НЯЖДА́НАВА (Антаніна Васілеўна) (16.6.1873, г. Адэса, Украіна — 26.6.1950),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог; буйнейшая прадстаўніца рус.вак. школы. Нар.арт.СССР (1936). Герой Працы (1925). Д-р мастацтвазнаўства (1944). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1902, клас У.Мазеці), з 1943 яе прафесар. З 1902 салістка Вял.т-ра ў Маскве. З 1936 педагог студыі Вял.т-ра, пазней Опернай студыі К.Станіслаўскага. Валодала голасам рэдкага прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яе выкананне вылучалася бездакорным вак. майстэрствам, рэалістычнасцю, прастатой і псіхал. асэнсаванасцю. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка, Валхава, Шамаханская царыца («Царская нявеста», «Снягурачка», «Садко», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда («Рыгалета» Дж.Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Эльза («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Нінета («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева). Выступала ў т-ры «Гранд-апера» (1912). Вяла канцэртную дзейнасць разам з мужам М.Галаванавым. Творча дапамагала калектыву Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Кансультант Дэкады бел.мастацтва ў Маскве (1940). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Літ.:
Львов М. А.В.Нежданова. М., 1952;
Подольский В. А.В.Нежданова и ее ученики. М., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАРА́МА (ад пан... + грэч. horama від, відовішча) у мастацтве, 1) сінтэтычны від мастацтва, разлічаны на стварэнне зрокавай ілюзіі, эфекту прысутнасці пры адлюстраванай падзеі. Стужкападобная карціна, вертыкальна нацягнутая на ўнутр. паверхні цыліндрычнага падрамніка, спалучаецца з аб’ёмным пярэднім планам, макетам (бутафорскія і рэальныя рэчы і інш.). Разлічана на штучнае асвятленне. Змяшчаецца ў спец. будынках у круглай зале з пляцоўкай у цэнтры, адкуль вядзецца агляд П. Звычайна адлюстроўвае вял. падзеі (пераважна ваенныя), якія адбываюцца на вял. прасторы з вял. колькасцю ўдзельнікаў. У адрозненне ад дыярамы ахоплівае ўвесь гарызонт.
Першая П. створана ў канцы 18 ст. Р.Баркерам у Эдынбургу (Вялікабрытанія). Асабліва пашырыліся ў 19 ст. і адлюстроўвалі знакамітыя бітвы. Найб. значныя П. ў Расіі. Ф.Рубо «Абарона Севастопаля» (Севастопаль, Украіна, 1902—04, адноўлена ў 1954), «Барадзінская бітва» (Масква, 1911, адноўлена ў 1962); жывапісцаў студыі ваен. мастакоў імя Грэкава П.Мальцава, М.Самсонава і інш. «Сталінградская бітва» (Валгаград, 1981).
