1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст.н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш.), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.
2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў, Г.А.Маслыка (права).
Да арт.Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),
форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш. Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час.Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш.грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш.стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Т.Джэферсан, М.А.Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.Скарына, А.Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, Г.Пляханаў, У.Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.Арэнт, У.Ростаў, К.Попер, І.Шумпетэр, А.Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт. працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.
Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш.эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудоваграмадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.
У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДНАБУДАВА́ННЕ,
галіна прам-сці, якая займаецца буд-вам і рамонтам суднаў усіх прызначэнняў. Паводле характару вытв-сці суднабуд. прадпрыемствы падзяляюцца на суднабуд. і суднарамонтныя, паводле арг-цыі вытв-сці — на суднабуд. з-ды, суднабуд. і судназборачныя верфі. Пабудова сучаснага стальнога судна ўключае: падрыхтоўку ліставога і профільнага матэрыялу, выразанне дэталяў корпуса, зварку асобных карпусных канструкцый, зборку ў цэхах секцый і блокаў і мантаж з іх корпуса, спуск судна на ваду, наладку і выпрабаванне суднавага абсталявання і судна ў цэлым.
Існавала яшчэ ў Стараж. Егіпце і Кітаі. У сярэднія вякі судны будаваліся ў краінах Міжземнамор’я, Паўн. Еўропы. У 15—16 ст. С. пачало разгортвацца ў Італіі (Венецыя, Генуя, Неапаль), Партугаліі і Іспаніі, пазней — у Англіі, Галандыі, Францыі і інш. У Расіі значна развілося пры Пятру I: пабудаваны верфі ў гарадах Архангельск, Варонеж, Ціхвін і інш., у 1770—80-х г. — у гарадах Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У 19 — пач. 20 ст. суднабуд. і суднарамонтныя з-ды пабудаваны ў гарадах Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Кранштат, Рыга, Адэса, Баку, Уладзівасток і інш. У 1920—30-х г. у працэсе рэканструкцыі суднабуд. прам-сці пабудаваны новыя заводы ў гарадах Камсамольск-на-Амуры, Находка, Мурманск, Поці і інш. Наладжана буд-ва лесавозаў, груза-пасажырскіх, рэфрыжэратарных і наліўных суднаў, пабудаваны ваен. караблі і падводныя лодкі. З 1950-х г. будаваліся судны змешанага плавання, сухагрузныя, скорасныя на падводных крылах, атамныя ледаколы, плывучыя рыбазаводы і інш.Сусв. С. характарызуецца высокай канцэнтрацыяй у невялікай колькасці краін: ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Германія, Японія, Швецыя і інш. У большасці з іх судны будуюцца гал. чынам (60—70 %) на экспарт.
На Беларусі са стараж. часоў будавалі ладдзі, лодкі, выдзеўбаныя са ствала дрэва, а таксама баркі (каля Лоева, Мазыра), віціны (Стоўбцы, Новы Свержань), барліны і інш. Першае прадпрыемства па будаванні байдарак і яхтаў з’явілася ў 1785 (Крычаўская суднаверф), у 1884 пабудаваны суднабуд. з-д у Пінску, які выпускаў параходы магутнасцю 240 к.с., карпусы для суднаў і інш. (гл.Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод), у 1900 створаны суднарамонтныя майстэрні ў Віцебску, пазней у Гомелі. У 1918 заснаваны Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. У 1925 пабудаваны суднарамонтныя майстэрні ў Бабруйску (у 1939 рэканструяваны ў суднарамонтны з-д), у 1929 — Петрыкаўская суднабудаўнічая верф, якая у 1974 рэканструявана ў Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, у 1931 Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш. У перадваенныя гады суднабуд. прадпрыемствы Беларусі выпускалі грузапасажырскія і буксірныя паравыя судны, несамаходныя баржы невялікай грузападымальнасці. У 1920—30-я г. ў Пінску будаваліся і ваенныя судны (кананерскія лодкі, катэры і інш.) для польскай Пінскай флатыліі. У Вял.Айч. вайну ўсе з-ды разбураны Да 1950 яны былі адноўлены. У 1960—90-я г. суднабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі выпускалі буксірныя і грузавыя цеплаходы, карпусы суднаў тыпу «рака-мора», пасаж. судны розных мадыфікацый, у т. л. на падводных крылах («Палессе»), несамаходныя баржы, грэйферныя земснарады, брандвахты, плаўэлектрастанцыі і інш. У цяперашні час (2002) рэчыцкі з-д па кантракце з галандскай фірмай выпускае карпусы грунтаадвозных баржаў унутр. плавання, Гомельскі з-д — велікагрузны цеплаход — пляцоўку тыпу «рака-мора». Астатнія прадпрыемствы галіны рамантуюць самаходныя і несамаходныя рачныя судны. Гл. таксама Судна, Судна на паветранай падушцы, Судна на падводных крылах.
