КО́ЛІНЗ (Collins) Уільям Уілкі (8.1.1824, Лондан — 23.9.1889),

англійскі пісьменнік; заснавальнік т.зв. сенсацыйнага рамана. Па адукацыі юрыст. У літаратуры дэбютаваў жыццеапісаннем свайго бацькі-мастака (т. 1—2, 1848). Першы раман «Антаніна, ці Падзенне Рыма» (1850). Для раманаў «Базіль» (1852), «Жанчына ў белым» (1860), «Без імя» (1862), «Армадэль» (1866), «Месяцавы камень» (1868), «Муж і жонка» (1870) і інш. характэрна спалучэнне займальнасці, напружанай інтрыгі з меладраматызмам і пачуццёвасцю, выкарыстанне элементаў экзотыкі і псіхал. анамаліі, вядзенне апавядання ад імя некалькіх герояў. У сааўтарстве з Ч.​Дзікенсам напісаў аповесці «Лянівае падарожжа двух вольных чаляднікаў» (1857), «У тупіку» (1867) і інш. Аўтар п’ес «Маяк» (1861; з Дзікенсам), «Чорнае і белае» (1869), «Змёрзлы вір» (1874) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М.,1992—97.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕЛА́НАВЫ ВО́БЛАКІ (Вялікае і Малое),

дзве карлікавыя галактыкі, спадарожнікі Млечнага Шляху, самыя яркія ў Паўд. паўшар’і неба, найбольш блізкія да нашай Галактыкі. Названыя па імю Ф.Магелана, каманда якога выявіла іх у час першага кругасветнага падарожжа (1519).

М.В. відаць на паўд. небе простым вокам як туманныя плямы няправільнай формы (Вял. М.В. — у сузор’і Залатой Рыбы, Малое — у Тукане). Памеры М.В. каля некалькіх дзесяткаў тыс. св. гадоў. Адлегласць ад Зямлі да Вял. М.В. 150 тыс. св. гадоў, да Малога — 200 тыс. св. гадоў. М.В. сфарміраваліся на некалькі млрд. гадоў пазней за нашу Галактыку і маюць шмат маладых зорак і газапылавых комплексаў, дзе ідзе актыўны працэс зоркаўтварэння. У Вял. М.В. ў лютым 1987 успыхнула звышновая зорка, якую можна было бачыць з Зямлі простым вокам. Іл. гл. да арт. Галактыкі.

А.А.Шымбалёў.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭЛЕ МО́ЙХЕР-СФО́РЫМ (сапр. Шолам Якаў Абрамовіч; 1835/36, г. Капыль Мінскай вобл. — 1917),

яўрэйскі пісьменнік; пачынальнік рэалістычнай яўр. л-ры на ідыш. Жыў у Расіі. Пісаў пераважна на ідыш, публіцыстычныя і больш познія творы — на іўрыце. Дэбютаваў зб. літ.-крытычных артыкулаў «Суд свету» (1860). У аповесцях «Маленькі чалавечак» (1864—65), «Фішка Кульгавы» (1869), «Кляча» (1873), сатыр. драме «Такса» (1869), паэме «Яўрэйчык» (1875), сацыяльна-быт. раманах «Падарожжа Веніяміна Трэцяга» (1878), «Запаветны пярсцёнак» (ч. 1—2, 1888—89) і аўтабіяграфічным — «Шлойме рэб Хаім» (1894—1917) шырокая панарама жыцця яўрэяў у сярэдзіне 19 ст. на Беларусі, Літве, Украіне, абагульнена-гратэскавы вобраз-сімвал яўрэйскага мястэчка. У яго творчай манеры спалучаны прыёмы гратэску, сатыры і гумару, псіхал. і лірычнай прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Маленький человечек. Путешествие Вениамина Третьего. Фишха Хромой. М., 1961.

