металаарганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле атам літыю, непасрэдна злучаны з атамам вугляроду.
У асн. Л.з. — цвёрдыя рэчывы. Бутыллітый C4H9Li і аліфатычныя Л.з. з 7—12 атамамі вугляроду ў малекуле — вязкія вадкасці. Аліфатычныя Л.з. добра раствараюцца ў вуглевадародах (акрамя метыллітыю CH3Li) і эфірах, араматычныя — толькі ў эфірах. Л.з. лёгка акісляюцца (напр., CH3Li у паветры самазагараецца), бурна ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, к-тамі, галагенамі. Паводле хім. уласцівасцей блізкія да рэактываў Грыньяра (гл.Грыньяра рэакцыя). Звычайна атрымліваюць узаемадзеяннем алкілбрамідаў ці алкілхларыдаў з метал. літыем у арган. растваральніку. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, у прам-сці — як каталізатары стэрэаспецыфічнай полімерызацыі (напр., пры атрыманні бутадыенавых і ізапрэнавых каўчукоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНАРЭЦЭ́ПТАРЫ сенсарныя структуры жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць мех. раздражненні з навакольнага асяроддзя ці з унутр. органаў. Рэцэптары 1-га тыпу маюць спецыялізаваныя валаскова-раснічастыя структуры, што прымаюць удзел у першаснай рэцэпцыі (напр., валасковыя рэцэптары органаў слыху, бакавой лініі, вестыбулярнага апарата і інш.). Рэцэптары 2-га тыпу ўспрымаюць стымул непасрэдна механаадчувальнай мембранай нерв. канца (напр., тканкавыя М. пазваночных). Важную ролю ў развіцці, арганізацыі і дзейнасці М. адыгрываюць умовы існавання арганізмаў. У жывёл, што карыстаюцца эхалакацыяйрэхалакацыяй (напр., кажаны, дэльфіны) М. органаў слыху ўспрымаюць ультрагукі. Развіццё апорна-рухальнага апарата выклікала паяўленне прапрыярэцэптараў, развіццё сардэчна-сасудзістай сістэмы — узнікненне М. сэрца, барарэцэптараў сасудаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСЕДЭ́МА (ад грэч. myxa слізь + oidēma пухліна, ацёк),
захворванне, якое абумоўлена зніжэннем функцыі шчытападобнай залозы; адна з праяў гіпатырэозу. Адрозніваюць першасную форму (пашкоджанне непасрэдна шчытападобнай залозы) і другасную (пашкоджанне гіпаталама-гіпафізарнай сістэмы). Першасная М. бывае прыроджанай (напр., пры ўнутрывантробным назапашванні шчытападобнай залозай плода радыеактыўнага ёду) і набытай (пасля траўмаў ці вострага запалення шчытападобнай залозы). Прыкметы: слізісты ацёк скуры і падскурнай клятчаткі, павышаная стамляльнасць, зніжэнне т-ры цела, крывянога ціску, выпадзенне валасоў, цяжкія функцыян. парушэнні ц. н. с., эндакрыннай, страўнікавай і інш. сістэм, дыстрафія. У дзіцячым узросце — карлікавы рост, замаруджанае акасцяненне, парушэнні псіхікі і інш. Лячэнне — гармонатэрапія, сімптаматычная тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЯЎ ПРА́ВІЛАў біялогіі,
палажэнне, што адносіны колькасці цеплавой энергіі, якую выдзяляе гамаятэрмная жывёла, да плошчы паверхні цела маюць прыблізна аднолькавае значэнне. Сфармулявана франц. фізіёлагам Ш.Рышэ (1899) і ням. вучоным М.Рубнерам (1902). Эмпірычна даказана, што сярэдняе значэнне выпрацоўкі цеплавой энергіі (ацэньваецца па колькасці спажываемага кіслароду) непасрэдна звязана з цеплааддачай, якая тым большая, чым драбнейшая жывёла. У дробных жывёл на адзінку масы прыпадае адносна большая плошча паверхні цела, чым у буйных, таму адносная аддача цяпла ў навакольнае асяроддзе дробнымі жывёламі вышэй, што кампенсуецца павялічанай выпрацоўкай цяпла ў арганізме. У экалогіі і біягеаграфіі П.п. звязана з Бергмана правілам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ВУ́ГАЛЮ,
метад ператварэння каменных і бурых вуглёў у гаручыя газы непасрэдна ў зямных нетрах. Ажыццяўляюць пад уздзеяннем высокай т-ры (1000—2000 °C) і акісляльніку (паветра, кісларод, вадзяная пара) у свідравінах для падвядзення акісляльніку (выдзімання) і адвядзення газу, што ўтвараецца. Свідравіны, размешчаныя ў пэўным парадку, утвараюць т.зв. падземны газагенератар, у якім адбываюцца тыя ж хім. рэакцыі, што і ў звычайных газагенератарах (гл.Газіфікацыя паліва). Ідэю П.г.в. выказаў у 1888 Дз.І.Мендзялееў. Распрацоўка і ўкараненне тэхн. рашэнняў П.г.в. пачаты ў СССР у 1930-я г. Работы па П.г.в. праводзяцца ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФІЛЁЎШЧЫК,
машына для ўтварэння дакладнага профілю і роўнай паверхні дна і адхонаў каналаў (аўтадарог, дамбаў, плацін, вадасховішчаў). Бываюць на рэйкавым і гусенічным хаду. З’яўляюцца разнавіднасцю планіроўшчыкаў.