2) Пейзажны матыў, у якім прастора (навакольнае асяроддзе) адлюстравана праз выкарыстанне мастаком вельмі шырокага пункту агляду, пераважна з высокага пункта, з паветранай перспектывай і зыходзячым удалечыню гарызонтам. П. называюць таксама агульныя далевыя віды гарадоў, аб’яднаныя ў адзіны цыкл відавыя творы. Тэрмін ужываецца ў дачыненні да натуры і да яе адлюстравання. Да П. звярталіся бел. мастакі В.Грамыка, М.Данцыг, З.Літвінава, М.Назарчук, В.Цвірка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЕНО́Н (грэч. Parthenōn ад parthenos дзева),
помнік стараж.-грэч.мастацтва эпохі класікі на Афінскім Акропалі; храм багіні Афіны Парфенас; гал. храм афінскага поліса. Узведзены ў 447—438 да н.э. (дойліды Іктын і Калікрат) у гонар перамогі над персамі. Уяўляе сабой мармуровы храм, абкружаны каланадай (перыптэр, памер 30,89 м × 69,54 м, выш. калон 10,43 м). Яго архітэктуры ўласцівы спакойная веліч, дасканаласць форм, гармонія частак, суразмерная маштабу чалавека, выдатнае спалучэнне дарычнага і іанічнага ордэраў. Багатае і строгае скульпт. ўбранне храма, арганічна звязанае з формамі архітэктуры, выканана пад кіраўніцтвам Фідыя (завершана ў 432 да н.э.). Фрыз фасада быў упрыгожаны плітамі-метопамі з выявамі сцэн бітвы амазонак, кентаўраў і гігантаў, франтоны — скульпт. групамі, што ўвасаблялі сцэны нараджэння Афіны (на ўсх. франтоне) і спрэчкі Афіны з Пасейдонам за панаванне ў Атыцы (на зах. франтоне). Вакол гал. памяшкання ішоў фрыз з рэльефнай выявай панафінейскага шэсця афінскіх грамадзян. Скульптура П. сцвярджае ідэю перамогі чалавека над стыхійным, цёмным, «звярыным» пачаткам, дае ўяўленне пра фіз. і духоўную дасканаласць чалавечай сутнасці. Ёй уласцівы велічнасць рытмаў, мяккасць пластычнай мадэліроўкі, свабодны і натуральны рух фігур у прасторы, штучна падначаленых плоскасці сцяны, лёгкая, віртуозная апрацоўка паверхні мармуру. П. разбураны ў 1687 пры аблозе Акропаля венецыянцамі, часткова адноўлены. У 1801—03 уцалелыя скульптуры вывезены ў Вялікабрытанію (з 1812 у зборы Брыт. музея ў Лондане). П. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1950 у выніку зліцця выд-ваў ЦК ЛКСМБ і газ. «Савецкі селянін» як Газетна-часопіснае выд-ваМін-ва культуры БССР. У яго склад уваходзіла каля 20 газет і часопісаў [«Сталинская молодежь» (цяпер «Знамя юности»), «Чырвоная змена», «Зорька», «Піянер Беларусі» (цяпер «Раніца»), «Бярозка», «Работніца і сялянка» (цяпер «Алеся»), «Полымя», «Беларусь» і інш.]. У кастр. 1963 аб’яднана з выд-вам газ. «Мінская праўда» і рэдакцыяй вытв. л-ры Дзярж.выд-ваБССР і атрымала назву «Полымя». Пачало выпускаць прамысл. каталогі, інфарм. і рэкламныя выданні, нарматыўныя дакументы, даведнікі, памяткі і метад. рэкамендацыі па медыцыне і інш. З вер. 1976 кніжна-часопіснае выд-ва. Стала выдаваць л-ру па культуры быту і адпачынку, краязнаўстве, фізкультуры і спорце, дамаводстве і інш. У складзе выд-ва існавала некалькі рэсп. газет («Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Голас Радзімы» і інш.), каля 20 час. і бюлетэняў («Беларусь», «Полымя», «Нёман», «Родная прырода», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» і інш.). З ліп. 1996 кніжнае выд-ва. Выпускае краязнаўчую, навук.-папулярную, спарт., па пытаннях аховы здароўя, вольнага часу, інфармацыйна-рэкламную л-ру, даведнікі, календары, падручнікі і кнігі серыі «Школьная б-ка», для інвалідаў па зроку і інш. Мае серыі «Гарады Беларусі», «Горад і наваколле», «Горад-пабрацім», «Нашы славутыя землякі», «Помнікі беларускага дойлідства». Выдае творы сучасных бел. аўтараў, перавыдае творы бел. краязнаўцаў і этнографаў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ЛЬ (Людміла Іванаўна) (н. 15.9.1947, в. Мацвееўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак, педагог. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). У 1971—73 мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску. З 1980 выкладчык дзіцячых маст. школ у Мінску, у 1989—95 адначасова выкладала ў Бел.АМ. Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый бел.нар.мастацтва, фальклорных і літ. матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага р-на (1973—74), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М.Багдановіч», «А.Міцкевіч», «М.Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш. Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зб. паэзіі «Сцяжына» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),
кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.