В.С.Сяліцкі.
Да арт.Суднабудаванне. Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. Сухагрузны цеплаход-пляцоўка «Надзея». 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАТЭМА́ТЫКА,
раздзел матэматыкі, у якім распрацоўваюцца і даследуюцца метады лікавага рашэння матэм. задач. Метады вылічальнай матэматыкі прыбліжаныя, падзяляюцца на аналітычныя (даюць прыбліжаныя рашэнні ў выглядзе аналітычнага выразу) і лікавыя (у выглядзе табліцы лікаў).
Узнікненне вылічальнай матэматыкі звязана з неабходнасцю рашэння асобных задач (вымярэнне адлегласцей, плошчаў, аб’ёмаў і інш.). Развіццё навукі, асабліва астраноміі і механікі, спрыяла развіццю матэматыкі ўвогуле і вылічальнай матэматыкі ў прыватнасці. Складаліся табліцы эмпірычна знойдзеных залежнасцей, што прывяло да ўзнікнення паняцця функцыі і задачы інтэрпалявання (гл.Інтэрпаляцыя). Поспехі вылічальнай матэматыкі звязаны з імёнамі І.Ньютана, Л.Эйлера, М.І.Лабачэўскага, К.Ф.Гаўса, П.Л.Чабышова, С.А.Чаплыгіна, А.М.Крылова, А.М.Ціханава, А.А.Самарскага, У.І.Крылова, Л.В.Кантаровіча і інш. Многія задачы вылічальнай матэматыкі можна запісаць у выглядзе y=Ax, дзе x і y належаць зададзеным мноствам X і Y, A — некаторы аператар. Для рашэння задачы трэба знайсці у па зададзеным х ці наадварот. У вылічальнай матэматыцы гэта задача рашаецца заменай мностваў X, Y і аператара A (ці толькі некаторых з іх) іншымі, зручнымі для вылічэнняў. Замена робіцца так, каб рашэнне новай задачы y=Bx было ў нейкім сэнсе блізкім да рашэння першапачатковай задачы. Напр., калі ў якасці Ax узяць інтэграл
, то прыбліжанае значэнне яго ў многіх выпадках можна вылічыць паводле т.зв. квадратурнай формулы
, дзе і — некаторыя фіксаваныя лікі. Гэта адна з класічных задач вылічальнай матэматыкі. Пры рашэнні яе, асабліва ў выпадку кратнага (шматразовага) і кантынуальнага інтэгравання, карыстаюцца Монтэ-Карла метадам. Прынцыповае значэнне ў вылічальнай матэматыцы належыць тэорыі прыбліжэння функцый, якая адыгрывае і агульнаматэм. ролю. Адна з характэрных задач прыбліжэння функцый — задача інтэрпалявання, г.зн. пабудова для зададзенай функцыі прыбліжанай функцыі , якая супадае з у фіксаваных вузлах t1, t2, ..., tn. У тэорыі прыбліжэння функцый сапраўднага (а пазней і камплекснага) пераменнага распрацоўваліся метады прыбліжэння функцый аднаго класа функцыямі інш. класаў, а таксама вывучаліся пытанні збежнасці і ацэнак прыбліжэнняў. Найб. пашыраныя задачы вылічальнай матэматыкі — задачы алгебры [рашэнне сістэм лінейных алгебраічных ураўненняў, вылічэнне вызначнікаў (дэтэрмінантаў) і адваротных матрыц, знаходжанне ўласных вектараў і ўласных значэнняў матрыц, вызначэнне каранёў мнагачленаў]. У задачы прыбліжанага рашэння сістэмы лінейных ураўненняў Ax=b, дзе A — квадратная матрыца, x і b — вектары-калонкі, часта выкарыстоўваюцца ітэрацыйныя метады. Многія ітэрацыйныя метады рашэння гэтай сістэмы маюць выгляд
, дзе
— некаторая паслядоўнасць матрыц, x° — пачатковае прыбліжэнне, часам адвольнае. Розны выбар матрыц Bk дае розныя ітэрацыйныя працэсы. Значную частку вылічальнай матэматыкі складаюць прыбліжаныя і лікавыя метады рашэння звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, дыферэнцыяльных ураўненняў у частковых вытворных, інтэгральных ураўненняў, інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальныя метады варыяцыйнага злічэння, аптымальнага кіравання, задач стахастычнага аналізу і інш. З’яўленне вылічальных машын значна расшырыла кола задач і стымулявала далейшую распрацоўку метадаў вылічальнай матэматыкі з улікам магчымасцей вылічальных машын, у прыватнасці распрацоўкі спец. алгарытмаў, арыентаваных на паралельную рэалізацыю.
