бараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
1. Біць у барабан (бубен), іграць на барабане (у 1 знач.). Вову крыкнула Рая: — Бубен на, барабань!.. Ды ўсё роўна іграе Штосьці сумна баян. Смагаровіч.
2. Разм. Часта і дробна стукаць па чым‑н. І вось, нібы сярэбраны гарох, Дождж барабаніць па вагонным даху. Бураўкін. Дзяжурны барабаніў у павешаную бляху. Чарот. Толькі паслухалі [падпольшчыкі] зводку, як нехта пачаў барабаніць у дзверы. Новікаў. // Бразгаць ад холаду, ветру. Ад ветру барабанілі шыбы. □ Ва ўсім целе .. [Панасюк] адчуваў холад. Сціснуў зубы, каб не барабанілі. Бядуля. // перан.; што і без дап. Гучна, без майстэрства, невыразна гаварыць, чытаць, іграць на якім‑н. інструменце. За кулісамі хтосьці барабаніў польку на раялі. □ Адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Гартны. — Ты, Іван, сёння барабаніш і барабаніш, дай жа чалавеку сказаць, — перапыніла яго Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дражні́ць, дражню, дражніш, дражніць; незак., каго-што.
1. Знарок, наўмысна злаваць, раздражняць чым‑н. Дражніць сабак. □ [Нюрка] наогул мала калі сядзела спакойна на месцы. То імчалася да бацькі ў краму і мыла там падлогу, то дапамагала заганяць у хлявы калгасных цялят, то дражніла панурага скнару Колю. Даніленка. // Паўтараць у смешным выглядзе чые‑н. словы, рухі і пад. Нехта дражніць мяне: Кашляну, — і ў адказ кашляне І схаваецца недзе... Куляшоў. — Вось як прыпільную, дык я на тваёй галаве патраву зраблю, — дражніць Цімох Кустрэя. Колас. // Называць крыўднай мянушкай. — Смыкам дражняць мяне, а сапраўднае прозвішча Скрыпка. Гурскі. Дзеці дражняць Сцёпку сцяблом-граблом, відаць, за доўгія ногі. Хомчанка.
2. Узбуджаць, распальваць, выклікаць якія‑н. пачуцці, жаданні. На сталах на гэтых страва Дражніць нос прынадным пахам. Крапіва. Вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў .. [Лабановіча], кудысь зваў і смяяўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; заг. забудзься; зак.
1. Разм. Тое, што і забыць (у 1 знач.). Забыўся прозвішча таварыша. □ Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад. Маўр. Пацешыўшыся з генерала, Ігнась ужо забыўся пра гэта здарэнне. Мурашка. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык.
2. што. Разм. Тое, што і забыць (у 2 знач.). Забыцца дома кнігу.
3. Не ўтрымацца, не захавацца ў памяці. Многае пасля інстытута забылася, і цяпер працаваць у школе Наташы было нялёгка. Васілевіч. Ніколі не забудзецца маленькі чэх Урбанэк з кветкамі, які прыйшоў разам з маткаю пакланіцца загінуўшым. Мележ.
4. Адысці ў думках ад рэчаіснасці; перастаць думаць пра тое, што хвалюе. Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Быкаў.
•••
Забыцца сном (у сне) — заснуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.
1. Паставіць, зрубіць дом; узвесці будынак, збудаванне. Дом быў стары, і яго даўно трэба было разбурыць, а на яго месцы пабудаваць новы. Арабей. Гады з два таму тут пабудавалі новы, высокі ды моцны мост. Зарэцкі. // Вырабіць, выпусціць (машыны, механізмы і пад.). Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вось бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Лынькоў. // Зрабіць, змайстраваць, зляпіць.
2. перан. Стварыць. Разам з усім савецкім народам працоўныя Беларусі пабудавалі сацыялізм. «Беларусь».
3. Аснаваць на чым‑н. Саўка ведаў, што асуджаныя за «палітыку» карыстаюцца памагаю з боку шырокіх колаў грамады. На гэтым ён і пабудаваў сваю тактыку. Колас.
4. Вычарціць якую‑н. геаметрычную фігуру. Пабудаваць паралелепіпед.
5. Саставіць, скласці што‑н. Пабудаваць фразу. Пабудаваць сказ.
