найбуйнейшая дзяржава на тэр. Індыі ў 16—18 ст. Назва ад кіруючай дынастыі Вялікіх Маголаў. Заснаваў Бабур у 1527, фактычны стваральнік — падзішах Акбар [1556—1605], які ўсталяваў сваю ўладу над Паўдн. Індыяй ад Гуджарата да Бенгаліі і ч. Афганістана. Пры ім М.і. дасягнула найб. росквіту. Джахангір [1605—27] і Шах-Джахан [1627—58] прадоўжылі заваяванне Дэкана. Пры Аўрангзебе [1658—1707] М.і. значна пашырылася і ўключала амаль усю Індыю (без крайняга поўдня). З гэтага часу пачаўся заняпад дзяржавы. Цяжкія падаткі і бясконцыя войны прывялі да паўстанняў сікхаў у Пенджабе, джатаў каля Дэлі, маратхаў на чале з Шываджы ў Дэкане, што падарвала ваен. магутнасць М.і. У 1739 іранскі шах Надзір разбіў армію Вял. Маголаў і разрабаваў Дэлі, пасля чаго М.і. канчаткова распалася. З яе вылучыліся дзяржавы Хайдарабад, Ауд, Бенгалія; амаль увесь Дэкан увайшоў у склад маратхскіх княстваў. У 1803 англічане авалодалі Дэлі і ператварылі падзішаха Шах-Алама II у пенсіянера Ост-Індскай кампаніі. Апошні магольскі падзішах Бахадур-шах II пазбаўлены свайго тытула пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
дзяржава, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст. ў выніку мангольскіх заваяванняў. Створана Чынгісханам і яго пераемнікамі. Перад смерцю Чынгісхан падзяліў дзяржаву паміж сынамі Джучы, Джагатаем, Угедэем і Тулуем. У 1229 вял. курултай — з’езд манг. знаці абраў вял. ханам Угедэя [1229—41], які заснаваў сталіцу М.і. — г. Каракарум на р. Архон. Пасля яго М.і. правілі сын Гуюк [1246—48] і сын Талуя Мункэ [1251—59]. Пры Мункэ М.і. ўключала Манголію, Паўд. Кітай, Карэю, Цэнтр. Азію, Закаўказзе, Іран, Афганістан і падпарадкоўвала сабе б.ч. зямель б. Кіеўскай Русі (гл.Мангола-татарская няволя на Русі) Адсутнасць унутр. адзінства абумовіла хуткі распад імперыі. Пасля смерці Мункэ пачалася барацьба за ўладу паміж яго братамі. Адзін з іх — Хубілай — абвясціў у 1260 сябе вял. ханам, пасля чаго ад М.і. пачалі адпадаць зах. улусы — Джучы (гл.Залатая Арда), Хулагу-хана (гл.Хулагуідаў дзяржава) і інш. Пасля заваявання Кітая Хубілай у 1280 заснаваў дынастыю Юань. Пасля выгнання ў 1368 манголаў з Кітая М.і. спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РБУРГСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у неакантыянстве. Заснавальнік М.ш. Г.Коген і яго паслядоўнікі П.Натарп, Э.Касірэр ставілі сваёй мэтай «трансцэндэнтальна-лагічную» інтэрпрэтацыю філасофіі І.Канта, «ачышчэнне» яе ад катэгорыі «чыстаты розуму», «рэчы ў сабе», «вопыту» і інш., ад прымесей «метафізікі» і псіхалагізму. Паводле ўстаноўкі М.ш., навук. статус прызнаецца выключна за тымі філас. паняццямі, якія зводзяцца да гістарычна даказаных фактаў навукі, этыкі, мастацтва, рэлігіі і звязваюцца з «усёй творчай работай культуры», дзе цэнтр. месца займаюць не развіццё з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці, а іх навук. тлумачэнне і выкладанне; законам руху культуры абвяшчаецца менавіта творчая дзейнасць у галіне навукі. «Сузіранне» Канта ў трактоўцы М.ш. адрываецца ад псіхалагічнай антрапалагічнай асновы, у выніку чаго працэс пазнання зводзіцца да Мысліцельнай дзейнасці чалавечага мозга. Адмаўленне прынцыпу адзінства пачуццёвай і абстрактна-мысліцельнай ступеней азначае абсалютызацыю лагічных структур навукі і іх атаясамліванне з адзінай крыніцай навук. ведаў. Свой «трансцэндэнтальна-лагічны» метад М.ш. імкнулася пашырыць пераважна на прыродазнаўства; у грамадскіх навуках М.ш. мае дачыненне да распрацоўкі канцэпцыі этычнага сацыялізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял.кн.ВКЛ Вітаўтам і вял.кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РЫ ( ад франц. pionnier першапраходзец, пачынальнік) (ваен.), 1) пачынальнікі чаго-н.; першаадкрывальнікі ў навуцы, тэхніцы, мастацтве.