Літ.:
Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;
Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ШЧЫЦ (Фердынанд) (10.12.1870, б. маёнтак Багданава, Валожынскі р-н Мінскай вобл. — 30.10.1936),
жывапісец, графік, тэатр. мастак і педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы, Літвы. Вучыўся ў К.Ермалаева ў Мінску, скончыў Пецярбургскую АМ (1897). Праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (1904—07), Кракаўскай АМ (1907—08), аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та (1919—32). У творчасці наследаваў традыцыі бел., рус., польскага, франц.мастацтва, у некат. творах адметны ўплыў мадэрну. Сац. матывы гучаць у творах «Каля касцёла» (1899), «У свет» (1901), «Эмігранты» (1902), эпічнасць і сімволіка — у творы «Зямля» (1898). Лірычнасцю і эмацыянальнай выразнасцю вызначаюцца пейзажы «Вясна» (1897, 1907), «Млын зімою» (1897), «Млын ноччу» (1898), «Млын» (1899), «Пустка (Асенні вецер)», «Восень» (абодва 1901), «Зімовая казка» (1904), «Лясны ручай», «Берагі Вілейкі». Рэаліст. паказам роднай прыроды вылучаюцца карціны «Мінск зімою» (1895), «Крэва» (1899), «Мост зімою» (1901), «Былое» (1903), «Багданава» (1905), «Зіма», «Бледнае сонца» і інш. Творам уласцівы лаканізм і прастата кампазіцыі, выдатныя каларыстычныя якасці. Працаваў таксама ў графіцы: выконваў ілюстрацыі да перыяд. выданняў Вільні, Варшавы, Кракава; аўтар станковых работ «Залаты пакой» (1913), «Сям’я», «Аўтапартрэт», «Дрэвы над вадой» і інш. Аформіў шэраг спектакляў у т-ры Н.Младзяёўскай-Шчуркевіч у Вільні: «Ліля Венеда» (1909), «Князь Нязломны» (1910) і «Балядына» (1914) Ю.Славацкага, «Вяселле» (1910), «Варшавянка» (1914) і «Лістападаўская ноч» (1930) С.Выспянскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́НКА (Раман Карпавіч) (15.10.1907, в. Сабалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1975),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. тэхнікум (1929), вучыўся ў Гомельскім пед. ін-це (1933—35). Працаваў у рэдакцыях газет, час. «Маладосць», у 1957—66 нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1928. Аўтар паэмы «Брагінь» (1935); зб-каў вершаў «З родных крыніц» (1950), «Мая эстафета» (1954); кніг прозы «Жменя зярнят» (1957), «Сустрэчы» (1958), «Блакітнае ззянне» (1959), «Каралінцы» (1960), «З пройдзеных дарог» і «Паляўнічыя боты» (гумарыст. апавяданні, абедзве 1962), «Незамужняя ўдава» (1965), «Пад дажджом і сонцам» (1966), «Спатканне пасля разлукі» (1971), «Роздум у дарозе» (1973); кнігі нарысаў пра дзеячаў бел. л-ры і культуры «Колерамі вясёлкі» (1975). Аповесці «Юнацтва ў дарозе» (1956—60), «Выпрабаванне сталасці» («Іду ў жыццё», 1961), «Былое застаецца ў сэрцы» (1963) склалі трылогію «Іду ў жыццё» (1968). У творах паказваў людзей працавітых, адданых сваёй справе, сумленных, шчырых, выкрываў вытокі бездухоўнасці, мяшчанства. Лепшыя творы адметныя складанасцю псіхал. канфліктаў, прасякнуты высокім маральным пафасам. Іх мова сакавітая, нар., насычаная спецыфічнай дыялектнай ці прафес. лексікай.
