ЗОАЦЭНО́З (ад зоа... + цэноз),

сукупнасць жывёл, якія сумесна жывуць у вызначаным біятопе; састаўная ч. біяцэнозу. Выдзяленне З. з біяцэнозу ўмоўнае, таму што жывёлы і расліны цесна звязаны ў сваім існаванні. З. адлюстроўвае спецыфіку біяцэнозу, пры даследаванні якога часта выкарыстоўваюць даныя па З. Заканамернасці, па якіх складаюцца З., заснаваны на ўзаемасувязях жывёл паміж сабой, з інш. арганізмамі (вышэйшыя расліны, мікраарганізмы і інш.) і з неарган. асяроддзем.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПО́СТ (італьян. imposta ад лац. impono кладу на, ускладаю),

1) прафіляваная арх. дэталь над слупам, лапаткай, капітэллю калоны або прафіляваны камень сцяны, якія з’яўляюцца апорай для пяты аркі. На Беларусі вядомы з 12 ст. ў культавых збудаваннях.

2) Вертыкальны элемент (вузкі прасценак) паміж дзвярным і аконным праёмамі.

3) Дадатковы элемент аконнай і дзвярной каробак для мацавання іх глухіх частак ці стыкаў фрамугі.

С.​А.​Сергачоў.

Імпост.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́РСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

на Каўказе, паміж рэкамі Кура і Алазані, у Грузіі і Азербайджане (паўд. частка). Выцягнута з З—ПнЗ на У—ПдУ і рассечана ўздоўж далінай р. Іоры. Выш. ад 200 да 900 м. Складзена з пясчана-гліністых парод, пясчанікаў, кангламератаў. Невысокія горныя грады чаргуюцца з плоскімі раўнінамі і катлавінамі. Стэпы б.ч. узараныя. Месцамі пашыраны светлыя рэдкастойныя лясы. Усх. частка І.п. называецца Шыракскім стэпам.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРАН ((Cameron) Верні Ловет) (1.7.1844, Рэйдзіпал, Вялікабрытанія — 27.3.1894),

англійскі марак, даследчык Цэнтр. Афрыкі. У 1874 даследаваў ч. берагоў воз. Танганьіка, адкрыў на З яго сцёк — р. Лукуга, дайшоў да р. Луалаба. Прайшоў уздоўж яе на Пд, прасачыў водападзел паміж бас. ніжняга Конга і верхняй Замбезі, у ліст. 1875 выйшаў да Атлантычнага ак. Зрабіў каля 4 тыс. вызначэнняў вышынь, што з’явілася пачаткам вывучэння рэльефу Цэнтр. Афрыкі.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНА́Р,

вадасховішча ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., паміж вёскамі Убалаць і Зеляночы. Створана ў 1979. Пл. 0,38 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 3,7 м, аб’ём вады 1,08 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 2.5 км. Дно пясчанае. Напаўняецца вадой за кошт сцёку р. Ненач па напорным трубаправодзе. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання і ўвільгатнення глебы.

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВАТЫ́ЗМ у біялогіі,

захаванне пэўнай ступені ўстойлівасці біял. сістэмы (напр., геному, папуляцыі) у нязменным стане або павольнае яго змяненне, пасіўнае супрацьдзеянне знешнім фактарам, якія ўздзейнічаюць на сістэму і могуць парушыць яе раўнавагу і сувязі, што ўсталяваліся паміж арганізмамі ў сістэме і навакольным асяроддзем (напр., гнездавы К. — прыхільнасць птушак да месцаў гнездавання). Кансерватыўныя прыкметы біял. сістэмы імкнуцца захавацца нязменнымі або павольна змяняюцца ў ходзе эвалюцыі.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЫ,

старажытны горад на ПнЗ Месапатаміі (цяпер г. Харан, Турцыя), паблізу якога 9.5.53 да н.э. адбылася бітва паміж рым. войскам М.​Краса (больш за 40 тыс. чал.) і парфянскім войскам пад камандаваннем Сурэны. Перавага парфян у конніцы прывяла да разгрому рым. авангарда і адступлення рымлян у К. 10 мая Крас забіты ў час перагавораў, а рэшткі рым. арміі (12—14 тыс. чал.) адступілі за р. Еўфрат.

Кары.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЭР ((Karrer) Паўль) (21.4.1889, Масква — 18.6.1971),

швейцарскі хімік-арганік. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1911). З 1918 праф. гэтага ун-та (у 1950—52 рэктар), адначасова з 1919 дырэктар Хім. ін-та (г. Цюрых). Навук. працы па даследаванні караціноідаў, флавінаў і вітамінаў. Устанавіў будову і сінтэзаваў шэраг пігментаў, вітамінаў (A, B2, E, K1), алкалоідаў. Даказаў сувязь паміж вітамінам A і B-карацінам. Нобелеўская прэмія 1937.

П.Карэр.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРА́НТ (ад лац. quadrans чацвёртая частка),

1) у матэматыцы — плоскі сектар з цэнтр. вуглом у 90°, ​1/4 частка круга. К. плоскасці — любая з 4 абласцей (вуглоў), на якія плоскасць дзеліцца 2 узаемна перпендыкулярнымі прамымі. 2)У астраноміі — стараж. вугламерны інструмент для вымярэння вышыні нябесных свяціл над гарызонтам і вуглавых адлегласцей паміж свяціламі.

3) У вайсковай справе — прылада для верт. наводкі гарматы паводле зададзенага вугла ўзвышэння.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАЦІ́НЫ,

бялкі верхняга слоя скуры і яе вытворных (валасоў, пер’я, кіпцюроў, капытоў, рагоў і інш.). Выяўлены 2 канфармацыі: β-К. (структура нерасцягнутых валокнаў) і β-К. (расцягнутая форма). Абумоўліваюць мех. трываласць скуры і скурных утварэнняў. У складзе К. шмат глутамінавай кіслаты, лейцыну, цыстэіну. Нерастваральнасць у вадзе, арган. растваральніках, устойлівасць да пратэалітычных ферментаў абумоўлена шматлікімі дысульфіднымі сувязямі паміж поліпептыднымі ланцугамі. Парушэнне абмену К. прыводзіць да захворванняў скуры.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)