навука пра структуру, дынаміку і класіфікацыю згуртаванняў жывых істот у сувязі з месцам іх пражывання. Вывучае біял. прадукцыйнасць, кругаварот рэчываў і паток энергіі ў біягеацэнозах, іх цэласнасць і стабільнасць, межы і дынаміку. Прыватная частка біягеацэналогіі — біяцэналогія.
Пачатак біягеацэналогіі пакладзены працамі рус. вучоных В.В.Дакучаева і Г.Ф.Марозава, развіты вучэннем У.І.Вярнадскага пра біясферу і ролю жывога рэчыва ў фарміраванні зямной кары. Заснавальнікам біягеацэналогіі як асобнай навукі з’яўляецца У.М.Сукачоў. На Беларусі праблемы біягеацэналогіі распрацоўвалі акад. І.Д.Юркевіч і яго школа геабатанікаў, калектыў гідрабіёлагаў БДУ пад кіраўніцтвам Г.Г.Вінберга, які ў 1940-я г. пачаў вывучэнне біягеацэнозу воз. Нарач. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, Цэнтр.бат. садзе), біял. ф-тах ВНУ і інш. з выкарыстаннем комплексных метадаў вывучэння, мадэлявання і прагназавання біягеацэнатычных і экалагічных працэсаў і сістэм. Даныя біягеацэналогіі важныя ў гасп. дзейнасці чалавека і асабліва ў справе аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Дзмітрый Васілевіч) (31.3.1822, г. Ульянаўск, Расія — 3.1.1900),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (Пецярбург, 1836—40), служыў у Дырэкцыі імператарскіх т-раў. Вядомасць яму прынеслі першыя аповесці «Вёска» (1846) і «Антон Гаротнік» (1847), напісаныя ў рэчышчы натуральнай школы, пабудаваныя на супрацьпастаўленні дэспатызму памешчыкаў і бяспраўя сялян. Аўтар аповесцей «Капельмейстар Суслікаў» (1848), «Прыгоды Накатава» (1849), «Няўдалае жыццё» (1850), «Свістулькін» (1855—56), раманаў «Прасёлачныя дарогі» (1852), «Рыбакі» (1853), «Перасяленцы» (1855). Для твораў Грыгаровіча характэрна нарысавая манера выкладання, перавага сац. аналізу над псіхалагічным, па-майстэрску напісаныя пейзажы. Пасля падарожжа вакол Еўропы ў 1858—59 напісаў дарожныя нарысы «Карабель «Рэтвізан» (1859—63). У пач. 1860-х г. адышоў ад літ. дзейнасці і прысвяціў сябе мастацтвазнаўству. Пазней вярнуўся да л-ры, выдаў аповесць «Гутаперчавы хлопчык» (1883) і «Літаратурныя ўспаміны» (1892—93).
Тв.:
Соч.Т. 1—3. М., 1988.
Літ.:
Мещеряков В.П. Д.В.Григорович — писатель и искусствовед. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НБЛАТ (Майсей Якаўлевіч) (29.3.1905, Мінск — 4.7.1983),
бел. этнограф, фалькларыст, гісторык. Канд.гіст.н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). Працаваў акцёрам у трупе У.Галубка (1921—25). З 1930 у АН Беларусі: у Ін-це гісторыі (1931—41; 1945—56) і Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957—76), адначасова выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1937—41) і БДУ (1939—41, 1945—55). Даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру, грамадскі побыт, этнагенез беларусаў, бібліяграфію беларусазнаўства. Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), нарыса «Беларусы» ў кн. «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964). Склаў зб. фальклору «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972, з А.І.Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Выслоўі» (1979).
Тв.:
Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказальнік. Мн., 1972.
