ЗАПА́СЫ ВЫТВО́РЧЫЯ,

матэрыяльныя рэсурсы, прылады працы для забеспячэння непарыўнасці вытв. працэсу. Па характары прызначэння З.в. падзяляюць на бягучыя, страхавыя, падрыхтоўчыя (тэхналагічныя) і сезонныя.

Бягучы запас ствараецца на перыяд паміж 2 пастаўкамі рэсурсаў. Страхавы запас патрэбен на выпадак перабою ў забеспячэнні, яго памер абумоўлены велічынёй бягучага запасу, месцам знаходжання пастаўшчыкоў, метадамі транспарціроўкі і інш. Падрыхтоўчы запас ствараюць на час, які патрэбен для прыёмкі, праверкі якасці, падрыхтоўкі да вытв-сці (выкарыстання) і дастаўкі на рабочыя месцы. Сезонны запас вызначаецца па рэсурсах. Гл. таксама Запасы таварныя.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРААСТРЫ́ЗМ,

рэлігія, якая была пашырана ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, Азербайджане, краінах Б. і Сярэдняга Усходу; захавалася ў парсаў Індыі і гебраў у Іране. Назва ад імя прарока Заратуштры (Зараастра). Свяшчэнны канон З. — «Авеста». Асн. прынцыпы: вера ў адзінага бога Ахурамазда; проціпастаўленне 2 спрадвечных пачаткаў — дабра і зла, барацьба паміж якімі складае змест сусв. працэсу; вера ў канчатковую перамогу дабра; шанаванне агню; забарона закапвання памерлых у зямлю. Ідэйныя канцэпцыі З. мелі ўплыў на фарміраванне маніхейства, мітраізму, іудаізму, хрысц. ерасей паўлікіян і катараў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА (Мікалай Іванавіч) (15.6.1821, Віцебская губ. — 8.4.1879),

музычны тэарэтык, педагог, кампазітар. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Ігры на фп. і віяланчэлі вучыўся ў А.​Герке і І.​Гроса, тэорыю музыкі вывучаў у А.​Б.​Маркса ў Берліне. З 1859 выкладаў у Муз. класах Пецярбургскага аддзялення Рас. муз. т-ва. З 1862 праф. Пецярбургскай кансерваторыі, у 1867—71 яе дырэктар. Распрацаваў «Інструкцыю для Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі», якая садзейнічала ўпарадкаванню навуч. працэсу і стала асновай працы кансерваторыі. Аўтар араторыі «Іаан Хрысціцель», сімфоніі, хароў. Сярод яго вучняў Г.Ларош, П.Чайкоўскі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮГА́ТЫ (ад лац. conjugatio злучэнне),

счаплянкі, група пераважна мікраскапічных зялёных водарасцей. У парадку каля 50 родаў, 4000—6000 відаў. Пашыраны ўсюды (найб. вядомыя — кластэрыум, мужоцыя, нетрыум, спірагіра). На Беларусі каля 200 відаў. Трапляюцца ў прэснаводных вадаёмах (ціна), сярод вільготных імхоў, на вільготных глебах, сценах і інш.

Аднаклетачныя (рэдка каланіяльныя), сіметрычна пабудаваныя арганізмы, клеткі якіх звычайна перашнураваны пасярэдзіне на 2 аднолькавыя паўклеткі (дэсмідыевыя водарасці), з суцэльнай абалонкай без падзелу на паўклеткі (мезатэніевыя), з ніткаватай структурай (зігнемавыя, ганатазігавыя). Характэрная асаблівасць К. — адсутнасць у цыкле развіцця рухомых жгуцікавых стадый і наяўнасць палавога працэсукан’югацыі.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСПАРЫ́ДЫІ (Microsporidia),

атрад (па інш. класіфікацыях тып, клас) прасцейшых кл. кнідаспарыдый. Больш за 70 родаў, 900 відаў. Унутрыклетачныя паразіты жывёл, пераважна членістаногіх і рыб. У цытаплазме клеткі жывёлы-гаспадара размнажаюцца бясполым шляхам (простае дзяленне і шызаганія). Пасля палавога працэсу (аўтагамія) утвараюцца споры (спораганія). Споры (даўж. да 10 мкм) пераважна авальныя, маюць спіральна скручаную трубку, якая забяспечвае пранікненне паразіта ў тканкі новага гаспадара. Выклікаюць захворванні — мікраспарыдыёзы (напр., М. роду назема). Больш за 300 відаў паразітуюць на шкодных для чалавека членістаногіх і могуць выкарыстоўвацца як біял. сродак барацьбы з імі.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІЛЬТРА́ЦЫЯ, мембранная фільтрацыя,