На Беларусі даследаванні па ўсіх асн. кірунках вылічальнай матэматыкі і падрыхтоўкі навук. кадраў пачаліся з 1950-х г. у АН і БДУ пад кіраўніцтвам акад. У.І.Крылова; асобныя пытанні вылічальнай матэматыкі распрацоўваліся і раней.
Літ.:
Березин И.С., Жидков Н.П. Методы вычислений. Т. 1. 3 изд. М., 1966;
Т. 2. 2 изд. М., 1962;
Канторович Л.В., Крылов В.И. Приближенные методы высшего анализа. 5 изд. М.; Л., 1962;
Крылов В.И. Приближенное вычисление интегралов. 2 изд. М., 1967;
Крылов В.И., Скобля Н.С. Справочная книга по численному обращению преобразования Лапласа. Мн., 1968;
Турецкий А.Х. Теория интерполирования в задачах. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,
ураўненні, якія змяшчаюць невядомыя функцыі, іх вытворныя любых парадкаў і незалежныя пераменныя. Уведзены ў матэматыку І.Ньютанам і Г.Лейбніцам. Іх сістэматычнае вывучэнне пачаў Л.Эйлер. У 19 ст. Д.ў. сталі самастойнай матэм. дысцыплінай. Заснавальнікі сучаснай тэорыі Д.у. — А.М.Ляпуноў, У.А.Сцяклоў і інш.
Змена масы m радыеактыўнага рэчыва з каэфіцыентам распаду k за прамежак часу dt выражаецца Д.у. dm = kmdt (1). Тэмпература U = U(x, y, z), што ўстанавілася ў кожным пункце (x, y, z) цела, на мяжы якога падтрымліваецца зададзены цеплавы рэжым, задавальняе Д.ў.
(2).
Д.ў. віду (1) — звычайнае Д.ў. (змяшчае функцыю аднаго пераменнага), віду (2) — Д.ў. ў частковых вытворных (змяшчае вытворныя невядомай функцыі па розных пераменных). Парадак Д.ў. вызначаецца вытворнай самага высокага парадку ў гэтым ураўненні Кожнае Д.ў. вызначае адразу цэлую сям’ю рашэнняў, залежную ад лікавых ці функцыянальных параметраў; яно выражае некаторы агульны закон, якому падпарадкоўваецца мноства канкрэтных працэсаў. Для вылучэння асобнага працэсу задаюць дадатковыя ўмовы, найчасцей — краявыя (пачатковыя і гранічныя). Для рашэння (1) задаецца пачатковае значэнне — маса m(0) = m0. Рашэнне (2) вызначаецца, напр., гранічнымі значэннямі — размеркаваннем тэмпературы на паверхні цела. Звычайнае лінейнае Д.ў. або сістэму гэтых Д.у. увядзеннем дапаможнай функцыі можна запісаць у выглядзе x′ = P(t)x + φ(t), дзе P — матрыца каэфіцыентаў, φ — вектар свабодных членаў, x = x(t) — вектар-функцыя. Калі Y — квадратычная матрыца, якая складаецца з незалежных рашэнняў адпаведнай аднароднай сістэмы (φ ≡ 0), а x* — адно з рашэнняў прыведзенага Д.ў., тады ўсе яго рашэнні дае формула x = x* + Yc, дзе c — адвольны пастаянны вектар. У шэрагу выпадкаў, напр. пры пастаяннай P, пабудоваx* і Y зводзіцца да алгебраічных аперацый і інтэгравання. Існуюць і нелінейныя Д.ў., якія рашаюцца з дапамогай канечнага ліку прасцейшых аналітычных аперацый. Напр., калі My′= Mx′ тады ўсе рашэнні M(x,y)dx + N(x,y)dy = 0 дае формула ∫M(x,y)dx + N(x,y)dy = c, дзе c — адвольная пастаянная. Калі Д.ў. зададзена з дапамогай аналітычных функцый, тады рашэнне выяўляецца таксама аналітычнай функцыяй, раскладаецца ў ступенны рад каля кожнага неасаблівага пункта і знаходзіцца метадам неакрэсленых каэфіцыентаў. Вызначэнне рашэння Д.ў. ці сістэмы Д.у. x′ = 𝑓(t,x) з зададзенай пачатковай умовай x(t0) = x0 раўназначнае рашэнню інтэгральных ураўненняў тыпу:
(3). Калі 𝑓 неперарыўная функцыя, то (3) мае хоць бы адно рашэнне. Калі, акрамя гэтага, неперарыўная 𝑓′x, то рашэнне (3) адзінае і яго можна знайсці з дапамогай ітэрацый. Метад ітэрацый разам з метадам раздзялення пераменных, з метадам малога параметра і інш. ўжываецца і пры рашэнні Д.ў. з частковымі вытворнымі. Прыбліжанае рашэнне Д.ў. атрымліваюць, замяняючы ў Д.у. вытворныя адносінамі прырашчэнняў і пераходзячы да ўраўненняў у канечных рознасцях. Тэорыя Д.ў. выкарыстоўваецца ў варыяцыйным злічэнні, у тэорыі аптымальных працэсаў, у тэорыі кіравання рухам і ў большасці раздзелаў прыкладной матэматыкі. Вывучэнне краявых задач для Д.у. з частковымі вытворнымі — гал. частка матэм. фізікі.
На Беларусі развіццё тэорыі Д.у. звязана з імем М.П.Яругіна; распрацоўка новых раздзелаў тэорыі Д.у., арыентаваных на тэорыю кіравання, пачата ў 1966 Я.А.Барбашыным. Даследаванні па Д.у. вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш. (І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Э.І.Груда, Ф.М.Кірылава, В.І.Карзюк і інш.). У Мінску выдаецца міжнар. навуковы час.«Дифференциальные уравнения».
Літ.:
Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;
Яго ж. Линейные системы обыкновенных дифференциальных уравнений с периодическими и квазипериодическими коэффициентами. Мн., 1963;
Барбашин Е.А. Введение в теорию устойчивости. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Строй1 ‘рад, шарэнга’, ‘лад’, ‘пабудова, структура’ (ТСБМ), ‘строй, парадак’ (Байк. і Некр., Ян.), ‘выгляд, стройнасць, фігура’ (Варл.), ‘лад, парадак; наведзенасць’ (ТС), ‘узор, малюнак’ (Песні сямі вёсак), строй (на кросна) ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз., ТС), строе́ ‘ставы’ (лельч., Нар. лекс.). Укр.стрій ‘касцюм, адзенне’, рус.строй ‘строй; парадак’, польск.strój ‘строй; адзенне’, чэш.stroj ‘станок, машына’, славац.stroj ‘тс’, серб.-харв.стро̑й ‘фарба; шчолак; вайсковы строй’, славен.strȏj ‘машина, лакаматыў’, балг.строй ‘рад, сістэма, лад’, макед.строј ‘будова’, ‘рад’, ‘сватаўство’, ст.-слав.строи ‘кіраванне; лад, парадак; фармацыя’. Прасл.*strojь роднаснае лат.strãja ‘стойла, якое выслана саломай’, авест.urvarō‑straya ‘абразанне расліны’, лац.struō ‘дапасоўваць, састаўляць, будаваць, ладзіць’, constrūctiō ‘структура, кампазіцыя’, stria ‘баразна, складка’ (Фасмер, 3, 780; Глухак, 589). Далей этымалогія не вельмі ясная. Борысь (581) мяркуе, што слова роднаснае таксама слав.*strěxa ‘страха’ і распасціраць (гл. распасцерціся), да і.-е. кораня *(s)ter‑ ‘распасцерці’, адкуль таксама гоц.straujan ‘сыпаць, рассыпаць’, ням.Streu ‘салома на падсцілку’. Бязлай (3, 332), Сной₁ (615), апрача гэтай версіі, дапускаюць магчымасць паходжання ад і.-е.*kʼroi̯‑o, роднаснага з *kʼrei̯‑on у авес. srayan ‘прыгожы; прыгажосць’, ст.-інд.śrī‑ ‘прыгожасць’ і г. д. з першасным значэннем прасл.*strojь ‘парадак; прыгажосць’, параўн. стройны (гл.).
