Вампі́р ’крывасмок, міфалагічная істота’ (КТС). Ва ўсходнеславянскія мовы слова трапіла з французскай або нямецкай. Франц. vampire і ням. Vampir узыходзяць да слав. кораня *ǫpirь; параўн. рус. упырь, польск. upiór ’тс’ (Фасмер, 1, 127; Шанскі, 1, В, 16; БЕР, 1, 117; Рудніцкі, 1, 306; Скок, 3, 564; Брукнер, 594; Махэк₂, 669).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́прамець ’стрымгалоў, вельмі хутка’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк.), во́прамяць ’тс’ (Бір. Дзярж.), во́прамеццю ’тс’ (Шат., З нар. сл., калін.). Запазычанне з рус. о́прометь ’імклівы бег’, о́прометью ’стрымгалоў, з усіх ног’, калі меркаваць па адсутнасці ў бел. гэтага кораня і па захаванню рус. марфалагічнай формы (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лату́та ’неахайны чалавек, лахудра’ (Янк. III), міёр. латута, латуціна ’абшарпаны, абадраны’ (З нар. сл., Нар. словатв.). Відавочна, балтызм. Параўн. літ. latus ’малы, тоўсты чалавек’ — з суф. -litas. Аднак не выключана магчымасць утварэння з гэтым суфіксам ад кораня лат‑, як мяркуе Янкоўскі (Янк. III, 58). Да латах. Параўн. таксама ўкр. лахута ’лахман’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́няць (БРС, Шат.; КЭС, лаг.), вы́ніць (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. вы́няць, укр. ви́няти, польск. wyjąć, чэш. vyndati, славац. vyňať. Утворана з дапамогай прыстаўкі вы‑ ад агульнаслав. jęti (гл. узяць); н — устаўное (Шанскі, 1, В, 228). Форма вынуць (Бяльк.), цікавая поўным знікненнем кораня (Трубачоў, Дополн., 1, 369), запазычаная з рус. вы́нуть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Го́лас ’голас’ (БРС). Рус. го́лос, укр. го́лос, польск. głos, чэш. hlas, серб.-харв. гла̑с, балг. гласът. Прасл. *golsъ; утварэнне на ‑s‑ ад кораня *gol‑ (параўн. слав. *gol‑gol‑ati ’гаварыць’, *gol‑gotъ ’слова, мова’), магчыма, гукапераймальнага характару. Гл. Фасмер, 1, 431; Слаўскі, 1, 292; Трубачоў, Эт. сл., 6, 219–220.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Намосклый ’прамоклы, размоклы (толькі пра драўлянае)’ (драгіч., Клімч.). Звязана з рус. мозглый ’гнілы’ (< *mъzglъjь), аглушэнне зычных, магчыма, у выніку збліжэння з намоклы; аднак не выключаны і зыходны варыянт кораня з аглушэннем, гл. укр. карп. москоли ’непагода’, а таксама гідронім Масква, які параўноўваюць з чэш., славац. moskva ’сырое збожжа’ (Фасмер, 2, 660).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Нацяка́ць, натяка́ты ’намякаць’ (брэсц., Нар. лекс.), натякну́ті ’напомніць’ (бельск., Ніва, 6 мая 1979 г.), укр. натяка́ти, натякну́ти ’намякаць, намякнуць’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад наці́кнуць ’напомніць, нагадаць’, нацкну́ць ’тс’ (гл.), што дэманструюць розныя варыянты кораня, прадстаўленага ў цік ’памяць, кемнасць’, ці́кнуць ’раптоўна успомніць’, цекну́ць ’раптоўна прыйсці ў галаву’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жме́ня, жмяня́ (Сл. паўн.-зах.). Рус. абл., укр. жме́ня ’тс’, чэш. žmen, славац. žmeň. Ад кораня *žьm‑ (жаць2, жмаць) з суфіксам *‑en‑ і далейшым канчаткам ‑ja (‑i). Відаць, яшчэ прасл. рэгіяналізм. Махэк₂ (175), улічваючы чэш. žemně, мар. žemenka, прапануе прасл. форму *žьmьńa або *žьmьnь. Фасмер, 2, 58; Міклашыч, 408.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Зеляпа́н, зелепа́н ’малы шчупак’ (жыт., Нар. словатв.). Утвораны з суфіксам ‑ан (Сцяцко, Афікс. наз., 26) ад кораня *зелеп‑, пра які гл. зялепаць. Больш пашырана зяле́пуха ’недаспелы плод’ (гл.), таму магчыма, што назва малой рыбы — перанос з назвы плода. Не выключана і самастойнае ўтварэнне паводле прыметы ’малы’, ’малады’ ці ’зеленаваты’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зніч ’святы агонь у язычнікаў’. Польск. znicz ’надгробнае полымя’, чэш. znič ’святы агонь у старажытных літвінаў і славян’. Верагодна, таго ж кораня, што і зноіць (гл.): zněti, zniti, znoi‑ (> znojь) ’гарэць’ з суф. ‑čь, які ўтвараў назвы прадметаў паводле дзеяння (Сцяцко, Афікс. наз., 45; Слаўскі, SP, 1, 102), як bitibičь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)