метад раздзялення вадкіх і газападобных дысперсных сістэм з памерамі часцінак 0,02—10 мкм; адзін з мембранных метадаў раздзялення. Займае прамежкавае становішча паміж ультрафільтрацыяй і фільтраваннем. Пры М. ў якасці мембран выкарыстоўваюць пераважна палімерныя высакапорыстыя плёнкі. Рухальная сіла працэсу — градыент ціску; ажыццяўляюць М. пад ціскам 0,01—0,1 МПа. Пры М., у адрозненне ад інш. барамембранных працэсаў, на паверхні мембраны магчыма ўтварэнне цвёрдай фазы (асадку солей). Выкарыстоўваюць пераважна для стэрылізацыі паветра і раствораў, тонкай ачысткі тэхнал. асяроддзяў.

Літ.:

Брок Т.Д. Мембранная фильтрация: Пер. с англ. М., 1987.

А.​В.​Більдзюкевіч.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ (Генадзь Мікалаевіч) (н. 15.4. 1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1978), праф. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1961). З 1961 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1971 заг. аддзела). Навук. працы па анкалогіі, анкамарфалогіі. Увёў паняцце «пухліннае поле» і абгрунтаваў мэтазгоднасць «эканомных» аператыўных умяшанняў, адэкватных ступені распаўсюджвання пухліннага працэсу.

Тв.:

О морфогенезе рака шейки матки // Вопр. онкологии. 1979. Т. 25, № 2;

Саркомы щитовидной железы // Клинич. медицина. 1988. № 7;

Недифференцированный рак щитовидной железы // Пробл. эндокринологии. 1989. Т 35, № 4.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКА́ЗНІКАВАЯ ФУ́НКЦЫЯ, экспаненцыяльная функцыя,

функцыя y = ez = exp z, дзе e = 2,718... — аснова натуральных лагарыфмаў. П.ф. y > 0 пры любых сапраўдных значэннях z, а ў камплекснай вобласці прымае ўсе камплексныя значэнні, акрамя нуля. Графік П.ф. наз. экспанентай. Адваротнай П.ф. з’яўляецца лагарыфмічная функцыя. У курсе матэм. аналізу разглядаецца П.ф. віду y = a​x пры сапраўдных x і дадатных a, якая звязана з асн. П.ф. суадносінамі a​x = exlna. П.ф. сустракаецца ў дастасаваннях, дзе скорасць змены якой-н. велічыні прама прапарцыянальная самой велічыні, напр., пры апісанні працэсу радыеактыўнага распаду, затухання ваганняў.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭФІ́РНЫЯ ЛА́КІ,

лакафарбавыя матэрыялы на аснове ненасычаных поліэфірных смол; растворы поліэфірных смол у рэакцыйназдольным арган. растваральніку (пераважна стыроле). Маюць рэчывы, што ініцыіруюць і паскараюць ацвярдзенне, дабаўкі, якія прадухіляюць інгібіраванне гэтага працэсу (напр., парафін) і інш. Наносяць пнеўматычным распыленнем ці пры дапамозе спец. лаканаліўной машыны. Пакрыцці на аснове Пл. (плёнкі таўшчынёй 10—300 мкм) вода- і цеплаўстойлівыя (т-ра эксплуатацыі ад -40 да 60 °C), добра паліруюцца. Выкарыстоўваюць Пл., а таксама шпаклёўкі і эмалі на іх аснове для атрымання ахоўна-дэкаратыўных пакрыццяў на вырабах з дрэва і драўняных матэрыялаў (напр., мэблі).

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

капірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Знімаць, рабіць копію з чаго‑н. Капіраваць чарцяжы. Капіраваць карціну.

2. перан. Пераймаць, падрабляць чые‑н. рухі, міміку і пад. Паліцэйскія заходзіліся ад таго, як трапна капіраваў фельдфебеля малады паліцэйскі. Мікуліч. // Слепа пераймаць што‑н., некрытычна карыстацца чым‑н. Пісьменнік не захапляецца выпадковымі з’явамі жыцця, не капіруе яго, а, глыбока асэнсаваўшы падзеі, раскрывае заканамернасць гістарычнага працэсу. Арабей.

3. Друкаваць што‑н. з дапамогай гектографа, светапісу, капіравальнага апарата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)