Бурла́к ’бурлак’ (БРС, Нас.), ’парабак, батрак’ (КЭС), ’здаравенны чалавек’ (Нас.), ’лайдак, гультай’ (КЭС). Укр. бурла́к, бурла́ка ’бабыль, бяздомны чалавек, халасцяк’. Рус. бурла́к ’работнік на рачных судах; селянін на заработках; здаравенны хлопец; халасцяк; валацуга’. Польск. burłak (< укр.). Вельмі цёмнае слова. Версіі пра запазычанне (з тат. мовы або з с.-в.-ням.; агляд іх гл. Фасмер, 1, 245–246; Шанскі, 1, Б, 233) пераконваюць слаба. Шанскі, там жа, хоча выводзіць яго з рус. *бурло ’крыкун’ (< бурло ’найбольшы звон на званіцы’). Але гэта вельмі няпэўна. Рудніцкі (1, 263) бачыць сувязь з дзеясловам слав. *burliti ’бурліць’ (параўн. укр. бурли́‑голова ’неспакойны чалавек’, бурлі́й ’крыкун, баламут’). Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне Шанскім (там жа) бел. і ўкр. слова з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́хаць ’удараць; кідаць; стукаць; падаць; крычаць (пра птушак) і г. д.’ Рус. бу́хать, укр. бу́хати, польск. buchać, чэш. bouchati, серб.-харв. бухнути, балг. бу́хам і г. д. Прасл. *buxati (ад выклічніка *bux!; гукапераймальнае). Гл. Бернекер, 97; Праабражэнскі, 1, 56; Фасмер, 1, 255; Слаўскі, 1, 48; Рудніцкі, 276; БЕР, II, 93; падрабязна Смаль-Стоцкі, Приміт., 142–143. Наўрад ці трэба лічыць самастойнымі ўтварэннямі (як гэта ў Бернекера, 97) *buxati ’крычаць’ і *buxati ’біць, удараць’. Таксама, паколькі тут гукапераймальныя асновы, не трэба шукаць і.-е. роднасныя сувязі (як гэта ў Фасмера, 1, 255). Няпэўна Махэк₂, 62, які зыходным лічыць *bukati, а *buxati — гэта «інтэнсіўная» форма (*buk‑s‑ati). Параўн. бухцець, бухто́рыць (гл. пад бухцець).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валасажа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, Плеяды’ (Бяльк.). Іншыя назвы вісыжар, валоскі, валосны, стажары (гл.). Рус. волосожары, стожары, висожары, тул. сожар, сажар ’тс’, укр. волосожар, ц.-слав. власожельць, власожелишти, власожилишти, власожалицѧ ’тс’ (Сразн., 1, 270), серб.-харв. вла̏шићи ’тс’. Апошняе Міклашыч (394) звязвае з волох, влах, старой назвай раманскіх народаў. Наяўнасць назваў тыпу валоскі, валосны, рус. волосыни, ст.-рус. волосыни ’тс’ дало падставу звязаць назву сузор’я з волас (Праабражэнскі, 1, 93; Фасмер, 1, 343; Рудніцкі, 1, 469; Скок, 3, 609). Такім чынам, існавалі, відаць, дзве назвы Плеяды — ад волас і ад стажара (Фасмер, 3, 764), якія былі збліжаны і кантамінаваны. Вісыжар, магчыма, з’яўляецца другасным утварэннем, узнікшым у выніку змешвання валасы і вісы, віскі ’валасы на скронях’ (версія В. У. Мартынава).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́расень. Ст.-бел. вресень, врешень ’верасень’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ве́ресень (ст.-укр. вресень). У Насовіча форма вресень (з заўвагай: «Употребляется шляхтою»). Усх.-слав. формы з паўнагалоссем з’явіліся даволі позна. Лічыцца, што вресеньве́расень, ве́ресень) — запазычанне з польск. (польск. wrzesień ’верасень’ ад назвы расліны верас: польск. wrzos, прасл. *versъ; гл. ве́рас). Гл. Галыньска–Баранова, Ukr. nazwy, 58–61 (падрабязна, з лінгвагеаграфіяй). Менш пераконвае думка, што вресень — гэта ўсх.-слав. слова, але толькі «славянізаванае». Рудніцкі (1, 353) усх.-слав. (укр.) ве́ресень выводзіць прама ад назвы расліны ве́рес, не закранаючы пытанне аб магчымасці запазычання. Качарган (Мовознавство, 1971, № 2, 88) форму вресень лічыць стараславянізмам. Неверагодна Дабрадомаў (РР, 1967, № 5, 57), які звязвае слав. *versьnь з дзеясловам тыпу рус. вереща́ть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́рша ’прылада лавіць рыбу’ (БРС, Гарэц., Сцяшк. МГ); ’венцер’ (Мат. Гом.); ’рыбалоўная прылада з дубцоў або дроту (ніцей) з конусападобным уваходам’ (КТС, Крыв., Шатал.). Укр. ве́рша ’сплеценая з лазы рыбалоўная прылада, якая мае форму лейкі’, рус. ве́рша, арханг. верш, польск. wiersza, даўн. wirsza, в.-луж., н.-луж. wjerša, чэш. vrše ’тс’, славац. vrša, vrška ’прылада для лоўлі рыб, птушак’, славен. vrša, серб.-харв. вр̑ш, вр̑ша, вр̑шка, вр̑шва, балг. връша, макед. врша ’рыбалоўная прылада, верша’. Прасл. vьrža < vьrz‑ja ад vьrzti ’вязаць’ < *u̯erg̑ʼh‑si̯a (Покарны, 1154; Траўтман, 355; Махэк₂, 701), а не ад vьrša < vьrx‑ja, як сцвярджаюць Фасмер, 1, 302; Шанскі, 1, В, 70; КЭСРЯ, 57; Рудніцкі, 367, і не звязана са ст.-слав. врѣщи ’малаціць’ (Праабражэнскі, 1, 78).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балабо́с1 яўрэй — гаспадар дома’ (Нас.). Укр. дыял. (зах.) балабо́с, балабу́с, балабу́ц ’тс’. Запазычанне з ідыш balabos ’тс’. Гл. Вярхрацкі, ЗНТШ, 12, 42; Рудніцкі, 60; Вінер, ЖСт, 1895, № 1, 59. Гл. таксама Локач, 13.

