deep1 [di:p] adj.

1. глыбо́кі (у розных знач.);

a deep impression глыбо́кае ўра́жанне;

a deep shelf шыро́кая палі́ца;

deep sorrow глыбо́кі сму́так;

a deep well глыбо́кі кало́дзеж;

a hole six feet deep я́ма глыбінёй у шэсць фу́таў;

a village deep in the valley вёска, разме́шчаная ў глыбіні́ далі́ны;

deep in debt па ву́шы ў даўга́х;

deep in thought у задуме́нні;

heave a deep sigh глыбо́ка ўздыха́ць;

take a deep breath зрабі́ць глыбо́кі ўды́х

2. цёмны, густы́ (пра фарбы);

deep red цёмна-чырво́ны

3. ні́зкі (пра голас)

4. уто́ены, скры́ты, патае́мны;

deep designs патае́мныя заду́мы;

He’s a deep one. Ён скрытны.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

про́пасць

1. Глыбокае месца на балоце, у рацэ; бяздонне (Нясв., Рэч., Слаўг., Стол., Шчуч.).

2. Глухое месца (Слаўг.).

р. Пропасць (цяпер р. Проня) Слаўг. (1627 Книга Большому чертежу; 1560 Археагр. т. 3, 1867, 267).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

бу́хта

1. Глыбокае месца ў рацэ на самым яе завароце; вір (Гродз., Бельск., Жытк., Сал., Стол.).

2. Выкручаная вадой яма на дарозе, на лузе ў час разводдзя (Стол.).

ур. Бухта Просць каля в. Кароцічы Стол.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Норт ’цячэнне; паглыбленне, вір на павароце ракі’ (Сл. ПЗБ), ’паўвостраў, які ўтварае рака, мяняючы напрамак свайго цячэння’ (карэл., З нар. сл.), ’неглыбокае месца ў рэчцы, дно якога ў карчах’ (навагр., Нар. лекс.), ’спакойная частка ракі ў вілейскіх плытагонаў’ (JP, 64, 31), ’калена ў рацэ’ (астрав., ул. інф.), ’фарватар ракі; месца, якое агібае рака’ (гродз., Яшк.), ну́ортглыбокае месца на павароце ракі’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нуртъ ’цячэнне’ (1603). Запазычанне з польск. nort, nurt ’цячэнне, стрыжань, быстрак у рацэ’, дыял. nort, nord, nórt ’куток, канец, край, узлесак’, ст.-польск. nurt, nurta ’яма, пячора і пад.’ (Булыка, Лекс. запазыч., 138; Бяднарчук, JP, 64, 31–32), пра што сведчыць у першую чаргу лінгвагеаграфія. Аднак славен. Nart, Narte ’назвы правалаў’, якія Бязлай звязвае з польск. nort, што суадносіцца з літ. nàrtas ’кут, вугал’ (Бязлай, 2, 215), дае падставы лічыць беларускія словы даўнімі ўтварэннямі ад прасл. *nor‑ (*ner‑, *nьr), гл. нара́, пану́ры (параўн. Брукнер, 366).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх, І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.

Т.​В.​Габрусь, А.​А.​Ярашэвіч.

Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАНО́ВІЧ (Фларыян Паўлавіч) (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),

тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел. прафес. т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.​Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел. нар. т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац. т-р імя Я.​Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Апошняе спатканне» У.​Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.​Купалы, «Ганка» У.​Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.​Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.​Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.​Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Сабалеўскі А. Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.

Ф.П.Ждановіч.

