ПЕРЭ́Н (Perrin) Жан Батыст (30.9.1870, г. Ліль, Францыя — 17.4.1942),
французскі фізік і фізікахімік. Чл. Парыжскай АН (1923). Замежны ганаровы чл.
АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1894), дзе і працаваў. З 1898 у Парыжскім ун-це (з 1910 праф.). З 1940 у ЗША. Навук. працы па атамнай і малекулярнай фізіцы, радыеактыўнасці, калоіднай хіміі і інш. Даказаў, што катодныя прамяні з’яўляюцца патокам адмоўна зараджаных часціц (1895). Эксперым. даследаванні броўнаўскага руху дазволілі П. вызначыць Авагадра пастаянную, пацвердзілі тэорыю флуктуацый Эйнштэйна—Смалухоўскага і канчаткова даказалі рэальнае існаванне малекул. Адкрыў седыментацыйную раўнавагу. Устанавіў бімалекулярную структуру тонкіх плёнак. Удзельнік Нар. фронту Францыі. Нобелеўская прэмія 1926.
Тв.:
Рус.пер. — Броуновское движение и молекулы. СПб., 1911;
Атомы. М., 1924.
Літ.:
Вавилов С.И. Памяти Жана Перрена // Природа. 1943. № 3;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 291.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАК (Pollock) Джэксан (28.1.1912, г. Коды, штат Ваёмінг, ЗША — 11.8.1956),
амерыканскі жывапісец, адзін з гал. прадстаўнікоў амер. абстрактнага экспрэсіянізму. Вучыўся ў Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва ў Лос-Анджэлесе (1925—29) і ў Маст. студэнцкай лізе ў Нью-Йорку ў Т.Х.Бентана (1930—31). Пасля 1935 зазнаў уплыў П.Пікасо і сюррэалізму («Ваўчыха», «Захавальнікі сакрэту», абедзве 1943, і інш.). У 1940-я г. звярнуўся да абстрактнага мастацтва. Працаваў у рэчышчы т. зв. жывапісу дзеяння, калі фарбы наносяцца непасрэдна з цюбікаў без дапамогі пэндзля (тэхніка «дрыпінг») па разасланым на падлозе палатне, што дазваляе спалучаць аўтарскую задуму з выпадковымі каляровымі і лінейнымі эфектамі. Сярод твораў: «Капрыз мора» (1947), «Арабескі № 13» (1948), «За межамі палатна № 7» (1949), «Lavender Mist № 1», «Восеньскі рытм № 30» (абодва 1950) і інш. З 1951 працаваў у чорна-белым фігуратыўным жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды, якія маюць у сабе карысныя выкапні (рэдкія і рассеяныя элементы, соль, соду) і выкарыстоўваюцца ў якасці гідрамінеральнай сыравіны. З П.п.в. здабываюць ёд, бром, літый, стронцый, рубідый і інш., таксама кухонную і калійную солі, соду. Асн. паказчык П.п.в. — колькаснае ўтрыманне карыснага рэчыва, мінім. канцэнтрацыя якога павінна забяспечыць рэнтабельнасць здабычы і перапрацоўкі. Мінім. канцэнтрацыі карысных кампанентаў складаюць у сярэднім: стронцый — 300 мг/дм3, бром — 250, калій — 100, ёд — 18, рубідый — 1, цэзій — 0,5 мг/дм3. Звычайна прымеркаваны да глыбінных частак буйных артэзіянскіх басейнаў, якія ўмяшчаюць высокамінералізаваныя воды і расолы хларыднага натрыевага (натрыева-кальцыевага) саставу. Здабыча карысных выкапняў з П.п.в. пашырана на Украіне, у ЗША, Германіі, Японіі, Чылі, Расіі, Туркменістане. На Беларусі (Прыпяцкі прагін) падрыхтавана для распрацоўкі некалькі такіх радовішчаў па здабычы брому і ёду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙЛ (Ryle) Марцін (27.9.1918, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 14.10.1984),
англійскі радыёастраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952), Нац.АНЗША (1975). Замежны чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і л-ры (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970), АНСССР (1971). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939). З 1945 у Кембрыджскім ун-це (з 1957 праф.), у 1957—82 дырэктар Малардскай радыёастр. абсерваторыі. У 1972—82 на пасадзе Каралеўскага астранома. Навук. працы па вывучэнні радыёвыпрамянення Сонца, ідэнтыфікацыі квазараў, статыст. аналізе радыёкрыніц у Сусвеце, касмалогіі. Стварыў першы радыёінтэрферометр (1946, разам з Дж.Позі). Пры дапамозе пабудаванага ім двухантэннага радыётэлескопа даследаваў вял. ўчастак неба і адкрыў 5 тыс. радыёкрыніц (1957). Прапанаваў метад апертурнага сінтэзу. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Э.Х’юішам).
Тв.:
Рус.пер. — Радиотелескопы с большой разрешающей силой // Успехи физ. наук. 1975. Т. 117, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.
Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.
В.У.Макрынскі.
Да арт.Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).Да арт.Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,
від артылерыі, якая выкарыстоўвае рэактыўныя снарады. Знаходзіцца на ўзбраенні сухап. войск, ВПС і ВМФ (ВМС). Прызначана для вядзення залпавага агню па розных цэлях. Мае рэактыўныя снарады з асколачна-фугаснымі, кумулятыўнымі, дымавымі і інш. часткамі.