Балабо́с2 ’гаварун, балбатун’ (Касп.). Бясспрэчна, да групы гукапераймальных слоў з асновай балаб‑ (гл. балаба́йка, балабо́йка, балабо́лка, балабо́ніць і да т. п.). Дзеяслоўны суфікс ‑os‑; дакладная адпаведнасць у рус. дыял. балабо́сить ’балабоніць, балбатаць’, славац. blabosiť (аб ‑os‑ гл. Махэк₂, 250, пад klábositi). Параўн. яшчэ серб.-харв. (Бернекер, 69) бла̀босити заікацца’. Магчыма трэба рэканструяваць прасл. *bolb‑os‑iti ’балбатаць і г. д.’ Параўн. яшчэ Буга, Rinkt., I, 434 і Траўтман, 24 (апошні прымае балта-слав. праформу). Параўн. яшчэ балабо́ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бро́сня ’цвіль на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ), броснь (Нас., Чач.), бро́снець ’пакрывацца цвіллю’, таксама брасне́ць (Нас., Гарэц.). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. мове (бро́сня ’Sporengehäuse’, і гэта слова Рудніцкі (218) лічыць вытворным ад брость ’пупышка на дрэве; зелень на дрэве’ < слав. brъstь ’пупышка, парастак’; да апошняга гл. Бернекер, 90; Фасмер, 1, 219) і польскай (brośń; гэта слова Брукнер (41) з няпэўнасцю параўноўвае з слав. bronъ ’светлы колер’, broněti ’паспяваць (аб збожжавых)’). Тлумачэнне Рудніцкага пераконвае, і можна толькі ўдакладніць, што бел. броснь — утварэнне ад бро́снець (< *бростнѣти < *brъstь). Развіццё значэння: бро́снець < *бростнѣти (*brъstьněti) ’пускаць парасткі, пупышкі, зелянець’ → ’зелянець’ → ’пакрывацца зеленню’ → ’броснець’. Тады польск. brośń — запазычанне з усх.-слав. (бел. або ўкр.), як і brośćукр. брость). Параўн. яшчэ Міхневіч, БЛ, 1972, 1, 72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вало́га1 ’поліўка з малака або канаплянага семя’ (КЭС, Вешт.); ’заправа, прыгатаваная з канаплянага семя’ (Лекс. Палесся); ’масла, усё скаромнае’ (віц.), валіга ’рэдкі жыр’ (Касп.). Паўн.-рус. волога ’скаромная вадкая страва; масла, малочныя прадукты: сыр, смятана, тварог і інш.’, укр. волога ’вільгаць’. Усходнеславянская семантычная інавацыя’ < прасл. *volga ’вільгаць’ (Вештарт, Бел.-рус. ізал., 16; Фасмер, 1, 340; Скок, 3, 606).

Вало́га2 ’барана’ (КСТ). Магчыма, валога < валока (ад валачыць). Параўн. у фанетычным плане валошка і валожка ’Centaurea cyanus L.’ Параўн., аднак, укр. воложити ’палоць, трапаць’.

Вало́га3 ’дрыгва’ (Шатал.). Роднаснае з вільгаць, рус. влага, ц.-слав. влага, укр. волога ’вільгаць’. Да агульнаславянскага *volga, якое адлюстравана ва ўсіх славянскіх мовах са значэннямі ’вільгаць, вада, вадкасць, масла, жыр’ і інш. (Рудніцкі, 1, 467). Параўн. валака́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)