•••
Пабудаваць на пяску — аснаваць што‑н. на ненадзейных, хісткіх звестках, фактах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавалі́цца 1, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
1. З цяжкасцю перабіраючыся, валачыся цераз што‑н., упасці на процілеглы бок чаго‑н. Пераваліцца цераз плот. □ Можа за дзесятай спробаю я дацягнуўся да дзіркі ў зашчытку. Пераваліўся на другі бок і чмякнуўся снапом на зямлю. Мыслівец. Сярожа чуе, як гэты нехта знадворку ўхапіўся за падаконнік і пераваліўся ў бакоўку. Паўлаў. // Разм. Нязграбна, з цяжкасцю пераступіць цераз што‑н. Жанчына перавалілася цераз парог. Стала і ні з месца. Задыханая, спацелая, без хусткі. Пташнікаў.
2. Разм. Перавярнуцца з аднаго боку на другі. Мікола нешта прамармытаў і пераваліўся на другі бок. П. Ткачоў.
3. перан. Прыйсціся, дастацца каму‑н. на долю. На плечы старэйшага сына перавалілася значная частка таго цяжару, які нёс у хаце гаспадар. Кулакоўскі.
перавалі́цца 2, ‑валіцца; зак.
Сапсавацца ад празмернага валення (пра сукно, лямец і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спу́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Спужаўшы, прымусіць пайсці, паляцець, пабегчы адкуль‑н. Над галовамі пралапатала чарада белых галубоў — нехта іх спудзіў. Гурскі. Я чую возера ўсплёскі: То сом прачнуўся на зары І спудзіў шчупака. Броўка. Увайшоў [бегемот] у чаротнік, спудзіў птушак, пачаў там валаводзіцца ды трашчаць. Маўр. Прытаіўся Гушчык, каб ваўка не спудзіць, і чакае ціха, што далей тут будзе. Дубоўка. / у перан. ужыв. Спудзіў трэск аўтаматаў Раніцой цішыню. Смагаровіч. // перан. Прымусіць знікнуць (які‑н. настрой, пачуццё і пад.). Што іх спудзіла сон, Што яны паглядаюць на захад? Танк.
2. Напалохаць, спужаць. І ўвесь народ ураз мятнуўся, І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла бы шчэпку ў перавале. Як бы хто іх тут страшна спудзіў. Колас. — Сватамі дзевак не спудзіш, — засмяялася.. [Аленка] і да мяне [Сені] прытулілася. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тапі́цца 1, таплюся, топішся, топіцца; незак.
1. Свядома пазбаўляць сябе жыцця, кідаючыся ў ваду; гінуць у вадзе. «Топіцца!» — раптам прамільгнула ў свядомасці, і радыстка кінулася ў ваду. Кулакоўскі. Ужо сціхаў ажыўлены гул галасоў, як з боку эстакады нехта крыкнуў: — Чалавек топіцца! Лынькоў.
2. Пагружацца ў што‑н. мяккае, зыбкае; вязнуць, засядаць у чым‑н. Ціха, павольна праходзіць аўтобус там, дзе нядаўна і трактар тапіўся. Дубоўка. // Быць цалкам пакрытым чым‑н. вязкім, вадкім. [Стафанковіч] выбрукаваў клінкерам адну вуліцу, па якой кожны дзень праязджаў у машыне, іншыя ж вуліцы пакінуў тапіцца ў гразі. Чорны.
3. Зал. да тапіць 1 (у 1 знач.).
тапі́цца 2, топіцца; незак.
1. Награваючыся, станавіцца мяккім, вадкім.
2. Зал. да тапіць 2.
тапі́цца 3, топіцца; незак.
Разм.
1. Тое, што і паліцца 1 (у 1 знач.).
2. Зал. да тапіць 3.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уліп, ‑ла; зак.
1. Папасці ў што‑н. ліпкае, вязкае, прыстаць да чаго‑н. ліпкага, клейкага. Уліпнуць у смалу.
2. перан. Разм. Трапіць у непрыемнае, нялёгкае становішча; папасціся. — Аднак і ўліплі мы, браткі, з гэтым хлебам... — сказаў нехта з нас. Лынькоў. [Пан Вячорык:] — Дзейнічаць вам [агентам] трэба асцярожна, каб самім не ўліпнуць. Машара.
3. Разм. Шчыльна прытуліцца, прыпасці да чаго‑н. Высокі стары.. так даў Валі дарогу прайсці, што аж уліп плячыма ў сцяну І забраў з яе на сябе траха не ўвесь мел. Чорны. Арцыховіч уліп у зямлю і падрыхтаваўся да стральбы. Алешка.
4. Разм. Добра аблегчы, прыстаць (пра адзенне, абутак). Бот юхтовы — толькі скрып Ад новага бота, Да нагі ён проста ўліп — Чыстая работа. Бялевіч.
•••
Уліпнуць у гісторыю — тое, што і уліпнуць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.
1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.
2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.
Разм.
1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.
2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.
3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)