Строй2 ‘будоўля; драўніна для будоўлі’ (Ян., Мат. Гом.). Рус.паўн.строй ‘будаўнічы матэрыял’. Аддзеяслоўны дэрыват ад строіць (гл.) у адпаведным значэнні.
Строй3 ‘убор’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.). Гл. строі1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПЛАСТЫЧНАСЦЬ МАТЭРЫЯЛАЎ І АПРАЦОЎКА ІХ ЦІСКАМ
Сістэматычныя даследаванні ў галіне пачаліся на Беларусі ў 1948 пад кіраўніцтвам С.І.Губкіна. Распрацаваны фізіка-хім. тэорыя пластычнасці і матэм. метады даследавання пластычнасці металаў пры пракатцы, коўцы, штампоўцы. У 1956—70 даследаванні вяліся пад кіраўніцтвам В.П.Севярдэнкі. Распрацаваны метад ліній слізгання ў дастасаванні да працэсаў коўкі і гарачай аб’ёмнай штампоўкі; аналітычны метад рашэння плоскіх задач тэорыі пластычнасці, набліжаныя метады разліку для аналізу напружана-дэфармаванага стану ва ўмовах складанага нагружэння і тэорыя пераходных абласцей (Я.М.Макушок, А.С.Матусевіч, В.П.Севярдэнка, У.М.Сягал). Пабудова палёў ліній слізгання ў пераходных абласцях, як працяг поля ачага дэфармацыі, дала магчымасць вызначаць размеркаванне напружанняў у іх межах, у т. л. з улікам кантактнага трэння (Я.М.Макушок). Даследаваны ўплыў ультрагукавых ваганняў на працэс пластычнага цячэння металаў. Распрацаваны тэарэт. палажэнні аб мэтазгоднасці і магчымасці выкарыстання ультрагукавых ваганняў для інтэнсіфікацыі працэсаў апрацоўкі ціскам (У.У.Клубовіч, В.П.Севярдэнка, А.В.Сцепаненка), а таксама набліжаныя метады аналітычнага рашэння прыкладных задач: узбурэння палёў ліній слізгання; выкарыстання асімптатычных рашэнняў; лінеарызацыя ўмоў пластычнасці; метады аналізу напружана-дэфармаванага стану ў пераходных абласцях і на кантакце цвёрдага і пластычнага цел; метады канечных элементаў, муаравых палос (Т.В.Каліноўская, Я.М.Макушок, У.М.Сягал). Прапанаваны: эфектыўны спосаб гарачага выціскання з выкарыстаннем квазівадкіх асяроддзяў — гарачае гідрадынамічнае выцісканне (У.Р.Канцін, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў), працэсы дакладнай аб’ёмнай штампоўкі дэталей складанай формы ў штампах з раздымнымі матрыцамі (М.І.Калачоў, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў, В.А.Ціманюк). Развіты ўяўленні аб дэфармацыйным умацаванні металаў. Паказана магчымасць выкарыстання эфекту ўмацавання, звязанага са схемай напружанага стану, для павышэння канстр. трываласці і эксплуатацыйных якасцей вырабаў, што атрымліваюцца апрацоўкай ціскам (М.І.Калачоў). Развіваецца тэорыя папярочнаклінавой пракаткі і працэсы атрымання гэтым метадам вырабаў з падоўжанай воссю тыпу ступеньчатых валоў (Р.В.Андрэеў, В.А.Клушын, Я.М.Макушок, У.І.Садко, В.Я.Шчукін).