т. 6, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (слаўг., Яшк.); ’прытон’ (РБС), укр. вертеп ’пячора’; батлейка, зах. верте́па ’прорва, яр, роў’, ве́ртіб, ве́ркіп ’яміна на полі з вадою або без яе’, рус. перм., смал., калуж. верте́п ’яр з непраходнымі кустамі, лесам’, перм. ’узгорак з лагчынамі’, верте́па ’крутая гара, пакрытая непраходным лесам’, маск. вертепи́жина ’яміна з вадою на дарозе’, цэнтр.-рус. вертебя ’карставы яр’, тул. вертебинище ’яр’, ст.-рус. вертепъ, вьртьпъ ’цясніна’; ’яр’; ’пячора, склеп, тайнае сховішча’; ’прытон’; ’сад’, польск. wertep, wertepy ’мясцовасць, цяжкая для пераадолення, дарога з калдобінамі’; ’батлейка’, ст.-польск. werteb ’бездарожжа’, werteba ’яр, роў’, славен. vrtèp ’пячора’, макед., балг. варто́п, врто́п, върто́п, въртуп ’вір’; ’карставая яма’; ’глыбокае месца ў рацэ’; ’невялікі гай сярод голай мясціны’; ’быстрыня’; ’месца на лузе з патаптанай травою’; ’зігзагападобны яр’; ’паварот ракі, дарогі, гары’; ’лагчына’; ’прорва’; ’лужына’, балг. върто́пел ’вір’; ’лагчына’; ’паварот ракі, дарогі, гары’, ст.-слав. врътъnъ, вьртьnъ ’пячора’; ’сад’; ’пекла’, врьтопъ ’пячора’. Некаторыя этымолагі разглядаемую лексему выводзяць з vьrtь ’сад’ (Сразнеўскі, 1, 464), утвораную пры дапамозе суф. ‑ьръ/‑ъръ (Фасмер, 1, 300; КЭСРЯ, 76; Шанскі, 1, В, 65), маючы на ўвазе павойны, пакручасты характар раслін (у садзе). Семантыка, звязаная са сцэнамі нараджэння Хрыста, сведчыць на карысць запазычання ўсх.-слав. лексемы вярцеп (вертеп) з ц.-слав. мовы (Брандт, РФВ, 25, 215). Значэнне ’прытон (разбойнікаў)’ другаснае; яно паходзіць з асноўнага ’прорва, яр, лагчына, непраходнае месца, гушчар’, якое маецца ў паўдн.- і ўсх.-слав. мовах. Польскае werteb(a) Брукнер (607) лічыць запазычаннем з укр. мовы. Можна меркаваць, што лексема з’яўляецца вельмі старым складаным словам, утвораным ад і.-е. *u̯ert‑ ’вярцець’ і *upos ’вада’, якое мела значэнне ’вір, непераходнае глыбокае месца’ (Гараеў, 1896, 69; БЕР, 1, 212; Геаргіеў, БЕ, 11, 1965, 302 і наст.; Кабылянскі, Мовознавство, 1967, 6, 43; Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 1968, 28–40; Клепікава, Карп. диал. и оном., 51 і наст.). Другая частка і.-е. *upos знайшла сваё ўвасабленне ў балг. вапа ’катлавіна’, въпа ’яма, лагчына’, серб.-харв. ва̀па ’выпарэнне’, ст.-слав. вапа ’возера, лужына’. Гл. таксама вярцёбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

праця́ць, пратну, пратнеш, пратне; пратнём, пратняце; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць чым‑н. колючым наскрозь; прарэзаць. Пакуль салдаты пілі, яна безупынку шчабятала. І ўсё пра свайго мужа нябожчыка Рыкарда. Што, калі б яго не працяў рагамі раз’юшаны бык, Рыкарда таксама абараняў бы рэспубліку. Беразняк. Раменная плётка са свістам працяла паветра і апякла брату цела. Карпюк. // перан. Пільна ўгледзеўшыся, пранікнуць куды‑н. У цыгана быў погляд глыбокі, уедлівы, нібы ён стараўся ім працяць мяне. Чыгрынаў. Зірнула .. [жанчына] на мяне так, нібы хацела позіркам працяць навылёт. Сабаленка.

2. перан. Пранізаць усю істоту (пра вецер, холад, боль і пад.). Бацька пасядзеў на ганку, услухоўваючыся ў наваколле, пакуль яго не працяў перадранішні халадок. Марціновіч. Нешта цяжкое навалілася на плечы, востры боль наскрозь працяў шыю. Шахавец. / у безас. ужыв. Імгненным страхам працяло ўсё цела. Навуменка. // Моцна, раптоўна падзейнічаць, зрабіць глыбокае ўражанне. Маўчанне зацягвалася. Вера не ўмела парушыць яго. Здавалася, тут патрэбны словы, каб працялі чалавека наскрозь. Асіпенка. Хрысціна устрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плес

1. Глыбокае месца на балоце, дзе заўсёды знаходзіцца вада (Сядл. губ. Бес., 310).

2. Прырэчная сенажаць, якая заліваецца вадой у час разводдзя (Глуск. Янк.).

3. Забалочаныя берагі азёр (Палессе Талст.).

в. Плесы каля Гомеля (К. 1838).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ка́верт

1. Невялікая глыбокая яма з вадой на лузе (Стол.).

2. Глыбокае месца ў рацэ (Дубр., Палессе Талст.). Тое ж коверт (Дубр.).

3. Вір (Слаўг.).

4. Вокнішча сярод дрыгвы (Стол.).

5. Невялікае забалочанае паніжэнне (Палессе Тур. Крыв.).

6. Лужына; роў (Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)