Літ.:
Список основных работ М.Я.Гринблата // Сов. этнография. 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦКЕ́ВІЧ (Анатоль Пятровіч) (н. 31.1.1929, Мінск),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1986), праф. (1987). Скончыў мінскія мед.ін-т (1950) і пед.ін-т замежных моў (1955), БДУ (1958). З 1959 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1975 заг. кафедры Мінскага ін-та культуры (з 1993 Бел.ун-т культуры). Дырэктар навук. і даследчага Бел. ін-та Цэнтр. і Усх. Еўропы (з 1996). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, прыватнаўладальніцкія гарады. Аўтар публікацый па гісторыі правасл. царквы і каталіцкага касцёла ў Беларусі, шляхецкага саслоўя, генеалогіі шляхты і выбранцаў, гіст. нарысаў пра Слуцк, нац.-вызв. рух у 1918—20.
Тв.:
Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;
Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1979;
Социальная борьба горожан Белоруссии (XVI—XVIII вв.). Мн., 1975;
зборнікі дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі. Выдадзены ў 10 кнігах (кожная пад сваёй назвай) у 1957—63 у Маскве на рус. мове Ін-там гісторыі АНСССР, Ін-там марксізму-ленінізму пры ЦККПСС і Гал. архіўным упраўленнем пры СМСССР. 1-ы том прысвечаны рэв. руху ў Расіі пасля звяржэння манархіі (лют. 1917), 2-і — Красавіцкаму крызісу 1917, 3-і — Чэрвеньскаму крызісу 1917, 4-ы — Ліпеньскаму крызісу 1917, 5-ы — разгрому Карнілава мяцяжу 1917, 6-ы — рэв. руху ў Расіі ў вер. 1917, 7-ы — падрыхтоўцы ўзбр. паўстання ў кастр. 1917, 8-ы — Кастрычніцкаму ўзбр. паўстанню ў Петраградзе, 9-ы і 10-ы — устанаўленню сав. улады ў Расіі. Большасць дакументаў, якія асвятляюць рэв. падзеі канца 1917 — пач. 1918 на бел. землях, раней былі змешчаны ў зб-ках «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «З гісторыі ўстанаўлення Савецкай улады на Беларусі і ўтварэння БССР» (т. 4, 1954) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГА́РЫН (Юрый Аляксеевіч) (9.3.1934, с. Клушына Гжацкага, цяпер Гагарынскага р-на Смаленскай вобл. — 27.3.1968),
савецкі касманаўт, які ўпершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў палёт у космас. Герой Сав. Саюза (1961), палкоўнік, лётчык-касманаўт СССР (1961). Скончыў авіяц. вучылішча ў Арэнбургу (1957), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). Служыў лётчыкам-знішчальнікам ВПС. З 1960 у атрадзе сав. касманаўтаў, у 1961—64 яго камандзір, з 1964 нам.нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. 12.4.1961 ажыццявіў палёт вакол Зямлі на караблі «Усход» працягласцю 108 мін. Загінуў у авіяц. катастрофе. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР, Вялікі залаты медаль Міжнар.авіяц. федэрацыі. Яго імя прысвоена Ваенна-паветранай акадэміі. Яго імем названы горад Гжацк Смаленскай вобл., кратэр на Месяцы і інш.
Тв.:
Дорога в космос. М., 1981;
Психология и космос. 4 изд. М., 1981 (разам з У.І.Лебедзевым).
Літ.:
Дихтярь А. Жизнь — прекрасное мгновенне. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЙЗІН (Юльян Мікалаевіч) (22.6.1879, г. Днепрапятроўск, Украіна — 28.3.1942),
бел. музыказнавец, публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). У 1925—35 выкладчык Бел.муз. тэхнікума і Бел. кансерваторыі, БДУ, АНБССР, з 1935 Маскоўскага ун-та. Вёў муз.-асв. дзейнасць. Аўтар шматлікіх артыкулаў па актуальных пытаннях бел.муз. мастацтва. Складальнік слоўніка «Музычныя тэрміны» (серыя «Беларуская навуковая тэрміналогія», 1926). Пераклаў з арыгінала на бел. мову лібрэта опер «Кармэн» Ж.Бізэ, «Фауст» Ш.Гуно, «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, «Русалка» А.Даргамыжскага, «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава і інш.; (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета БССР), творы ант. аўтараў, у т. л. «Антыгону» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда. Аўтар лібрэта оперы «Тарас на Парнасе» М.Аладава.
