазычанні, 19—20 ст. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 19 ст. Літ. мова сфарміравалася на аснове агульнанар. у 19 ст. Пісьменства спачатку на аснове араб. графікі, з 1930 — на лац., з 1940 — на рускай.

Літ.:

Современный казахский язык. Ч. 1. Лексика. Алма-Ата, 1959;

Современный казахский язык: Фонетика и морфология. Алма-Ата, 1962.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРГІ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў. Мова кіргізаў, дзярж. мова Кыргызстана. Пашырана таксама на сумежных тэр. Узбекістана, Таджыкістана, Казахстана, Кітая, у Манголіі, Афганістане, Пакістане. У Кыргызстане вылучаюць паўн. і паўд. групы дыялектаў. У фанетыцы 8 пар кароткіх і доўгіх галосных, сярод іх пярэднія губныя «ö» і «ü»; 21 зычная фанема, у т. л. «дж», «нг»; паслядоўны сінгарманізм складу і слова. Марфалогія паслядоўна аглюцінатыўная. У лексіцы на агульнацюрк. аснове з 15—18 ст. араб. і іранскія, з 19 ст. рус. запазычанні. Літ. мова склалася ў пач. 20 ст.; пісьменства спачатку на аснове араб. алфавіта, з 1928 — лац., з 1940 — рус. графікі.

Літ.:

Грамматика киргизского литературного языка. Ч. 1. Фонетика и морфология. Фрунзе, 1987.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБРЫЁЛА (Labriola) Антоніо (2.7.1843, г. Касіна, Італія — 2.2.1904),

італьянскі філосаф, публіцыст, дзеяч сацыяліст. руху. Скончыў ун-т у Неапалі. З 1874 праф. Рымскага ун-та. Спачатку падзяляў погляды младагегельянцаў, у 1889—90 перайшоў на пазіцыі марксізму, стаў першым тэарэтыкам і прапагандыстам гэтага вучэння ў Італіі. Адзін з заснавальнікаў Італьян. рабочай партыі (1892, потым Італьян. сацыяліст. партыя). У рамках гіст. матэрыялізму даследаваў праблемы прычыннай абумоўленасці (дэтэрмінізму) грамадскіх з’яў і працэсаў, даваў матэрыяліст. інтэрпрэтацыю форм грамадскай свядомасці, аналізаваў адносіны гіст. матэрыялізму да т.зв. фактараў тэорыі. Выступаў супраць трактоўкі марксізму як замкнутай сістэмы, падкрэсліваў неабходнасць яго развіцця і канкрэтызацыі.

Тв.:

Рус. пер. — Очерки материалистического понимания истории. М., 1960.

Літ.:

Никитич Л.А. Лабриола. М., 1980.

Т.​І.​Адула.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 18 ст., ў цэнтры вёскі часткова перабудавана ў 19 ст. Прамавугольная ў плане 3-нефавая базіліка са зрэзанымі вугламі ў алтарнай частцы. Цэнтр. неф вышэйшы за бакавыя, завершаны 2-схільным дахам. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваны брусамі-лапаткамі, аконныя праёмы прамавугольныя і паўцыркульныя (у цэнтр. нефе). Спачатку гал. неф фланкіравалі 2 вежы абапал трохвугольнага франтона. Пры перабудове вежы разабраны, фасад аформлены 8-калонным порцікам (пазней калоны схаваны шалёўкай тамбура). У інтэр’еры 3-ярусны разны іканастас канца 19 — пач. 20 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