Маюць 1 ці 2 многакаўшовыя рабочыя органы папярочнага капання (або фрэзы), якія непасрэдна ці праз стужачны транспарцёр выкідваюць грунт на берму (у кавальеры). За рабочымі органамі размяшчаюцца адвалы — для канчатковай планіроўкі і зачысткі паверхні. Паўнапрофільныя П. планіруюць увесь перыметр выемкі з рознай шырынёй па дне, працуюць пры руху ўперад і назад; паўпрофільныя ажыццяўляюць планіроўку аднаго адхону і часткі дна (адхонапланіроўшчыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНІЧНЫЯ ЦЭ́НЫ,
грашовае выражэнне кошту тавараў (паслуг), якія непасрэдна рэалізуюцца насельніцтву ў малых, адзінкавых колькасцях для асабістага спажывання. Паводле эканам. прыроды характару фарміравання падзяляюцца на дзярж., камісійныя і свабодныя. Дзяржаўныя Р.ц. вызначаюцца дзярж. органамі цэнаўтварэння. КамісійныяР.ц. дзейнічаюць пры продажы с.-г. прадукцыі калгасаў, саўгасаў, сельскага насельніцтва і фарміруюцца ў залежнасці ад закупачнай цаны, якая вызначаецца па пагадненні абодвух бакоў, трансп. і інш. расходаў. Свабодныя Р.ц. фарміруюцца пад уплывам адпускной цаны прадпрыемства-вытворцы ці імпарцёра, аплачанай аптовай надбаўкі, гандлёвай надбаўкі, якая самастойна вызначаецца гандл. прадпрыемствам, улічваюцца выдаткі абарачэння, выплата падаткаў і інш. расходы, неабходны прыбытак. Ваганні Р.ц. цесна звязаны з попытам і прапановамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБСТАНТЫВА́ЦЫЯ (ад лац. substantivum назоўнік),
пераход у разрад назоўнікаў слоў інш. часцін мовы ў выніку набыцця імі здольнасці ўказваць непасрэдна на прадмет, а не толькі на яго прыкмету; безафіксны спосаб утварэння назоўнікаў пераважна ад прыметнікаў як разнавіднасць канверсіі. Пры С. ўтвараюцца назоўнікі, што могуць мець значэнне асобы («хворы», «маладая»), прозвішча або мянушкі («Чорны», «Сівы»), відаў жывёлін («хобатныя», «хордавыя»), відаў страў («гарачае», «салодкае»), памяшканняў («мыйная», «сталовая»), інш. з’яў і прадметаў («праязны», «сутачныя») і г.д.
Субстантываваныя прыметнікі захоўваюць формы скланення прыметніка. Аказіянальна-кантэкставая С. можа закранаць і інш. часціны мовы («Ваша вечнае «не» мне надакучыла»; «Ну, давай «пяць» і не злуй болей»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКУПНЫ РАБО́ЧЫ, сукупны работнік,
паняцце, якое характарызуе якасць і ўзровень развіцця рабочай сілы; сукупнасць працаўнікоў, грамадская камбінацыя індывід. рабочых сіл, якія непасрэдна ці апасродкавана ўдзельнічаюць у вытв. працэсе, ствараючы пэўныя спажывецкія вартасці. У С.р. адрозніваюць 2 бакі: па змесце ён — элемент прадукц. сіл грамадства, які гістарычна абумоўлены пэўным характарам працэсу працы (рамесным, машынным і інш.), узроўнем падзелу працы, характарам і памерам выкарыстаных сродкаў вытв-сці; па форме ўключае ў сябе сістэму вытв. адносін, у якія ўступаюць члены С.р. з уласнікам сродкаў вытв-сці. Дае магчымасць рацыянальна размяркоўваць работнікаў па вытв. і дапаможных функцыях у залежнасці ад іх здольнасцей, эканомна выкарыстоўваць іх працу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАЛЯЛО́М, брэкватэр,
гідратэхнічнае збудаванне для аховы берагоў вадаёмаў і прыбярэжных збудаванняў ад уздзеяння хваль. Энергія затрыманых хваль гасіцца на Х. або адбіваецца ад яго. Адрозніваюць загараджальныя (абкружаныя воднай прасторай) і берагаахоўныя (размешчаныя непасрэдна каля берага, гл.Берагаўмацавальныя збудаванні, Мол). Бываюць суцэльныя (верт. ці адкоснага профілю з бетону, каменнай накідкі і інш.), скразныя (з адтулінамі для пропуску вады), плывучыя (пантоны, замацаваныя якарам), пнеўматычныя (энергія хваль гасіцца струменем сціснутага паветра), гідраўл. (ствараюць сустрэчны паверхневы паток). Будуюцца ў акваторыі порта і рэйдавых прычалаў, падыходаў да каналаў і шлюзаў, берагавых участкаў мора, вадасховішча і інш.