ПЕРАПЛЁТ,

1) комплекс аперацый па стварэнні знешняга пакрыцця (цвёрдай вокладкі) кнігі, дакумента і інш. Уключае змацаванне кніжнага блока, далучэнне да яго форзацаў, заклейванне і кругленне карашка, абразанне блока, прыклейку каптала, выраб і аддзелку пераплётных абкладак (накрывак), устаўку блока ў абкладкі, абцісканне і штрыхоўку (атрыманне паглыбленых ліній) гатовай кнігі. У пераплётнай вытв-сці выкарыстоўваюць блокаапрацоўчыя агрэгаты, накрыўкаробныя, кнігаўставачныя і інш. машыны.

2) Сукупнасць пераплётнай абкладкі і элементаў змацавання кніжнага блока і абкладкі з блокам.

У адрозненне ад звычайнай вокладкі, якую найчасцей робяць з паперы і выкарыстоўваюць для сшыткаў, часопісаў, брашур, кніжную абкладку як асн. элемент П. вырабляюць 3 больш трывалых і зносаўстойлівых матэрыялаў (кардону, скуры, тканіны, сінт. матэрыялаў і інш.). Існуе 5 тыпаў П. (ад 5-га да 9-га). Найб. пашыраны тып 5 (выкарыстоўваецца для школьных дапаможнікаў, дзіцячай л-ры і інш.) і тып 7 (з тканінным покрывам — для шматтомных падпісных выданняў, энцыклапедый, слоўнікаў, з покрывам на папяровай аснове — для выданняў менш інтэнсіўнага карыстання).

Кніжны пераплёт з кніжным блокам: 1 — карашок накрыўкі; 2 — покрыўная накрыўка; 3 — форзац; 4 — блок; 5 — клеявы слой; 6 — кардонная старонка; 7 — адстаў; 8 — акантовачны матэрыял; 9 — каптал.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКА-ІВАЦЭ́ВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,

тып бел. традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюць нар. майстры вёсак Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Пінскага р-наў Брэсцкай вобл. Вядомы з 19 ст. Даўж. 180—250, шыр. 23—30 см. Па колеравай гаме, стылістыцы арнаменту, якасці палатна блізкія да мотальскіх ручнікоў. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак, па краях аздабляюць шматколерным вышытым гладдзю арнаментам (выявы букстаў, ваз, гірляндаў кветак і інш.). Бываюць звычайныя і з прышытымі па канцах вузейшымі кавалкамі палатна. Звычайныя ткуць у 3 ніты арнаментам «у коскі», канцы аздабляюць мохрыкамі ці паскамі карункаў (плеценыя з нітак асновы або вязаныя з белых баваўняных). У арнаментыцы пашыраны палоскі: вузкія папярочныя, адзінкавыя ці згрупаваныя па некалькі (чырвоныя, чырвона-блакітныя, шэра-белыя), а таксама падоўжныя і папярочныя, якія ўтвараюць буйнарапортную клетку. Ручнікі з прышытымі канцамі ткуць у 2 ніты, асн. (шырэйшую) частку аздабляюць гладкімі ці ўзорыстымі палосамі геам. арнаменту, канцы — дробна-ажурнымі вузельчыкавымі карункамі, плеценымі з суканых нітак асновы, вышытым крыжыкам арнаментам антрапаморфнага, зааморфнага, расліннага характару, выкананым чырвонымі і чорнымі ніткамі бавоўны-горынь. Шырока выкарыстоўваюцца ў афармленні інтэр’ераў хат, традыц. абрадах, служаць узорамі пры распрацоўцы сувенірных вырабаў.

М.​Ф.​Раманюк.

Пінска-Івацэвіцкія ручнікі 1-я пал. 20 ст.

т. 12, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў апрацоўкі сыравіны, матэрыялаў і вырабаў патокамі плазмы. Працэсы П.т. грунтуюцца на фіз., хім. і змешаным механізмах уздзеяння кампанентаў плазмы на апрацаваны матэрыял; выконваюцца пры нармальным (атмасферным) ці павышаным ціску, а таксама ў вакууме.

Дазваляе змяняць форму, памеры, структуру апрацаванага вырабу, стан яго паверхні. Уключае плазменнае нанясенне на паверхню цвёрдых цел тонкіх плёнак металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і інш. матэрыялаў, змены фіз. або хім. уласцівасцей, а таксама выдаленне (траўленне) плёнак і прыпаверхневых слаёў. У тэхналогіі электроннага машынабудавання найб. пашыраны плазменныя працэсы, якія ажыццяўляюцца ў вакууме, што забяспечвае найменшыя забруджванні матэрыялаў і вырабаў, добрую ўзнаўляльнасць вынікаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах П.т. распачаты ў 1950-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН; вядуцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш. Распрацаваны метады і створана апаратура для электрадугавога сінтэзу і перапрацоўкі розных матэрыялаў, у т. л. для утылізацыі ядахімікатаў, плазменныя прылады для атрымання ахоўных і дэкар. слаёў на паверхні буд. матэрыялаў, плазменнага нанясення на вырабы алмазападобных пакрыццяў і інш.