Опальская царква Параскевы Пятніцы.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПОЛЕ́ССКАЯ МЫСЛЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29).3 да 22.9(5.10).1909 у Гомелі на рус. мове спачатку штодзень, з крас. 3 разы на тыдзень. Друкавала артыкулы на грамадска-паліт., эканам. і літ. тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». У цыкле «Культурныя нарысы» пісала пра дзярж. статус бел. мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы ў нац. руху, адзначала перспектыўнасць бел. нац. ідэі; у «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад. Прапагандавала творчасць Л.​Талстога, А.​Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рус. і зах.-еўрап. л-ры, крытыкавала арыентацыю на безыдэйнасць тэатра і кінематографа.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’ЯНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — чэрв. 1942 у в. Сар’я Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) р-на Віцебскай вобл. Налічвала спачатку 6 чал. (кіраўнік Б.​А.​Жук), потым далучыліся патрыёты навакольных вёсак Громаўкі (А.​А.​Воранаў), Дзегцярова (В.​І.​Аўсюк), Мушына (А.​Ф.​Ліпскі), Шунькі (П.​К.​Пілюшкін), якія рыхтавалі людзей да партыз. барацьбы. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, зрывалі збор акупантамі прадуктаў харчавання, вываз насельніцтва на работу ў Германію, збіралі зброю, боепрыпасы, рабілі напады на дробныя ням. гарнізоны, арганізоўвалі засады. У сувязі з пагрозай выкрыцця падпольшчыкі (каля 30 чал.) пайшлі ў лес, дзе стварылі партыз. атрад імя Пархоменкі. У барацьбе з акупантамі загінула 11 падпольшчыкаў.

Б.​П.​Шымук.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКУ́НДА (ад лац. secunda divisio другое дзяленне — спачатку градуса, а потым і гадзіны),

1) адзінка часу, адна з асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца с. Адрозніваюць атамную (эталонную) і эфемерыдную (астранамічную) С. Атамная С. роўная 9 192 631 770 перыядам эл.магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж двума звыштонкімі ўзроўнямі асн. стану атама цэзію-133. Узнаўляецца з дапамогай цэзіевых эталонаў частаты і часу (гл. Квантавыя стандарты частаты). Эфемерыдная С. роўная ​1/31 556 925, 9747 долі трапічнага года (1900-га, які пачаўся ў 12 гадз 31.12.1899; гл. Эфемерыдны час).

2) Вуглавая С. — пазасістэмная адзінка плоскага вугла. Абазначаецца ″. Роўная 1/60 мінуты, або ​1/3600 градуса, або ​π/64800 рад (гл. Радыян).

т. 14, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ТЛА (ад грэч. titlos надпіс),

надрадковы знак, які ўжываўся ў стараж. (грэч., слав.) пісьменнасці і ўказваў на скарочанае напісанне слоў або лікавае значэнне літар.

У старабел. пісьменнасць Ц. перайшла са стараж.-рускай. Спачатку мела форму, блізкую да простай гарыз. рыскі над словам, потым колькасць яе варыянтаў павялічылася. Звычайна пісалася над агульнавядомымі кніжнымі словамі, Дзе апускаліся пераважна літары, якія абазначалі галосныя гукі: «г︮л︦с︦ъ︯» («голосъ»), «д︮н︦ь︯» («день»), «к︮р︦с︦т︦ъ︯» («крестъ»), «с︮н︦ъ︯» («сынъ»), «ц︮р︦ъ︯» («царъ»). Ужывалася над літарамі, якія абазначалі лікі і даты («купили жита з҃ копъ», «розделъ к҃г, «року≠афме месяца мая иі Дня»), над вынаснымі літарамі («праⷡ҇да», «чаⷭ҇). Розныя графічныя варыянты Ц. служаць палеаграфічнай прыкметай пры датаванні стараж. рукапісаў.

А.​М.​Булыка.

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пераспява́ць I сов., в разн. знач. перепе́ть;

п. прафесіяна́льнага спевака́ — перепе́ть профессиона́льного певца́;

п. шмат прыпе́вак — перепе́ть мно́го часту́шек;

п. пе́сню спача́тку — перепе́ть пе́сню снача́ла

пераспява́ць II несов.

1. перезрева́ть, переспева́ть;

2. перен. перезрева́ть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)