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСКО́Ў Васіль Міхайлавіч (н. 14.3.1930, с. Арлова Новаусманскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік, журналіст. З 1953 на журналісцкай працы. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Нататкі фотарэпарцёра» (1960), «Крокі па расе» (1963; Ленінская прэмія 1964), «Белыя сны» (1965), «Падарожжа з маладым месяцам» (1969), «Па дарогах Амерыкі» (1973, з Б.​Стрэльнікавым), «Прасёлкі» (1988) і інш. Кніга дакумент. нарысаў «Чакайце нас, зоркі!» (1963; з М.​Рабровым) пра лётчыкаў-касманаўтаў В.​Церашкову і В.​Быкоўскага. Пра сям’ю пустэльнікаў-старавераў дакумент. аповесць «Таежны тупік» (1990). Аўтар кн. «Вайна і людзі» (1970). Самабытна піша пра прыроду (цыклы нарысаў «Акно ў прыроду», «Прасёлкі»), выступае ў яе абарону. Многія кнігі П. праілюстраваны яго фотаработамі.

Тв.:

Дороги и тропы. М., 1976;

Аляска больше, чем вы думаете. М., 1994;

Странствия. М., 1999.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІ́Н (Céline; сапр. Дэтуш; Destouches) Луі Фердынанд

(27.5.1894, г. Аньер, Францыя — 2.7.1961),

французскі пісьменнік. Па адукацыі ўрач. Вядомасць набыў раманамі «Падарожжа на край ночы» (1932) і «Смерць у крэдыт» (1936), у якіх у форме канкрэтна-апісальнай «плыні свядомасці» адлюстраваў страх і жах тагачаснага існавання. У памфлетах 1936—41, у т. л. «Mea culpa» (лат. «Мая віна», 1936), прапаведаваў нацызм, культ. сілы. У рамане «Марыянеткі» (1944), запісках «Феерыя для іншага выпадку» (1952), аўтабіягр. хроніках «З замка ў замак» (1957) і «Поўнач» (1960) адкрытая да цынізму («лірызм паскуднасці») нянавісць да сучасніка, успрыняцце жыцця як спрадвечнай агоніі.

Тв.:

Рус. пер. — Путешествие на край ночи. Харьков;

М., 1999;

Из замка в замок. Харьков;

М., 1999;

Смерть в кредит. Харьков;

М., 1999.

Літ.:

Шкунаева И.Д. Современная французская литература. М., 1961.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́НЧАНКА Іван Яфімавіч (12.2.1901, с. Натальіна Чырванаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 9.11.1975),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ін-т нар. адукацыі (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў лірыка-псіхал.’быт. апавяданняў «Вясною» (1923), «Апавяданні» (1925), «Дубовыя грады» (1929), «Камуна» (1932), «Навелы» (1940), «Рубін на Саламянцы» (1957), «На Батыевай гары» (1960), «Падарожжа ў Чырванаград» (1973), раманаў «Металісты» (1932), «Напярэдадні» (1938), «Яго пакаленне» (1947). Творы прысвечаны жыццю ўкр. вёскі і гар. ускраіны. Пісаў для дзяцей: зб-кі «Паравы млын» (1926), «Сонца ўзыходзіць» (1929), «Чорныя вароты» (1936), «Мае сябры» (1951), «Дарогі блізкія і далёкія» (1965), «Дыямантавы бераг» (1962, 1969). Аўтар кн. нарысаў «Гіганты пустынь» (1932), «Права на гераізм» (1934). На бел. мову асобныя апавяданні пераклаў М.​Базарэвіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад круч дняпроўскіх. Мн., 1983.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРН (Sterne) Лорэнс (24.11.1713, г. Кланмел, Ірландыя — 18.3.1768),

англійскі пісьменнік; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў багаслоўскі ф-т Кембрыджскага ун-та (1738); святар. Вядомасць прынеслі раманы «Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена» (т. 1—9, 1760—67) і «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» (1768), напісаныя ў рэчышчы змешанай паэтыкі сентыменталізму і ракако. Гульня рэальнасці і вымыслу, персаніфікацыя вобраза чытача, натуральнасць кампазіцыі, геданізм, ігравыя прыёмы, спалучэнне філас. разважанняў і аўтарскай іроніі, глабальных праблем і кур’ёзных дробязей, высокага і нізкага ставяць гэтыя творы ў лік значных з’яў у гісторыі л-ры, што істотна паўплывалі на пошукі л-ры 20 ст. — мадэрнізму (асабліва плыні свядомасці) і постмадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь и мнения Тристрама Шенди, джентльмена. М., СПб., 2000;

Сентиментальное путешествие. Воспоминания. Письма. Дневник для Элизы. М.; СПб., 2000.