Літ.:

Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1983.

У.​Дз.​Шымановіч.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРАНО́ГІЯ, махрыстакрылыя,

трыпсы (Physopoda, або Thysanoptera),

атрад насякомых. 2 падатр.: яйцакладныя (Terebrantina) і трубкахвостыя (Tubulifera). Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на травяністых і дрэвавых раслінах, імхах, лішайніках, у глебе. Большасць П. шкодзяць с.-г., дэкар. і лясным раслінам, пераносяць узбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі найб. трапляюцца трыпсы: аржаны (Limothrips denticornis), бабовы (Odonthothrips intermedius), люцэрнавы (0. phaleratus), канюшынны (Haplothrips niger), лісцевы (H. subtilissimus), пшанічны (H. tritici), ільняны (Thrips linarins), тытунёвы (T. tabaci).

Даўж. да 5 мм (у тропіках да 14 мм). Афарбоўка дарослых разнастайная, лічынак — ярка-чырв. або ружаватая. Цела ўкрыта дробнымі шчацінкамі. Вусікі 6—10-членікавыя. Ротавы апарат асім., колюча-сысучы. Ногі з 1—2-членікавымі лапкамі, паміж кіпцюркамі лапак пузырападобныя прысоскі (адсюль назва). Большасць П. маюць 2 пары крылаў з махрамі па краі з доўгіх раснічак (адсюль другая назва). Пярэднягрудзі рухома злучаны з галавой і сярэднегрудзямі. Брушка з 11 сегментаў. Кормяцца сокамі раслін, ёсць драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі маюць 4—5 узростаў, не кормяцца, мала- або нерухомыя. За год да 10 пакаленняў.

С.​Л.​Максімава, М.​М.​Трухан.

Да арт. Пузыраногія. Трыпсы: 1 — тытунёвы; 2 — пшанічны.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАГНІ́ЧВАННЕ,

памяншэнне намагнічанасці магн. матэрыялаў. Часткова адбываецца ўжо пры зніжэнні напружанасці намагнічвальнага поля да нуля, пасля чаго матэрыял захоўвае намагнічанасць астаткавую Jr.

Поўнае Р. ( Jr = 0 ) дасягаецца рознымі спосабамі. Найб. пашыраны — цыклічнае перамагнічванне знакапераменным магн. полем з амплітудай, якая памяншаецца ад значэння, у 1,5—2 разы большага за каэрцытыўную сілу, да нуля; для Р. патрэбна каля 30—60 цыклаў перамагнічвання. Р. мае месца і пры ўздзеянні на матэрыял пастаяннага магн. поля, антыпаралельнага астаткавай намагнічанасці, якая пры гэтым зніжаецца і пры значэнні напружанасці гэтага поля, роўнай каэрцытыўнай сіле, становіцца роўнай нулю. Пасля выключэння поля намагнічанасць цела часткова аднаўляецца да некаторага значэння ( Jr = 0 ). Значэнне напружанасці поля, пасля выключэння якога астаткавая намагнічанасць роўная нулю, наз. рэлаксацыйнай каэрцытыўнай сілай. Да найб. поўнага Р. прыводзіць награванне цела вышэй за Кюры пункт з далейшым ахаладжэннем пры адсутнасці магн. поля. Гэтыя спосабы Р. прыводзяць нулявога значэння намагнічанасці, але характар магн. даменнай структуры пасля кожнага з іх розны.

Выкарыстоўваецца ў тэхніцы для ліквідацыі ўплыву астаткавых магн. палёў дэталей на вымяральныя прылады, для памяншэння нестабільнасці пастаянных магнітаў і інш.

Р.​М.​Шахлевіч.

Размагнічванне пастаянным магнітным полем Н: J — намагнічанасць цела; Jr — астаткавая намагнічанасць; Hc — каэрцытыўная сіла; Hr — рэлаксацыйная каэрцытыўная сіла.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,

верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.

От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.​Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)

Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.​Танка, «Мысль і слова» С.​Дзяргая і інш).