Тв.:
Выбр. творы Т. 1—2. Мн., 1967—68;
Выбранае. Мн., 1977;
Творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Карпаў У. Раман Сабаленка // Полымя. 1963. № 7;
Александровіч С. Згадваючы далёкае і блізкае // Там жа. 1967. № 10;
Шамякіна Т. След у літаратуры // Там жа 1977. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГАЎ БІБЛІЯТЭ́КІ Існавалі ў 16 — пач. 19 ст. у Слоніме, Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Кодані (цяпер Польшча). Другі па велічыні прыватны кнігазбор на Беларусі (пасля б-к Радзівілаў). Пачатак кнігазбору дала ружанская б-ка канцлера вял. літоўскага Л.Сапегі, якую павялічыў яго сын Казімір Леў. У 18 ст. ружанскі збор перавезены ў Дзярэчын і значна папоўнены Аляксандрам, Міхалам, Францыскам Сапегамі. Б-ка ў Кодані вырасла дзякуючы бібліяфільству канцлера вял. літоўскага Яна Фрыдэрыка і Аляксандра Сапегаў. У ёй найб. поўна прадстаўлена л-ра па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалогіі. Акрамя кнігазбору ў ёй былі архіў стараж. актаў, калекцыя гравюр. У 1644—45 вял. колькасць кніг К.Л.Сапега ахвяраваў б-цы Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1810 А.Сапега перадаў коданскую б-ку варшаўскаму Т-ву аматараў навук. Дзярэчынская б-ка і архіў у 1834 вывезены ў С.-Пецярбург. Захаваліся вопісы на асобныя часткі С.б., экслібрысы некат. уладальнікаў кнігазбору. Большая частка С.б. зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы (С.-Пецярбург), б-цы Вільнюскага ун-та, рэшта — у б-цы Расійскай АН (С.-Пецярбург), б-цы Варшаўскага ун-та і інш. кнігасховішчах.
Літ.:
Иконников В.С. Опыт русской историографии. Киев, 1891. Т. 1, кн. 1. С. 784;
Кн. 2. 1892. С. 1237—1238;
Нікалаеў М. Аблічча сярэдневяковай бібліятэкі: Кнігазборы Сапегаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫ́ДАЎ (Георгій) (Юрый) Васілевіч (16.12.1915, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.1.1998),
расійскі кампазітар, піяніст, муз.-грамадскі дзеяч. Нар.арт.СССР (1970). Герой Сац. Працы (1975).
Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941). Вучань П.Разанава, Дз.Шастаковіча. Значнае месца ў яго творчасці займалі жанры, звязаныя са словам; гал. тэма — Радзіма; яе лёс. Наследаваў і ўвасабляў традыцыі рус. пеўчай культуры, арганічна спалучаў яе з дасягненнямі мастацтва 20 ст. Музыка вызначаецца натуральнасцю, непаўторнасцю, рытмамі, уласцівымі жывой мове. Абнавіў жанры араторыі, кантаты, раманса, песні. Сярод твораў: муз. камедыі, у т. л. «Агеньчыкі» (1951), творы для голасу, хору і арк., у т. л. «Патэтычная араторыя» (словы У.Маякоўскага, 1959), «Курскія песні» (словы нар., 1964), арк. сюіта «Час, уперад!» (1965), «Мяцеліца» (муз. ілюстрацыі да аднайм. аповесці А.Пушкіна, 1974), сімфонія для струн. арк. (1940), музыка для камернага арк. (1964), трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1945); фп. саната (1944), 2 партыты (1947), «Альбом п’ес для дзяцей» (1948); 3 хары з музыкі да драмы А.Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» (1973), для хору з суправаджэннем «Пушкінскі вянок» (1979) і інш., рамансы, песні; апрацоўка нар. песень, музыка да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Яго творчасць моцна паўплывала на развіццё рас. музыкі. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1968, 1980. Ленінская прэмія 1960.