З сярэдзіны 1980-х г. пад кіраўніцтвам А.В.Сцепаненкі фарміруецца навук. школа па даследаванні і распрацоўцы новых працэсаў апрацоўкі матэрыялаў ціскам. Упершыню распрацаваны працэс атрымання малаліставых рысор з адначасовай пракаткай двух канцоў загатоўкі для надання ёй парабалічнага профілю (У.А.Кароль, А.В.Сцепаненка). Праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні мех. паводзін парашковых матэрыялаў, прааналізавана кантактнае ўзаемадзеянне часцінак сыпкага асяроддзя і кантынуальных уяўленняў рэалогіі неабарачальна сціснутых асяроддзяў (Л.А.Ісаевіч, А.В.Сцепаненка, В.Я.Харлан). Пад кіраўніцтвам У.У.Клубовіча далей развіты тэарэт. і прыкладныя распрацоўкі ў галіне ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў (В.В.Арцём’еў, В.В.Рубанік, А.В.Сцепаненка). Развіваецца новы навук. кірунак — самаарганізацыя нестацыянарных дэфармацыйных працэсаў (Я.М.Макушок), абгрунтавана мэтазгоднасць прафілявання рабочых паверхняў інструменту для халоднай аб’ёмнай штампоўкі стальных вырабаў з улікам геаметрыі межаў ачагоў дэфармацыі ідэальна пластычнага цела (А.В.Аліфанаў). Распрацавана мадэль прасавання дыскрэтных (парашковых, грануляваных) цел, якая дазваляе ажыццяўляць аналіз напружана-дэфармаванага стану з улікам уплыву міжчасцінкавага і знешняга трэння, вызначаць мяжу і форму ачага пластычнай дэфармацыі, улічваць асаблівасці ўплыву камбінаваных нагрузак і спякання (А.В.Аліфанаў, Я.М.Макушок). Пад кіраўніцтвам В.М.Чачына развіта імпульсная апрацоўка ліставых матэрыялаў (магнітна-імпульсная, гідраўдарная, электрагідраімпульснае дэфармаванне металаў і сплаваў; А.Ю.Жураўскі, Г.М.Здор, Ю.І.Крыванос, А.Л.Скрыпнічэнка, Г.К.Сядзяка, У.Л.Шадуя).
Літ.:
Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),
пабудовамаст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.
У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх.ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.
Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал.цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.
У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.
У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл.Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз.навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн.муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).
Літ.:
Композиция в современной архитектуре. М., 1973.
Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРА
Сістэматычныя даследаванні па алгебры на Беларусі пачаты ў 1945 Дз.А.Супруненкам. Яны былі звязаны з тэорыяй лінейных груп і груп падстановак, тэорыяй тапалагічных груп і паўгруп, тэорыяй канечных груп, тэорыяй кольцаў і тэорыяй прадстаўленняў груп. Асн. цэнтры даследаванняў — Ін-т матэматыкі Нац.АН Беларусі, БДУ, Гомельскі і Віцебскі ун-ты.
У межах даследаванняў па лінейных групах і групах падстановак пабудавана тэорыя вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над алгебраічна замкнёным полем, класіфікаваны максімальныя прымітыўныя вырашальныя групы падстановак некаторых прымарных ступеняў, атрыманы шэраг важных вынікаў аб перыядычных лінейных групах і камутатыўных матрычных алгебрах (Дз.А.Супруненка). Значныя вынікі ў гэтых галінах атрыманы таксама вучнямі Дз.А.Супруненкі (Р.Т.Вальвачоў, У.С.Конюх, Р.І.Тышкевіч і інш.); завершана пабудова тэорыі вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над адвольным полем (У.С.Конюх); даследаваны агульныя ўласцівасці груп падстановак і іх сувязі з групамі аўтамарфізмаў розных аб’ектаў (Р.І.Тышкевіч). Развіты метад апраксімацыі лінейных груп, у прыватнасці, атрымана рашэнне праблемы Мальцава пра лінейныя групы канечнага рангу, даказана нільпатэнтнасць падгрупы Фратыні канечна спароджанай лінейнай групы (У.П.Платонаў).
Даследаванні па лакальна праектыўна нільпатэнтных групах, а потым па лакальна кампактных групах з нармалізатарнымі ўмовамі праводзіліся ў пач. 1960-х г. (У.П.Платонаў). Сістэматычна даследаваны праканечныя групы (А.У.Мельнікаў). Вырашана задача Гратэндыка пра праканечныя папаўненні (У.П.Платонаў, А.І.Таўгень). Атрыманы шэраг цікавых вынікаў у даследаваннях паўгруп (А.А.Бейда, В.У.Дземянчук, Л.Б.Шнеперман, У.М.Шыраеў і інш.). Канечныя групы — асноўны аб’ект даследаванняў С.А.Чуніхіна і яго вучняў; найб. важныя дасягненні — даследаванні π-вырашальных груп, увод паняцця π-аддзяляльнай групы, развіццё метаду індэксіялаў. Знойдзена рашэнне задачы Віланда пра расшчапленне пашырэнняў канечных груп (Л.А.Шамяткоў) і частковае рашэнне праблемы Бёрнсайда пра існаванне нармальных падгруп у біпрымарных групах (У.С.Манахаў). З 1970-х г. пад кіраўніцтвам Л.А.Шамяткова развіваецца тэорыя фармацый канечных груп (М.Ц.Вараб’ёў, А.Ф.Васільеў, С.Ф.Каморнікаў, А.М.Скіба і інш.).