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Па́серб, писэрб, пЛсярба* ’пасынак’ (Нас., Бес.; ветрае., Сл. ПЗБ), писербіца, писірбыця, пасёрбай, писярбіца, писырба, пбсырныця, писэрбныця ’падчарка’ (Нас., Бес., Сл. Брэс.; ветрае., трон., ігн., Сл. ПЗБ), ’жонка пасынка’ (Нас.). Укр. пасерб, рус.-ц.-слав. паеръбъ (пасербъ, пасерба), польск. pasierъ, ст.-польск. pasirzb (1391 г.), pasirъ (1397 г.), posierzb, pasirbica (1404 г.), pasirzbica (1424 г.), каш. pasefb, памор. paspjef ’пасерб’. Паўн.-слав. pasbrbь. На поўдні, на чэш. і славац. тэрыторыях пашыраны pastorъkъ (pastorek, pastorkyně, pastorok, pastorča, pastorkyňa), славен. pasterek, серб.-харв. päs tor ak, макед. пасторок, пасторче ’тс’, балг. пасторок ’тс’ і ’айчым’, новабалг. пастрой Яшчэ Шафарык (Slov. starožitnosti, 1, 207) заўважыў, што paserъ і pastorek з’яўляюцца сінонімамі, а paserъ мае той жа корань, што і sirotek ’сірата’. Сольмсэн (KZ, 37, 592) мяркуе, што pa‑ далучылася да swbь, якое (ў выніку метатэзы) ўзыходзіць да stbrъ ’сусед, сябар’ < sębbrъ ’член вялікай сям’і, рода’. Гэтак жа Праабражэнскі (2, 20 і 276). Педэрсэн (KZ, 38. 421) і Фасмер (3, 211) не згаджаюцца з Сольмсэнам. Зубаты (AfslPh, 13, 316–317) адкідае версію аб па‑ як прэфіксе. Ільінскі (ИОРЯС, 24, 113–140) разумее этнонім серб як ’член рода’, г. зн. ’той, хто сёрбае з агульнай талеркі’, а пасерб — ’хто не з’яўляецца членам агульнага стала’. Аналагічна Брукнер (398), а за ім і Борысь (Prefiks., 26) асновай для pasi̯bь лічаць дзеяслоў si̯bati ’сёрбаць, хлябтаць’, а значэннем будзе ’той, хто ссе, дзіцё’. Оштыр (Drei vorslav.-etrusk. Vogelnamen, Любляна, 1930, 45) супастаўляе слав. лексему з дагрэч. sirbos ’дзіцё’. Каліма (ZfSIPh, 17, 342) бачыць у ёй уграфінізм. Найбольш верагоднай можа быць версія Шаўэра (Miscellanea Brunensia, Praha, 1979, 147–160). £н лічыць, што pastorek паходзіць з sirota > pasbrofokv > прачэш. pasrotek, у якім ‑t‑ суфіксальнае «перасунулася» паміж sr (як straka, streda, stin), а pasьrbъ узыходзіць да pasьroba, у якой канчатак скараціўся ў ‑bъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕРХНЕБЯРЭ́ЗІНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на Пд Віцебскай і Пн Мінскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Мяжуе на ПнЗ са Свянцянскімі градамі, на ПнУ — з Ушацка-Лепельскім узв. і Чашніцкай раўнінай, на Пд — з Мінскім і Аршанскім узвышшамі, на З — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з Пн на Пд на 105 км, з З на У на

15—100 км. Абс. вышыні рэльефу пераважна 160—180 м, змяншаюцца на Пд да 155 м пры ўпадзенні р. Гаўя ў Бярэзіну. Пл. каля 2,5 тыс. км².

Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на ПдУ — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найб. пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў. Асн. рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі ледавіка Ашмянскага стадыялу і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення.

У рэльефе Верхнебярэзінскай нізіны пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазерскага ледавіка, які з Пн падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады раўніны. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на Пн), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі выш. да 5—7 м. На Пд Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вял. возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найб. высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з ПнЗ на ПдУ, яна сфарміравалася пасля адступання паазерскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу выш. 3—4 м. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Гал. рэкі: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна з Цной і Усяжай (справа), Чарніца, Сергуч, Вял. Рэчка, Жартайка (злева); Лукомка і Эса, вярхоўі Ушачы (бас. Зах. Дзвіны); Бярэзінская водная сістэма. На Верхнебярэзінскай нізіне шмат азёр — Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Вокана, Домжарыцкае, Лукомскае і Сялява. Сярэднія т-ры студз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя. Пад ворывам 20% тэр. У межах Верхнебярэзінскай нізіны Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.

Н.​К.​Кліцунова.

Верхнебярэзінская нізіна ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Займае цэнтр. і ўсх. ч. Віцебскага і паўн. ч. Лёзненскага р-наў Віцебскай вобл., на У заходзіць на тэр. Смаленскай вобл. Расіі. Мяжуе з Лучоскай нізінай на Пд, Чашніцкай раўнінай на ПдЗ, Полацкай нізінай на З, Гарадоцкім узв. на ПнЗ і Суражскай нізінай на ПнУ. Працягнулася з З на У на 65 км, з Пн на Пд на 40 км. Самае высокае ў Бел. Паазер’і ўзвышша, пераважаюць выш. больш за 200 м, найбольшая 296 м (Гаршэва гара). Пл. Віцебскага ўзвышша больш за 1900 км².