Створана ў СССР у канцы 1930-х г. Часці Р.а., якія мелі на ўзбраенні рэактыўныя сістэмы БМ-13 і БМ-8 (нар. назва «Кацюша»), уваходзілі ў склад артылерыі рэзерву. Упершыню баявыя машыны Р.а. БМ-13 (эксперым. батарэя І.А.Флёрава) выкарыстаны 14.7.1941 у баі каля чыг. станцыі Орша Віцебскай вобл. і на пераправах цераз рэкі Дняпро і Аршына. У 2-ю сусв. вайну Р.а. была ў ням. арміі (5-, 6- і 10-ствольныя мінамёты); у арміі ЗША (114,3-мм і 182-мм рэактыўныя сістэмы). Пасля вайны атрымала шырокае распаўсюджанне ў арміях інш. краін. Гл. таксама Рэактыўная зброя.
артылерыйская гармата на самаходным танкавым шасі або спец. базе, прызначаная для непасрэднага суправаджэння танкавых і мотастралковых падраздзяленняў у баі. Выконвала задачы артыл. падтрымкі рухомых злучэнняў у барацьбе з танкамі, бронемашынамі, агнявымі сродкамі і інш. САУ з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны (СССР, Германія, ЗША і інш.). Мелі гармату калібру 76—203 мм. Падзяляліся па масе на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т) і цяжкія (больш за 40 т); паводле тыпу гармат — на пушкі, гаўбіцы, гаўбіцы-пушкі; па бранявой ахове — на закрытага, паўзакрытага і адкрытага тыпу. З 1960-х г. у сувязі з развіццём самаходнай артылерыі САУ (акрамя процітанкавых і зенітных установак) не выпускаюцца.
Да арт.Самаходная артылерыйская ўстаноўка: 1 — савецкая ІСУ-122 (закрытага тыпу); 2 — нямецкая 88-мм «фердынанд» (закрытага тыпу).
французскі хімік. Чл. Парыжскай АН (1861). Замежны чл.-кар.Пецярб.АН (1869). Скончыў Парыжскі ун-т (д-р медыцыны і хіміі; 1843). З 1845 праф. ун-та ў Безансоне, з 1851 Вышэйшай нармальнай школы ў Парыжы, у 1870—80 у Сарбоне. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі. Распрацаваў прамысл. спосаб атрымання алюмінію: аднаўленнем хларыду алюмінію метал. натрыем (1854), метады ачысткі плаціны (разам з А.Ж.Дэбрэ; 1855—59). Ажыццявіў класічныя даследаванні па тэрмічнай дысацыяцыі; паказаў, што малекулы вады, хлоравадароду, дыаксіду вугляроду пры высокіх т-рах дысацыіруюць (1857). Атрымаў сплаў плаціны з ірыдыем (1872), з якога былі выраблены міжнар. эталоны метра і кілаграма.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЬВІНІ́Т,
саляная асадкавая горная парода, якая ўяўляе сабой шчыльную агрэгатную сумесь крышталяў сільвіну (15—60%) і галіту (25—85%), а таксама растваральных карналіту (5—10% і болей), лангбейніту, кізерыту і інш. і нерастваральных — гліны, карбанатаў, ангідрыту і інш. прымесей. Афарбоўка чырвоная і стракатая. Чырванаколерныя С. маюць мікра-, дробна- і сярэднезярністую структуру, слаістую тэкстуру; страката-колерныя С. — сярэдне- і буйназярністую структуру, плямістую і масіўную тэкстуру і характэрныя для іх сінія крышталі галіту. Утвараецца пераважна хемагенным шляхам у выніку выпадзення хларыду калію (КСІ) і хларыду натрыю (NaCl) у асадак у басейнах павышанай салёнасці (прыбярэжнамарскога і лагуннага тыпу) ва ўмовах арыднага клімату пры выпарэнні або ахаладжэнні рапы. Радовішчы ў Канадзе, Расіі, Германіі, Казахстане, ЗША, на Украіне і інш. На Беларусі паклады С. ў Прыпяцкім саляносным басейне. Распрацоўваецца Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей, разведана Петрыкаўскае радовішча калійных солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́ТРА (Sinatra) Фрэнк, сапр. імя Фрэнсіс Альберт; 12.12.1915, г. Хобакен, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 1998),
амерыканскі эстрадны спявак, кінаакцёр. У 1936 узначаліў створаны ім вак. ансамбль «Хобакенская чацвёрка». З 1939 саліст джазавага аркестра Х.Джэймса, аркестра пад кіраўніцтвам Т.Дорсі. У 1940—70-я г. выступаў з буйнымі амер. джазавымі аркестрамі, у т. л. пад кіраўніцтвам Дз.Элінгтана. Яго выканальніцкі стыль разнастайны: ад інтымнай манеры «крулінг» да «свінга». У рэпертуары сентыментальныя балады, песні з мюзіклаў, папулярныя песні амер. кампазітараў Дж.Стайна, Б.Бакрака, Р.Мак-Кэна і інш. З 1941 здымаўся ў кіно (больш за 40 фільмаў), у т. л. «Ночы Лас-Вегаса», «Дом, у якім я жыву», «Ад сёння і на векі вечныя» (абодва прэмія «Оскар»), «Чалавек з залатой рукой», «Дэтэктыў», «Першы смяротны грэх». Рэжысёр фільма «Толькі храбрэц» (1964). Меў уласную грамафонную кампанію. Спец. прэмія «Оскар» 1971.