СІ́ТНАЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. на паўд.-зах. беразе воз. Сітна каля вытокаў р. Палата (Полацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў 1563 з дрэва на штучнай земляной выспе, умацаванай драўлянымі канструкцыямі. Трапецападобную форму замка вызначала канфігурацыя мыса, утворанага берагам возера і лукавінай ракі. Быў умацаваны драўлянымі абарончымі сценамі-гароднямі з 4 вуглавымі чацверыковымі 3-яруснымі вежамі (на паўкруглых у плане асновах), накрытых двухсхільнымі дахамі. Праезд у замак размяшчаўся ў сцяне з боку перашыйка паміж ракой і возерам. 1-павярховая драўляная забудова размяшчалася ў цэнтры замка, свабодная прастора ўздоўж сцен прызначалася для манеўра войск. С.з. разбураны войскамі ВКЛ у 1566, потым адбудаваны і зноў знішчаны пры штурме ў час Лівонскай вайны 1558—83. Вядомы паводле малюнка С.​Пахалавіцкага 1579.

Ю.​А.​Якімовіч.

Сітнаўскі замак. З малюнка С.​Пахалавіцкага. 1579.

т. 14, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абся́г, ‑у, м.

1. Прастора, якую можна акінуць, ахапіць вокам; абшар; далягляд. Адсюль, з пагорка, перад чалавекам раскрываецца ўвесь абсяг. Даніленка. Палікар Сцяпанавіч, як сядзеў, адразу ўспомніў учарашні абсяг палёў навокал. Грамовіч.

2. перан. Сфера, галіна дзейнасці каго‑, чаго‑н. Увесь абсяг маіх інтарэсаў у асноўным абмяжоўваўся пытаннямі культуры. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паве́тра ’сумесь газаў, галоўным чынам азоту і кіслароду, якія акружаюць зямлю і складаюць яе атмасферу; свабодная прастора над зямлёй’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), пове́трэ ’паветра; пошасць’ (ТС). З польск. powietrze ’тс’. У значэнні ’пошасць’, відавочна, з рус. пове́трие ’пошасць’. Параўн. наступнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́ле, -я, мн. палі́ і (з ліч. 2, 3, 4) по́лі, палёў, н.

1. Бязлесная раўніна.

Гуляць па полі.

2. Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі.

Кукурузнае п.

Рыхтаваць п. пад бульбу.

3. Вялікая роўная пляцоўка, спецыяльна абсталяваная, прызначаная для чаго-н.

Футбольнае п.

4. Работа, даследчая дзейнасць у прыродных умовах (спец.).

Геолагі летам у полі.

5. Прастора дзеяння якіх-н. сіл (спец.).

Магнітнае п.

Сілавое п.

6. перан., чаго і для чаго. Галіна, сфера дзейнасці, ніва.

Вялікае п. дзейнасці.

7. Асноўны колер, фон пад узорам.

Паркаль у белы гарошак на чырвоным полі.

8. звычайна мн. Чыстая палоса ўздоўж краю ліста ў кнізе, сшытку і пад.

Паметкі на палях сшытка.

9. звычайна мн. Шырокі бераг капелюша.

Капялюш з загнутымі палямі.

◊

Поле бітвы (высок.) — месца, дзе адбываецца бой.

Поле зроку — прастора, якую бачыць вока.

|| прым. палявы́, -а́я, -о́е (да 1—5 знач.).

Палявыя далі.

П. ігрок.

Палявая практыка.

Выплаціць палявыя (наз.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

тэрыто́рыя

(лац. territorium, ад terra — зямля)

1) прастора зямлі з пэўнымі межамі (напр. т. раёна, т. горада);

2) вобласць пашырэння, распаўсюджання якіх-н. з’яў (напр. моўная т.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Рум 1 выкл. ’шась, тух, бах’: госьці рум на двор (ЭШ), агледзеліся паны да рум назад (Сержп. Казкі). Укр. рум ’тс’, польск. rum ’шась, скрып, бух’. Гукапераймальнага паходжання (Брукнер, 468; Смаль-Стоцкі, Приміт., 97). Сюды ж таксама ру́мнуць ’нечакана зайсці, ускочыць’ (ТС), польск. rumać ’грукаць, стукацца ў дзверы’, каш. rumac ’моцна кашляць’, якое Борысь (SEK, 4, 219) параўноўвае з блізкім па значэнні і фанетыцы ням. rummeln ’шумець, крычаць, ляскатаць’. Гл. таксама румзаць, румза. Мяркулава (Этим. иссл., 6, 24–25) адносіць сюды і рус. ру́ма ’непрытомнасць’, стараж.-рус. рюма ’эпілепсія’, узводзіць апошнія да прасл. *ruti, *rʼuti ’рухацца’ + суфікс *ma, пастулюючы для ўкр. рум ’шась, тух’ першаснае значэнне руху.

Рум 2 ’месца на беразе ракі, куды звозяць бярвенне для сплаву і дзе вяжуць плыты’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сержп. Казкі, ТС), рум, ром ’тс’ і ’штабель бярвенняў, дроў’, ’вялікая па плошчы прастора’ (Сл. ПЗБ), рюм ’месца на беразе ракі, куды звозяць сплаўны лес’ (віц., Нар. сл.). Ст.-бел. румъ ’руіны’, ’вольнае месца’, ’месца пагрузкі’, што з ст.-польск. rum ’вольнае месца’, ’вольны праход, дарога’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням. rūm, сучаснае ням. Raum ’прастора’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189; БЛ, 29, 45–46; SEK, 4, 218.

Рум 3 ’уся будоўля’ (Сцяшк. Сл.), ’агульная страха жылога будынка і гаспадарчых пабудоў’, ’зруб’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. румъ ’будаўнічы матэрыял’, ’вольнае месца’. Параўн. польск. дыял. rum ’вялікі пакой у жылым памяшканні’, в.-луж. rum ’прастора, абшар’, ’пакой’, што выводзяцца з ням. дыял. rūm ’прастора’, ’частка будынка, абмежаваная сценамі, пакой’, н.-ням. Rūm, Rüm ’прастора’, ’памяшканне’, параўн. Борысь, SEK, 4, 218. Гл. рум 2.

Рум 4 ’сена з першага ўкосу’ (хойн., Арх. ГУ). Няясна.

Рум 5 ’ром’: “Подмовивши да красную девку, румом напоили” (гом., Рам. 1, 135). Гл. ром.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абша́р ’абшар, прастора’ (БРС, Бяльк., Сцяшк. МГ). Абшар (пшенʼицы) < польск. obszar < ням. obirschar (< überscheeren ’перарэзаць’) ’частка зямлі, якая вылучаецца пасля вымярэння’ (XV ст.). З XVII ст. — сучаснае значэнне (Брукнер, 68). Калі гэта так, бел. абшар < польск. obszar (XVII ст.) (параўн. Мартынаў, SlW, 68).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бескане́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае пачатку і канца (у прасторы і часе). Час і прастора бесканечныя.

2. Празмерна доўгі, шырокі, глыбокі, працяглы і пад. Зноў сярод ніў бесканечных, шырокіх Іду, як калісь, у задуме цяпер я. Танк. Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой. Купала.

•••

Бесканечны дзесятковы дроб гл. дроб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наднямо́нне Прастора паабапал р. Нёмана (Стаўбц.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,

прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.

На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.

Да арт. Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)