Прымеркавана да Віцебскай мульды Аршанскай упадзіны. Паверхня адкладаў платформавага чахла ўтварае высокае (120—140 м над узр. м) моцна расчлянёнае плато, складзенае з даламітаў, вапнякоў і глін верхняга дэвону, даламіты ўтвараюць Віцебскія парогі на р. Зах. Дзвіна, на Рубскім выступе залягаюць блізка каля зямной паверхні. Тоўшчу антрапагену магутнасцю каля 60 м складаюць 5—6 ледавіковых комплексаў, у якіх пераважаюць марэнныя суглінкі, супескі і міжледавіковыя ўтварэнні (торф, азёрныя і алювіяльныя суглінкі, супескі і пяскі). Асн рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў Віцебскую фазу адступання паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: даламіт (радовішча Гралева), легкаплаўкія і цэментныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф.

Паверхня складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў і супескаў з валунамі, месцамі перакрытых лёсападобнымі пародамі. У рэльефе вылучаюцца 2 ч.: астраўныя, лёдападзельны масіў на ПнЗ і ў цэнтры, і краявыя ледавіковыя ўтварэнні на Пд. Лёдападзельны масіў мае форму кліна з вяршыняй на Пн, характарызуецца буйна- і сярэднеўзгорыстым рэльефам з адноснымі перавышэннямі да 30 м і больш. Паверхня парэзана ярамі і лагчынамі. Паўн. схіл стромкі, паўд. больш спадзісты. На Пд Віцебскага ўзвышша выразны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф, выш. якога да 180 м над узр. м., адносныя перавышэнні 10—15 м. Пашыраны камы, камавыя тэрасы на бартах лагчын, далінныя зандры, трапляюцца озы, суфазійныя западзіны. У межах Віцебскага ўзвышша знаходзіцца тыповае агаленне мікулінскага міжледавікоўя (Смаленская вобл.). Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Рачная сетка належыць да бас. р. Зах. Дзвіна. Віцебскае ўзвышша дрэніруюць рэкі Віцьба, Лучоса (у ніжнім цячэнні) і яе прытокі Ласасіна і Чарніца, а таксама Вымнянка і Рутавеч — прытокі Касплі. Найб. азёры Вымна, Янавіцкае. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя, месцамі завалуненыя, і тарфяна-балотныя. Пад ворывам 35%, пад лесам 16% тэрыторыі. Захаваліся шыракаліста-яловыя, хваёва-яловыя, яловыя лясы, пашыраны другасныя шэраалешнікі, асінавыя і бярозавыя лясы. Лугі злакава-сухадольныя і злакава-нізінныя. На пераходных балотах і ўскраінах вярховых — карэнныя пушыстабярозавыя і хваёва-пушыстабярозавыя лясы, на нізінных — чорнаалешнікі.

А.​Ф.​Санько.

Віцебскае ўзвышша каля в. Веляшковічы Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБА́,

від спорту, адзінаборства 2 спартсменаў паводле пэўных правілаў. Вядомая са старажытнасці ў многіх народаў. Існуюць шматлікія віды нац. барацьбы — азерб. гулеш, груз. гідаабан, тадж. гаўштан, узб. кураш, яп. джыу-джыцу, сумо і інш. На Беларусі былі пашыраны барацьба «да крыжа» і барацьба «на крыжы». Элементы некаторых відаў нац. барацьбы выкарыстаны ў сучаснай спарт. барацьбе. Найб. пашыраныя і прынятыя ў міжнар. спорце віды барацьбы: грэка-рымская (былая класічная), вольная, дзюдо, самба (гл. пра кожную асобны арт.). Яны з’яўляюцца алімпійскімі відамі спорту (акрамя самба), па іх праводзяцца сусв., еўрап. і рэгіянальныя першынствы. Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны. Спаборніцтвы адбываюцца на спец. дыване (у дзюдо — татамі) пэўных памераў. Час паядынку абмежаваны, можа падзяляцца на некалькі перыядаў. Сутычкі праходзяць у «стойцы» або «партэры» (адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях ці на баку, на «мосце»). Спартсмены падзяляюцца паводле ўзроставых груп і вагавых катэгорый. У 1921 створана Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА). На Беларусі першыя спаборніцтвы па барацьбе праведзены ў 1914 у Мінску т-вам «Санітас». У Мінску праходзілі чэмпіянаты свету і Еўропы па розных відах барацьбы, з 1970 праводзіцца буйны Міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.В.Мядзведзя. У 1993 у Мінску створана добраахвотнае т-ва барцоў імя А.Караваева. Гл. таксама Адзінаборствы ўсходнія.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)