Н.​У.​Дзешкавец.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ПЛІН (Tripplin) Тэадор (1813, г. Каліш, Польшча — 25.1.1881),

польскі пісьменнік, падарожнік, лекар; удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—40 вывучаў медыцыну ва універсітэтах у Кёнігсбергу і Манпелье. Д-р медыцыны (1840). Падарожнічаў па Еўропе і Паўн. Афрыцы. У 1849—56 жыў у Варшаве. Атрымаў вядомасць як аўтар аповесці «Пан Зыгмунт у Іспаніі» (т. 1—4, 1852) і «Успамінаў аб падарожжы ў Данію, Нарвегію, Англію, Партугалію і ў дзяржаву мараканскую» (1844) і інш. У 1856 наведаў Беларусь. Па дарозе з Беластока ў Вільню спыняўся ў Гродне; жыў у доме кн. Чацвяртынскага, наведваў прыватны музей у горадзе, у якім захоўваліся карціны, малюнкі, стараж. зброя. У 1858 у Вільні выйшаў яго дзённік падарожжа па Беларусі і Жамойці.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 16, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ (ад лац. expeditio прывядзенне ў парадак),

1) адпраўка і рассылка чаго-н. (карэспандэнцый, тавару і пад.). Паштовыя экспедыцыйныя паслугі ажыццяўляюць адпаведныя ўстановы або аддзелы ўстаноў, Э. інш. грузаў — прадпрыемствы, установы, арг-цыі (дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам краіны і міжнар. правіламі і прававымі актамі), якія займаюцца гандл. дзейнасцю. Э. грузаў суправаджаюць экспедытары, якія маюць пры сабе дакументы юрыд. характару (трансп. накладныя, дагавор і інш.).

2) Паездка, падарожжа, паход групы асоб з пэўнымі навук., даследчымі мэтамі. Адрозніваюць Э. комплексныя і галіновыя (геагр., геал., бат. і інш.). Міжнар. Э. дапамагаюць праводзіць даследаванні ў космасе, таксама адначасова ў розных раёнах зямнога шара.

3) Ваен. аперацыя, якая праводзіцца параўнальна невял. ўзбр. сіламі, а таксама ўзбр. сілы, прызначаныя для такой аперацыі (напр., экспедыцыя рускага флоту ў Паўночную Амерыку 1863—64).

т. 18, кн. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯН (сапр. Янчавецкі) Васіль Рыгоравіч

(4.1.1875, Кіеў — 5.8.1954),

рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1897). У 1906—12 выкладаў у Пецярбургу Ў гімназіі, супрацоўнічаў у газетах. Уражанні ад 2-гадовага падарожжа па Расіі ўвайшлі ў кн. «Запіскі пешахода» (1901). Найб. вядомы як гіст. пісьменнік: гіст. трылогія «Нашэсце манголаў» (раманы «Чынгісхан», 1939; «Батый», 1942; «Да «апошняга мора», выд. 1955) пра супрацьстаянне Расіі мангольскаму Усходу, лёс культуры ў часы гіст. катастроф; аповесці «Фінікійскі карабель» (1931), «Агні на курганах» (1932), «Спартак», «Малатабойцы» (абедзве 1933), «Юнацтва палкаводца» (1952) і інш. Аўтар кн. «Выхаванне звышчалавека» (1903). Пісаў вершы. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1979.

Літ.:

Разгон Л.Э. В.​Ян. М., 1969;

Янчевецкий М.В. Писатель-историк В.​Ян. М., 1977.

Л.​В.​Календа.

т. 18, кн. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)