2) Сучасная назва асабовага складу інж. часцей франц., герм., брыт., амер. і некат. інш. армій. У рас. арміі ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. піянеры роты і конна-піянерныя эскадроны разам з падраздзяленнямі мінёраў і сапёраў уваходзілі ў склад піянерных батальёнаў, палкоў і брыгад інжынерных войск, у т. л. тых, што дыслацыраваліся на тэр.ВКЛ. Напр., падраздзяленне Літоўскага асобнага корпуса Літоўскі піянерны батальён, якое размяшчалася каля мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (цяпер тэр. Польшчы), налічвала больш за 1 тыс. асабовага складу (гл. таксама Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825). П. прызначаліся для дарожных, маставых і палявых фартыфікацыйных работ. У Расіі ў 1829—44 піянерныя падраздзяленні і часці перайменаваны ў сапёрныя.
3) Члены піянерскіх арганізацый.
Расійскія піянеры. 1, 2 — афіцэр і радавы літоўскага піянернага батальёна (пач. 19 ст.); 3 — радавы конна-піянернага батальёна (1820-я г.); 4 — радавы конна-піянернага батальёна (1840-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮРАЛІ́ЗМ (ад лац. pluralis множны),
1) філасофскае вучэнне, паводле якога існуе некалькі (мноства) незалежных пачаткаў быцця або асноў ведаў. Процілеглае манізму.
Тэрмін «П.» увёў у філасофію К.Вольф. У залежнасці ад вырашэння асноўнага пытання філасофіі П. можа быць матэрыялістычны (Эмпедокл у анталогіі, Спіноза ў гнасеалогіі) і ідэалістычны (Г.Лейбніц). Асобная форма філас. П. — дуалізм, які адстойвае незалежнае існаванне матэрыяльнага і ідэальнага (Р.Дэкарт, картэзіянцы) Філас. сістэмы мінулага, якія імкнуліся выявіць унутр. ўзаемасувязь з’яў, звесці іх разнастайнасць да адзінай асновы, мелі маністычную накіраванасць. З канца 19 ст. назіраецца ўзмацненне тэндэнцый да плюралістычнай. трактоўкі быцця і пазнання.
2) Характарыстыка дэмакр.паліт. сістэмы грамадства, пры якой сцвярджаецца неабходнасць разнастайнасці суб’ектаў эканам., паліт. і культ. жыцця; арганізацыя ўлады, якая абапіраецца на ўзаемадзеянне асн. партый, паліт. рухаў і прадухіляе манапалізацыю ўлады ў адных руках. Паліт. П. мае на мэце паслядоўнае правядзенне прынцыпу раздзялення ўлады (заканадаўчай, выканаўчай, судовай) і ажыццяўляецца ў форме прававой дзяржавы.
3) Разнастайнасць чаго-н., напр., форм уласнасці, думак, поглядаў, партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл.Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл.Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.