У тэорыі кольцаў Дз.А.Супруненкам і яго вучнямі даследаваліся максімальныя нільпатэнтныя матрычныя алгебры. Даказана гіпотэза Капланскага пра ідэмпатэнты групавых кольцаў (А.Я.Залескі), даследаваліся алгебры Лі (А.А.Баранаў, А.А.Прэмет). Развіта тэорыя гензелевых цел, якая ў значнай ступені завяршыла класічныя даследаванні па лакальных і нарміраваных целах (У.П.Платонаў, В.І.Янчэўскі). У межах даследаванняў груп Уайтхеда, алгебраічных груп і кангруэнц-праблемы даследавалася мультыплікатыўная структура канечнамерных цел (У.П.Платонаў, А.С.Рапінчук, В.І.Янчэўскі). Апісаны цэнтральныя простыя алгебры над палямі роду нуль з малым локусам галінавання (С.В.Ціханаў, В.І.Янчэўскі), вылічаны лік Піфагора палёў функцый спецыяльных крывых над полем рэчаісных фармальных ступенных шэрагаў (А.А.Ліпніцкі, С.В.Ціханаў, В.І.Янчэўскі разам з Я. ван Геелам). Развіты прыведзеная (У.П.Платонаў), прыведзеная унітарная (В.І.Янчэўскі) і прыведзеная спінарная (А.П.Манастырны, В.І.Янчэўскі) K-тэорыі.
Даследаванні па тэорыі прадстаўленняў груп Шэвале і блізкіх да іх груп пачаты ў 1980-я г. (А.Я.Залескі, А.С.Кляшчоў, А.А.Прэмет, І.Дз.Супруненка). Прапанаваны новы тэарэтыка-прадстаўленчы падыход да даследавання групавых алгебраў лакальна канечных груп, атрыманы шэраг класіфікацыйных вынікаў пра лінейныя групы з зададзенымі ўласцівасцямі (А.Я.Залескі), даследуюцца кагамалагічныя ўласцівасці груп Шэвале (У.П.Бурычэнка), распрацоўваюцца метады распазнавання прадстаўленняў і лінейных груп на аснове аналізу ўласцівасцей уніпатэнтных элементаў у мадулярных прадстаўленнях алгебраічных груп (І.Дз.Супруненка).
Літ.:
Супруненко Д.А. Группы матриц. М., 1972;
Шеметков Л.А., Скиба А.Н. Формации алгебраических систем. М., 1989;
Zalesskii A.E. Linear groups // Encyclopedia of Mathematical Scielices Algebra IV. 1994. Vol. 37;
Platonov V.P., Yanchevskii VI. Finite-dimentional skew fields in A.I.Kostrikin and I.R.Shafarevich // Там жа. Algebra IX. 1995. Vol. 77;
Rehmann U., Tikhonov S.V., Yanchevskii VI. Two-torsion of the Brauer groups of hyperelliptic curves and unramified algebras over their function fields // Communications in Algebra. 2001. Vol 29, №9;
Супруненко Д.А. Группы подстановок. Мн., 1996;
Suprunenko I.D. On lordan blocks of elements of order p in irreducible representations of classical groups with p-large highest weights // Journ of algebra. 1997. Vol. 191, №2;
Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;
Тихонов С.В., Янчевский В.И. Индексы центральных простых алгебр над полями функций проективных пространств над Pn,r-полями // Мат. сб. 2002. Т. 193, №11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),
кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.
Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.Габа і А.Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.Папова і В.Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.Таірава, У.Меерхольда, С.Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.Дзешавова, балет «Стальны скок» С.Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.Шастаковіча, «Жалобная ода» А.Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф.арк. А.Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.Зялінскім, І.Сельвінскім і А.Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн.эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.Агапаў, А.Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».
На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв.функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.Гінзбург, І.Голасаў (гл.Голасавы), К.Мельнікаў і інш.
У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш. На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.Гальц, М.Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.Васільеў) і інш.
Літ.:
Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг.М., 1970;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;
Да арт.Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.Валадзько. 1934.