МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),

раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ННЕ,

працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.

Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТЛЕНАСЦЬ,

1) фізічная велічыня, роўная адносінам светлавога патоку да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Вызначаецца формулай E = dΦ dS , дзе dΦ — светлавы паток, dS — элемент плошчы. Для засяроджанай (кропкавай) крыніцы святла E = ( I cosα / r2 ) , дзе I — сіла святла, α — вугал падзення святла, r — адлегласць ад крыніцы святла да паверхні, якая асвятляецца. Адзінка асветленасці ў СІлюкс.

2) Асветленасць энергетычнаяфіз. велічыня, роўная адносінам патоку выпрамянення да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Адзінка асветленасці энергетычнай у СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ХВА́ЛІ,

хвалі, якія ўзнікаюць і распаўсюджваюцца па свабоднай паверхні вадкасці або па паверхні падзелу дзвюх вадкасцей, што не змешваюцца.

Узнікаюць з прычыны знешняга ўздзеяння, якое выводзіць паверхню вадкасці са стану раўнавагі. Пры гэтым узнікаюць сілы, дзеянне якіх прыводзіць да ўзнаўлення раўнавагі паверхні вадкасці. У залежнасці ад прыроды гэтых сіл адрозніваюць П.х.: капілярныя (абумоўлены сіламі паверхневага нацяжэння, уздзеянне якіх найб. істотнае пры малых даўжынях хваль), гравітацыйныя (абумоўлены сіламі цяжару; істотныя для вял. даўжынь хваль), гравітацыйна-капілярныя. У П.х. адначасова маюць месца падоўжныя і папярочныя ваганні часцінак вадкасці, якія рухаюцца па эліптычных ці больш складаных траекторыях. Прычыны ўзнікнення гравітацыйных П.х.: прыцяжэнне валкасці Сонцам і Месяцам (гл. Прылівы і адлівы), рух цел паблізу ці на паверхні вады (карабельныя хвалі) і інш. Найб. пашыраны ў прыродзе ветравыя хвалі.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

асве́тленасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць асветленага.

2. Фізічная велічыня, роўная адносіне патоку святла да плошчы паверхні, на якую ён падае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасіві́раванне, ‑я, н.

Спец. Хімічная апрацоўка металічных вырабаў, пры якой на паверхні ўтвараецца тонкая плёнка вокіслаў, што засцерагае ад карозіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасвідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Свідруючы, нарабіць у чым‑н. шмат свідравін, зрабіць на якой‑н. паверхні шмат паглыбленняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экзаге́нны, ‑ая, ‑ае.

У геалогіі — які адбываецца або ўтвараецца пад уздзеяннем вонкавых сіл на паверхні Зямлі. Экзагенныя працэсы. Экзагенныя глебы.

[Ад грэч. éxō і génos — род, нараджэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэльеф,

сукупнасць форм зямной паверхні.

т. 14, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАГІ́ПСЫ (ад гідра... + іза... + грэч. hypsos вышыня),

лініі на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай вышынёй паверхні грунтавых вод над умоўнай нулявой паверхняй. Выкарыстоўваюцца на гідрагеалагічных картах. Дазваляюць вызначыць напрамак руху падземнага патоку, які адбываецца ў бок найб. нахілу паверхні падземных вод (па нармалі, перпендыкулярна гідрагіпсам).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)