Тв.:
Новыя плыні ў сучаснай музыцы // Полымя. 1925. № 3;
Музыка ў творах беларускіх паэтаў // Там жа. № 4, 6;
Праблемы нацыянальнай музыкі // Маладняк. 1926. № 11;
Музыкальная жизнь Белоруссии // Сов. музыка. 1934. № 7.
Літ.:
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎКА (Potentilla),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 300 відаў. Пашырана пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі больш за 20 дзікарослых і 3 інтрадукаваныя віды. Найб. вядомыя Д. гусіная, або гусіная лапка (P. anserina), прамастойная, або калган (P. erecta), серабрыстая (P. argentea), нарвежская (P. norvegica), паўзучая (P. reptans), радзей трапляюцца Д. белая (P. alba), прамая (P. recta), пясчаная (P. arenaria); Д. скальная (P. rupestris) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. Растуць на сухіх сонечных мясцінах, у лясах, на балотах, каля жылля, як пустазелле. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Д. цёмна-крывава-чырвоная (P. atrosanguinea), пурпуровая (P. purpurea) і непальская (P. nepalensis).
Шмат-, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны, паўкусты і паўкусцікі. Сцяблы прамастойныя, прыўзнятыя або сцелюцца. Лісце пальчата- або перыста-складанае. Кветкі жоўтыя або пурпуровыя, з 5—4 пялёсткамі, адзіночныя або ў шчыткападобнамяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Лек., меданосныя, дубільныя, фарбавальныя, харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎСКІ (сапр.Чарняўскі) Ігнат Цімафеевіч
(н. 4.9.1906, в. Дуброва Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік і вучоны. Канд.с.-г.н. (1937). Засл. работнік культ. Беларусі (1981). Скончыў БСГА (1931). У 1937—41 навук. супрацоўнік, у 1945—76 заг. сектара аграрных праблем Ін-та эканомікі Нац.АН Беларусі. Пер шыя вершы апубл. у 1927. Аўтар зб-каў апавяданняў «Радня» (1954), «Паўз самыя вокны» (1961), аповесцей «Зямля маладзее» (1952), «Зямныя вузлы» (1965), кніг нарысаў. Пачынальнік аналітычнага нарыса ў бел. л-ры. Пісьменніка хвалююць актуальныя тэмы сучаснасці: вытворчыя, сацыялагічныя, культурныя праблемы вёскі і горада, меліярацыя, ахова прыроды і інш. Як даследчык вывучае эканоміку сельскай гаспадаркі Беларусі.
Тв.:
Светлы шлях. Мн., 1959;
Да долі чалавечай. Мн., 1970;
Гамоніць Палессе. Мн., №7;
На новыя кругі. Мн., 1980;
Час сеяць і «с жаць Мн., 1982;
Красна хата не толькі пірагамі. Мн., 1988;
Нялёгкі хлеб. Мн., 1990.
Літ.:
Лысенка А.Ф. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;
Беларуская літаратура: Дзень сённяшні. Мн., 1980. С. 289—297.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗІ́ЦКІ (сапр.Гуцька) Уладзімір Ермалаевіч
(8.11.1911, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — ?),
бел.паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. тэхнікуме, Бел. вышэйшым пед. ін-це. Працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», выд-ве АНБССР. У 1933 арыштаваны і прыгавораны да 3 гадоў лагераў. Вярнуўшыся, працаваў у газ. «Віцебскі пралетарый», у школах Віцебска, у вет. тэхнікуме ў Курасоўшчыне (цяпер у межах Мінска). У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), Беларускага культурнага згуртавання, працаваў у гар. управах Мінска і Барысава. У 1944 у Берліне, дзе працягваў працаваць у БЦР, скончыў курсы ням. прапагандыстаў у Добендорфе. У ліст. 1944 выйшаў з БЦР і прымкнуў да ўласаўцаў. У канцы вайны служыў у прапагандысцкім органе «Вінета» (Мін-ва прапаганды Германіі). У 1960-я г. жыў у Германіі, ЗША, Венесуэле. Па справе за 1933 рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1937. Пісаў вершы, паэмы, фельетоны, апавяданні і інш.